Сланы Ганібала
Шрифт:
«Вы только подумайте, сама Алла Борисовна... А им всё равно: плати штраф. Это ж тихий ужас!» — «Ну, пидоры! — салідарызуецца з сымпатызанткамі Алы Барысаўны абгарэлы на сонцы бамбіза. — У них точно мозги не в ту сторону крутятся. Скоро и в море не отольёшь! Тоже какая-нибудь х…я заиграет!»
Уплыў расейскай культуры на тваю творчую асобу значна разнастайнейшы, чым табе мроілася. Перад вячэрай ты плаваеш у басэйне на даху гатэлю, і ў тваю галаву дае нырца спакусьлівая думка: можа, хоць тут цывілізацыя яшчэ не сказала свайго апошняга слова? Вядома, лепей, каб пераканацца ў гэтым паспрабаваў хто-небудзь іншы. Але ты плаваеш на самоце і можаш разьлічваць толькі на сябе.
Ты ўважліва глядзіш на ваду і прыслухоўваесься да арганізму. Ніякія рэактывы цябе
Вырвацца з плыні магутнай культурнай традыцыі братняга народу табе ўдаецца толькі нечалавечым намаганьнем волі, паклікаўшы на дапамогу цэлую галерэю выбітных продкаў і сучасьнікаў.
«Жыве Беларусь! Жыве Беларусь!» — усьцешана галёкаеш ты, бегаючы вакол басэйну пад вечаровым, падазрона фіялетавым каталёнскім небам.
Кастрычнік, 2002
Канцэрт для мілянскіх катоў
Фрагмэнты адной вандроўкі
Амстэрдам
Ты плывеш на катэры па амстэрдамскiх каналах i думаеш пра вострага на вока i розум францускага маркiза дэ Кюстына. Ягоную кнiгу «Расея ў 1839 годзе» ў краiне, якой яна прысьвечаная, шмат разоў забаранялi, канфiскоўвалi або друкавалi зь вялiзнымi купюрамi — ажно да нашых дзён, калi нарэшце пабачыў сьвет першы поўны пераклад, што ляжыць у тваiм дарожным наплечнiку. Ты можаш разгарнуць маркiзаву кнiгу i прачытаць: «З борту карабля пецярбурскiя набярэжныя здаюцца велiчнымi i раскошнымi, але, ступiўшы на сушу, вы iмгненна выяўляеце, што гэтыя самыя набярэжныя брукаваныя дрэннымi камянямi, няроўнымi, гiдкiмi, гэткiмi ж непрыемнымi для позiрку, як i небясьпечнымi для мiнакоў i экiпажаў…»
Ты згадваеш, як калiсьцi сядаў у сваiм Полацку на начны суботнi аўтобус, каб у нядзелю пабыць у Пецярбургу-Ленiнградзе, якi мроiўся табе эўрапейскiм горадам. Вiльню, Рыгу i Талiн ты любiў нязьмерна больш, але ўспрымаць iх як «эўрапейцаў» табе замiнала iхняя, няхай сабе й iстотна дазаваная параўнаўча зь Беларусьсю, але ўсё адно вiдавочная залежнасьць ад мэтраполii. А Пiцер здаваўся наiўнаму i невыязному табе вольным i вальнадумным горадам-мiтам, блукаючы па якiм можна было ўяўляць сябе то ў Лёндане, то ў Парыжы, то ў Амстэрдаме.
Але з кожнай новай вандроўкаю ў «горад на Няве» ты пачынаў усё больш сумнявацца. Ты ўжо ня памятаеш, калi з тваёй сьвядомасьцi выплыла слова «дэкарацыi», i калi ты ўпершыню падумаў пра схаваныя за iмi вусьцiшныя двары, задворкi ды памыйкi, дзе нараджаюцца раскольнiкавы… Ты зразумеў (хоць i не адразу адважыўся сфармуляваць сваю выснову), што Пецярбург — толькi пародыя на эўрапейскi горад.
Кюстын ведаў гэта за 150 гадоў да цябе: «…антычныя статуi, чые рысы, стыль i аблiчча так жудасна супярэчаць тутэйшай глебе, колеру неба i клiмату, як i тварам, адзеньню i звычкам тубыльцаў, што статуi гэтыя нагадваюць палонных герояў у стане ворага; будынкi, якiя стаяць не на сваiм месцы; храмы, немаведама навошта перанесеныя зь вяршыняў грэцкiх гораў у ляпляндзкiя балоты, дзе страцiлi ўсю велiч… Пецярбург заснаваны і пабудаваны людзьмi, надзеленымi густам да безгустоўнасьцi. Бязглузьдзiца, на мой погляд, галоўная адметная рыса гэтага велiчэзнага гораду, што нагадвае мне недарэчны павiльён, узьведзены пасярод парку; парк гэты, аднак, займае трэцюю частку сьвету…»
У тваёй памяцi аднаўляецца апошняя паездка — ужо ў Санкт-Пецярбург — i змрочны нумар у акадэмiчным гатэлi, дзе хацелася забiць каго-небудзь буйнейшага за тамтэйшага тлустага прусака на палiчцы ў ванным пакоі…
Ты абрываеш ланцужок небясьпечных успамiнаў i проста любуесься амстэрдамскiмi набярэжнымi — суладнымi галяндцам, клiмату, шэраму небу і паўночна-заходняму ветру.
Ты думаеш, што прыехаў сюды з краiны, да якой кнiга Астольфа дэ Кюстына ня мае непасрэднага дачыненьня.
Ты ўпэўнены, што нiколi ня будзеш жыць у Расеi, бо лепшае, што яна можа стварыць, —
толькi эўрапейскi фасад, за якiм усё адно будзе дрымотна варушыцца Азiя.* * *
Калi, трапiўшы за мяжу, вы прагнеце пабачыць, памацаць ды пакаштаваць усе наяўныя тамтэйшыя славутасьцi — у вас вiдавочныя праблемы з самаiдэнтыфiкацыяй. Зрэшты, гэта твая прыватная i, магчыма, небясспрэчная думка. Але асабiста ты ад нейкага часу паўсюль шукаеш найперш сувязi, сугучнасьцi ды паралелi з краiнаю, у якой нарадзiўся, ускормлены есьмь па Бозе i да якой чамусьцi гэткую вялiкую ласку iмаеш, што не зьбiраесься пакiдаць яе, сваю краіну, iначай, як па этапе.
* * *
Некалi ў Амстэрдаме атабарыўся сьцiплы выпускнiк Слуцкай кальвiнскай гiмназii Iльля Капiевiч, што валодаў дзясяткам эўрапейскiх моваў i лiставаўся з заснавальнiкам i першым прэзыдэнтам Бэрлiнскай Акадэмii навук Готфрыдам Вiльгельмам Ляйбнiцам.
I тут у Амстэрдам iнкогнiта зарулiў расейскi цар Пётар I. Самадзержац быў цьвярозы і хмурны. Па дарозе ледзь ня ў кожным эўрапейскiм горадзе ён бачыў кнiгарнi й бiблiятэкi, а ў ягоных уладаньнях за цэлае XVII стагодзьдзе выйшла ўсяго сем сьвецкiх кнiгаў, у тым лiку такiя захапляльныя, як «Грамота о таможенных пошлинах». Карацей, цару падфартунiла сустрэцца з былым слуцкiм гiмназiстам, якi ўклаў ды выдаў для расейцаў цэлы кнiгазбор падручнiкаў i слоўнiкаў, а потым яшчэ й стварыў iм новы, «грамадзянскi» шрыфт.
Трэба меркаваць, што, выпiваючы з Капiевiчам, цар ня раз узгадваў вучонага манаха Сiмяона Полацкага, што ажыцьцяўляў агульнае кiраўнiцтва над выхаваньнем малога Пецi. Ты таксама не аднойчы ўспамiнаў Сiмяона i неяк зрабiў яго героем сцэнару гiстарычнага кiнаэсэ, якое зьнялi i нават паставiлi ў праграму БТ. Ты лёг на канапу, уключыў тэлевiзар i падрыхтаваўся папесьцiць сваё самалюбства. Аднак замест «твайго» Сiмяона на экране паплылi тытры фiльму пра возера Байкал.
У апошнi момант стужку вырашыў прагледзець адказны тварыш. Узгадаваная за савецкiм часам iнтуiцыя не падвяла яго: фiльм атрымаўся навылёт антыiнтэграцыйны i проста шкоднiцкi. Досыць ужо таго, што сцэнарыст сам залез у кадар i распавёў, што калi Сiмяон адчынiў у Маскве сваю друкарню, зьдзейснілася падзея велізарнай культурнай значнасьці. Колькасьць друкарняў у Расейскай дзяржаве адразу падвоiлася: замест адной стала дзьве, у той час, як у нейкай там захудалай Рэчы Паспалiтай іх было ажно 134.
Мараль: ня трэба плiшчыцца ў кадар i драматызаваць сытуацыю. Хiба нельга было дзеля таго, каб падкрэсьлiць пэўную культурную перавагу дзяржавы тваiх продкаў, выказацца больш мякка? Да прыкладу, памяняць небясьпечныя лічбы месцамі. Хіба не вучыўся ты некалі па падручніку гісторыі, дзе было напісана, што «в Белоруссии дело Ивана Федорова продолжил Франциск Скорина»?
* * *
Тут няма прастытутак i сутэнэраў, а ёсьць цалкам прыстойныя супрацоўнiцы і мэнэджары, згуртаваныя ў баявых прафсаюзах. Паколькi «Беларусь — у Эўропу!», некалi, верагодна, так будзе i ў цябе на радзiме. Вулiцы Маркса, Энгельса i Ленiна маглi б стаць афiцыйным раёнам «чырвоных лiхтароў», i менскiя гiды, як цяпер iхнія амстэрдамскiя калегi й каляжанкi, узахапы тлумачылi б, што мiнiмальны кошт паслугi, якую табе там прапануюць, складае 25 эўра, што аб адзiнаццатай у валхвiцаў любовi — перапынак на каву, а ў глыбiнi адмысловага раёну iснуюць установы, дзе ў вiтрынах сядзяць не жанчыны на любы густ, а гэткiя самыя гатовыя да супрацоўнiцтва як з слабым, так i з моцным полам мужчыны-бiсэксуалы.
Але ты памятаеш формулу гiстарычнага аптымiзму: усё будзе добра, толькi ты да гэтага не дажывеш. Адно што пабачыш шчасьлiвае жыцьцё пасьля свайго новага ўвасабленьня.
А пакуль тое, ты атрымлiваеш першы (праўда, апасродкаваны) досьвед знаёмства з мэнэджарамi ды iх падначаленымi.
Твой вечны «саюзьнiк» расейскi турыст, што прыбыў у Амстэрдам з запалярнай Поўначы з адзiнай мэтаю — як сьлед адцягнуцца ў «чырвоналiхтарных кварталах», толькi што вярнуўся адтуль з багажом каштоўных ведаў, якiмi, з прычыны шырынi расейскае душы, шчодра дзелiцца з слухачамi проста насупраць каралеўскага палацу на пляцы Дам.