Трывожнае шчасце
Шрифт:
Але словы яго не выходзяць у мяне з галавы, хоць я ужо трэці дзень запісваю падзеі таго вечара. «Шуры-муры…» Агіднае, абразлівае слова. «Уся батарэя гаворыць». Уся — хлусня; мае хлопцы нічога не гавораць, a адносіны ў нас простыя, сяброўскія, i яны, пэўна ж, не пасаромеліся б пакпіць з гэтай прычыны. Але, магчыма, некаму кінулася ў вочы, што Антаніна не прамінае маёй гарматы, калі бывае на батарэі. А я даўно, яшчэ ў тэхнікуме, заўважыў, што людзі не прызнаюць простай дружбы паміж жанчынай i мужчынам, заўсёды схільныя думаць чорт ведае што i пусціць плётку. Мне напляваць, што думае Кідала. Але яго недарэчныя падазрэнні абражаюць Сашу. А гэта мне балюча, я не хачу, каб ён нават успамінаў яе імя.
«Шуры-муры…»
12 кастрычніка
Снег i агонь… Агонь i снег… Агонь на зямлі ад выбухаў бомбаў, бясконцых залпаў гармат. Калі яны на нейкі час сціхаюць, снег усё адно гарыць — свеціцца блакітным водбліскам ад пажараў, што шугаюць у горадзе. A калі i пажараў няма, агонь астаецца ў стомленых запалёных вачах. Неба, дай адпачынак! Але i там агонь. У нязмернай вышыні гулліва калышуцца, плывуць, то ўзнімаюцца, то апускаюцца, пераліваюцца д'ябальскі прыгожыя рознакаляровыя сцягі паўночнага ззяння. У мінулую зіму я любіў гэтае дзівоснае відовішча прыроды, якому няма роўных па прыгажосці. Цяпер не люблю. Мне здаецца, калі я гляджу на гэтыя пералівы святла, то неба смяецца з таго, што робіцца на зямлі. А хутчэй за ўсё не люблю таму, што ззянне — лепшае надвор'е для налётаў. У немцаў новая тактыка. Яны рэдка прылятаюць удзень, але затое лётаюць усю доўгую ноч. Лётаюць па адным, так, што ў небе, недзе там, у яснай бездані, дзе калышацца ззянне, — бясконцы шум матораў, то з аднаго, то з другога боку. Страляем не па самалётах, страляем па шуму. Зрэдку драпежнік трапляе ў праменні пражэктараў, што паласу юць неба; тады пачынаецца агонь прыцэльны. Калі яны вешаюць над залівам i горадам «лампады» — б'ём па ix, каб пагасіць. А так увесь час вядзём загараджальны агонь. Я не веру, што можна «загарадзіць» неба. «Б'ём у белы свет, як у капеечку». Ад гэтага цяжка на душы.
Я думаю, што фашысты знарок выбралі такую тактыку, каб выматаць нашы сілы. Мы валімся з ног.
Фрыд учора крыкнуў:
— О неба, дай адпачынак! — I гэта не ў жарт.
За ноч выпальваем увесь боезапас. Узвод забеспячэння не ўпраўляецца падвозіць снарады. Трактар не ўзбіраецца на абледзянелую rapy, i ў час кароткіх перадышак, калі не чуваць шуму матораў, цягаем чатырохпудовыя скрынкі, а прыборшчыкі робяць гэта амаль усю ноч. Ад скрынак распаўзаюцца кажухі, a спіны быццам абвугліліся — чорныя-чорныя сталі.
Учора, калі расход дасягнуў рэкорднай лічбы — каля шасцісот снарадаў за ноч, Астахаў пачаў разважаць:
— Кажуць, кожны наш стрэл каштуе каля трохсот рублёў. Праўда, камандзір? Дык гэта ж адна наша батарэя «выплюнула» за ноч добрых паўтараста тысяч рублікаў!
Мяне здзівіў такі падлік.
— На вайне рублі не лічаць, Астахаў. Мільярды гінуць.
— А дарэмна. Грошы народныя. Усё трэба лічыць.
Муха абурыўся:
— Ды што ты! Людзі гінуць, а ты рублі лічыш!
— Каб я быў упэўнены, што мы сваёй «загародай» ратавалі хаця б аднаго чалавека, то не шкадаваў бы… А так шкадую… Колькі людзі ўклалі ў гэтыя штукі працы, — паказаў Астахаў на снарады, — а мы ix у неба.
Між іншым, у спрэчках, якія ўзнікаюць у хвіліны зацішша, адзін Муха горача абараняе загараджальны агонь. Я хачу зразумець — чаму?
На нарадзе камандзіраў я расказаў пра падлікі Астахава — вось прыклад руплівай гаспадарлівасці байца! Гэтага чамусьці не зразумелі. Хворы Сеўчанка (камбат каторы дзень тэмпературыць, але не пакідае пазіцыі) стомлена сказаў:
— Менш лічыце, а лепш страляйце. «Не сыпце гарох». Залпы!
A
Малашкін нечакана зрабіў вывад:— Вы, Шапятовіч, развялі гнілую дэмакратыю ў аддзяленні. У вас кожны разважае за камандуючага. Палітыкі! Каб я не чуў гэтых размоў!
Крыўдна. За хлопцаў крыўдна. Без сну, на марозе яны не выказалі ніводнай скаргі. I размовы ix шчырыя, патрыятычныя. Як кажуць, баявы дух высокі. Асабліва ён узняўся пасля таго, калі камісар паведаміў, што фашысты добра атрымалі па зубах на подступах да Мурманска i адкінуты за Заходнюю Ліцу. Праз гэта яны шалеюць i так люта бамбяць горад i порт. А тут яшчэ, на злосць ім, у заліў увайшоў караван англійскіх суднаў — першая дапамога саюзнікаў.
Мацнее мароз. Сярэдзіна кастрычніка — i такі мароз. А там, у нас, гараць золатам лясы і, безумоўна, яшчэ цёпла. Роўна год назад я ішоў у армію. Саша праводзіла мяне далека ў поле, па дарозе на Рэчыцу. Ранак быў ясны, сонечны, плыла павуціна бабінага лета, i ляцелі жураўлі. Усяго адзін год! А здаецца, мінула вечнасць. Колькі месяцаў яшчэ можа працягнуцца вайна? Астахаў неяк сказаў — два гады. Вар'ят!
19 кастрычніка
З падбітага намі «Ю-87» выкінуўся з парашутам лётчык. Прызямліўся кіламетры за два ад батарэі, на схіле голай гары.
Сеўчанка загадаў:
— Малодшы лейтэнант Кідала! Вазьміце разведчыка Бурава… — камбат на момант задумаўся, мяркуючы, даволі двух чалавек для такой аперацыі ці замала, — сяржанта Шапятовіча… Затрымаць немца!
Але калі мы ўжо сталі на лыжы, даў новую каманду:
— Адставіць Бурава! Сяржант Пясоцкі! Пойдзеце вы!
Відаць, камбату падказаў камісар (я бачыў, як яны ціха перакінуліся словамі), што трэба чалавек, які ведае нямецкую мову. А ведае яе адзін Сеня.
Мы шпарка пайшлі па свежым снезе, усе аднолькава задаволеныя такім заданием — узяць жывога фашыста, які толькі што скінуў бомбы на горад. На лыжах нас у мінулую зіму навучылі хадзіць добра, мы рабілі пераходы па сто кіламетраў. Але наспець за Кідалам нам з Сенем было нялёгка. Высокі, дужы, ён адразу вырваўся наперад.
Немец, вызваліўшыся ад парашута, адыходзіў на захад — узнімаўся на тару, каб пераваліць цераз грэбень i схавацца ў лесе; ён, безумоўна, бачыў яшчэ раней, з самалёта, што заходні схіл гары лясісты. Над ім пакружыў наш знішчальнік, даючы зразумець, што калі фашыст будзе ўцякаць, то яго легка могуць прышыць да скалы кулямётнай чаргой. I ўсё роўна ён упарта лез на гару.
— Вось гад! Куды ён лезе? На што спадзяецца?..
— Горы, тундра, снег… Уцячэ ад нас — па яго слядах пойдзе штурмавік-самалёт. Яму хочуць захаваць жыццё, а ён лезе на смерць, — абураўся я, ідучы побач з Пясоцкім.
— Ты не ведаеш, якія яны фанатыкі. Фашызм — гэта страшэнны фанатызм… Я не магу зразумець, як з такой працавітай цвярозай нацыі, як немцы, маглі выхаваць гэтулькі фанатыкаў-забойцаў,— разважаў Сеня. Яму хацелася пагутарыць, але было цяжка: беглі мы надзвычай шпарка, а вецер біў у твар, i Сеня задыхаўся.
Каля падножжа гары мы ўзялі лыжы на плечы. Немец ужо быў амаль на самай вяршыні.
— Дай папераджальны стрэл, — сказаў мне Кідала.
Я ўзлёг грудзьмі на камень, нацэліўся, але вышэй галавы, каб часам не забіць. Стрэліў. Немец азірнуўся i… раптам знік, відаць, скочыў у нейкую яму.
— Вось жа падлюга! — вылаяўся Кідала i выхапіў з кабуры пісталет, нібы намерыўся весці ў атаку цэлы полк. — За мной!
I зноў мы не паспявалі за ім. Ён быў лягчэй апрануты — у шынялі, мы — у кажухах. Ногі то слізгалі па голым абледзянелым каменні, то, у горных упадзінах, угрузалі па калена ў снезе. Непамерна цяжкія зрабіліся вінтоўкі i лыжы. Пот заліваў твар, перад вачамі зіхацелі вясёлкі, сэрца стукала, здавалася, не ў грудзях, a ў горле. Я хапаў на хаду снег.