Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

— Я ўпэўнены, далека ён не пабег. Сядзіць дзе-небудзь у кустах. На расе след… Пойдзеш з Сашай…

Яна падхапілася, вырвала руку, гатовая бегчы.

— Але прашу вас, не крычыце, не клічце… Падумайце пра дачку! — Саша ўздрыгнула. — Мы палаяліся, пабіліся — муж i жонка… Натуральна, Саша сышла з хаты. I ты, Данік, угаворваеш яе вярнуцца назад, памірыцца… Разумееш?

— Разумею, Уладзімір Іванавіч! — кіўнуў Данік, дрыжучы ад ранішняй прахалоды i хвалявання.

Саша пабегла. Калі яна пералазіла цераз пляцень, Лялькевіч памахаў кулаком i крыкнуў на ўвесь голас:

Ну i бяжы! I чорт з табой! Дурніца! Вар'ятка!

Крыху счакаўшы, Данік назіркам рушыў за сястрой.

Вось ён, яго след, на роснай траве. Ён павярнуў направа, дзе кусты больш густыя. «Пеця! Родны мой, дзе ты? Дурны ты мой! Як ты мог падумаць пра мяне? Ніхто мне не патрэбны. Ніхто! Акрамя цябе, любы мой i неразумны. У нас жа дачка. Твая дачка. Як жа ты мог пабегчы? Няхай ты падумаў пра мяне бог ведае што… Няхай… Але ты ўсё роўна павінен быў пабачыць Ленку…» Зрабілася вельмі крыўдна ад думKi, што ён не захацеў убачыць дачкі. «Няўжо твая рэўнасць мадней за любоў? Няхай не да мяне… Да дачкі! Такое агіднае пачуццё заглушыла ў табе самае святое…»

Яна i раней вельмі часта вось так гаварыла з ім, шапталася па начах ці калі адна заставалася ў лесе, у полі. Але тады гэта было так, у марах… А цяпер след… Няўжо праўда гэта ішоў Пеця? Як ён апынуўся тут, калі быў так далека, на Поўначы? На нейкі момант ёй здалося ўсё гэта неверагодным. Ці не сніць яна? Ці не пажартаваў Лялькевіч? Ці не спатрэбілася яму для якой-небудзь канспіратыўнай мэты такая выдумка? У яго заўсёды таямнічасць i нечаканасць. Вось i след знік…

Знік таму, што скончылася трава, пачаўся сухі сасоннік. Але Саша ажно скаланулася і, спыніўшыся, паглядзела назад. Не, след ёсць. Яна, як бегла, не наступала на Пецеў след, каб не затаптаць яго, i цяпер на роснай траве цягнуцца дзве зялёныя сцежкі. Куды ісці далей? Дзе шукаць? Яна зноў гукнула:

— Пе-е-ця-а!

Адразу побач апынуўся Данік, схапіў за руку.

— Саша! Ты забылася, што сказаў Уладзімір Іванавіч!

Яна ўзлавалася:

— Пайшоў ты ca сваім Уладзімірам Іванавічам!

— Саша! Не жартуй з агнём! — сурова папярэдзіў Данік. — Ты падполыичыца. Клятву давала. А цяпер хочаш загубіць усю нашу справу з-за свайго Пеці? Глядзі!..

Гэта неяк адразу вярнула ёй усведамленне той небяспекі, якую яна можа наклікаць на сябе, на ўсю сям'ю, на арганізацыю. Саша спалохалася. Павярнулася да брата, сказала з бол ем, як бы просячы спагады:

— Данік! Але зразумей ты мяне. Я маці. I вось… I вось… бацька Ленкі толькі што быў тут, у нашым двары, за два крокі… Дзе яго шукаць цяпер? Дзе?

Даніку стала шкада сястры. Ён параіў:

— Давай разыдземся, i ты гукай мяне… Быццам мы грыбы збіраем. Можа, ён пазнае твой голас.

Яны ўглыбіліся ў лес, i Саша раз-пораз гукала:

— Да-ані-ік! Дані-іл-а-а!

Брат зрэдку адгукаўся:

— А-а-у-у!

Пасля падбег да яе ўзрушаны — пошукі захапілі яго.

— Там, у балацянцы, зноў след на траве. Ён пайшоў на луг. Бежымо туды. На лузе зноў будуць відаць сляды, i мы дагонім яго.

Яны пабеглі што ёсць сілы па рэдкім сасняку. Сухадолы, крутыя ўзгоркі, сукаватыя з самага камля, каржакаватыя сосны — такі

тут лес, пасаджаны некалі дзядамі на прырэчных пясчаных заносах, каб спыніць наступление пяску на палі.

Саша задыхалася. Сэрца рвалася наперад, гатовае выскачыць з грудзей. Сэрца, яно, напэўна, знайшло б адразу таго, па кім столькі часу балела, калі б сапраўды яму даць волю.

«Сэрца мае! Каханне мае! Вядзі ж мяне правільна! Пеця! Пеця! — крычала яна бязгучна. — Спыніся! Пачакай! А то я не даганю цябе. Я ўпаду…»

Нарэшце сасняк расступіўся i адкрыўся шырокі прастор прысожскага лугу. Мільярды малюсенькіх вясёлак зіхацелі на маладой атаве — узыходзіла сонца. Праменні яго адбіваліся ад нерухомага люстра старыка, i на густым лазняку павісла самая сапраўдная вясёлка, няяркая, як бы засланая пялёнкай туману, але ўсё адно непаўторна прыгожая. Сашы было не да гэтага хараства, аднак i яна звярнула ўвагу на такі цуд прыроды.

Яны спыніліся на пясчаным узгорку. Стала лягчэй дыхаць. Данік ведаў: партызан (а ён не сумняваўся, што Пятро партызан) не пойдзе ўдзень па адкрытым месцы. Але ўсё роўна пільна агледзеў наваколле — як акінуць вокам. Луг — не раўніна. Старыкі, азярыны, ямы, зараснікі, раучакі перасякаюць яго ўдоўж i ўпоперак. Але гэта не перашкаджае адчуванню надзвычайнай шырыні i прастору, ажно сапраўды тут заўсёды лягчэй дыхаецца.

Раптам Данік пацягнуў Сашу за руку да сябе:

— Вунь!.. Бачыш? На ўзгорку, дзе тры дубы… Бачыш?

Бляск расы сляпіў вочы, i Саша не адразу разгледзела постаць чалавека, што павольна ішоў да ракі.

Можа, дагэтуль яна не адчувала яшчэ ўсёй істотай сваёй, што Пеця так блізка, бо не бачыла яго сама, a толькі пачула ад Лялькевіча. A ўбачыла далёкую постаць i адчула менавіта так, усёй істотай: ён, Пеця, тут, наяве, а не ў сне, жывы, здаровы.

Яны пабеглі з Данікам яшчэ шпарчэй, наўпрасткі. Не скідаючы адзення, перайшлі ўброд старык, лезлі праз калючыя мокрыя кусты, абдзіраючы твар i рукі. Калі Саша адставала,

Данік цягнуў яе за руку:

— Хутчэй, Саша! Хутчэй! А то, калі яго чакаюць на беразе з лодкай… дык яны не будуць марудзіць… Шукай тады ix у зарэчных балотах… Што ветру ў полі…

Вось i след Пецеў! Толькі б захапіць яго на гэтым беразе! Можа, зноў паклікаць! Але рака — вось яна, ужо блішчыць шырокім плёсам у праменнях ранішняга сонца.

Сіратліва пахіліўся зламаны слуп ад ліхтара. Няма бакеншчыкаў, не загараюцца па вечарах агні, не ўзнімаюць хвалі параходы. Год назад замерла, сціхла тут жыццё. Толькі рака па-ранейшаму нясе свае воды, i нішто не можа спыніць яе магутнай плыні.

Саша i Данік дабеглі да пясчанага берага, куды прывялі сляды. I раптам Саша быццам спатыкнулася, застыла ў такой паставе, знясіленая, збялелая. Потым у роспачы плюнула:

— Тфу! Каму прыносіў шчасце поп!

Унізе, каля вады, сядзеў на вымытым чорным кражы дуба Аляксей Сафронавіч i паважна, не спяшаючыся, мурлыкаючы нешта пад нос, разматваў вудачкі.

— Які ён табе поп? — Данік пакрыўдзіўся за старэйшага таварыша, за чалавека, які, па сутнасці, стварыў ix падпольную арганізацыю, а папом зрабіўся для канспірацыі.

Поделиться с друзьями: