Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Пятро павярнуўся назад, у поле. Адышоў паволі, потым, нахіліўшыся, пабег. Перабег дарогу i па-за гародамі (за школай было некалькі хат) падкраўся да прысад маладых таполяў, лісце на якіх i ў гэтую ціхую бязветраную ноч спалохана трапятала.

Школьная агароджа была некранутая, не тое, што бальнічная, i нават умацаваная: зверху абнесена калючым дротам.

Безумоўна, можна пералезці i цераз дрот, але Пятро пабаяўся, што на ім зроблена сігналізацыя, i папоўз уздоўж агароджы, шукаючы якой-небудзь шчыліны.

«Умацаваліся, сволачы!»

У адным месцы, у лагчынцы, штыкеціны былі крыху падняты ад зямлі. Пятро

падкапаў рукамі i пралез.

У школьным садзе, праз які ён прабіраўся, стаяў густы водар спелых яблык. У галоднага хлопца ажно пацякла сліна. Нясцерпна захацелася падняцца i сарваць хоць адзін яблык.

Але ён перамог такую спакусу.

Вось i будынак школы, нізкі i доўгі. Над дахам узнімаюцца ў зорнае неба чорныя пікі таполяў.

Пятро прыслухаўся. Знадворку ціха. I ў школе сціхла музыка.

«Ці не разыходзяцца?» — падумаў ён з трывогай. Трымаючы ў левай руцэ пісталет, у правай гранату, ён шпарка прабег апошнія метры. Прытуліўся да цёплай сцяны, ад якой пахла нагрэтай смалой.

Не, яны не разыходзяцца. Яны рагочуць.

«Няхай парагочуць яшчэ хвіліну. Многім з ix больш не прыйдзецца рагатаць на гэтым свеце».

Не адрываючыся ад сцяны, ён асцярожна пасунуўся ўздоўж яе да вугла.

Шырокая палоса святла лягла на дарожку, пасыпаную жоўтым пяском, на акуратна падстрыжаны куст бэзу, на калітку… Пятро ўбачыў усё гэта ў адзін міг, асабліва кальку: адразу адзначыў, што над ёй няма калючага дроту. А яшчэ ўбачыў, якое дзіўнае ў святле лісце таполяў — не зяленае, a срэбна-алюмініевае, як луска рыбы.

Абышоўшы ганак, ён апынуўся каля адчыненага акна, зазірнуў у пакой. Яны сядзелі за сталом, падымаючы чаркі. Пятро палічыў: шэсць афіцэраў i дзве дзяўчыны. Адна залівалася п'яным смехам, другая з гуллівай сур'ёзнасцю гаварыла свайму суседу, ківаючы пальцам:

— Я вас пакараю, Ота. Колькі разоў я вам паўтарала: паруску трэба казаць не «девки», а «девушки»… Вам недаравальна! Вы не Густаў, які ні бэ, ні мэ, ні кукарэку…

Пятра перасмыкнула ад гэтых слоў.

«Шкуры прадажныя, а не «девушки»!»

Волен вір дойч шпрэхен! Лібэ мэдхэн! [10] — закрычаў афіцэр, паднімаючыся. — Айнэн тост аўсбрынге… [11]

— Гэта ты, Генрых? — пачуў Пятро ззаду ціхі голас.

Ён не ўздрыгнуў, не кінуўся ўцякаць. Спакойна ўзняў рукі над галавой, вырваў чаку i па-жаночаму, з-за левага пляча, шыбнуў гранату ў пакой, на стол. Тады толькі адскочыў у день пад таполі.

Выбух пагасіў святло. Пятро кінуўся да каліткі, модна піхнуў яе, яна з трэскам адчынілася. Ён выскачыў на вуліцу i пабег у поле. Але крокаў праз колькі спатыкнуўся. Падумаў: «Няўжо я так стаміўся?»

10

Будзем гаварыць па-нямецку! Мілыя дзяўчаты! (ням.).

11

Прапаную тост… (ням.).

Падхапіўся. Але хутка зноў спатыкнуўся, быццам невядомая сіла штурхала ў спіну. Адчуў усяродку гарачыню.

«Ранены? Чым? Калі?»

Відаць, стрэл вартавога прагучаў адначасова

з выбухам, а таму ён не пачуў яго. Чамусьці прыйшла думка, што ратунак не ў полі, куды ён бяжыць, а там, за Дняпром. Сабраўшы апошнія сілы, ён кінуўся туды праз бальнічны двор. На момант з'явілася адчуванне надзвычайнай лёгкасці. Здавалася, што ён не бяжыць, a ляціць i можа вось так, скочыўшы з абрыву, пераляцець Дняпро. Хутчэй бы толькі абрыў! Хутчэй!

Ды тая сіла, што спачатку штурхала, пачала раптам цягнуць назад, як бы жадаючы паваліць на спіну. Ён павярнуўся з намерам адбіцца, ударыць нябачнага ворага пісталетам, стрэліць яму ў твар. Але перад вачамі шуганула чырвона-зялёна-жоўтае полымя, быццам паўночнае ззянне сарвалася з недасяжнай вышыні i падае проста на яго. Ён адхіснуўся, закрыўшы твар рукамі…

III

На досвітку Лялькевіч дабраўся да лагера. На ўзлеску яго спынілі вартавыя. Ужо тады, калі ён, стомлена кульгаючы, пачаў па-камандзірску трывожыцца: «Няўжо спяць? А можа, зняліся?» — з маладога дуба сыпанулі буйныя кроплі расы, i ледзь не на галаву яму зваліўся чалавек. Прыставіў ствол вінтоўкі да грудзей.

— Хвіліначку, шаноўны пан, ёсць размова.

Хлопец быў незнаемы.

«Папаўняецца атрад», — задаволена падумаў Лялькевіч.

У вачах вартавога скакалі гарэзлівыя чорцікі — ад прадчування цікавай размовы з «варожым агентам».

— У такі ранні час добрыя людзі спяць, шаноўны…

Лялькевіч усміхнуўся. Вартавы нахмурыўся, намерваючыся, мабыць, праявіць усю сваю суровасць. Але яму перашкодзілі — голас ззаду загадаў:

— Апусці вінтоўку! Свой.

Лялькевіч павярнуўся i ўбачыў аднаго з ветэранаў, з тых партызан, якія прыйшлі ў лес разам з ім, у самым пачатку вайны.

— Добрай раніцы, таварыш камісар.

— Здароў быў, Карней Пятровіч. — Уладзімір Іванавіч узрадавана паціснуў партызану руку. — Дзед дома?

— Дома.

Малады вартавы збочыў, стаў каля дуба, прыставіўшы вінтоўку да нагі. Ён не ведаў гэтага кульгавага чалавека. Але калі той ідзе проста да Дзеда i «старыя» называюць яго камісарам, значыцца, не абы-хто.

З горада, — сказаў Карней, кіўнуўшы на навічка, калі адышліся крыху.

«Наша папаўненне», — падумаў Лялькевіч, азірнуўшыся, каб запомніць твар чалавека, які апынуўся тут дзякуючы рабоце, якую ён вёў са сваімі памочнікамі.

Яму хацелася прыйсці непрыкметна, каб нікога не будзіць. Прымасціцца дзе-небудзь на возе ці ў пустым будане, адпачыць, бо моцна ныла натруджаная за немалую дарогу нага. Але i ў такую рань у лагеры спалі не ўсе. Толькі што вярнулася з начнога паходу група разведчыкаў. Гэтыя «партызанскія гвардзейцы» не толькі яго былыя падначаленыя, але i асабістыя сябры. Убачылі (ад ix не схаваешся), загарланілі на ўвесь лес:

— Камісар!

— Валодзя!

— Уладзімір Іванавіч!

Адразу абвілі вянком рук. Ціскалі, ляпалі па плячах.

— У госці ці назаўсёды?

— Цішэй вы! Пабудзіце людзей!

— Людзі? Якія гэта людзі! Соні! Даволі ім пухнуць! Рады, што камары адышлі… Крук — во якую морду наспаў.

— Яго з пушкі не разбудзіш.

— Слухай! Плюнь ты на сваю кульцяпу! Давай назад у атрад! Мы табе тачанку зробім! З кулямётам!

— Ён там да такой маладзіцы прыліп!..

— Ого! Маладзіца — фельчарыца!..

— Ажаніўся?

Поделиться с друзьями: