Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Слова сапраўднага лад

Сямёнава Ала

Шрифт:

Характары празаік умее накрэсліць некалькімі словамі. Во яны, кулакі-смокі, што змарнавалі жыццё некалі «першай у вёсцы жняі і праллі» Марылі. Свёкар — звер і скупеча, «зямля ненаежная». Свякроў — «вельмі ж драпежная ў працы», хадзіла згорбіўшыся і ўсё подбегам, трушком, быццам ёй горш як усяму свету часу не хапала. На кірмаш сядзе ехаць і то, здаецца, бегла б на возе, каб хутчэй справіцца. «Жміндзіла — хай бог крые...»

Падкупленых сведкаў, якія на судзе не толькі дапамаглі гэтым крывасмокам адцягаць Марылін пасаг, але і абылгалі яе, нябожчыцу, маўляў, прадала і прагуляла сваю зямельку, дык вось гэтых сведкаў празаік як прыпячатаў словам: «пародзісты падлюга».

Мясцовага вясковага «лицедея», што з не самага шчаслівага лёсу жыве ў «нясытых прымах», краўца Лапніку пісьменнік характарызуе больш не аўтарскай мовай, а дае яму слова самому. Лапінкавы дыялогі з яго сябрам і «братам Мішам»

празаік будуе так, што яны расказваюць многае і пра самога Лапінку, і з яго слоў пра жыццё вёскі і вяскоўцаў. У вялікі гонар увайшлі ў вёсцы баптысты, і кравец узяў звычку хадзіць да іх, лепш як лаянку мужыкоў слухаць ці кепікі паноў. Спяваюць прыгожа, але ж... Дасціпны позірк краўца прыкмеціў і як «Настуля Кукобіна... моліцца, а сама ўсё цікуе за рэчку, каб гусі ў шкоду не ўлезлі. А пасля — эх, паляцела — агы-ля!..» І хто там так «шчыруе» ў веры: «А Раман Дуля — ух, ты... «Госпадзі! Ты благаславіў, о, штоб я празрэў і навучаў народы...» А я сабе падумаю: прайдзісвет, прайдзісвет! Забыўся ўжо, колькі ад цябе дзевак плакала?..» Кампанія сабралася ў малітоўным доме адзін да аднаго: яшчэ і Пятрусь з Навасёлак, «закапыліцца, як табакі панюхаўшы, ды толькі адымае: «А-фу-лэ!» А з адной фразы, якую празаік зноў жа даверыць краўцу, стане відно, чаму Лапінкавы хлопцы крадуць лес у багацея Грыба і як Лапінка ставіцца да кулацкага сына, зацятага баптыста, «брата Мішы»: «У цябе і веры больш, і гаспадарка такая, ты і к госпаду бліжэй...» Ніякай рыторыкі — але які глыбокі сацыяльны і антырэлігійны змест.

З двух гэтых апавяданняў відаць і каму «справядлівы» суд у Польшчы Пілсудскага гатовы паспрыяць, і даведзеная да абсурду скнарнасць кулакоў-багацеяў — гэта ж трэба, пячэцца Грыб, заспаў, пільнуючы свой лес, а пазычаных коней узяў ды накарміў,— і як самахоць ідзе слова праўды з Міколам, асуджаным дэфензівай на «блуканне ў межах аднаго Навагрудскага ваяводства».

Кампазіцыя абодвух апавяданняў прадуманая, сюжэт (не фабула, не інтрыга — менавіта сюжэт) збудаваны так, што цвікоў не відно, інтанацыя мяняецца па тым абавязковым правіле рэалізму, што ў жыцці пераплятаецца трагічнае і камічнае, драма з фарсам, гумар з сатырай.

Да тагачаснага жыцця Заходняй Беларусі Брыль вяртаецца і пазней, у аповесцях, у апавяданні «Гуртавое».

У аповесцях пісьменнік не дае шырокай панарамы жыцця, не бярэ сабе на мэту адлюстраваць розныя слаі насельніцтва, не спакушаецца пісаць, абы «ахапіць», «асвятліць». Месца дзеяння ў гэтых яго творах — вёска, мястэчка; героі — сяляне, іх дзеці. Але гаворачы як быццам аб прыватным, ён умее стварыць атмасферу часу, каларыт тутэйшага жыцця, суаднесці тое, што адбываецца ў вёсцы і ў жыцці дзеючых асоб, з падзеямі свету.

Ва ўсіх гэтых аповесцях — «Сірочы хлеб», «У сям'і», «Золак, убачаны здалёк» — гаворка ідзе пра чалавека ў пару ўступлення ў жыццё, аб узросце маленства і юнацтва. Усе гэтыя героі — равеснікі, колішнія сябры самога пісьменніка. Усе яны добра ведаюць смак заробленага хлеба. Ведаюць, што ёсць справядлівасць і несправядлівасць. І што ёсць на Усходзе такая Беларусь, дзе няма паноў, дзе зямля належыць усім, дзе кожны можа вучыцца, вучыцца на роднай мове.

Імкненне да ведаў, да культуры — галоўная рыса герояў усіх трох аповесцяў. Кніга — найбольшы цуд у іхнім жыцці. Найвялікшае багацце. Неабходнасць. Пісьменнік з трапяткой беражлівасцю апісвае гэтыя чаканыя і не частыя, але такія дарагія! — сустрэчы: «І вось яна ўжо ў мяне пад кажухом, пад поясам! Дзядзька... пазычыў на цэлых два тыдні»: «ну, а не зможаш, дык хай сабе і трохі на даўжэй» («Золак, убачапы здалёк»). Радасць далёка не бібліятэчная, дзе перад вачамі безліч шчыльна застаўленых паліц і загадкава перапоўненых кнігасховішчаў; радасць — на маладую прагу самотнага, спатоленага самавука, у якога ад кнігі да кнігі — няпэўныя месяцы надзеі на ўдачу.

Бацька Алеся з аповесці «У сям'і» купляе кнігі, ахвяруючы самым важным — лішнім лапікам зямлі на гэтыя грошы. Ён набывае і дэтэктарны прыёмнік, зусім ужо незвычайны цуд па тым часе ў заходнебеларускай вёсцы, яшчэ адно акенца ў вялікі свет.

Ёсць такі цікавы эпізод у аповесці «У сям'і». Унукі і бабуля (яна ўсё жыццё расказвала дзецям казкі) прыкладваюць да вуха па навушніку — і хаця яшчэ раніца, і столькі хатняга клопату ў бабулі, век не пераробіш, слухаюць па радыё казку, падобную да тых, што расказвае бабка. Якія тут могуць быць больш важныя справы: «Пэўна — гары сабе на скаварадзе цыбуля, астывай у цёрле недатоўчаная бульба...» Тут «з-пад снегу векавога прыгону выбілася... народная казка»,— радасць усім.

Чытаючы аповесць, адчуваеш незвычайную духоўную роднаснасць гэтых людзей: братоў і сястры, бацькі, маткі, бабулі. Не часта здараецца такое ў сямейнікаў. Нават у ідэальных сацыяльных умовах.

А тут — і небагата, і беднавата, але ўсе дружна цягнуцца да ведаў, а добразычлівасць і ўзаемаразуменне — натуральная «сістэма адносін».

Ды вось час быў такі, што справядлівасць не шанавалася. Алесю, галоўнаму герою, і яго дзядзьку Міхасю хацелася б ледзь не да зор лупаць. Аднак дзядзька трапляе ў Картуз-Бярозу толькі за тое, што «ўсё чытаў ды пісаў, купіў радыё і слухаў яго». Забіраюць у турму за такое ж «злачынства» — сам чытаў і другіх вучыў чытаць на роднай беларускай мове — і Міколу, аднавяскоўца галоўнага героя з аповесці «Сірочы хлеб».

Але «Сірочы хлеб» і «У сям'і», хаця сюжэт тут «разамкнёны», не маюць фабульнай вастрыні, больш апісальныя. У аповесці ж «Золак, убачаны здалёк» пісьменнік больш як праз дваццаць год вяртаецца да героя, равесніка свайго маленства, ужо з творчым набыткам напісанага і перадуманага. Духоўная танальнасць яе блізкая да дзвюх толькі што згаданых аповесцяў, але розніцца ад іх храналагічнай раскаванасцю выкладання. Аповесць жыве не фармальна лагічным парадкам сюжэта, а складанымі асацыятыўнымі сувязямі, тым філасофскім роздумам, які так уласцівы сённяшняму Брылю, уменнем пабачыць сябе і свайго героя збоку, калі часам «я» апавядальніка, яго сённяшняе светаўспрыманне перакрыжоўваецца з «я» героя і раскрытае ў шматлікіх сувязях з усім, што «не-я», з людскім атачэннем, прыродай, з'явамі гістарычнымі. Гэта не «паток свядомасці», а лірыка-філасофскае ўсведамленне аднаго чалавечага жыцця ў тым, што было характэрна толькі для яго, што, аднак, уласціва многім і, урэшце, абавязкова для ўсіх. Жанр вызначаны як аповесць, але яна ўспрымаецца як паэма ў прозе, мантаж настраёвых замалёвак, канкрэтных падзей, думак пра перажытае і ўсвядомленае.

Перажытае і ўсвядомленае — залежнае ад рэальных гістарычных і сацыяльных умоў. У гэтым кантэксце трэба, мабыць, успрымаць многае з напісанага пісьменнікам у 40-50-я гады. Безумоўна, агульныя тэндэнцыі ў тагачаснай літаратуры і ўвогуле грамадскім і культурным жыцці зрабілі свой уплыў і на Брыля. З'яўляліся апавяданні накшталт агульнаўрачыстага «Лянок мой чысты...» або агульнаапісальнага «Рэўнасць». Але ж вось аповесць «У Забалоцці днее» патрабуе, мабыць, погляду ў кантэксце пэўных умоў.

Тое, што адбывалася адразу пасля вайны ў Заходняй Беларусі, адрознівалася ад таго, прынамсі, што было на той час у вёсках Цэнтральнай Расіі або Усходняй Беларусі. Так, тут таксама былі спаленыя і абрабаваныя вёскі, таксама была разруха. Але ж упершыню праводзілася калектывізацыя — з 1939-га па 1941-шы волю паспелі толькі адчуць, каб яшчэ больш зацята абараняць яе. Фашыстаў — выгналі, зямлі — толькі б сіла была. Набірайся моцы — працы хапае. Нарэшце, кнігі, навука, якія былі недасягальнай марай,— даступныя ўсім. Была не толькі радасць вызвалення, але і шчасце сацыяльнай перамогі, кіпучы энтузіязм, што так уласцівы для першых паслярэвалюцыйных год у Савецкай Расіі. А ў актывістаў вызваленага ад фашыстаў Заходнебеларускага краю, як некалі ў 30-я гады ў маладой Краіне Саветаў, стралялі ў прыцемках былыя кулакі, яны ж былыя паліцыянты. І пісьменніку хацелася стварыць ідэал заходнебеларускай вёскі, «мадэль» калгаснага пасляваеннага жыцця, як адзначаў у сваім нарысе пра Брыля Уладзімір Калеснік. Не выпадкова, мабыць, што, адмовіўшыся ад рыторыкі і многіх агульных мясцін у апошнім, перапрацаваным у 1977 годзе варыянце, Брыль стаў мяняць суцэльна мажорны тон твора. Тым больш што неўзабаве была створана аповесць «На Быстранцы».

Рамантычная прыўзнятасць і ідэалізацыя многіх з'яў саступіла месца рэалістычным, не заўсёды радасным танам, галоўны герой усё часцей задумваецца пра несуадноснасць фанфарных зводак і цяжкасцей у вёсцы. Узрастае роля асобных дэталяў, што дастаткова красамоўна сведчылі пра складанасці ў пасляваенным жыцці. Ну, вось такі штрых — прывезла баба жыта ў млын, дачку замуж выдае, а жыта так мала, што толькі шатраваць можна. Адно хопіць на вясельны каравай, які па звычаю і па вясельнай нагодзе толькі з пекляванай мукі пякуць.

У апавяданнях гэтага ж часу «Прывал» і «Субардынацыя» сацыяльная праўда выяўляецца ў адкрытай публіцыстычнасці, набывае сатырычную, гратэскную афарбоўку.

Адчуваючы сябе на начальніцкай пасадзе, як на бюракратычным троне, Фамут («Прывал») у стане суцэльнай прастрацыі не бачыць, не чуе, не ўспрымае ўсіх, хто ніжэй за яго па службовай лесвіцы. Шафёра і ўвогуле ў разлік не прымае — так, нешта накшталт патрэбнай прылады. Лопух («Субардынацыя»), былы сябар апавядальніка, прышчапіўшы да свайго прозвішча выратавальна-«падкультуранае» «аў», зацёк начальніцкай самавітасцю і на сябра па партызанскім атрадзе пазірае зверху: маўляў, не ў тым ён чыне, каб «фамільярнічаць». Але можна дазволіць сабе, як дакладчыку, «карміць... макухай свайго красамоўства, паіць прэснай вадой нудоты».

Поделиться с друзьями: