Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тарэадоры з Васюкоўкi (на белорусском языке)
Шрифт:

Трое чоўнаў прыстала да вострава. Фарадзеевiч з тэрмасам у руках падыходзiць да азярца. Юннаты абступаюць яго.

Фарадзеевiч урачыста падымае тэрмас i пачынае (голас яго дрыжыць i перарываецца ад хвалявання - ён заўсёды хвалюецца, калi расказвае пра якое-небудзь адкрыццё):

– Дык вось... дарагiя таварышы-грамадзяне, вось... тут... унутры... прыляцела да нас... знаеце адкуль... З Сахалiна. Так-так... сотнi i сотнi, як бачыце, кiламетраў. А наперадзе яшчэ мiльёны цi нават мiльярды мiльярдаў кiламетраў... Ведаеце, што тут? Тут... тут... таварышы-грамадзяне... будучая ежа касманаўтаў... зоркавых нябесных жыхароў будучых... Вось яно што! Вы, напэўна, чулi

пра цудадзейную водарасць - хларэлу... Га? Дык вось... у гэтым тэрмасе - новы вiд гэтай водарасцi. Глабулус! Магчыма, яшчэ лепшы за хларэлу... Мой сахалiнскi сябар вывеў у лабараторыi... I прыслаў, каб мы... тое самае... прадоўжылi працу. Вырасцiлi глабулус у прыродных умовах. Праверылi, як ён аклiматызуецца i будзе расцi. Разумееце, якая адказнасць! Магчыма, уявiце сабе, касманаўты калi-небудзь будуць частаваць нашым глабулусам марсiян цi iншых якiх гаўрыкаў.

Мы з Явам слухалi не дыхаючы.

– Чуеш, ежа астраномаў, а мы...
– шапчу я перасмяглымi вуснамi.

– Касманаўтаў! Астраномы - тыя, што ў трубу залазяць. Тыя сала i варэнiкi ядзяць, як i мы з табою.

– Ведаю!.. Гэта я так... Якi разумны!
– шапчу я. I ўяўляю сабе:

...Агромнiстая ракета на старце... Касманаўты, якiя заходзяць у ракету, людзi каля падножжа ракеты. Яны адразу расступаюцца, прапускаючы аўтавазок, на якiм штабелi кардонных скрынак. На кардонках вялiкiмi лiтарамi напiсана: "Глабулус", "Прывiтанне з Васюкоўкi", "Глабулус "Васюкоўскi"...

А тады - Марс... У празрыстым шлеме, у скафандры стаiць касманаўт на фоне фантастычнага марсiянскага пейзажу, акружаны марсiянамi, i частуе iх глабулусам, выцiскаючы яго з цюбiка, як зубную пасту. Марсiяне каштуюць, цмокаюць ад задавальнення i паказваюць вялiкi палец - во!

Толькi - чым жа будуць частаваць, што ж будуць есцi бедныя касманаўты, калi мы з Явам, як на тое лiха, перавярнулi гэты тэрмас?

– Глабулус - аднаклетачная мiкраскапiчная водарасць, - захоплена гаворыць Фарадзеевiч, - i няўзброеным вокам вы яго, вядома, не пабачыце...

"Ой, здаецца, i ўзброеным таксама..." - трымцiць маё сэрца.

– Сягоння мы яго, так сказаць, пасеем, потым пачнём падкормлiваць... Ён пачне хутка размнажацца, i тады вы пабачыце...

"Пабачыце-пабачыце... калi будзе што сеяць... Ой, бяда, навошта мы палезлi, навошта чапалi гэты тэрмас?"

Зараз Фарадзеевiч адкруцiць вечка i... I будзе жахлiвы "пшык", як гаворыць дзед Салiвон. Тая драбiна Бардадзiм першы захiхiкае - я яго ведаю.

I каго, каго мы падводзiм! Чалавека, перад якiм мы ("гангстэры!") нямеем ад захаплення i робiмся паслухмянымi, як авечкi, чалавека, якi, калi запытаць: "Каго ты болей за ўсiх любiш?", стаiць у нас на трэцiм прызавым месцы (пасля мамы i таты), а часам выходзiць на другое i нават першае (калi тата: "Ану, скiдай штаны, гультаiна!", а мама: "Вось пачакай-пачакай, я табе вушы паабдзiраю!"). Праўда, наша любоў была платанiчнай, схаванай ад чужых вачэй; Фарадзеевiч пра яе, магчыма, нават не здагадваўся, бо справу меў найчасцей з тымi бардадзiмскiмi старшакласнiкамi, якiя нас ("Акыш, маляўкi!") на гарматны стрэл да яго не падпускалi. Але тым больш...

Фарадзеевiч адкручвае вечка i ўрачыста гаворыць:

– Увага, таварышы-грамадзяне, вы-лi...

Мы з Явам маланкава пераглянулiся:

– Гой!

– Вой!

Спачатку з кустоў вылецела наша войканне, а за iм - мы.

– Стойце! Не лiце!

Вы памятаеце, у спектаклi "Рэвiзор" Гогаля ёсць у канцы нямая сцэна, калi ўсе застываюць у розных позах з разяўленымi ратамi. Дык вось, зусiм такая ж сцэна паўтарылася i зараз.

На нейкае iмгненне, вядома. Першы апамятаўся Фарадзеевiч.

– Што?
– здзiўлена запытаў ён.

– Мы...
– сказаў Ява i глянуў на мяне.

– Мы...
– сказаў я i глянуў на Бардадзiма.

– Мы...
– паўтарыў Ява i таксама глянуў на Бардадзiма.
– Мы... толькi вам можам... па сакрэту...

Фарадзеевiч усмiхнуўся.

– Па сакрэту дык па сакрэту. Я люблю сакрэты.

Ён адышоўся з намi ўбок i схiлiўся, наставiўшы вуха. I мы, перабiваючы адзiн аднаго, шэптам расказалi ў тое вуха чыста ўсё. У канцы Ява сказаў:

– А цяпер скажыце ўсiм... Няхай нам надаюць... па заходнiм паўшар'i... Мы згодны.

Фарадзеевiч неяк дзiўна скрывiўся i працягнуў:

– Вунь яно што... Добра...

Потым рашуча накiраваўся да юннатаў. Мы, заклаўшы рукi за спiну, як арыштанты, паплялiся за iм.

– Дык вось, таварышы-грамадзяне, - сказаў Фарадзеевiч.
– Гэтыя маладыя людзi (мы апусцiлi галовы) прапануюць спачатку добра ўзмацнiць грэблю, ачысцiць плёс, а тады ўжо...

Мы ўстрапянулiся, не верачы сваiм вушам. Фарадзеевiч нахiлiўся i шапнуў:

– Думаю, таго, што засталося, хопiць...

Потым выпрастаўся i голасна прамовiў:

– Правiльна яны прапануюць, га?

– Правiльна! Правiльна!

– Ачысцiць! Вядома!
– пачулiся галасы.

– Сакрэт, - праз зубы працадзiў Грышка Бардадзiм i ляснуў сваiмi граблямi па патылiцы спачатку мяне, потым Яву.

А мы нават не адчулi. Мы пераглянулiся i засмяялiся.

А калi юннаты палезлi ўмацоўваць грэблю i ачышчаць азярцо ад раскi, мы з такiм азартам узялiся дапамагаць, што вада ажно завiрылася, закiпела навокал. Раз-пораз мы кiдалi на Фарадзеевiча палкiя ад захаплення позiркi. Вось гэта чалавек! Вось чалавек! Калi б ён нам сказаў цяпер: "Пiце, хлопцы, возера!" далiбог, выхлебталi б усё да дна.

Неўзабаве возера было чыстае - нi расачкi. Усе вылезлi на бераг.

Фарадзеевiч нахiляе тэрмас, i тоненькiм струменьчыкам iльецца ў возера празрыстая вадкасць (якая, выяўляецца потым, была "спажыўным асяроддзем" глабулуса). Iльецца i дзюрчыць. Iльецца i дзюрчыць. Гэтае дзюрчанне здалося нам чароўнай музыкай.

– Скажыце, калi ласка, - нясмела пытае Ява, - а якi ён будзе? Калi прыжывецца?

– Якi? Бачыце гэты плёс? Ён будзе смарагдавым, як... Як шоўк. Уяўляеце?

Мы закiвалi галовамi, хоць я, па праўдзе кажучы, не вельмi гэта ўяўляў.

– А якi ён на смак?
– пачуўся за намi голас Бурмiлы (мы яшчэ раней заўважылi яго ўскудлачаную галаву, якая выглядвала з "прэзiдэнцыi", але нам не да яго было).

– Як вам сказаць, - павярнуўся да Бурмiлы Фарадзеевiч.
– Асабiста я не каштаваў. Але думаю, што падобнае на салату...

– На салату... Скажыце! Выходзiць, пад "Сталiчную" ў самы раз. Люблю салацiкi... Дасце хоць пакаштаваць з першага ўраджаю?

I ён хрыпла зарагатаў.

– А чаму ж, калi ласка, - так шчыра i сардэчна адказаў Фарадзеевiч, што Бурмiла адразу знiякавеў.

– Ды не, я жартую... Гэта я так, пасмяяцца. Дзеля жарту.

Мне нават здалося, што ён пачырванеў. Я глянуў на яго i падумаў: "Няўжо гэта шпiён? Жывы шпiён? Цьфу! Нейкi зусiм не падобны. Нi ў якiм кiнафiльме не было шпiёнаў, якiя б чырванелi. Нi ў адной кнiзе дэтэктыўнай..." Але Яву я нiчога не сказаў, не адважыўся.

...У той дзень у вёсцы толькi й гаворкi было, што пра глабулус.

Куды нi ткнешся:

– Чулi? Фарадзеевiч з вучнямi водарасць на Высокiм востраве вырошчвае. Асаблiвую нейкую.

Поделиться с друзьями: