Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Вечар

Дудараў Аляксей

Шрифт:

Васіль. А вось Віцёк пра яе ўспомніў… Узяў і напісаў…

Гастрыт. Ага! Сяджу на нарах, як кароль на імянінах, — перадайце для маёй маці «Ой, ляцелі гусі…»!

Васіль. Ідзі адсюль!

Гастрыт. Не пайду!

Васіль. Ганна, не слухай… Ён кантужаны…

Гастрыт. Ды не быў я кантужаны!

Васіль. Цябе акушэрка кантузіла. (Да Ганны.) Прозвішча тваё перадавалі ці не?

Ганна. Не пачула я… Пра Вежкі толькі…

Што добра чалавеку, калі ў яго куточак родны на зямлі ёсць, дзе некалі босым па расе бегаў… Добра, значыць, што цябе чакаюць і помняць заўжды… Яшчэ нешта… А прозвішча не пачула… Я не з самага пачатку слухаць стала…

Васіль. Перадавалі, канечне… І тры бярозкі пад акном у цябе растуць…

Гастрыт. Стоп! Калі ён з'ехаў, бярозка адна была… А гэтыя дзве без яго выраслі… Я памятаю… Скажыце, адкуль ён пра гэтыя бярозкі ведае? Ніводнага разу не прыязджаў, пісем не пісаў… Адкуль ён ведае?!

Васіль. Прашу цябе, Мікіта, сыдзі з воч! Не дай і мне пад старасць у турму сесці… (Да Ганны.) Я ведаю, што пра цябе перадавалі… Пра цябе. І Віцьком яго завуць, і ў партызанах жа ты была, і Вежкі, і па бацьку ж цябе Восіпаўна…

Гастрыт. А вось і не! Па бацьку яе Васільеўна…

Васіль (уражана). Як?!

Ганна. Гэта Піліпа майго Восіпавічам звалі…

Васіль. Дык як жа гэта я?.. Забыўся…

Гастрыт. Усё ясна! Так я і думаў… (Тыцнуў пальцам у Васіля.) Ён напісаў! Заяўку зрабіў заместа твайго Віцька…

Васіль. Ды не, Ганна, што ты?! Не! Што ты выдумаў, дурань?!

Гастрыт. Ну, арты-ы-ыст! Ну, Васіль! За такія штучкі ведаеш, што бывае…

Васіль. Ды пры чым тут я?! Ён, мабыць, напісаў і пра Піліпа, а там пераблыталі…

Гастрыт. Хопіць лухту несці! Там не блытаюць…

Ганна (устала з лаўкі). Нашто ты гэта, Васіль… Не варта было… (Цяжка пайшла прэч.)

Васіль (крычыць услед). Ды няхай мне рукі адваляцца, калі гэта я пісаў! Ды я і пісаць разумна не ўмею! Ды і не ведаю, дзе гэта радыё! Ганна!

Ганна не азірнулася. Пайшла. Гастрыт сумна глядзіць ёй услед. Васіль — на Гастрыта.

Гастрыт. Расстроіў толькі бабу з-за глупства…

Васіль (выцягвае са штаноў дзягу). Здымай штаны!

Гастрыт. Што-о-о-о?!

Васіль. Здымай штаны, падла, я цябе вучыць буду!

Гастрыт. Ну-ну-ну!

Васіль (наступае на яго). Асталоп! Пень! Гастрыт! Бульдозер пракляты! Што ў цябе пад сарочкай?!

Гастрыт (таксама завёўся). Рэбры ў мяне пад сарочкай! І пуп!

Васіль. А

сэрца?! Дзе тваё сэрца?! Радасць у чалавека была!!! Яна ж без яе ўсё жыццё сваё!!! Адна ўсё жыццё… Гаротніца, а ты…

Гастрыт. А я не дазволю! Не дазволю ўсяму народу, усяму гасударству галаву дурыць! Мільёны людзей падманваюць! У мяне таксама дзеці! Але ж я не хачу, каб мне па радыё гусей спявалі! Па нашаму радыё толькі праўду перадаюць! І нечага…

Васіль (махнуў рукой). Што з табой гаварыць! Цяпла ў цябе, чалавеча, няма… Хоць сто гадоў яшчэ пражыві — не даведаешся пра самае галоўнае…

Гастрыт. Пра што гэта?

Васіль. Навошта мы, людзі, з таго свету на гэту зямлю прыходзім? Навошта жывём…

Гастрыт. Няўжо ведаеш?

Васіль. Ведаю… Даў нам Бог жыццё, каб мы ўсё гэта сагрэлі… Душамі сваімі сагрэлі! Дык грэй жа, грэй! Хаця чым табе грэць? Халодны ты…

Гастрыт. У мяне трыццаць шэсць і шэсць… Як ва ўсіх…

Васіль. Не свеціць на цябе Сонца… (Пайшоў.)

Гастрыт (услед). Сам ты!.. (Не прыдумаў, што сказаць, і змоўк.)

Зацямненне

Вечар. З'яўляецца Васіль. Доўга-доўга глядзіць на дарогу. Уздыхнуў, падышоў да калодзежа, пачынае даставаць ваду. Прыходзіць Гастрыт. У свежай кашулі, пры гальштуку нават. Сумны.

Гастрыт. Здароў…

Васіль. Зноў прывалокся? Мікіта, я сварыцца больш не буду! У мяне на цябе нерваў не хапае… Сядзі і маўчы.

Гастрыт. Маўчу! А ты раскажы…

Васіль. Што?

Гастрыт (смяецца). Як учора каня выпрошваў у старшыні… Іш ты, кавалерыст! Барон цыганскі! Каня яму трэба! Узятку нават даваў!

Васіль. Я купіць хацеў!

Гастрыт. Навошта ён табе?

Васіль. Адчапіся!

Гастрыт. Скажы нашто — адчаплюся!

Васіль. З канём я сам сябе пракармлю. А так, год-два, я ж дзяржаве на шыю сяду, як і ты!

Гастрыт. Я не на шыі! Я на пенсіі!!! І што чалавеку яшчэ трэба? Усё ёсць, гасударства пра яго клапоціцца, пенсію плоціць, а ён…

Васіль. Гэтымі грашыма сына ад мяне адбілі… Пяты год немаведама дзе бадзяецца, бацьку роднага забыў…

Гастрыт. Пры чым тут пенсія?

Васіль. А пры тым: ведае ён, што мне яе даюць… А раз даюць, значыць, з голаду не здохну! А не здохну з голаду — навошта ж пра мяне клапаціцца, пісьмы пісаць: як ты там, бацька, жывеш-маешся ў нашых неперспектыўных Вежках? Ведае: рубель ёсць, сталоўка ёсць — накормяць якім-небудзь гуляшом! А я б, здаецца, крапіву з лебядой еў, каб толькі ўнука ці ўнучку за руку павадзіць…

Поделиться с друзьями: