Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тарэадоры з Васюкоўкi (на белорусском языке)
Шрифт:

Узрываецца, ляцiць у паветра хацiна Фарадзеевiча...

I тут - шасэ. На крутым павароце iмчаць на матацыклах Кныш i Бурмiла. Бурмiла мокры, у масцы ад акваланга, з трубкай у зубах. А за iмi на матаролерах - мы з Явам. Раз-пораз Кныш аглядваецца i страляе ў нас з нагана. Свiшчуць кулi, шалёна равуць маторы... На нашых мужных тварах рашучасць i адвага.

Потым - хоп!
– матаролеры выслiзгваюць з-пад нас, iмчаць па шасэ i знiкаюць... I вось мы ўжо на трыбуне ў акружэннi генералаў, вядомых людзей, амаль што членаў урада. На нашых грудзях паблiскваюць новенькiя медалi "За адвагу". Унiзе - мора людзей.

Яны трымаюць нашы партрэты i транспаранты з надпiсамi: "Слава героям!", "Няхай жывуць Ява i Паўлуша!", "Назавём кiеўскае метро iмёнамi герояў!", "Назавём Паштовую плошчу плошчай iмя Явы i Паўлушы!". Аркестр iграе туш... I раптам ззаду нехта мяне балюча-балюча - шчып! "Ты што?" Гэта я так захапiўся, што забыў усё на свеце, пачаў мармытаць туш "Мра-ма-рам-та-ра-ра-рай-ра-рам!" - i не заўважыў, як з хаты Фарадзеевiча выйшаў Кныш.

I як павольна пад'ехаў грузавiк, так хутка ён ад'ехаў. Мы пераглянулiся i нейкi час маўчалi.

Потым Ява гучна хукае i кажа:

– Пайшлi! Мы не можам гэтага дапусцiць!

Я таксама хукаю, але цiшэй, i кажу:

– Рызыка! Можа й сарвацца!

– Можа!
– гаворыць Ява i зноў хукае. Я ўяўляю сабе пахаванне, заплаканых аднавяскоўцаў, нашы партрэты ў чорных жалобных рамках - i ў носе шчыпле, як ад цыбулi.

– Але не можам жа мы дапусцiць...
– кажа Ява.
– Гiсторыя нам не даруе.

Мне хочацца сказаць, што гiсторыi мы з Явам да лямпачкi, у яе больш сур'ёзныя справы, але я не асмельваюся: дужа сур'ёзны твар у Явы.

– Ну, дык на ўсякi выпадак - бывай!
– уздыхаю я.

– Бывай!
– уздыхае Ява, i мы стрымана, па-вайсковаму абдымаемся. Мне ў носе шчыпле яшчэ болей.

Хаця дзверы адчынены i можна спакойна зайсцi, мы лезем у акно - дзе вы бачылi, каб героi на небяспечную аперацыю хадзiлi праз дзверы!

Таямнiчая доўгая скрынка стаiць на стале.

Ява бярэ яе.

Адчыняе...

У скрынцы... сiнi тэрмас, з вечка якога тырчыць шкляная трубачка, абкручаная марляй.

Ява, адставiўшы ўбок руку i адвярнуўшыся ад тэрмаса, цiха-цiха адкрывае вечка. Яшчэ трошкi, яшчэ...

– Асцярожна... Асцярожна... Асцяр...
– замiраю я, адступаючы.

Ба-ббах-х!

Я гопаюся на падлогу i заплюшчваю вочы. Усё! Нас разарвала...

Але тады чаму я чую, што нешта дзюрчыць i булькае. Няўжо гэта на тым свеце дзюрчыць i булькае?

Я расплюшчваю адно вока, потым другое.

Я сяджу на падлозе ў мокрай лужыне. Насупраць мяне сядзiць скрыўлены, з заплюшчанымi вачамi Ява. У яго ў руках сiнi тэрмас, з якога нешта льецца.

Каля мяне валяюцца чарапкi ад гладыша.

Ясна, адступаючы, я незнарок, выпадкова скiнуў з прыпечка глечык. Вось табе й "ба-бах!"

– Ява!
– гукаю я.
– Адбой?

Ява ўмомант расплюшчвае вочы i падхоплiваецца.

– Глядзi, тэрмас!

Але ўжо позна - амаль што палавiна вылiлася. Дрыготкiмi рукамi Ява закручвае вечка тэрмаса i ставiць яго на стол. А потым...

Вы бачылi калi-небудзь у кiно паскораную здымку, калi людзi рухаюцца з шалёнай, невераемнай хуткасцю?

Дык вось, калi б нас з Явам хтосьцi захацеў зняць у кiно з такой мэтай, дык нiякая б паскораная здымка не спатрэбiлася б.

Мы, як мурашкi, мiтусiлiся на карачках па падлозе, лiхаманкава збiраючы чарапкi i

выцiраючы лужыны сваiмi штанамi i сарочкамi. Пры гэтым мы раз-пораз стукалiся лбамi i iншымi, меней паважанымi часткамi цела...Праз хвiлiну ўсё было чыста-чысцюсенька. I, куляй вылецеўшы з хаты Фарадзеевiча (на гэты раз праз дзверы), мы штосiлы паджгалi па вулiцы.

РАЗДЗЕЛ VI

Выяўляецца, гэта глабулус! Касмiчныя мары Фарадзеевiча. "Жыццё заблытаная i складаная рэч!"

– "Атамная бомба"! "На транзiстарах"! Барахольшчык!
– пхыкаю я.

– Маўчы! "Давай злезем"! "Ногi размяць"! Герой!
– пхыкае Ява.

Нам дрэнна. На душы, як кажуць, каты шкрабаюць. Гэта ж трэба так даць маху з гэтай "бомбай". Ды яшчэ й разлiць тое з тэрмаса. Думка пра шкоду не давала нам спакою.

Фарадзеевiч прыехаў надвячоркам, i ў той дзень мы так нiчога i не даведалiся. Не, усё ж такi даведалiся. Што Фарадзеевiч дзякаваў Кныша за вялiкую "паслугу". Выяўляецца, "спецзаданне" даваў ён i Кныш па яго просьбе прывёз з аэрадрома таямнiчы сiнi тэрмас.

На наступны дзень з самай ранiцы мы пабеглi да хаты Фарадзеевiча. Там ужо было шмат юннатаў-старшакласнiкаў, з якiмi Фарадзеевiч сябраваў.

Мы прыбеглi ўчасна - Фарадзеевiч якраз выйшаў на ганак з сiнiм тэрмасам у руках. Яго адразу абступiлi юннаты.

– Антон Фадзеевiч, ну, скажыце! Антон Фадзеевiч, ну, калi ласка! Антон Фадзеевiч, ну, хоць намякнiце!
– вымольвалi нецярплiвыя дзяўчаты.

– Пацярпiце, таварышы-грамадзяне, пацярпiце! Пра ўсё на месцы дазнаецеся. На Высокiм востраве.

I Фарадзеевiч, акружаны юннатамi, выйшаў на вулiцу.

Мы, вядома, таксама прысталi да грамады.

Але тут двухметровы здаравiла дзевяцiкласнiк Грышка Бардадзiм спатыкнуўся аб нас i загудзеў, як з бочкi:

– Ану, кыш! Круцяцца пад нагамi. Не вашага розуму справа! Кыш!

I мазнуў сваiмi граблямi мяне i Яву па патылiцы.

У-у, бегемот! Ну пачакай, мы вырасцем, мы табе дадзiм!

I чаго яны так насы дзяруць, гэтыя старшакласнiкi? Падумаеш, мудрацы! Таксама двойкi атрымлiваюць!

А на Высокi востраў мы й самi дарогу знойдзем.

Мы прыплылi туды раней за iх. Недарэмна Ява быў унукам дзеда Варавы, а я Явiным сябрам. Мы зналi ў плаўнях такiя вузенькiя пратокi сярод чаратоў, якiя рэдка хто ў вёсцы ведаў.

Высокi востраў - самы большы ў плаўнях. Высокiм ён называўся таму, што ў яго высокiя крутыя берагi. Пасярод вострава ёсць нават невялiчкае азярцо, напалову зацягнутае раскай i белымi лiлеямi. Уласна, гэта не возера, а затока, аддзеленая ад плёса невялiчкай грэбляй. Напрадвеснi, калi была вялiкая паводка, Фарадзеевiч для нечага загацiў пратоку, i цяпер узровень вады ў тым азярцы быў вышэйшы за ўзровень вады ў плаўнях.

Мы схавалi свой човен у чаратах, а самi прыселi ў кустах непадалёк ад азярца - не хацелася заводзiць сварку з тым Бардадзiмам, пакуль мы яшчэ не выраслi.

На тым беразе азярца стаяла пабудова Бурмiлы - гэта была яго паляўнiчая база, альбо, як ён казаў, "прэзiдэнцыя". Самога Бурмiлы не вiдаць - або рыбу ловiць, або спiць пасля чаркi, або... Ды мы пра гэта ўжо не думаем (пасля "атамнай бомбы на транзiстарах" неяк не думалася). Ужо чуваць пiсклявыя галасы дзяўчат i ненатуральны (няйначай у яго ў роце галушка) Бардадзiмаў бас.

Поделиться с друзьями: