Чтение онлайн

ЖАНРЫ

У дрымучых лясах

Бядуля Змітрок

Шрифт:

Дзед паглядзеў, што я пішу ў сваёй маленькай кніжачцы, і заківаў галавой ад дзіва.

— Дык ты ж, дуда, сапраўдны друкар! Бач, як друкуе. Цюцелька ў цюцельку!

— Пачытай, дзед, што я надрукаваў… — папрасіў я.

— Гэта не па-жыдоўску, і я не разумею, — сказаў дзед і паклікаў маці. Яна прачытала:

— «Дозволено цензурой».

— Ах, дуда, «доз-во-ле-но цен-зу-рой»… Бачыш, які ты ў мяне разумны!.. Га? Калі «дозволено цензурой», дык я табе куплю «алефбейс» (алфавіт). А Бібліі не чапай. Яна дарагая. Абальеш чарнілам. Я больш строгі за цэнзуру. Яна дазваляе, а я забараняю.

Я пакрыўдзіўся.

— Буду маляваць на кніжачцы пеўнічкаў…

— Малюй,

дуда, пеўнічкаў…

ІІраз тыдзень камісіянеры прывезлі з Менска жыдоўскі алфавіт, надрукаваны на адным баку вялізнага, у паўстала, аркуша паперы. Дзед наклеіў алфавіт на картон і пачаў па вечарах вучыць мяне грамаце. Мне было тады пяць з палавінай год.

Пры кожным маім поспеху на алфавіт падаў медны грошык.

— Гэта анёл з неба кідае, бо добра вучышся! — гаварыў дзед.

А калі я спаймаў над маёй галавой дзедаву руку з новым грошыкам, дзед рагатаў не менш за мяне і пахваліў:

— Ніколі не паддавайся на абман, дуда мая, ніколі!

Праз некалькі тыдняў я ўжо бегла чытаў малітвеннік. У сувязі з гэтым я зрабіўся хатнім духоўнікам сваёй непісьменнай бабулі. Я кожную раніцу чытаў уголас малітвы, а бабуля шаптала за мною слова ў слова. Да мяне гэту работу выконвала маці. Абавязак быў вельмі нудны, бо я яшчэ ніводнага слова не разумеў па старажыдоўску, а словы малітвы былі на гэтай мове. Кожны дзень бабуля ўзнагароджвала мяне за такую ранішнюю службу салодкай сушанай морквай і арэхамі.

Таямніцы неба і зямлі

У мястэчку была другая беззямельная сям'я — Борух і яго жонка Сора. Яны жылі на другім канцы мястэчка ў маленькай хатцы, знутры і знадворку аблепленай глінай. Борух — стары, нізкага росту чалавек, з вялікай галавой на шчуплых плячах — браў на вучобу трох-чатырох дзяцей. Яго жонка Сора хадзіла з кошыкам шкляной пасудьі па вёсках. Яна прадавала пасуду ці абменьвала на прадукты, і з гэтага яны жылі. Борух займаўся тайнай навукай «кабаллы». У кожную раніцу ён хадзіў на блізкае возера на абрад «святога амавення». У кожную поўнач ён уставаў, абсыпаў галаву попелам у знак жалобы, садзіўся на зямлю і аплакваў зруйнаванне храма Іерусалімскага. Часам удзень ён хадзіў у лес, дзе ў самоце вывучаў таямніцы неба і зямлі. Дзень у дзень ён пісаў нейкі філасофскі трактат. Яго ў ваколіцы лічылі святым чалавекам. Да яго на парады прыходзілі і беларусы.

У сем год мяне аддалі ў навуку да Боруха. У яго вучыліся дзеці пасадзецкага багача-карчмара. Яны былі нашмат старэйшыя за мяне і вучылі талмуд. Я ніколі да гэтага часу не бываў у хатцы Боруха. Я з цікавасцю аглядаўся па кутках хаціны і заўважыў, што тут уся пасуда са шкла і гліны, лыжкі — драўляныя, гліняныя падсвечнікі, злепленыя груба ім самім. Падлога была гліняная. І рукі і твар самога Боруха мелі колер гліны. Ён вечна дыміў люлькай — старасвецкай бурштынавай з доўгім, у два аршыны, плеценым цыбуком. Хлопцы карчмара былі гультаі, і Борух часта спакойна і ўдумліва паганяў іх канчуком-шасціхвосткай.

— Вучыцеся, бычкі! — гаварыў ён пры гэтым.

Некалькі гадзін у дзень ён займаўся выключна мною. Раздзел за раздзелам чытаў са мной Біблію, тлумачачы бегла значэнне старажыдоўскіх слоў. Ён мяне ніколі не біў. Апрача гэтага, ён кожны дзень аддаваў гадзіну на вусную размову са мною. Ён мяне называў сваім «духоўным сынам». Тлумачыў, што ўсё на зямлі Бог — нябесны ганчар — выляпіў з гліны. З гліны мы выйшлі ды ў гліну вернемся. «Чалавечая душа, — гаварыў Борух, — божая іскра. Бог даў чалавеку дабро і праўду, а чорт — зло і фальш. І вось у вечным змаганні між сабою дабра і зла, праўды і фальшы праходзіць чалавечае

жыццё, нібы малюсенькая кропля ў акіяне вечнасці, нібы дробны чаўнок у бурлівай стыхіі несупыннага патоку». Аграмадныя светлыя вочы Боруха свяціліся двума страшнымі аганькамі. Ён мяне заварожваў.

Борух растлумачыў мне ўсю механіку зямлі і неба.

Зямля ляжыць на хвалях вялікаводнага Ўкіёнуса. Зямлю акружае вялізная рыба Левіятан, што вечна трымае свой хвост між зубоў. Калі б Левіятан выпусціў хвост і выпрастаўся б, дык ад гэтага ўзняліся б хвалі да самага неба, уся зямля апынулася б пад вадою, як у часе першага патопу.

У вялікіх пустэчах, дзе чалавек не мае доступу, знаходзяцца ў падзямеллях бочкі з віном ад часоў Ноя — некалькі тысяч год. А там на мурожных горах пасецца агромністы бугай. Рагамі ён падпірае аблокі. А калі ён пачынае рыкаць, тады ў нас грымяць грымоты.

Над зямлёю вісіць сем нябёс. Кожнае неба падпіраюць анёлы, такія высокія, што калі б па такім анёлу пайшоў чалавек пехатой, дык ад пят да галавы ён дабраўся б за пяцьсот год. На анёлах усюды вочы. Мы іх бачым і называем зоркамі. На сёмым небе знаходзіцца Адэнай, Шэхіна і Руах-Гакойдаш — нешта падобнае да хрысціянскай троіцы. Яны знаходзяцца ў раі. З імі разам жывуць праведнікі-цадыкі. Там на кіпарысе вісіць арфа цара Давіда, на якой іграе вецер. Музыка ў шэсцьдзесят разоў прыгажэйшая за музыку на зямлі.

Надыдзе час, калі сам Бог зловіць рыбу Левіятана, зарэжа агромністага бугая, дастане старое Ноева віно і наладзіць пір для сваіх цадыкаў-праведнікаў. Ежа і пітво будуць у шэсцьдзесят разоў смачнейшыя, чымся на зямлі.

Хедэр

Калі я дома расказаў дзеду аб гэтых гутарках, яму гэта не спадабалася. Ён забраў мяне ў Боруха і аддаў у хедэр к другому рэбэ (настаўніку). Зваўся ён — рэб Залман. Ён быў касавокі, з чорнай густой барадой старадаўняга асірыйца. На руках ён меў па шэсць пальцаў. Адным сваім выглядам «шэсцярэнь» наводзіў страх на вучняў. У яго «хедэры» (школе) пачаліся мае сапраўдныя пакуты.

У цесным пакоі пры адным стале сядзела каля дзесяці хлопчыкаў. Сядзелі мы безвыходна па дванаццаць гадзін. З дому нам прыносілі есці. Дзень быў падзелены на чытку малітваў, Бібліі і Талмуда. Прыблізна гадзіна часу аддавалася на чыстапісанне па-старажыдоўску і на вывучэнне першых чатырох правіл арыфметыкі. Вольнымі ад хедэра мы бывалі паўдня ў пятніцу і паўдня ў суботу. Два разы на год вучні хедэра мелі канікулы — месяц вясною і месяц увосені.

Усе дзесять вучняў маліліся і чыталі разам уголас. У хедэры стаяў незвычайны шум, нібы гулі некалькі раёў пчол. Кожны з вучняў лічыў такую нудную і аднастайную вучобу за катаргу. Рэбэ прыходзілася ўбіваць «божую навуку» ў галовы вучняў кулакамі. Ён біў нас бязлітасна дзень у дзень. Дамоў я прыходзіў з хедэра заўсёды падрапаны, з апухлым тварам. Бацькі на гэта не зварочвалі ніякай увагі.

За цяжкія праступкі рэб Залман караў нас бізунамі па голым целе, як прыгонных у часы паншчыны. Я помню два такія пакаранні.

Я вельмі любіў маляваць. Рэбэ гэта лічыў непрыстойным заняткам і забараняў «псаваць паперу». Аднаго разу ён знайшоў у мяне размаляваны аркуш паперы: чалавечкі, дрэўцы, хаткі, жывёлы. Рэбэ за гэта ўсыпаў мне некалькі гучных аплявух. Тут жа хтосьці з вучняў данёс, што я на першай старонцы Бібліі намаляваў свінку. У набожных жыдоў свіння лічылася нячыстай жывёлай. За гэту свінку рэбэ сарваў з мяне вопратку, кінуў мяне на ўслонак, загадаў маім таварышам трымаць мяне за рукі і ногі, а сам сцёбаў мяне цвёрдай дзягай па голай спіне…

Поделиться с друзьями: