Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Калі расчараванне i здзіўленне мінулі, брат i сястра паглядзелі адно на аднаго, як бы раячыся: што рабіць? Схавацца, непрыкметна пайсці назад ці паказацца дзядзьку Аляксею на вочы! Як растлумачыць сваё з'яўленне тут?

— Трэба расказаць усю праўду. Стары павінен ведаць усё, — прашаптаў Данік.

Саша моўчкі згадзілася.

Данік кашлянуў.

Аляксей Сафронавіч, як кажуць, i вухам не павёў, бо жыў па закону: богаў служка нічога не баіцца зямнога, ніякая нечаканасць не можа яго спалохаць, збянтэжыць, вывесці з душэўнай раўнавагі. Ён закінуў вудачку, утыркнуў вудзільна ў гліністы грунт i толькі тады павольна павярнуўся, каб

паглядзець на таго, хто кашлянуў за яго спіной. Але, калі ўбачыў Данілу i Сашу, куды дзеўся яго спакой! Упусціў банку з чарвямі, палез па гліністым адхоне ім насустрач.

— Што здарылася, дзеці? Чаму вы тут? Божа мой! — I схапіўся рукой за сэрца. — Няшчасце?

Данік зразумеў, пра што Стары мог падумаць, i паспяшаўся заспакоіць яго:

— Не, дзядзька Аляксей, нічога страшнага не здарылася. Прыходзіў Пятро. Сапраўдны Сашын муж. На досвітку. Убачыў у двары Уладзіміра Іванавіча, ударыў яго па твары i збег у лес… Мы шукаем яго. Сляды на луг вялі. З Халімонавай гары мы ўбачылі вас i падумалі, што ён… за раку адыходзіць…

Каваль апусціўся на вільготную траву, звесіўшы з абрыву ногі, выцер рукавом зрэбнай кашулі ўспацелую лысіну:

— Напалохалі вы мяне. Сядайце, адпачніце. У вас такі выгляд…

Яны селі побач.

Аляксей Сафронавіч узяў Сашыну руку:

— Уся дрыжыш, атракавіца. Яны — што, ведалі адзін аднаго?

— Сустракаліся разы два.

— Не моцная, значыцца, вера ў цябе ў Пятра твайго. Малады. Але нічога, ёсць любоў — будзе вера. Усё ў свой час. А ты, Аляксандра, узрадуйся, што жывы ён, твой благаверны… I калі так прыходзіў, то не толькі жывы, але i духам моцны i сэрцам чысты… Хіба мала з цябе гэтай радасці? Не пажадай адразу многа!..

Расплылася рака ў неабсяжнае мора, два доўгія i вузкія сонцы загойдаліся ў вадзе, i белая хмарка дзіўна закалыхалася, пераламалася — увесь свет пераламалі гарачыя слезы. Напоўнілі, затуманілі вочы i застылі там, не пырснулі, не закапалі, не пакаціліся па шчоках. Але як легка, як хораша зрабілася на сэрцы! Праз слёзы Саша паглядзела на дзядзьку Атіяксея, добрага, разумнага, разважлівага, i вінавата ўсміхнулася. Ён ласкава пагладзіў яе шурпатую ад застарэлых мазалёў руку. Яна падумала: «Сапраўды. Я год не ведала, дзе Пеця, што з ім. А цяпер ведаю, што ён жывы, што ён тут, з намі… Хіба мала такой радасці?» Прыемна было адчуваць спіной цеплыню сонечных праменняў i глядзець, як на плыні ракі нырае коркавы паплавок.

— Ага, клюе? — зусім па-дзіцячы ўзрадаваўся Стары i па-дзіцячы, на спіне, ссунуўся з абрыву да вады, схапіў вудзільна. Бліснуў на сонцы трапяткі кавалачак срэбра.

Паблукаўшы па лесе i лузе яшчэ трохі, Данік i Саша, змораныя, вярнуліся дадому. На гародзе ix сустрэла Поля. Лялькевіч усё расказаў ёй. Такую тайну ад старэйшай сястры, якая была за маці i гаспадыню, нельга хаваць.

Па Сашыным выглядзе Поля не зразумела, знайшлі ці не знайшлі. Спытала вачамі — так размаўляць прывучыла падпольнае жыццё.

«Бачылі?»

«Не», — схіліла галаву Саша.

