Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сланы Ганібала

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Яшчэ больш складаныя стасункі з Богам меў народжаны ў Трансыльваніі твой вясёлы румынскі аднайменьнік Улад Дракула, згадка пра якога адразу робіць больш акрэсьленым твой намер азеляніць у айчыннай літаратуры якую-небудзь голую галіну.

Ты напішаш мастацкі твор пра беларускіх вампіраў. Менавіта пра беларускіх — нацыянальна-арыентаваных, сьвядомых прыхільнікаў дзяржаўнага сувэрэнітэту Бацькаўшчыны, якія, у прыватнасьці, адназначна супраць увядзеньня ў якасьці валюты расейскага рубля. Гэта ўжо другое пакаленьне незалежнікаў. Яны вырасьлі ў беларускіх сем’ях і таму маюць адметныя імёны — Рагнеда, Усяслаў, Франак, магчыма, Караліна...

Героі знаходяць адзін

аднаго яшчэ ў студэнцкія гады. Ствараюць і рэгіструюць суполку ТБМ, а затым, па меры сталеньня, і БНФ. Акуратна сплачваюць складкі, падтрымліваюць беларускую прэсу, бяруць удзел у акцыях. Адна з гераіняў працуе на станцыі пераліваньня крыві, яе сябар — у навукова-дасьледчым інстытуце гематалёгіі. Якраз яму шчасьціць зрабіць адкрыцьцё: іхні ўкус, аказваецца, ня толькі перадае своеасаблівую бацылу вампірызму (якую, зрэшты, нескладана заблякаваць, каб папуляцыя не набыла пагрозьлівых для ўласнага існаваньня памераў). Адначасова ўкус прышчапляе, так бы мовіць, паддосьледным беларускую нацыянальную сьвядомасьць. Адкрыцьцё пераварочвае даволі аднастайнае існаваньне суполкі, што разумее, які неацэнны даробак можа ўнесьці ў сьвятую справу вяртаньня роднае краіны ў Эўропу. Пасьля чарговае акцыі апазыцыі грацыёзная супрацоўніца станцыі пераліваньня крыві выбірае першы аб’ект — бамбізу-палкоўніка, што кіраваў жорсткім разгонам дэманстрантаў, і заваблівае яго ў ціхі менскі дворык, дзе ў альтанцы чакае ўся дружная суполка. Астатняе — справа тэхнікі...

Вужыцы

На трэці дзень дарогі ты прачынаесься ў сэрбскім горадзе Вужыцы. Выбіраючыся з гатэльнага нумару, падобнага да бункеру, уражана прыкідваеш, наколькі шырока разьлегся славянскі сьвет. Ты сумняесься, радавацца з гэтае прычыны ці засмучацца, бо тут, як і дзе-небудзь у братнім Тамбове, карміць гасьцей сьняданкам у гатэлях яшчэ не зазвычаена. Але кава ў знойдзенай кавярні сапраўдная, а пададзеныя да яе «палачынкі» — ня што іншае, як апетыя некалі Сыракомлем родныя налісьнікі. Ты разьнявольваесься, цікавісься тутэйшым чырвоненькім і ані не прадчуваеш, што чакае цябе на апошнім кавалку шляху па гэтай неабдымнай Славяншчыне, пакуль яе неўтаймоўнага поступу ня спыніць Адрыятычнае мора.

Ужо праз гадзіну ты адчуваеш пэрыядычныя прылівы адрэналіну, разам зь якімі з глыбіняў стаўніка пагрозьлівымі хвалямі падымаецца кава з налісьнікамі. Аўтобус нават не паўзе, а караскаецца па сэрпантыне. Леваруч — стромая сьцяна вышынёю на паўкілямэтра, справа — такой самай глыбіні кювэт, дно якога сям-там разнастаяць цацачныя парэшткі прыкладна такіх, як твой, аўтобусаў. Суцэльныя скалы, да якіх лепіцца вузенькая шаша, час ад часу ажыўляюць гранітныя й мармуровыя пліты — помнікі тым, хто ўжо прыехаў. Цалкам адпавядаюць мэмарыяльным знакам і нязвыклыя дарожныя — тлустыя кропкі ў трохкутніках.

Чамусьці менавіта гэтыя кропкі, якія ты ўспрымаеш найперш як знаёмыя й блізкія табе знакі пунктуацыі, утаймоўваюць шторм у страўніку і настройваюць цябе на філязофскі лад. Ты думаеш, што ўсе вы, ня толькі пасажыры аўтобусу, а наагул усе, яшчэ жывыя — разам з сваімі перамогамі і паразамі, каханьнямі і здрадамі, марамі пра іншую Беларусь і марамі зваліць куды-небудзь ад яе падалей — усе вы навечна, як мушкі ў бурштыне, закутыя ў гэтым стагодзьдзі. Пэўнасьць надае бадзёрасьці й аптымізму. Яшчэ больш натхняе, што першыя лічбы таго году, які будзе стаяць на вашых надмагільлях пасьля працяжніка, таксама ўжо вядомыя — 2 і 0. Іншая рэч, што табе ані ня хочацца раптоўнае сьмерці — ні за пісьмовым сталом, ні пад коўдраю ва ўласнай спальні.

Ты згодны з тым, хто вынайшаў панятак ars mariendi —

мастацтва паміраць. Ты лічыш, што шчасьлівы той творца, які мае магчымасьць дарэшты выканаць прафэсійны абавязак, стварыўшы сюжэт уласнага сыходу, гэтае неардынарнае падзеі, што здараецца толькі раз у жыцьці, і таму мае падставы лічыцца ў пэўным сэнсе сьвятам. Гэта не азначае да канца трываць пакуты. Можна, напрыклад, памерці ў дзень нараджэньня, як зрабіў Валент Ваньковіч, або ўчыніць нешта яшчэ больш арыгінальнае, такое, каб па табе ня толькі заплакалі, але і засьмяяліся, усьвядоміўшы, што і да сьмерці, як да ўсяго на сьвеце, трэба ставіцца з гумарам, і што найлепей ушанаваць памяць нябожчыкаў можна адно паўнатою ўласнага жыцьця.

Адамчык

На вышыні тысячы мэтраў на роўнем мора ты амаль з асалодаю чытаеш дзёньнік Вячаслава Адамчыка. Табе робіцца нечакана ўтульна з гэтай, такой беларускай душой, зь яе ўзьлётамі і незьнішчальнымі комплексамі, з замілаванасьцю дрэвамі й птушкамі ды ўспышкамі інфэрнальнае нялюбасьці да людзей, з вусьцішным прадчуваньнем хуткага скону, зь фізычным болем і непараўнальна страшнейшым болем душы, якой перакрываюць неабходнае для жыцьця беларускае паветра...

Усьлед за Адамчыкам ты гатовы падпісацца пад партрэтам аднаго зь сяброў Рады Саюзу пісьменьнікаў, самазадаволенага вепрука, зь якім лёс зьвёў цябе ў выдавецтве «Мастацкая літаратуры». Ты, яшчэ ня звольнены «за выпуск исторической и другой сомнительной литературы», рэдагаваў том паэтычнай анталёгіі. Вяпрук быў укладальнікам, і ты злавіў яго на тым, што ён ня толькі не адчувае паэзіі, але і панапісваў пад капірку біяграфічныя даведкі, якія ты прымусіў яго перарабіць, дадаўшы хоць каліва творчасьці, за што ён, парохкваючы ў сваім дзяржаўным катуху, ціха помсьціўся табе ўсё наступнае дзесяцігодзьдзе.

Апошнія два гады ты жыў, па сутнасьці, у адным з Адамчыкам двары і штомесяц ставіў свой подпіс побач зь ягоным, атрымліваючы на пошце выпісаную да запатрабаваньня «Иностранную литературу». Але ў вас зь Вячаславам Уладзімеравічам былі розныя сьцежкі, і ты толькі раз пагаварыў зь ім, падзякаваўшы за апавяданьне «Леанарда», дзе савецкія партызаны-расейцы па наводцы вартаўніка-беларуса ўпяцёх гвалцяць, а пытым забіваюць штыхамі беларускую настаўніцу.

Нехта з пакрыўджаных чытачоў дзёньнікавых запісаў Адамчыка назваў яго мізантропам, аднак ты, ужо бачачы на даляглядзе й далёка ўнізе мора, ведаеш, што таленавіты мізантроп для цябе пераважыць безьліч чалавекалюбных пасрэднасьцяў.

Авечкі і козы

Шукаць гістарычныя аналёгіі Чарнагорыі (вядомай неславянскаму сьвету як Монтэнэгра) з тваёй краінай — справа сумнеўная. Хіба што ў вас не было татарскага прыгнёту, а чарнагорцы, калі і былі нейкі час пад туркамі, усё адно захоўвалі аўтаномію.

У найноўшыя ж часы Чарнагорыя ня плішчылася ў яшчэ шчыльнейшы саюз з «старэйшай сястрой» Сэрбіяй, а наадварот — усяляк адпаўзала ад яе, і ўрэшце ўвяла замест дынара нямецкую марку, а затым эўра.

Чарнагорскія гарады выглядаюць сьветлымі і вясёлымі, асабліва ў параўнаньні з сэрбскімі (найбольш панурым і прыгнобленым табе падасца Бялград). Рэч ня столькі ў разбураных натаўскімі бомбамі будынках, якіх даволі няшмат, колькі ў агульным настроі людзей, бо бомбы сыпаліся на галовы ўсім сэрбам, незалежна ад стаўленьня да рэжыму Мілошавіча.

Чарнагорыю не бамбавалі, і гэта надае яе жыхарам упэўненасьці й самапавагі. Нават авечкі ды козы, гледзячы на гаспадароў, трымаюцца тут з большай годнасьцю, чым у Сэрбіі.

Поделиться с друзьями: