Слова сапраўднага лад
Шрифт:
А ў Арлова з'явіўся герой-сучаснік, малады (!), «дэфіцытны» персанаж, ды яшчэ які, ды яшчэ з нейкімі духоўнымі памкненнямі, усведамленнем не на ўзроўні першапачатковых жыццёвых радасцей, з разуменнем супрычаснасці да гісторыі свайго народа, да яго культуры, супрычаснасці дзейснай, актыўнай. Як не заўважыць? А яшчэ і зусім прыстойная беларуская мова. У апавяданнях гістарычных веданне рэалій часу, абставін гістарычных, не похапкам зграмазданых сітуацый. Як не заўважыць? Праўда, нельга не заўважыць і другога. Занадта шчыльную блізкасць да ранняга Караткевіча. У. Арлоў сам падкрэслівае сваю духоўную спадчыннасць з гэтым таленавітым пісьменнікам, у тым жа дыялогу з Т. Грамадчанка: «...наша пакаленне адчувае адказнасць за працяг і развіццё традыцыі, заснаванай Уладзімірам Караткевічам». І добра, што адчувае адказнасць. І вельмі важна. Але ці варта рабіць традыцыяй і тое, што Караткевічу даравалася за незвычайны талент, за імпэт першапраходцы (не
Як мне падаецца, адзін з найбольш моцных бакоў вопытнага В. Гігевіча таксама імкненне да ўскосна-простых выхадаў да чытача з роздумам, імкненне выслабаніцца, імкненне ўзняцца над падзейным. Хаця выявіць гэта бывае няпроста ў стракатай фактуры тэксту. Імя празаіка згадвалася ў гаворцы даволі-такі многа, і не выпадкова. Нават калі прааналізаваць усе страты і пралікі яго прозы, магчыма, не заўсёды дакладна па-мастацку асэнсаваны вопыт назіранняў жыццёвых, дык нельга не аддаць належнае яго спробам. Ён імкнецца намацаць кірунак на не абжытых літаратурных «пляцах». Маю па ўвазе беларускую літаратуру. Таму, магчыма, і ёсць спакуса азірнуцца на рускіх і замежных калег. І цяжка адбіцца ў новых сферах ад набытага, звычнага вопыту. І знайсці свой шлях.
А шляхі... Яны заўсёды розныя. І трэба, каб рознымі былі. Мне хацелася б яшчэ раз паўтарыць гэта. Толькі не варта ў прозе шукаць панацэі ад усіх бядот у адным нейкім жанры ці напрамку, як, скажам, робіць у дачыненні да крытыкі С. Дубавец у дыялогу з В. Даўнісам — эсэ, і толькі, пажадана эсэ не крытыкаў, а празаікаў. Але ж — куды падзенешся без рабочай рэцэнзіі, праблемнага артыкула, погляду на літаратуру 198... года. Так і ў прозе. Галоўнае — каб слова было не марнае.
ШТРЫХІ, АБРЫСЫ, РЫСАЧКІ
«САМАЕ НАДЗЕЙНАЕ, МАЁ...»
Хто яго ведае, чаму такі неадольны, гэты наіўны гонар? Маўляў, во яны, землякі: Адам Міцкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, Ян Чачот... І сучаснік, што і зараз часцяком наведвае родныя мясціны,— Янка Брыль. Дзіўна — але кожны з Наваградчыны адчувае асобае дачыненне да высокага духу тых асоб. Не будзем суадносіць маштабы, не ў тым справа. «Ktokolviek Biedzesz w nowogr'odskiej stronie...» «Хто-небудзь, як будзеш у Навагрудскім краі...» (А. Міцкевіч. Гражына).
Дык не абыдзеш ні Замкавую гару, ні гару Міцкевіча. І кожнаму стане зразумела, чаму з «асаблівым, толькі наваградскім хваляваннем», Алесь Руневіч, герой рамана «Птушкі і гнёзды» Янкі Брыля, узыходзіў на курган Міцкевіча «па спіральнай дарожцы — з радасным адчуваннем незвычайнай вышыні... Звычайнае, блізкае, будзённае, што акружала Алеся,
на старонках Міцкевіча жыло вялікай паэзіяй» («Птушкі і гнёзды»). Гэтае звычайнае, блізкае, будзённае пабыло сваё незвычайнае, небудзённае жыццё і пад пяром Янкі Брыля. Ну, а як жа не адчуць, хоць гэта суцэльна па-за лагічнымі высновамі, сваю асобую ўзрушанасць, калі вінтавая сцежка знаёмая кожнай травінкай, а курган — хай даруюць ахоўнікі помнікаў — аблётаны ўздоўж і ўпоперак напрасткі.І як не адчуць сваёй, зноў жа «сепаратнай» прыналежнасці да напісанага Брылём, калі ён у эсэ пра Якуба Коласа возьме ды прыгадае «залаты тунель ліп і клёнаў» на Баранавіцкай брукаванцы. Або раптам сустрэнеш такое сваё, мясцовае: кішке, шчупаке.
І з таго ж ганарлівага адчування — высокая радасць: вось ён, наш зямляк, стаў духоўным земляком многіх на Беларусі, ва ўсёй нашай краіне і за яе межамі. Розным людзям, у розных мясцінах адкрыўся свет Янкі Брыля. Свет, да якога дачыняюцца не адразу і, можа, не ўсе, але ўваходзіць ён у жыццё стала і надзейна. Пра напісанае гэтым пісьменнікам не скажаш — «прачытана». Яго кожны раз «чытаеш» наноў. Знаходзіш у знаёмым новае, яшчэ і яшчэ раз імкнешся наблізіцца да своеасаблівай атмасферы яго кніг, вярнуцца да таго маральнага клімату, дзе шчасліва спалучаюцца глыбокі роздум, паэтычнасць і сялянская разважлівасць. А надзейнасць і трываласць не сумотныя, не дыдактычныя, працавітыя, лёгкія на жарт і ўсмешку. Карэннямі моцна звязаныя з сусветнай культурай і з народам, з яго спрадвечнай, самай старажытнай справай — працай на зямлі. Не проста тэматыкай твораў, выбарам герояў, мовай, а філасофіяй народа, яго разуменнем быцця.
Прытоеная, важкая годнасць чуецца ў такім запісе пісьменніка: «Жанчына, што гутарыла са мной па-нямецку, спыталася пра маю прафесію. Пачуўшы адказ — здзівілася. «А я думала, што вы селянін!» Добра, што і касцюм інтэлігента не змяніў мяне за дзесяць год. Яшчэ лепш было б да смерці застацца ў душы чалавекам працы, сумленным і простым» («Трохі пра вечнае»). Брыль і пра ўдалае слова перш за ўсё скажа: «па-хлебнаму свежае», і спраўдзіць задуму для яго — «урабіць словам».
Усё, што пісьменнік бачыць, асэнсоўвае, пра што піша, ён імкнецца зразумець «ад самага карэння». Як грамадзянін, гаспадар на сваёй зямлі, чалавек, мастак. Няма для яго дробязей. Пільным вокам ён і ў звычайным, здаецца, умее ўхапіць нешта вельмі важнае, асэнсаваць. Увасобіць па-мастакоўску, ствараючы абагульнены вобраз свайго народа, сваёй Беларусі. З тою непадробнай строгай любоўю, якая бачыць усё.
...Заслужанае свята льнаводак — за нялёгкую працу атрымалі ўзнагароду. Пісьменнік з прыязнасцю пакажа нам «смешнавата-ўзварушлівы шык» жанок і дзяўчат, якія атрымліваюць медалі Усесаюзнай выстаўкі. Як яны з гонарам — ведаюць жа, што сумленна, мазалём ды потам, зарабілі высокую пашану,— але і крыху сарамліва, не прызвычаеныя да такіх урачыстасцей, ідуць да сцэны, праз увесь зал загадзя трымаючы руку дошчачкай, каб падаць яе старшыні райсавета. «Як дзеці, усміхаюцца», а пазней «мятуць польку — аж люба глядзець...».
І будзённы, здавалася б, выпадак з часоў вайны. Папрасіў на беларускім Палессі партызан-каўпаковец бялізну памыць, а сам раптам рушыў па трывозе. І бабка знайшла таго хлопца, аддала «і памытую, і пакачаную, і палапленую» бялізну: «Няхай здаровенькі носіць!..» («Жменя сонечных промняў»).
Які народны, спрадвечны, матчын клопат. Высокая дабрата і самаадданасць. Нават ідучы на смерць за тое, што дала прытулак савецкім байцам, маці будзе думаць не пра сябе. Пра сыноў, сваіх і чужых, «з якімі так моцна зрадніла яе доля». Гэта ўжо маці з аднайменнага апавядання Янкі Брыля («Маці»), але абедзве жанчыны паяднаны вось той, з мінулага і да цяперашняга часу, духоўнай роднаснасцю, беззапаветнай дабрынёй, спрадвечнай мудрасцю любові.
Розныя людзі жывуць у творах Брыля. У тым ліку і такія рэальныя, як гэтыя героі нарысаў пісьменніка.
...Былы камандзір «нёманскіх Казакаў», намеснік старшыні Мірскага райсавета Дзмітро Дзянісенка, легендарны «Міцька», пра баявыя справы якога чулі «і Налібоцкая, і Ліпячанская пушчы, чулі Дзяржынск, Валожын». У «Міцьку» гулялі вясковыя «жэўжыкі», а ўдзячныя бабулі і цёткі звярталіся да самага на той момант даступнага «начальства»: у заздароўных спісках, што падавалі на клірас, ставілі імя «Змітрок», а то і больш выразна — «воін Дзімітры» («Нёманскія казакі»),
...Павел Жалязняковіч («Сэрца камуніста») — чалавек самага высокага гарту, рэвалюцыяпер-падпольшнчык у санацыйнай Польшчы, партызан падчас вайны, сакратар Мірскага райкома партыі, адзін з тых, хто ўсталёўваў калгасны лад у Заходняй Беларусі.
...Рафаіл Сяржант («Партрэт старэйшага таварыша»), таксама былы рэвалюцыянер з Заходняй Беларусі, у вайну палітрук стралковай роты ў Чырвонай Арміі, камісар палявога шпіталя, з першага дня дэмабілізацыі — на працы, начальнік абласнога ўпраўлення сельскага і калгаснага будаўніцтва ў Баранавічах, сакратар гарсавета, таксама адзін з ініцыятараў калектывізацыі ў Заходняй Беларусі.