Поля цяжка ўздыхнула i засмучана падперла шчаку кулаком. Яна перажывала ўсё гэта па-свойму. Ніколі не бачыўшы Пятра, яна розумам i сэрцам не прымала яго як блізкага чалавека i часам сумнявалася ў сур'ёзнасці Сашынага замужжа. A Лялькевіч за час, што жыў у ix хаце, стаў сапраўды як родны. Поля палюбіла яго. Праніклівая i ўважлівая, як усе разумныя жанчыны, яна не магла не прыкмеціць, што ён кахае Сашу. Жадаючы сястры большага шчасця, яна хацела, каб яны сталі

жонкай i мужам… I раптам Пятро стаў рэальнасцю. Ён ішоў да ix, як у родны дом. Сэрцам адчуў саперніка. Поля разумела яго i не асуджала, што ён збег, а вельмі шкадавала. Цяпер яна паверыла ў ix каханне — Пятра i Сашы, у ix жаніцьбу. I ёй, жанчыне набожнай, стала сорамна за свае грэшныя думкі: як зводніца якая, хацела аддаць сястру другі раз замуж, пры жывым мужу, які, гаротнік, немаведама дзе цяпер i што думае пра ix сям'ю.

Вось чаму ёй было балюча даведацца, што Пятра не знайшлі, што ён знік бясследна, не даведаўшыся праўды. I яшчэ яе спалохала i ўразіла, што Саша быццам не вельмі перажывае — не плача, не скардзіцца, не абвінавачвае Лялькевіча, Даніка, яе, Полю. З незразумелай бояззю, сцішаная i засмучаная, ішла яна за Сашай у двор: як яны сустрэнуцца з Лялькевічам?

Уладзімір Іванавіч быў пад паветкай. Хацеў працаваць (падыходзіў сезон на бочкі), але рукі не трымалі гэбля, i ён гуляў з Ленкай. Малая ўжо цвёрда трымалася на нагах, няспынна шчабятала. А потым ёй спадабалася падаць на мяккія духмяныя стружкі, куляцца ў ix.

— Та-та, ба-ах! — валілася на спінку i залівіста смяялася.

Лялькевіч з бацькоўскім замілаваннем глядзеў на яе, усміхаўся, але ўсмешка была сумная. Ён думаў пра яе бацьку, які блукае недзе па лесе з цяжкай пакутай у душы. А малая яму, чужому чалавеку, кажа «тата», кажа невыразна яшчэ i несвядома, але так яе навучаюць Данік i Поля. Ён успамінае, як Саша доўга моўчкі i ўпарта супраціўлялася, каб Ленка называла яго татам. Але потым скарылася i ў апошні час як бы не звяртала ўвагі.

Саша кінулася пад паветку, схапіла дачку на рукі, моцна прыціснула да грудзей, нібы малой пагражала небяспека.

Лялькевіча тэта паласнула па сэрцы. Ён адчуў сябе вінаватым. Ленцы, як на тое, не хацелася сядзець на руках у маці, яна рвалася назад у стружкі. Але Саша панесла яе у хату. Поля праслязілася i, спачуваючы, паглядзела на Уладзіміра Іванавіча.

Саша, нават на думку Лялькевіча, паводзіла сябе дзіўна. Яму, калі ён таксама прыйшоў у хату, яна сказала мякка, ласкава, з бяскрыўднай іроніяй:

— Як жа гэта вы, Уладзімір Іванавіч, нічога сказаць не паспелі? Атрымалі па носе i слова не вымавілі?..

Ён сам усю раніцу думаў пра гэта i не мог уцяміць, як яно так здарылася, што ён, партызан, камісар, падпольшчык, які ўмеў у самых складаных i нечаканых абставінах дзеинічаць хутка i правільна, аказаўся такі недарэка. Ён баяўся глядзець ёй у вочы, панурыўся, пераступаў з нагі на нагу, стукаючы самаробным пратэзам аб падлогу.

— Гэта ціхае жыццё псуе мяне. Я раблюся залішне павольны, цяжкадумны… А ён, Пятро, відаць, падрыўнік ці разведчык. Дзейнічаў, як маланка. Я пазнаў яго толькі тады, калі з разбітым носам апынуўся ў калюжы.

Саша засмяялася, здалося яму, нават весела. I больш нічога не сказала. Усё знешне было так, як учора, пазаўчора, усе папярэднія дні.

Саша сабрала бялізну i пайшла на рэчку, але ўзяла з сабой i Ленку. Лялькевіч не мог не адзначыць гэта. Поля збірала на гародзе фасолю. Данік з касой пайшоў на луг «выкасіць дзе-небудзь лапінку атавы». Хоць на самай справе мэта была іншая. Два дні назад на Сожы амаль села баржа. На баржы ўзмоцненая варта. Хлопцы здагадваліся, што немцы на баржы вязуць важны груз, можа, нават боепрыпасы. I выпрасілі ў Лялькевіча дазвол спаліць баржу. Данік i Анатоль, косячы атаву, павінны паназіраць за вартай, разведаць подступы.

Поделиться с друзьями: