Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Стэпавы воўк

Гессе Герман

Шрифт:

Смеючыся і пацешна пагладжваючы, ён павярнуў мяне так, што я апынуўся перад вялікім насценным люстрам. І ўбачыў самога сябе.

Нейкае імгненне я бачыў знаёмага мне Гары, толькі з незвычайна вясёлым, светлым, усмешлівым тварам. Але не паспеў я пазнаць яго, як ён распаўся, ад яго аддзялілася другая постаць, трэцяя, дзесятая, дваццатая, і ўсё велізарнае люстра запоўнілася суцэльным Гары альбо кавалкамі Гары, незлічонымі Гары, кожнага з якіх я ведаў і пазнаваў толькі за нейкія імгненныя долі секунды. Некаторыя з гэтага мноства Гары былі майго ўзросту, іншыя старэйшыя, а тыя былі проста старажытамі, а каторыя зусім маладымі, юнакамі, хлапчукамі, школьнікамі, падлеткамі, дзецьмі. Пяцідзесяцігадовыя і дваццацігадовыя Гары бегалі і скакалі ўперамешку, трыццацігадовыя і пяцігадовыя, сур'ёзныя і вясёлыя, спаважныя і смяшлівыя, добра апранутыя і абадранцы, а то і зусім голыя, безвалосыя і касматыя, і ўсе былі мною, і кожнага я бачыў

адно імгненне і імгненна ж пазнаваў, і кожны знікаў, яны разбягаліся ва ўсе бакі, налева, направа, уцякалі ўглыбіню люстра, выбягалі з люстра. Адзін элегантны хлопец, кінуўся са смехам на грудзі Пабла, абняў яго і з ім уцёк. А другі, які асабліва мне спадабаўся, прыгожы, міленькі хлопец шаснаццаці-сямнаццаці гадоў маланкай вылецеў на калідор, пачаў чытаць надпісы на ўсіх дзвярах, я пабег за ім, перад аднымі дзвярмі ён спыніўся, я прачытаў надпіс:

Усе дзяўчаты твае!
Апусці адну марку

Гэты мілы хлопчык падскокнуў, узвіўся галавой наперад, кінуўся ў шчыліну і знік за дзвярыма.

Пабла таксама знік, ды і само люстра нібыта знікла, а з ім і ўсе гэтыя безлічныя вобразы Гары. Я адчуў, што цяпер сам з сабою і з тэатрам і пачаў з цікаўнасцю хадзіць ад дзвярэй да дзвярэй і чытаць на кожных надпісы, - пакуса, абяцанне.

Надпіс:

Запрашаем на вясёлае паляванне!
Вялікая дзічына - аўтамабілі -

павабіў мяне, я адчыніў вузкія дзверы і ўвайшоў.

Мяне адразу турнула ў нейкі шумны і ўсхваляваны свет. Па вуліцах снавалі аўтамабілі, часткова браніраваныя, і палявалі на пешаходаў, душылі коламі, плюшчылі аб сцены дамоў. Я адразу скеміў: гэта была вайна паміж людзьмі і машынамі, якая даўно рыхтавалася, даўно чакалася, даўно палохала і нарэшце грымнула. Усюды валяліся трупы і кавалкі разадраных цел, паўсюль разбітыя, скарэжаныя, паўзгарэлыя аўтамабілі, над гэтым хаосам круціліся і шнуравалі самалёты, па іх таксама лупілі з дахаў і з вокнаў з вінтовак і кулямётаў. Дзікія, цудоўна-палымяныя плакаты на ўсіх сценах велізарнымі, вогненнымі, як факелы, літарамі заклікалі нацыю выступіць нарэшце на баку людзей супроць машын, перабіць нарэшце тлустых, добра апранутых, укормленых багацеяў, якія з дапамогаю машын выціскаюць тлушч з іншых, а заадно і іх вялікія аўтамабілі, якія кашляюць, злосна рыкаюць, па-сатанінску гудуць, папаліць нарэшце фабрыкі і крыху ачысціць, крыху спустошыць сплюгаўленую зямлю, каб зноў расла трава, каб запылены цэментны свет зноў ператварыўся ў лясы, лугі, палі, ручаі і балоты. Затое іншыя плакаты, выдатна зробленыя, цудоўна стылізаваныя, вытрыманыя ў больш пяшчотнай, не такой дзіцячай колеравай гаме, складзеныя незвычайна разумна і таленавіта, наадварот - усхвалявана перасцерагалі ўсіх маёмасных і добранамераных ад пагрозы хаосу, анархіі, малюючы проста-такі кранальнае шчасце парадку, працы, уласнасці, культуры, права і славілі машыны як найвышэйшае і апошняе дасягненне людзей, дзякуючы якому яны могуць ператварыцца ў багоў. Задуменна і з захапленнем чытаў я гэтыя плакаты, чырвоныя і зялёныя, дзівоснае ўздзеянне рабілі на мяне іх палымянае красамоўства, іх жалезная логіка, яны мелі рацыю, і, глыбока перакананы прачытаным стаяў я то перад адным, то перад другім, хоць даволі-такі густая страляніна вакол мне ўсё-такі моцна назаляла. Што ж, галоўнае было ясна: гэта была вайна, гарачая, шыкарная і ў найвышэйшай ступені сімпатычная вайна, дзе ішлося не пра імператара, не пра рэспубліку, межы, не пра сцягі, партыі і да таго падобныя дэкаратыўныя і тэатральныя рэчы, па сутнасці дробязі, а дзе кожны, каму не хапала паветра і прыелася жыццё, выказваў сваю незадаволенасць і дамагаўся ўсеагульнага разбурэння металічнага цывілізаванага свету. Я бачыў, як звонка і як шчыра і адкрыта смяецца ў вачах ва ўсіх жарасная асалода забойства і разбурэння, і ўва мне самім пышна распусціліся дзікія кветкі і зарагаталі зусім не цішэй. Я радасна ўтачыўся ў барацьбу.

Але самае цудоўнае было тое, што побач са мною раптам апынуўся мой школьны таварыш Густаў, пра якога я ўжо дзесяткі гадоў нічога не чуў, калісьці самы неакілзаны, самы дужы і жыццелюбны з сяброў майго ранняга дзяцінства. У мяне душа заспявала, калі я ўбачыў, як мне зноў падміргнулі яго блакітныя вочы. Ён даў мне знак, і я тут жа з радасцю пайшоў за ім.

– Божа мой, Густаў, - шчасліва ўсклікнуў я, - вось гэта сустрэча! Кім жа ты цяпер?

Ён засмяяўся сярдзіта, як усё роўна ў хлапечыя часы.

– Дурань, няўжо трэба адразу лезці з пытаннямі і балбатнёй? Прафесарам тэалогіі - вось кім я зрабіўся, ну вось, цяпер ты гэта ведаеш, але, стары, мне ўжо не да тэалогіі, на шчасце цяпер вайна. Гайда! Хадзем!

З маленькай машыны, якая, порскаючы, ляцела нам насустрач, ён трапным стрэлам зняў шафёра, спрытна, як малпа, ускочыў у машыну, спыніў яе і пасадзіў мяне, потым, з шалёнай хуткасцю, праз кулі

і перавернутыя машыны, мы памчаліся прэч, далей ад цэнтра горада.

– Ты на баку фабрыкантаў?
– спытаўся я ў сябра.

– Няважна, гэта справа густу, выедзем за горад - разбярэмся. Зрэшты, не, пачакай, я хутчэй за тое, каб мы выбралі другую партыю, хоць, па сутнасці, гэта, вядома, усё адно. Я тэолаг, і мой продак Лютэр дапамагаў у свой час князям і багатым у цяжбіне з сялянамі, а мы цяпер гэта крыху паправім. Дрэнь машына, але будзем спадзявацца, яе хопіць яшчэ на некалькі кіламетраў!

Як ветрык, мы з тарахценнем вырваліся з горада ў спакойныя зялёныя мясціны, праехалі шмат міляў па шырокай раўніне, а пасля павольна падняліся і заглыбіліся ў магутныя горы. Тут мы спыніліся на гладкай, коўзкай дарозе, якая смела змяілася паміж стромай скалой і нізкім парапетам, ішла высока ўгору над возера, што сінела ўдалечыні.

– Сімпатычная мясціна, - сказаў я.

– Вельмі прыгожая. Мы можам назваць яе Асявой дарогай, тут зломіцца не адна вось, Гарычак мой, сам пабачыш!

Каля дарогі стаяла вялікая пінія, а на пініі, наверсе, мы ўбачылі нешта накшталт дашчанай будкі, такую назіральную вышку. Густаў звонка засмяяўся, хітра падміргнуў мне блакітнымі вачыма, мы спешна выйшлі з машыны, ускараскаліся па камлі і, яшчэ не адсопшыся, схаваліся ў будцы, якая нам дужа спадабалася. Мы знайшлі там вінтоўкі, пісталеты, скрынкі з патронамі. І не паспелі крыху астыць і як след засесці дарогу, як з бліжэйшага павароту ўжо пачуўся хрыплы і загадны гудок вялікай раскошнай машыны, яна з рыкам ехала па гладкай дарозе на высокай хуткасці. Вінтоўкі мы ўжо зладзілі. Гэта было на дзіва цікава.

