Стэпавы воўк
Шрифт:
Ці не адчуваў я ўжо раней у мінулым гэтай вусцішнасці, якая тымі часамі была нечым накшталт шчасця? Ці не чуў я ўжо калісьці гэтай музыкі? Так, у Моцарта, у несмяротных.
Мне згадаліся вершы, якія я аднойчы ў мінулым дзесьці знайшоў:
Мы ж у вечнасці спакон лунаем у эфіры, дзе касмічны лёд, ні гадзін сабе, ні дзён не маем, мы бясполы, без узросту род. Холад, безрух мы - на тым стаім, і халодны смех у нас - спаконна...Тут дзверы ў ложу адчыніліся, і ўвайшоў - я пазнаў яго толькі з другога позірку - Моцарт, без касы, але ў штанах да каленяў, не ў чаравіках з пражкамі, а апрануты сучасна. Ён сеў амаль побач са
А ўстанаўліваў і наладжваў ён радыёпрыёмнік, і цяпер уключыў гук і сказаў:
– Гэта Мюнхен, перадаюць фа-мажорны «Concerto grosso F-Dur» Гендэля.
І праўда, на маё вялікае здзіўленне і жах, д'ябальская жалезная варонка выплюнула тую сумесь бранхіяльнай макраты і жаванай гумы, якую называюць музыкай уладальнікі грамафонаў і абаненты радыё, - а за каламутнай сліззю і хрыпамі, як за карой гразі старую, выдатную карціну, можна было і насамрэч разабраць высакародны строй гэтай боскай музыкі, яе царскі лад, яе халоднае глыбокае дыханне, яе шырокую струнную паўнагучнасць.
– Божа, - усклікнуў я ў жаху, - што вы робіце, Моцарт? Няўжо вы не жартам валіце на сябе і на мяне гэтую пошласць, не жартам напускаеце на нас гэтую мярзотную прыладу, трыумф нашай эпохі, яе апошнюю пераможную зброю ў знішчальнай вайне супроць мастацтва? Няўжо без гэтага нельга абысціся, Моцарт?
О, як зарагатаў гэты жудасны субяседнік, якім халодным і прывідным, бязгучным і ў той самы час усёразбуральным смехам! Са шчырай прыемнасцю назіраў ён за маімі пакутамі, круціў праклятыя вінцікі, перасоўваў бляшаную варонку. Смеючыся, ён цадзіў далей знявечаную, знядушаную і атручаную музыку, смеючыся, адказваў мне:
– Не трэба пафасу, суседзе! Дарэчы, ці звярнулі вы ўвагу на гэта рытарданда? Знаходка, га? Ну, дык вось, упусціце ў сябе, няўрымслівы чалавеча, ідэю гэтага рытарданда, - чуеце басы? Яны ідуць, як багі, - і хай гэтая знаходка старога Гендэля пройме і ўрымсціць ваша неспакойнае сэрца! Услухайцеся, чалавеча, услухайцеся без патэтыкі і без пакепу, як за покрывам гэтай смешнай прыладзіны, покрывам і праўда ж безнадзейна ідыёцкім, высоўваецца далёкі вобраз музыкі багоў! Прыслухайцеся, тут можна сяго-таго навучыцца. Заўважце, як гэты вар'яцкі рупар робіць, здавалася б, самую дурную, самую непатрэбную і самую забароненую на свеце рэч, як ён па-дурному, груба і наўздогадзь шпурляе музыку, якая недзе там выконваецца, да таго ж нявечыць яе ў самых чужых ёй, у самых неадпаведных месцах - як яна, прылада, усё-такі не можа забіць пачатковы дух гэтай музыкі, як дэманструе на ёй толькі бездапаможнасць сваёй тэхнікі, толькі сваё бездухоўнае дзяляцтва! Прыслухайцеся, чалавеча, добранька, вам гэта патрэбна! Настаўце, натапырце вушы! Вось так. А цяпер жа вы чуеце не толькі згвалтаванага радыёпрыёмнікам Гендэля, які і ў такім мярзотным выглядзе яшчэ боскі, - вы чуеце і бачыце, паважаны, заадно і выдатны сімвал жыцця наогул. Слухаючы радыё, вы чуеце і бачыце адвечную барацьбу паміж ідэяй і яе выяўленнем, паміж вечнасцю і часам, паміж Боскім і Чалавечым. Гэтак сама, мой дарагі, як радыё на працягу дзесяці хвілін кідае наўгад самую выдатную на свеце музыку ў самыя неверагодныя мясціны, у мяшчанскія гасцёўні і паддашкі, кідае яе сваім абанентам, якія балбочуць, жаруць, пазяхаюць, спяць, як яно крадзе ў музыкі яе пачуццёвае хараство, як яно псуе яе, карэжыць, слініць і ўсё ж не можа канчаткова забіць яе дух - гэтак сама і жыццё, так званая рэчаіснасць, растрасае без разбору выдатную чараду карцін свету, шпурляе следам за Гендэлем даклад пра тэхніку падчысткі балансу на сярэдніх прамысловых прадпрыемствах, ператварае чароўныя гукі аркестра ў неапетытную слізь, мусова запіхвае сваю тэхніку, сваё дзяляцтва, вэрхал сваіх патрэбаў, сваю марнасць паміж ідэяй і рэальнасцю, паміж аркестрам і вухам. Такое, мой міленькі, усё жыццё, і тут мы не можам даць ніякае рады, і калі мы не аслы, дык смяёмся з гэтай прыгоды. Такім
людзям, як вы, зусім не лічыць крытыкаваць радыё альбо жыццё. Лепш навучыцеся спачатку слухаць! Навучыцеся сур'ёзна ставіцца да таго, што заслугоўвае сур'ёзнага стаўлення, і смяяцца з астатняга! А хіба вы самі рабілі лепш, высакародней, разумней, з вялікім густам? О не, мсье Гары, зусім не. Вы зрабілі са свайго жыцця нейкую агідную гісторыю хваробы, са свайго даравання - нейкую несхадзімую юдоль. Нават такой прыгожай, такой чароўнай дзяўчыне вы, як я бачу, не знайшлі іншага ўжытку, як парнуць яе нажом і забіць! Няўжо вы лічыце гэта правільным?– Правільным? О не!
– усклікнуў я ў адчаі.
– Божа мой, усё гэта так няправільна, такое дурное і кепскае! Я быдла, Моцарт, дурное, злое быдла, хворае і сапсаванае, тут ваша праўда тысячу разоў... Але што да гэтай дзяўчыны, дык яна сама гэтага хацела, я толькі выканаў яе жаданне.
Моцарт бязгучна засмяяўся, але ўсё-такі даў сабе волі выключыць радыё.
Маё апраўданне, хоць я яшчэ толькі што верыў у яго, раптам здалося мне даволі дурным. Калі Герміна аднойчы - успомніў я раптам - казала пра час і вечнасць, я адразу гатовы быў лічыць яе думкі адбіткам сваіх думак. А што думка пра тое, каб я забіў яе, узнікла ў Герміны самой, без якога б там ні было майго ўплыву, - гэта я прыняў як нешта, што разумееца само сабою. Але чаму ж я тады не проста прыняў гэтую страшную, гэтую дзівосную думку, не проста паверыў у яе, а нават адгадаў яе наперад? Ці не таму ўсё-такі, што яна была маёй? І чаму я забіў Герміну як рыхтык у той самы момант, калі застаў яе голую ў абдымках іншага? Усёведання і здзеку быў поўны бязгучны Моцартаў смех.
– Гары, сказаў ён, - вы жартаўнік. Няўжо і насамрэч гэтая ладная дзяўчына не хацела ад вас нічога, акрамя ўдару нажом? Расказвайце гэта каму іншаму! Ну, хоць парнулі вы добранька, бедная малышка мёртвенькая. Пара вам, нябось, уразумець наступствы вашай галантнасці з гэтай дамай, альбо ж вы хочаце ўвільнуць ад наступстваў?
– Не, - крыкнуў я.
– Няўжо вы нічога не разумееце? Увільнуць ад наступстваў! Ды калі я чаго хачу, дык толькі акупіць, акупіць сваю віну, пакласці галаву на плаху, прыняць кару, быць знішчаным!
Моцарт паглядзеў на мяне з нясцерпным сарказмам.
– Да чаго ж вы патэтычны! Але вы яшчэ навучыцеся гумару, Гары. Гумар заўсёды гумар, і пры патрэбе вы навучыцеся гумару менавіта на шыбеніцы. Вы гатовыя да гэтага? Так? Выдатна, тады ідзіце да пракурора і цярпліва перанясіце ўсю пазбаўленую гумару судзейскую каніцель аж да таго моманту, калі вам холадна адсякуць галаву рана раніцай у турме. Вы, значыцца, гатовыя да гэтага?
Перад мною раптам прабліснуў надпіс:
і я кіўнуў галавою, што гатовы. Голы двор у чатырох сценах з маленькімі закратаванымі вокнамі, дбайна прыбраная гільяціна, дзесятак чыноўнікаў у мантыях і камізэлях, а сярод іх я, празяблы на сырым ранішнім паветры, з даўкім і жаласным страхам у сэрцы, але гатовы і згодны. Загадалі, і я ступіў некалькі крокаў наперад, загадалі, і я стаў на калені. Пракурор зняў сваю шапачку і пракашляўся, усе астатнія таксама пракашляліся, Ён разгарнуў нейкую грамату і, трымаючы яе перад вачыма, пачаў чытаць:
– Спадарства, перад намі стаіць Гары Галер, абскаржаны і прызнаны вінаватым у загадзя абдуманым злоўжыванні нашым магічным тэатрам. Галер не толькі абразіў высокае мастацтва, пераблытаўшы нашу цудоўную карцінную галерэю з так званай рэчаіснасцю і закалоўшы адлюстраванне дзяўчыны адлюстраваннем нажа, ён, апрача таго, не гумарыстычным спосабам выявіў намер скарыстацца нашым тэатрам як механізмам для самазабойства. З гэтай прычыны мы выракаем Галера да пакарання вечным жыццём і да пазбаўлення на дванаццаць гадзін права ўваходзіць у наш тэатр. Абвінавачаны не можа быць вызвалены таксама і ад пакарання аднаразовым высмейваннем Госпада, прыступайце - раз - два - тры!
І на «тры» прысутныя сумленна заліліся смехам, смехам нябеснага хору, жахлівым, нясцерпным чалавечаму духу смехам таго іншага свету.
Калі я ачуняў, Моцарт, які сядзеў побач са мною, як раней, паляпаў мяне па плячы і сказаў:
– Вы чулі вынесены вам вырак. Давядзецца, значыцца, вам прывыкаць слухаць і далей радыёмузыку жыцця. Гэта пойдзе вам на карысць. Здольнасці ў вас, мілы мой дурыла, меншыя і не бываюць, але цяпер вы, мабыць, паступова ўсё-такі ўцямілі, што ад вас патрабуецца! Вы гатовыя калоць дзяўчат, гатовыя ўрачыста ісці на плаху, і вы былі б, мабыць, гатовыя таксама сто гадоў бічаваць сябе і зняможваць сваё цела? Хіба ж бо не?