Сланы Ганібала
Шрифт:
Сябар Мілошавіча
Маладая экскурсаводка паведамляе, што адзіным, хто адкрыта падтрымліваў палітыку Слабадана Мілошавіча, быў прэзыдэнт тваёй краіны. Твар у дзяўчыны абсалютна непраніклівы, і ты ня можаш здагадацца пра яе асабістае стаўленьне да згаданага факту.
Пасьля кароткай пярэрвы экскурсаводка з гэткім самым тварам дадае: «Сейчас деятельность Милошевича на посту главы государства является предметом рассмотрения Гаагского международного трибунала».
Мора
Простае чалавечае шчасьце — прыйсьці ў сьпёку на марскі бераг. Але хвалі сёньня вышэйшыя за твой рост. Калі хочаш паплаваць,
Аднак усё гэта — тэорыя. Пакуль што ты сядзіш на гарачых чорных камянях і назіраеш, як у мора заходзіць юнак зь дзяўчынай. Стоячы тварам да пляжу, яны дурэюць, пырскаюцца, сьмяюцца, ня бачачы, як да іх ціха падкрадаецца неверагодна прыгожая смарагдавая хваля. Яна ўмірг вока закіпае, зь невераемнай лёгкасьцю валіць шчасьлівую парачку з ног, валачэ яе на бераг і таксама імкліва адкочваецца. Хлопец ускоквае на ногі, а дзяўчына застаецца бездапаможна ляжаць. Ён адцягвае сяброўку далей, перагінае танклявае загарэлае цела, і з роту ў дзяўчыны б’е фантан вады. Купальніца зь цяжкасьцю выпростваецца, зьняможана сядае на пляскатыя камяні...
Зараз ты можаш уявіць, як гэтае, самае цёплае й ласкавае, самае чыстае ў тваім вандроўным жыцьці мора на такой вось, да калена, глыбіні забрала жыцьцё твайго колішняга суседа Міколы Селешчука, мастака з заўсёднай затоенай ў нібыта вясёлых вачах тугою. Зачаравана гледзячы на хвалі, ты ўяўляеш, як Мікола гушкаўся на іх, адно ня тут, а на італійскім беразе, і гульня фантазіі не палохае цябе, а толькі мацней вабіць да небясьпекі. Ты разганяесься па ўтрамбаваным прыбоем жвіры, даеш нырца ў высачэзную хвалю, усплываеш на глыбіні, павялічваеш адлегласьць ад берагу мэтраў да ста і гушкаесься хвіліну, пяць, дзесяць. Узьлятаеш, падаеш, апынаесься паміж двума рухомымі зялёнымі мурамі, з радасным заміраньнем сэрца зноў узьлятаеш... І тады зьнячэўку цябе апаноўвае дзікі страх: а раптам схібіш, не затоіш, калі трэба, дыханьне, не ўпільнуеш моманту, дасі хвалі пракаціцца церазь цябе, забіць вадой лёгкія... Ты ліхаманкава плывеш да берагу, ды страх — дрэнны хаўрусьнік, і хваля ўсё ж накрывае цябе. Глытаеш салёную ваду, задыхаесься, аднак бераг ужо пад нагамі, і празь дзесяць крокаў ты расьцягваесься на цёплым ручніку, яшчэ лепш разумеючы, як адляцела ў вырай таленавітая Міколава душа.
Ёсьць меркаваньне, што літаратуру ад бэлетрыстыкі адрозьнівае наяўнасьць мэтафізыкі. Магчыма, такі крытэр вызначэньня «сапраўднасьці» можа прэтэндаваць на ўнівэрсальнасьць. У творах Міколы Селешчука мэтафізыка заўсёды прысутнічала. Не абышлося безь яе і ў ягонай сьмерці: кажуць, гэта здарылася назаўтра пасьля паездкі ў Рым, дзе Мікола марыў пабыць ад самага дзяцінства.
Брук
Чарнагорскі Котар, вядомы ўжо дваццаць тры стагодзьдзі, найбольш уразіць цябе не затокай — самым паўднёвым у Эўропе ф’ёрдам, які Бэрнард Шоў назваў найпрыгажэйшым кутком сьвету; не тысячагадовым саборам Трыфана з адсечанай галавой сьвятога ў срэбнай рацы; не тэатрам, дзе колькі вечароў бавіў Напалеон Банапарт.
Наймацней цябе ўразіць тутэйшы гарадзкі брук — то крэмавы, то вясёлкавы, то бел-чырвона-белы. Высьлізганы да амаль люстранога бляску (па ім, напэўна, можна коўзацца, як па лядовых дарожках), ён грэе, робіць стамлёныя ногі сьвежымі і пругкімі, запрашае зьняць красоўкі ды пахадзіць басанож. Сваю жыцьцядайную энэргію ён перадае нават табе, чужынцу, — каб ты, няхай на гадзіну, пачуўся
тут сваім, адказным за чысьціню й спакой, за рэнэсансавыя, гатычныя й барокавыя фасады, за старасьвецкія ваканіцы, за якімі хаваюцца сучасныя плястыкавыя вокны, за мову, якой гавораць цемнавалосыя смуглявыя дзеці...Пабыўшы ў Котары, ты разумееш, чаму ў тваім дзяцінстве і юнацтве ў Менску, Полацку, Віцебску ішло зацятае змаганьне з брукам, які зразалі бульдозэрамі або закатвалі пад асфальт. Табе цікава, якую энэргію будзе выпраменьваць той штучны брук, што цяпер похапкам кладуць паўсюль ад тваёй сталіцы да Пружанаў.
Ціхае кананьне кірыліцы
У котарскай кнігарні зьвяртаеш увагу на падручнік «Вучым лацінку». Ты зьдзіўляесься, бо аніводнага надпісу на кірыліцы — ні ў рэкляме, ні ў мэню кавярні, ні ў графіці — ты так і не сустрэў. Абсалютная большасьць кніжак — таксама на лацінцы. Кірыліца ціха канае ўва ўсёй Чарнагорыі. Лацінка ўжо дамінуе і ў Сэрбіі. Пасьлядоўна трымаюцца за кірыліцу, гэтаксама, як і за юліянскі каляндар, адно праваслаўныя манастыры й храмы.
Ты ня хочаш шпурляць камяні ў кірыліцу, на якой сам пішаш і чытаеш пакуль што ўдвая хутчэй, але ўся лёгіка разьвіцьця эўрапейскай цывілізацыі падводзіць да думкі, што чарнагорская сытуацыя некалі паўторыцца на тваёй радзіме, дзе зьявяцца і цалкам афіцыйныя падручнікі і кнігі ў той графіцы, якой пісалі й друкаваліся вашы першыя клясыкі.
Крыжы
Крыжы на чарнагорскіх цэрквах вельмі часта — не вэртыкальныя, а гарызантальныя, раўналежныя зямлі. Магчыма, проста таму, што вэртыкальныя лініі ў горнай краіне і без таго маюць яўную перавагу, і воку хочацца ад іх адпачыць. А магчыма, чарнагорцы прыдумалі гарызантальныя крыжы, каб душам з вышыні іх палёту лацьвей было пазнаваць свае храмы.
Выспа сьвятога Стэфана
Гэтая шырока разрэклямаваная быццам бы адзіная ў сьвеце выспа-гатэль запомніцца табе не нумарамі, дзе раскашавалі Сафі Лярэн і Сыльвэстар Сталонэ, а кветкамі магноліі, што нечакана запахлі цынамонам і цёплымі мамінымі булачкамі-птушкамі. Ты, малы, прагна зьядаў булачку або дзьве, а ў астатніх употай выкалупваў самае смачнае — вочкі-разынкі, пасьля чаго абліваўся горкімі сьлязьмі, шкадуючы гаротных птушачак, якія праз тваю прагавітасьць зрабіліся невідушчымі.
Тата і мама
Чарнагорская малеча, лётаючы па пляжы, гукае: «Тата! Тата!» Тату, як выглядае, тут клічуць значна часьцей за маму, і ў гэтым таксама выяўляецца нацыянальны характар.
Ты згадваеш, як у вас дзе-небудзь на Нарачы зарумзанае, чырвонае ад няспыннага крыку дзіця разьдзіраецца: «Мама! Ма-ма!» Праўда, у гэтай апэляцыі да жанчыны можна ўбачыць і неўсьвядомленую ўдзячнасьць беларусаў сваім прапра...бабулям, пачынаючы ад Рагнеды.
Дапусьцім, Рагвалодава дачка не наважылася б у тую ўвекавечаную летапісцамі ноч узьняць руку зь мечам над заснулым Уладзімерам. Рагнеду з князевічам Ізяславам ня выслалі б з Кіева на радзіму. Ізяслаў не вярнуўся б на дзедаў полацкі пасад. Полацак не аднавіў бы незалежнасьці... Ці была б сёньня на палітычнай мапе сьвету краіна з назваю Беларусь?..
Мовы
На курортах міжволі пачынаеш пазнаваць і адрозьніваць мовы, а потым спрабуеш акрэсьліць пачуцьці, якія яны ў цябе выклікаюць.
Ангельская зазвычай выклікае не пачуцьці, а ўспаміны пра аэрапорты.
Польскай мове цешысься, нібы сустрэчы з сваяком. З палякамі прыемна плаваць далекавата ад берагу, слухаючы, як яны жыцьцярадасна перагукваюцца.
Чэская чамусьці казыча твой нос ледзь улоўным пахам кавы.
Літоўская мова ніякія твае органы не казыча, але і не раздражняе.