– Цэлься ў шафёра!
– загадаў Густаў, калі цяжкая машына імчалася якраз міма нас.

І вось ужо я прыцэліўся і стрэліў - у сінюю шапку шафёра. Ён паваліўся, машына прамчалася далей, урэзалася ў скалу, адскочыла назад, цяжка і злосна, як вялікі тоўсты чмель, чмякнулася аб нізкую сценку, перавярнулася і з ціхім кароткім трэскам пераваліўшыся цераз яе, рухнула ў прорву.

– Гатовенькая!
– засмяяўся Густаў.
– Наступнага бяру на сябе.

Вось ужо зноў ляцела машына сюды, на сядзеннях відны былі тры ці тое чатыры постаці пасажыраў, за адной жаночай галоўкай нерухома і гарызантальна плыў канец шаля, блакітнага шаля, яго мне, шчыра кажучы, было шкада, хто ведае, ці не смяяўся пад ім прыгожы жаночы тварык. Госпадзе, калі ўжо мы гуляем у разбойнікаў, дык было б, мабыць, правільней і прыгажэй трымацца вялікіх прыкладаў і не пашыраць нашай дзівоснай крыважэрнасці на прыгожых дам. Шафёр тузануўся, паваліўся, машына пацалавала стромую скалу, адскокнула і бразнулася коламі ўгору на дарогу. Мы пачакалі, нічога не варухнулася, людзі нема ляжалі пад машынай, як у пастцы. Машына яшчэ вурчала, хрыпела і пацешна круціла коламі ў паветры, але раптам яна страшна трэснула і ўспыхнула яркім полымем.

– «Форд», - сказаў Густаў.
– Трэба спусціцца ўніз і аслабаніць дарогу.

Мы спусціліся і агледзелі ахопленую полымем груду. Яна дагарэла вельмі хутка, мы тым часам зрабілі рычагі з маладых дрэўцаў, пасля падважылі яе, адштурхнулі і сапхнулі цераз парапет з абрыву, пасля чаго ў кустах яшчэ доўга-доўга нешта трашчала. Калі мы пераварочвалі машыну, два трупы выпалі, цяпер яны ляжалі на дарозе, вопратка абгарэла. На адным даволі добра ацалеў пінжак, я абследаваў яго кішэні, спадзеючыся даведацца, хто гэта быў. Знайшоў кашалёк, у ім візітоўкі. Я ўзяў адну з іх і прачытаў на ёй словы «Тат твам асі» [2] .

2

Гэта ты (санскр.).

– Вельмі дасціпна, - сказаў Густаў.
– Але ж і насамрэч няважна, як завуць людзей, якіх мы цяпер забіваем. Яны такія самыя гаротнікі, як і мы, імёны значэння не маюць. Гэты свет павінен загінуць, і мы з ім разам.

Мы паскідалі трупы да машыны. А тым часам ужо сігналіў, пад'язджаючы, новы аўтамабіль. Яго мы расстралялі проста з дарогі. Ён закруціўся, як п'яны, праляцеў яшчэ крыху наперад, пасля ўпаў і з хрыпам улёгся, адзін пасажыр ціха сядзеў на сваім месцы, але цэлая і здаровая, хоць была бледная і ўся дрыжала, з машыны выйшла відная з сябе дзяўчына. Мы прывіталі яе і прылашчыліся на паслугі. Яна была вельмі напалоханая, слова сказаць не магла і некалькі хвілін глядзела на нас як дурная.

– Што ж, спярша паглядзім, што тут і як з гэтым пажылым герам, - сказаў Густаў і павярнуўся да пасажыра, які ўсё яшчэ трымаўся ззаду мёртвага шафёра. Гэта быў чалавек з кароткімі сівымі валасамі, ён не заплюшчыў сваіх разумных светла-шэрых вачэй, але, здаецца, моцна пацярпеў, прынамсі, з рота ў яго цякла кроў, а шыю ён трымаў неяк злавесна скасабочана і нерухома.

– Дазвольце прадставіцца, шаноўны, мяне завуць Густаў. Мы дазволілі сабе застрэліць вашага шафёра. Ці можам мы папытацца, з кім маем гонар?

Поделиться с друзьями: