Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Слова сапраўднага лад

Сямёнава Ала

Шрифт:

Сапраўдныя камуністы, мужныя, сціплыя людзі. А мужнасць і сціпласць іх «гартаваліся люта». Больш трынаццаці год па турмах Пілсудскага «на рахунку» Жалязняковіча, чатырнаццаць год быў у зняволенні Рафаіл Сяржант. «Славутыя Лукішкі — Бастылія польскага фашызму на «ўсходніх крэсах», Брошкі, што «прыйшліся ў спадчыну Пілсудскаму ад Бісмарка». І ніводнага дня «без дэманстрацый, галадовак і іншых арганізаваных выступленняў».

Гэтыя мужныя людзі не толькі выстаялі і перамаглі, захавалі не толькі мужнасць і энергію, але і чалавечнасць, добразычлівасць, прагу да духоўных скарбаў жыцця, паэтычнасць, урэшце. Непахісны выўратовец (бунтар) Рафаіл Сяржант — і яблыні ў густой квецені, пазней — у духавітым водары ядраных пладоў. Былы вязень ведае сваю, асобую цану жывому: незакратаванаму небу, хараству ранішняга

саду, вечаровай цішы, у якой так дарэчы плывуць гукі музыкі — дачка іграе на піяніна. Свой гонар і ў Паўла Жалязняковіча — вясёлы восеньскі карагод вяргінь каля хаты і цесныя паліцы кніг.

Пісьменнік з асабістым, урачыстым хваляваннем адзначыць у запісной кніжцы: «Чытаў матэрыялы апошняга пленума ЦК КПСС. Здзіўляе, захапляе шчырасць партыі, сіла самакрытыкі. Рост, пошукі, творчасць. Трэба вучыцца гэтай шчырасці» («Трохі пра вечнае»). І нястомны літаратар вучыцца. Не праміне ўвагай і задоўжаны нарыс па радыё, «разлічаны на стагоддзе», і «эпічны сяннік», што разбух ад нуднай фактаграфіі. І такую невясёлую дэмаграфію — цэлы гурт маладых, прыгонных дзяўчат і адзін, немалады ўжо, і жанаты, і па падпітку, дзядзька Раман, што дапамагае ім правіць танцы пад патэфон. «Хлопцаў у нашым сяле нэма. То ў арміі, то ў горад пораз'язжалыся, розумныкы...» («Пад гоман вогнішча»). А дзяўчатам не толькі ў скокі пускацца адным, цяжэнныя бітоны з малаком цягаць. Іх і сам апавядальнік, не ўломак і чалавек цягавіты, ледзьве падымае.

Старонка за старонкай — раздумвае, апісвае, увесь час маючы на мэце раўненне на тых майстроў, якія, па словах самога Брыля, адтуль, дзе «моцная страсць гуманістаў і мудры, глыбінны спакой, упэўненасць людзей, якія ведаюць, дзеля чаго жывуць».

...Янка Брыль валодае таямніцай уражання. Жорстка прадумваючы кампазіцыю твора, перш за ўсё навелы, ён падае мастацкі матэрыял у плыні настрояў, пачуццяў, адчуванняў, паволі знаходзячы эмацыянальны ключ, лейтматыў твора, і распрацоўваючы спакваля галоўную, унутраную тэму, дадаючы да лейтматыву тэмы-падгалоскі, як у музычным творы, і развіваючы іх, і даючы ім перагуквацца, счапляцца, дапаўняць адзін аднаго. Ствараючы пастрой, адчуваючы танальнасць твора.

Пісьменнік умее вызваліць унутраную энергію пачуцця і ў сябе, і ў сваіх чытачоў. Перагарне некалькі старонак сваёй эмацыянальнай памяці, успомніць, скажам, як «пахне дым асенніх пырнікавых вогнішчаў, у прыску якіх пячэцца па-свойму хвалююча духавітая бульба, як пахне сырасцю адліжаны, раскоўзаны нагамі снег, калі ты, стомлены, брыдзеш па ім са школы, адчуваючы яго сырасць, зябка і казытліва, прамоклымі нагамі, як пахнуць пляцёнкі цыбулі..., як пахне агарод..., як пахне гарачае сена...» («Тройчы пра адзіноту»), І ў чытача адбівае тое, што ўвесь час было недзе ў запасніках памяці — плывучы пах гарэлага зяленіва, настоенае вільгаццю паветра адлігі, п'янлівы пах угрэтага сонцам укропу, і з імі радасць першых школьных дзён, занятай трываласці будняў, раскошнай летняй ляноты канікул.

Усе гэтыя ўражанні акумулююць ў эмацыянальную напружанасць, нават хутчэй эмацыянальную засяроджанасць, калі ўспрымаеш і крыху збоку, і як сваё асабістае роздум героя апавядання пра неабходнасць чалавечага сяброўства, якое не можа замяніць самае плённае «splendid isolation», і пра неабходнасць увагі людзей адзін да аднаго, і няпэўную надзею.

Такім эмацыянальным штуршком, тым самым лейтматывам становіцца першы снег у апавяданні «Яшчэ раз першы снег».

«Нa цэлым свеце — белы снег, на ўсіх палях і дахах», «непераможна белы снег» — свята, «белае шчасце», што радуе ўсіх і даступнае ўсім. І на адной высокай хвалі з гэтым чыстым святам светлаты ўспрымаецца небудзённая ўрачыстасць арганнага канцэрта ў Домскім саборы. Ці, папраўдзе, наадварот, канцэрт даў такі настрой герою і ўспамін пра першы снег узнік у гэтай сувязі. Цуд з гукаў — ад яго складаныя асацыяцыі, нечаканыя вобразныя сувязі.

Тэкст апавяданняў Брыля ўвогуле жыве не лагічным парадкам сюжэта ці думкі, не вастрынёй фабулы. Фабульная навела звычайна абмяжоўвае выяўленчыя магчымасці прозы, а празаік вельмі даражыць пластыкай пісьма, свабодай руху думкі, выразнасцю лірычна-філасофскай плыні яе. У пісьменніка няма зададзенай выключнасці персанажаў, кампазіцыйная пабудова разамкнёная, ён гаворыць пра

будзённае, але звярнуўшы ўвагу на істотнае, галоўнае. З адухоўленай увагай да свету рэчаў, да прыроды, да акаляючага свету, да ўнутранага жыцця герояў. Увагай засяроджанай, заснаванай па дакладных ведах. Гаворыць немітусліва, з несумотнай важкасцю.

Улічваючы перш за ўсё вопыт Талстога, Чэхава, Буніна. Улічваючы, а не абапіраючыся на яго.

Не прайшлі па-за яго ўвагай і творчыя памкненні Прышвіна і Паўстоўскага, многіх славянскіх і заходнееўрапейскіх пісьменнікаў. Але... У мяне неяк не выходзіць з галавы сцверджанне аднаго сур'ёзнага крытыка пра блізкасць Янкі Брыля Шэрвуду Андэрсану і Эрнэсту Хемінгуэю. Хіба што дасканаласцю формы, ёмістасцю зместу пры лаканізме перадачы. Як гаворыць пра гэта сам Брыль: «Кароткасць, сцісласць трэба ўжо лічыць не толькі сястрой таленту, але і меркай сучаснасці» («Трохі пра вечнае»).

Аднак жорсткі, ледзь не закадзіраваны стыль дыялогаў, кароткія, адрывістыя фразы, знешне малазначныя, адсутнасць тлумачэнняў аўтара, амаль што адсутнасць фону, адсутнасць прамога роздуму, вельмі рэдкія параўнанні і метафары — усё гэта ніяк не датычыць Брыля. Нарэшце, стыль вымагаецца зместам — каб паказаць раз'яднанасць свету, у якім жывуць героі гэтых аўтараў, збянтэжанасць іх усведамлення, і, дарэчы, героі Хемінгуэя — скептыкі «згубленага пакалення», героі Андэрсана звычайна людзі, якія перанеслі эмацыянальную траўму і зараз адчуваюць душэўную неўладкаванасць. Героям Брыля рэфлексіі не ўласцівыя, у самых неспрыяльных умовах жыцця светапогляд яны захоўваюць пазітыўны, прытрымліваюцца народнай філасофіі і арганічна адчуваюць нацыянальную глебу, а гэтага таксама па прычынах сацыяльнага парадку няма ў персанажаў амерыканскіх аўтараў.

Янка Брыль па-славянску, у лепшых традыцыях, любіць параскашавацца словам, даць пагаварыць сваім героям усмак, не пагаварыць толькі, а парасказваць, любіць паглядзець уважліва вакол сябе, даць адчуць чытачу водар зямлі і хараство неба, фарбы, гукі, пахі, і ўсё гэта канкрэтна, па тым талстоўскім прынцыпе, пра які сам Брыль зазначаў: «Ён не пісаў, як часта пішам мы, што заспявала на дрэве нейкая птушка, цвілі на ўзлеску нейкія кветкі, конь чамусьці крутнуў галавою...» Нейкіх птушак, нейкія дрэвы шчасліва абыходзіць і Брыль, добра ведаючы, пра што ён піша, дзе ўсё гэта адбываецца. А гаворка ў яго пра тое, што перажыў сам ці блізкім сведкам быў, што адчувае, што перадумана. Зразумела, усё гэта па-мастацку пераасэнсоўваючы і абагульняючы. Ён валодае не так «дарам вынаходніцтва», як «дарам адухатварэння» (Томас Ман). З даверам звяртаючыся да чытача.

Калі сёння бярэш у рукі тамы новага Збору твораў, пяцітомніка Янкі Брыля, дык, перачытваючы, недзе ставіш сабе замету, як ярка выявіліся асаблівасці творчага почырку празаіка ўжо ў першых яго апавяданнях, што пісаліся ці пачыналіся пісацца ў 35-м, 37-м, 38-м гадах.

Тонкая і паэтычная замалёўка «Як маленькі». Вясковы дзядзька, у якога, канечне ж, процьма будзённых, неадкладных спраў, прыйшоўшы ў гумно, рабіць адну з такіх спраў — «абіваць лён» — стаіць, узрушаны хараством: пад «маладым, румяным сонцам», «як тая зорка касатая», зіхаціць сплеценая павуком на пуках ільна сетка. І ён па-дзіцячы радуецца на гэтае дзіва і па-даросламу, з мужыцкай павагай да чужой працы не хоча рушыць зробленае павуком. Мудрая непасрэднасць, здаровы, моцны настой эмоцый. І ашчадная скупасць слоў, сродкаў выразнасці — у дзевятнаццацігадовага юнака. Гэта не сентыментальнае замілаванне — ах, які ж малады і які таленавіты — проста ўсё пазнаецца ў параўнанні. Сёння многія, і куды больш сталыя пачаткоўцы, не толькі ў нашай, беларускай прозе, парадкуюць, цагліну за цаглінай, цяжкія стандартныя словы — як глухую сцяну кладуць, не праб'ешся...

Раннія апавяданні Янкі Брыля маюць выразную сацыяльную афарбоўку, адметны мясцовы каларыт, жывыя характары. І вобразную мову. Праўда, неяк, калі Буніну выдавалі хвалу за яго мову, ён зводзіў усё да жарту: «Якая такая асобая мова ў мяне, пішу на рускай мове, мова, канечне, выдатная, але я тут пры чым?» Не ведаю, што ў такіх выпадках гаворыць Брыль, але факт — вось у тых жа мясцінах гадаваўся, тых цётак і дзядзькоў, здаецца, чуў, а толькі прачытаўшы Брыля, усхопішся, успомніцца, прыгадаецца: «Што ж ты зробіш з каханай бядою?»

Поделиться с друзьями: