Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Стэпавы воўк

Гессе Герман

Шрифт:

Пасля ён весела правёў рукою па дошцы, асцярожна паваліў фігуры, згроб іх у кучу і задумліва, як пераборлівы мастак, пабудаваў з тых самых фігур зусім новую партыю, з цалкам іншымі групамі, сувязямі і перапляценнямі. Другая партыя была сваячка першай: гэта быў той самы свет, і пабудавана яна была з таго ж самага матэрыялу, але памянялася танальнасць, памяняўся тэмп, перамясціліся акцэнты матываў, сітуацыі набылі іншы выгляд.

І вось так гэты разумны будаўнік будаваў з фігураў, кожная з якіх была часткай мяне самога, адну партыю за адной, усе яны зводдаль былі падобныя, усе яўна належалі да аднаго свету, мелі адно і тое самае паходжанне, але кожная была цалкам новая.

– Гэта і ёсць мастацтва жыць, - павучальна казаў ён.
– Можаце далей на ўсе лады развіваць і ажыўляць, ускладняць і ўзбагачаць гульню свайго жыцця, гэта ў вашых руках і ў вашай волі. Гэтак сама як вар'яцтва ў вышэйшым сэнсе ёсць пачатак усякай мудрасці, так і шызафрэнія ёсць пачатак усякага мастацтва, усякай фантазіі. Нават вучоныя гэта ўжо напалавіну прызналі, пра што можна прачытаць, напрыклад,

у «Чароўным рогу прынца», мілай кніжэнцыі, дзе карпатлівая і руплівая праца вучонага ўвысакародніваецца геніяльным супрацоўніцтвам некалькіх вар'ятаў-мастакоў, пасаджаных у псіхіятрычныя бальніцы. Вазьміце з сабой вашыя фігуркі, гэтая гульня не дасць вам радасці. Фігуру, якая сёння вырасла ў жахлівае страшыдла і псуе вам усю партыю, заўтра вы панізіце ў статусе, і яна зробіцца бяскрыўднай другараднай фігурай. А з мілай, беднай фігуркі, асуджанай, здавалася б, на суцэльныя няўдачы, вы зробіце ў наступнай партыі прынцэсу. Зычу вам добра павесяліцца, спадару мой.

Я нізка і ўдзячна пакланіўся гэтаму таленавітаму актору, сунуў фігуркі ў кішэню і выйшаў праз вузкія дзверы.

А ўвогуле я думаў, што адразу ж сяду ў калідоры на падлогу і буду гадзінамі, цэлую вечнасць, гуляць са сваімі фігурамі, але ледзь толькі я вярнуўся ў гэты светлы круглы калідор, як мяне падхапілі новыя плыні, якія былі мацнейшыя за мяне. Перад вачыма ярка ўспыхнуў плакат:

Цуд дрэсіроўкі стэпавых ваўкоў

Мноства пачуццяў абудзіў ува мне гэты надпіс; усякага роду страхоцці і ліхоты з майго былога жыцця, з пакінутай рэальнасці пакутліва сціснулі мне сэрца. Адчыніўшы дзверы дрыготлівай рукою, я ўвайшоў у нейкі кірмашовы балаган, дзе ўбачыў жалезныя краты, якія і аддзялялі мяне ад жалю вартага памостка. А на памостку стаяў утаймавальнік, пыхлівы, падобны на шарлатана гер, які, дарма што насіў вялікія вусы, магутныя біцэпсы і крыклівы цыркацкі касцюм, нейкім падступным і агідным чынам быў падобны на мяне самога. Гэты дужы чалавек трымаў на павадку, як сабаку, - жалю вартае відовішча!
– вялікага, прыгожага, але страшэнна худога ваўка, у паглядзе якога відна была рабская слухмянасць. І гэтак жа агідна, як і цікава, гэтак жа мярзотліва, як і ўпотай соладка было назіраць, як гэты жорсткі ўтаймавальнік дэманстраваў такога высакароднага і ўсё ж такога ганебна паслухмянага звера ў серыі трукаў і сенсацыйных сцэн.

Свайго ваўка гэты мой кляты карыкатурны блізнюк выдрэсіраваў, нічога тут не скажаш, проста выдатна. Воўк дакладна выконваў кожны загад, рэагаваў, як сабака, на кожную каманду, на кожны ляск біча, падаў на калені, служыў, паміраў, паслухмяна насіў у зубах то яйка, то кавалак мяса, то кошык, больш за тое, падымаў біч, упушчаны з рук утаймавальнікам, і насіў яго за ім у пашчы, падлыжна пры гэтым віляючы хвастом. Да ваўка наблізілі трусіка, а пасля белае ягня, і звер, хоць і шчэрыў зубы, хоць у яго і пацякла сліна ад неспатольнай пацягі, не крануў ні таго, ні другога, а далікатна пераскочыў па загадзе цераз абодвух, якія ад страху мала што не ўціскаліся ў падлогу, больш за тое, улёгся паміж трусікам і ягнём і абняў іх пярэднімі лапамі, утвараючы з імі мілую сямейную кампанію. Пасля ён з'еў з рук чалавека плітку шакаладу. Пакута была глядзець, да якой фантастычнай ступені навучыўся гэты воўк выракацца сваёй прыроды, - у мяне валасы дыбам уставалі.

За гэтую пакуту, аднак, і ўсхваляваны глядач, і сам воўк былі ўзнагароджаныя ў другой частцы прадстаўлення. Па заканчэнні гэтай вытанчанай дрэсіравальнай праграмы, пасля таго як утаймавальнік пераможна, з салодкай усмешкай, схіліўся над воўча-ягнячай кампазіцыяй, ролі памяняліся. Утаймавальнік, падобны на Гары, раптам з нізкім паклонам паклаў свой біч да лап ваўка і пачаў гэтак сама дрыжаць і сцепвацца, прыняў такі самы няшчасны выгляд, як раней звер. А воўк толькі аблізваўся, усякая вымучанасць і несамавітасць прапалі як і не было іх, ягоны пагляд засвяціўся, усё цела падцягнулася і расквітнела ў зноў здабытай дзікасці.

Цяпер загадваў воўк, а чалавек слухаўся. Па загадзе чалавек кленчыў, строіў з сябе ваўка, салопіў язык, рваў на сабе пламбаванымі зубамі вопратку. Хадзіў, у залежнасці ад волі ўтаймавальніка людзей, на сваіх дваіх альбо ракам, служыў, паміраў, вазіў ваўка на сабе вярхом, насіў за ім біч. Вынаходліва і з сабачай гатовасцю аддаваў сябе самым вычварным прыніжэнням. На сцэну выйшла прыгожая дзяўчына, падышла да дрэсіраванага мужчыны, пагладзіла яму падбародак, пацерлася шчакой аб яго шчаку, але ён па-ранейшаму стаяў ракам, заставаўся зверам, матляў галавой і пачаў шчэрыць на прыгажуню іклы, пад канец настолькі грозна, настолькі па-воўчы, што тая аж уцякла. Яму давалі шакалад, але ён грэбліва абнюхваў яго і адпіхваў. А надосталь зноў прынеслі белае ягня і тлустага пярэстага трусіка, і пераемлівы чалавек выканаў апошні свой намер, сыграў ваўка так, што любата была глядзець. Схапіўшы вісклівых жывёл пальцамі і зубамі, ён вырываў з іх шэрсць і мяса, жаваў, выскаляючыся, жывое іх мяса і самазабыўна, ап'янёна, заплюшчыўшы вочы, піў іх цёплую кроў.

Я ў жудасці выбег за дзверы. Гэты магічны тэатр не быў, як я ўбачыў, чыстым раем, за яго прыгожай паверхняй тоіліся ўсе мукі пекла. О Госпадзе, няўжо і тут не было збавення?

У страху бегаў я туды-сюды, адчуваў у роце смак крыві і смак шакаладу, аднолькава агідныя, і, страсна імкнучыся ўвільнуць ад гэтай каламутнай хвалі, сіліўся вырваць з самога сябе больш спакойныя, больш прыветлівыя карціны. «О сябры, даволі гэтых гукаў!» - спявала ўва мне, і я з жахам успомніў пра тыя мярзотныя фотаздымкі з фронту, што часам пападаліся на вочы пад час вайны, - беспарадкавыя груды трупаў,

чые твары ператвараліся процівагазамі ў нейкія д'ябальскія патарочы. Які ж яшчэ дурны і наіўны быў я той парою, калі мяне, чалавекалюбнага праціўніка вайны, жахалі такія карцінкі. Сёння я ведаў, што ніводзін утаймавальнік, ніводзін міністр, ніводзін генерал, ніводзін вар'ят не здольны дадумацца ні да якіх карцін, якія не жылі б ува мне самім, такія ж самыя гнюсныя, дзікія і злыя.

З уздыхам палёгкі я ўспомніў надпіс, які выклікаў на пачатку спектакля такі энтузіязм у таго прыгожага юнака, надпіс:

Усе дзяўчаты твае -

і мне здалося, што ўвогуле нічога іншага не варта і жадаць. Радуючыся, што зноў уцяку з праклятага воўчага свету, я ўвайшоў у дзверы.

О, дзіва, - гэта было так незвычайна і разам з тым так знаёма, - на мяне тут павеяла маёй маладосцю, атмасферай дзяцінства і падлеткавасці, і ў маім сэрцы пацякла кроў тых часоў. Усё, што я яшчэ толькі рабіў і думаў, усё, чым і кім я толькі што быў, звалілася з мяне, і я зноў памаладзеў. Яшчэ гадзіну, яшчэ хвіліну таму назад я лічыў, што даволі добра ведаю, што такое каханне, жаданне, паваба, але гэта былі любоў і паваба старога чалавека. Цяпер я зноў быў малады, і тое, што я ў сабе адчуваў, гэты гарачы, цякучы агонь, гэтая неадольная панада, гэтая свабодная, як вільготны сакавіцкі вецер, палкасць, быць маладым, новым і сапраўдным. О, як загарэліся забытыя агні, як магутна і глуха загучала музыка былога, як зайграла ў крыві, як закрычала і заспявала ў душы! Я быў хлапчуком пятнаццаці-шаснаццаці гадоў, мая галава была набітая лацінай, грэцкай і вершамі цудоўных паэтаў, мае думкі поўныя славалюбных памкненняў, мае фантазіі напоўнены марай пра мастацтва, але нашмат глыбей, мацней і страшней, чым усе гэтыя агні, гарэлі і ўспыхвалі ўва мне агонь любові, голад полу, знемагальнае прадчуванне асалоды.

Я стаяў на скалістым пагорку над маім родным гарадком, пахла вільготным ветрам і першымі фіялкамі, унізе, у гарадку, блішчала рака і вокны майго бацькоўскага дома, і ва ўсім гэтым відовішчы, ва ўсіх гэтых гуках і пахах была тая бурная паўната, навізна і першароднасць, тая зіхатлівая каляровасць, усё гэта дыхала на вясновым ветры той незямной прасветленасцю, што бачыліся мне ў свеце калісьці, у самыя багатыя, паэтычныя часіны маёй першай маладосці. Я стаяў на пагорку, вецер варушыў мае доўгія валасы; заглыблены ў мройную любоўную тугу я рассеяна сарваў з нейкага ўжо крыху зазелянелага куста маладую, покнутую пупышку, паднёс яе да вачэй, панюхаў (і ўжо ад гэтага паху мяне апалілі ўспаміны пра ўсё, што было тады), узяў у губы, якія яшчэ не цалавалі ніводнай дзяўчыны, гэты зялёны камячок і пачаў жаваць яго. І варта было мне адчуць яго церпкі, духмяна-горкі смак, як я раптам ясна зразумеў, што са мной адбываецца, усё зноў вярнулася. Я нанава перажываў адну гадзіну з маёй позняй хлапецкасці, адзін нядзельны дзень ранняй вясны, той дзень, калі я, гуляючы ў адзіноце, сустрэў Розу Крайслер і так нясмела павітаўся з ёю, так ачмурэла закахаўся ў яе.

Тады я з баязлівым чаканнем глядзеў на гэтую прыгожую дзяўчыну, якая, яшчэ не заўважаючы мяне, адзінока і замроена падымалася ў мой бок, бачыў яе валасы, заплеценыя ў тоўстыя косы і ўсё ж растрапаныя каля шчок, дзе плылі па ветры вольныя пасмы. Я ўбачыў першы раз у жыцці, якая здатная гэтая дзяўчына, якая прыгожая і пазорная гэта гульня ветру ў мяккіх яе валасах, як далікатна аблягае тонкая сіняя сукенка яе юнае цела, і дакладна гэтак, як ад горка-церпкага смаку разжаванай пупышкі мяне праняла ўся соладка-жудасная, уся злавесная радасць вясны, так пры гэтай дзяўчыне мяне ахапіла, ва ўсёй яго паўнаце, смяротнае прадчуванне любові, уяўленне пра жанчыну, дзівоснае прадчуванне велізарных магчымасцяў і абяцанняў, невыказных радасцяў, непамысных узрушэнняў, страхаў, пакутаў, найвялікшага вызвалення і найглыбейшай віны. О, як гарэў гэты горкі вясновы смак на маім языку! О, як плыў гуллівы вецер праз валасы, што распушыліся каля яе шчок! Потым яна наблізілася да мяне, падвяла вочы і пазнала мяне, на імгненне крыху пачырванела і адвяла позірк; потым я павітаўся з ёю, зняўшы канфірмандскі капялюш, і Роза адразу авалодала сабою, усміхнулася і, крышку па-дамску задраўшы галаву, адказала на маё вітанне і павольна, цвёрда і напыжана пайшла далей, авеяная тысячамі любоўных жаданняў, патрабаванняў, захапленняў, якія я пасылаў ёй услед.

Так было калісьці, у адну нядзелю трыццаць пяць гадоў таму назад, і ўсё тагачаснае вярнулася ў гэтую хвіліну - і пагорак, і горад, і сакавіцкі вецер, і пах пупышкі, і Роза, і яе каштанавыя валасы, і гэтая пацяга, і гэты салодкі шчымлівы страх. Усё было як тады, і мне здалося, што я больш ніколі ў жыцці так не кахаў, як кахаў тады Розу. Але гэтым разам мне было дадзена сустрэць яе інакш, чым таго разу. Я бачыў, як яна пачырванела, і адразу зразумеў, што падабаюся ёй, што для яе гэтая сустрэча мае такое самае значэнне, як для мяне. І не, каб зноў зняць капялюш і спакойна пастаяць з капелюшом у руцэ, пакуль яна не пройдзе міма, я гэтым разам, нягледзячы на страх і збянтэжанасць, зрабіў тое, што загадала мне зрабіць мая кроў, і ўсклікнуў: «Роза! Дзякуй Богу, што ты прыйшла, цудоўная, цудоўная дзяўчынка. Я так цябе кахаю!» Гэта было, мабыць, не самае дасціпнае, што можна было сказаць, але тут зусім не патрабавалася розуму, гэтага было дастаткова. Роза не астанілася па-дамску і не прайшла міма, Роза спынілася, паглядзела на мяне, пачырванела яшчэ больш і сказала: «Дзень добры, Гары, я табе сапраўды падабаюся?» Яе карыя вочы, яе крамяны твар ззялі, і я адчуваў: усё маё былое жыццё і каханне былі няправільныя, недарэчныя і па-ідыёцку няшчасныя з таго часу, як я ў тую нядзелю даў Розе сысці. Але цяпер памылка была выпраўлена, і ўсё змянілася, усё сталася добра.

Поделиться с друзьями: