Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Стэпавы воўк

Гессе Герман

Шрифт:

Шэрыя вочы старога глядзелі холадна і сумна.

– Я старшы пракурор Лерынг, - сказаў ён павольна.
– Вы забілі не толькі майго небараку шафёра, але і мяне, я адчуваю, што ўсё зараз скончыцца. Чаму вы стралялі па нас?

– Вы надта шпарка ехалі.

– Мы ехалі з нармальнай хуткасцю.

– Што было нармальна ўчора, сёння ўжо ненармальна, гер старшы пракурор. Сёння мы лічым, што любая хуткасць, з якой можа ехаць аўтамабіль, занадта высокая. Цяпер мы паламаем аўтамабілі, усе да аднаго, іншыя машыны таксама.

– І вашыя стрэльбы?

– Дойдзе і да іх, калі ў нас застанецца часу на гэта. Магчыма, заўтра ці паслязаўтра мы ўсе загінем.

Вы ж ведаеце, наша частка свету жахліва перанаселеная. Ну, а цяпер дыхацьмецца лягчэй.

– Вы страляеце па ўсіх без разбору?

– А чаго там разбірацца! Некаторых, вядома, шкада. Напрыклад, гэтай прыгожай маладой паненкі мне было б шкада - яна, відаць, ваша дачка?

– Не, мая стэнаграфістка.

– Тым больш. А цяпер, калі ласка, вылазьце альбо дазвольце нам выцягнуць вас сілком: машына падлягае знішчэнню.

– Я б лепей хацеў быць знішчаным разам з ёю.

– Воля ваша, як вам заўгодна. Дазвольце яшчэ адно пытанне. Вы пракурор. Мне заўсёды было незразумела, як чалавек можа быць пракурорам. Вы жывяце з таго, што вінаваціце і выракаеце на кары іншых людзей, у большасці няшчасных беднякоў. Хіба ж не?

– Так, гэта праўда. Я выконваў свой абавязак. Гэта быў мой абавязак. Гэтак сама, як абавязак ката - забіваць асуджаных мною. А вы самі ўзялі на сябе такі абавязак. Вы ж таксама забіваеце.

– Слушна. Толькі мы забіваем не з абавязку, а дзеля асалоды, дакладней - ад незадаволенасці, таму бо, што мы расчараваліся ў свеце. Забойства дае нам пэўную прыемнасць. А вам ніколі не давала прыемнасці забойства?

– Вы мне абрыдлі. Зрабіце ласку, давядзіце вашу працу да канца. Калі не разумееце, што такое абавязак...

Ён змоўк і перакасіў губы, быццам хацеў плюнуць. Але выйшла толькі крыху крыві, якая асела на яго падбародку.

– Чакайце, - ветліва сказаў Густаў.
– Разумення абавязку ў мяне праўда няма, ужо няма. Раней даводзілася шмат займацца па абавязку, я быў прафесарам тэалогіі. Апроч таго, быў салдатам і ваяваў. У тым, што мне здавалася абавязкам і што мне загадвала начальства, нічога добрага не было, я заўсёды стараўся рабіць наадварот. Але калі ў мяне няма разумення абавязку, дык затое ёсць разуменне віны - а гэта, можа, адно і тое самае. Як што я народжаны маці, я вінаваты, я асуджаны жыць, абавязаны быць падданым нейкай дзяржавы, быць салдатам, забіваць, сплачваць падаткі на гонку ўзбраення. І цяпер вось, у гэтую хвіліну, віна жыцця зноў, як калісьці ў час вайны, прывяла мяне да патрэбы забіваць. Але гэтым разам я забіваю без агіды, я змірыўся са сваёй віной, я нічога не маю супроць таго, каб гэты дурны, замкнёны свет рухнуў, я рады пасобіць гэтаму і з радасцю загіну сам.

Пракурор з вялікай намогай усміхнуўся зліплымі ад крыві губамі. Удалося яму гэта не тое каб добра, але намер быў відзён.

– Выдатна, - сказаў ён.
– Мы, выходзіць, калегі. А цяпер выканайце, калі ласка, свой абавязак, калега.

Прыгажуня паспела тым часам самлець ускрай дарогі.

У гэты момант зноў загула машына, якая набліжалася на поўным ходзе. Мы адвалаклі дзяўчыну ўбок, прыціснуліся да скал і далі новай машыне ўрэзацца ў абломкі старой. Яна рэзка спынілася і стала дыба, нічога сабе не прычыніўшы. Мы дружна схапілі вінтоўкі і ўзялі на прыцэл прыбыльцаў.

– Вылазьце!
– скамандаваў Густаў.
– Рукі ўгору!

Трох мужчын вылезлі з машыны і паслухмяна паднялі рукі.

– Ці ёсць сярод вас урач?
– спытаўся Густаў.

Тыя адказалі адмоўна.

– Тады, зрабіце ласку, асцярожненька здыміце з сядзення

гэтага зашчэмленага герыка, ён цяжка паранены. А пасля давязіце яго на сваёй машыне да наступнага горада. Ну, узялі!

Старога паклалі ў другую машыну. Густаў скамандаваў, і ўсе паехалі.

Наша стэнаграфістка тым часам паспела ачухацца і сачыла за тым, што адбываецца. Мне было прыемна, што нам дастаўся такі сімпатычны трафей.

– Паненка, - сказаў Густаў, - вы страцілі работадаўцу. Трэба спадзявацца, што больш ні ў чым гэты пажылы гер не быў вам блізкі. Я прымаю вас на службу, будзьце нам добрай каляжанкай! Так, а цяпер трэба спяшацца. Неўзабаве тут будзе няўтульна. Вы ўмееце караскацца, паненка? Умееце? Ну, дык давайце ж, лезьце паміж намі, мы пасобім.

Стараючыся не траціць ні секунды, мы трое залезлі па дрэве ў нашу будку. Наверсе паненцы зрабілася млосна, але ёй далі каўтнуць каньяку, і ўсё абышлося, яна настолькі аправілася, што ацаніла шыкоўны выгляд на горы і возера і паведаміла нам, што яе завуць Дора.

Адразу пасля ўнізе зноў паказалася машына, якая не спыняючыся, асцярожна аб'ехала аўтамабіль, а потым рэзка дала хуткасці.

– Увільваеце!
– засмяяўся Густаў і зваліў куляй шафёра. Машына, паскакаўшы, тузанулася да парапета, праламала яго і коса навісла над прорвай.

– Дорачка, - сказаў я, - вы ўмееце абыходзіцца з вінтоўкамі?

Яна не ўмела, але навучылася ад нас зараджаць карабін. Спярша ёй не хапала спрыту, яна да крыві абадрала палец, заныла і запатрабавала англійскага пластыру. Але Густаў расталкаваў ёй, што ідзе вайна і яна, Дора, павінна паказаць, якая яна адважная патрыётка. І ўсё пайшло на добры лад.

– Але што будзе з намі?
– спыталася потым.

– Не ведаю, - сказаў Густаў.
– Мой сябар Гары ласы на прыгожых жанчын; ён пасябруецца з вамі.

– Але ж яны вернуцца з паліцыяй і салдатамі і пазабіваюць нас.

– Паліцыі і ўсяго такога іншага больш няма. У нас ёсць выбар, Дора. Альбо спакойненька чакай тут угары і расстрэльвай усе машыны, што праязджацьмуць міма, альбо сядай у якую-небудзь-каторую, шуруй адсюль, і хай цябе расстрэльваюць іншыя. Няважна, на чый бок мы станем. Я за тое, каб заставацца.

Унізе зноў паявілася машына, да нас даляцеў яе зычны сігнал. Ёй мы таксама спраўненька далі рады, і яна засталася ляжаць дагары нагамі, пардон - коламі.

– Чысты смех, - сказаў я, - што ад стральбы можа быць столькі кайфу! А раней жа я быў зацяты праціўнік войнаў!

Густаў усміхнуўся.

– То ж бо тое й яно, надта шмат людзей распладзілася на свеце. Раней гэта не так вочы парола, а цяпер толькі вокам кінь - і кожны хоча дыхаць чыстым паветрам, і кожнаму дай аўтамабіль, а ўсім жа не дагодзіш. Ясна, тое, што мы цяпер робім, - неразумна, гэта шалапайства, ды і вайна была вялікім шалапайствам. З часам чалавецтва хоч-не-хоч навучыцца абмяжоўваць сваё размнажэнне разумнымі спосабамі. Пакуль мы рэагуем на невыносны стан даволі неразумна, але робім, па сутнасці, тое, што трэба, - рэгулюем колькасць.

– Так, - сказаў я, - тое, што мы робім, мабыць, неразумна, і ўсё ж, бадай, гэта добра і патрэбна. Нядобра, калі чалавецтва перанатужвае свае глузды і спрабуе з іх дапамогай упарадкаваць рэчы, якія ніякім глуздам недаступныя. Тады ўзнікаюць розныя ідэалы... яны вельмі разумныя, і ўсё ж страшэнна гвалцяць і абіраюць жыццё, бо надта ж такі спрашчаюць яго. Вобраз чалавека, колісь высокі ідэал, пагражае ператварыцца ў стэрэатып. Мы, вар'яты, магчыма, зноў увысакароднім яго.

Густаў засмяяўся і адказаў:

Поделиться с друзьями: