Воўчая зграя
Шрифт:
Пры ручаі каля будана санчасці ўжо сядзела некалькі чалавек параненых, Ляўчук дачакаўся свае чаргі, і доктар упоцемку, збольшага абцёршы пякучым перакісам вадароду скрываўленае плячо, туга абкруціў яго бінтам.
— Сунь руку за пазуху і насі. Нічога страшнага. Праз тыдзень можаш кувалдай махаць.
Каму не вядома, што добрыя словы дактароў часам лечаць лепей за іхнія лякарствы? Ляўчук, здаецца, адразу адчуў, як зменшыўся боль у плячы, і падумаў, што ўранку зноў вернецца на Доўгую граду ў роту, а спярша паспіць. Найперш ён хацеў выспацца — цяпер ён займеў на гэта поўнае права.
Пасля нядоўгай трывогі ён, здаецца, зноў задрамаў пад елкай на яе мулкіх пакручастых каранях, як зноў адчуў недалёкі
— Не пайду я. Не пайду нікуды…
Клава Шарохіна, атрадная іх радыстка! Яе звонкі мілагучны голас Ляўчук пазнаў бы за кіламетр сярод сотні другіх галасоў, а цяпер яна была побач, у дзесяці кроках ад ягонай елкі. Сон Леўчукоў амаль што мінуўся, хоць ён і не мог яшчэ расплюшчыць вачэй, толькі павёў пад ватоўкай балючым плячом і зацяў дыханне.
— Як гэта — не пойдзеш? Як не пойдзеш? Што ж мы тут табе, радзілку адкрыем? — злосна гуў знаёмы басок іх новага начальніка штаба, нядаўняга камроты-адзін. — Пайкін!
— Я тут, таварыш начштаба.
— Адпраўляйце! Зараз жа адпраўляйце разам з Ціханавым! Да Язмінак неяк дабяруцца, а там у Лескаўца перабудзе. У Першамайскай.
— Не пайду! — зноў пачулася з цемры роспачна-жаллівае ў сваёй бездапаможнасці пярэчанне Клавы.
— Зразумейце, Шарохіна, — з лагодаю ўмяшаўся ў гаворку Пайкін. — Вам нельга тут. Вы ж самі сказалі: пара.
— Ну і хай!
— Заб'юць жа к чортавай матары! — здаецца, не на жарт зазлаваў начштаба. — На прарыў жа ідзём, на пузе паўзці прыйдзецца! Ты гэта разумееш!
— Хай забіваюць!
— Хай забіваюць — вы чулі? Мы яе ратуем, а яна думае, каб немцы забілі!
Настала прыкрая паўза, чутно было, як ціхенька хліпала Клава, недзе зводдаль ездавы разы два сцебануў каня, прабурчаў: «Каб цябе, ваўкарэзіна!..» Пэўна, тут некуды збіраліся, пераязджалі, ці што, але Ляўчук усё яшчэ не прачынаўся, не гнаў ад сябе сну і нават не расплюшчыў вачэй — наадварот, затаіўся, перацяў дыханне і чакаў.
— Пайкін! — паспакайнелым тонам сказаў з цемры начштаба. — Садзіце на воз і адпраўляйце. З Леўчуком адпраўляйце — калі што, ён дагледзіць. Але дзе Ляўчук? Ты ж казаў — тут?
— Тут быў. Я перавязваў.
«Ну, во табе і паспаў!» — амаль з роспаччу падумаў Ляўчук, але ўсё яшчэ не кратаўся, нібы спадзеючыся, што, можа, замест яго паклічуць іншага.
— Ляўчук! Га, Ляўчук! Грыбаед, дзе Ляўчук?
— Ды тут недзе спаў! Я бачыў,— па-здрадніцку прагучаў сіпаты голас ездавога санчасці Грыбаеда, і Ляўчук моўчкі сам сабе вылаяўся: ён бачыў! Хто яго прасіў бачыць?
— Шукайце Леўчука! — распарадзіўся начштаба. — Кладзіце на воз Ціханава. I цераз грэблю. Пакуль яшчэ геную дзірку не заткнулі. Ляўчук! — напаследак злосна гукнуў начальнік штаба.
— Я! Ну што? — таксама са злосцю, якую ён цяпер не лічыў патрэбным таіць, адгукнуўся Ляўчук і, не спяшаючыся, вылез з-пад навіслага да самай зямлі галля елкі.
У змроку лесавой ночы ні д'ябла не было відаць, але па невыразных рухах навокал, сцішаных галасах сям і там, нейкай трывожнай начной ажыўленасці ён ужо зразумеў, што стойбішча знімалася з месца. З-пад елак выехалі вазы, возчыкі, тупаючы ў цемры, запрагалі коней, нехта варушыўся паблізу, і па шорхаце плашч-палаткі на рослай постаці Ляўчук пазнаў начальніка штаба.
— Ляўчук! Топкую грэблю знаеш?
— Ну, знаю.
— Давай Ціханава адвязеш. А то прападзе хлопец. У Першамайскую брыгаду адвязеш. Цераз грэблю. Разведка вярнулася, кажуць, дзірка, можна праскочыць.
— Ну во яшчэ! — з адкрытай непрыязнасцю сказаў Ляўчук. — Чаго я ў Першамайскай не бачыў! Я ў роту пайду.
— Якую роту! Якую роту, калі ты паранены? Пайкін, куды
ён паранены?— У плячо. Кулявое касацельнае.
— Ну во, касацельнае! Так што давай на грэблю. Во павозка пад тваю каманду. I гэта… Клаву захопіш.
— Тожа ў Першамайскую? — насцярожыўся Ляўчук.
— Клаву? — начштаба асекся. Мусіць, ён не меў пэўнай думкі, куды лепш адправіць гэтую Клаву, і тады з цемры ціха азваўся Пайкін:
— Клаву лепш бы ў вёску якую… Да бабы… Да якой вопытнай бабы…
— Бабы, бабы! — незадаволена перадражніў яго Ляўчук і адвярнуўся, леваруч пасоўваючы на дзязе грувасткі нямецкі кабур з парабелумам, які намуляў сцягно. — Не хапала яшчэ…
Наконт Клавы ён ужо ведаў, у чым была прычына, здагадваўся, толькі і ў сне не бачыў гэткага сабе клопату — усе ідуць на прарыў, а яму адбівацца невядома куды, аж у Першамайскую брыгаду, ды яшчэ пры такой кампаніі: Грыбаед, Клава, гэты дахадзяга Ціханаў… Ляўчук, як толькі прыйшоў паранены з Доўгай грады, прыкмеціў яго — дэсантнік ціха ляжаў каля будана санчасці, накрыты нейкай радзюжкай, з-пад якой тырчала яго, як цюрбан, абматаная папяровым нямецкім бінтам галава. Вочы яго былі таксама завязаны, ён не кратаўся і, здаецца, не дыхаў нават, і Ляўчук з незразумелай асцярогай прайшоў міма, падумаўшы, што, мабыць, адфарсіў дэсантнічак. Ды і гэтая Клаўка… Быў час, калі Ляўчук палічыў бы за шчасце праехацца з ёй які кіламетр па лесе, але не цяпер. Цяпер Клаўка яго не цікавіла.
Вось жа чортава гэтае раненне, колькі яно задало яму клопату, і, мяркуючы па ўсім, колькі яшчэ наперадзе! Ці блізкі свет гэта Першамайская брыгада, паспрабуй дабрацца да яе праз фашыстоўскую асаду, мала што кажа разведка: дзіра! Яшчэ невядома, якая і куды там дзіра, — сам з сабой разважаў Ляўчук. Лепш бы ён не паяўляўся ў гэтай санчасці і не аддаваў Кісялю свой кулямёт.
Ляўчук наважыўся ўжо быў пасварыцца ды вярнуцца ў роту, мабыць бы, ротны не выгнаў, і ён бы зноў ваяваў нароўні з усімі, чым перціся невядома куды. Але калі Ляўчук памкнуўся сказаць аб тым, дык сказаць ужо не было каму. Начштаба пайшоў, толькі затрашчала ў хмыззі яго плашч-палатка, а Пайкін і яшчэ хутчэй знік у цемры. Побач адно пасцёбваў хвастом па аглоблях конь, ля якога, папраўляючы збрую, тупаў Грыбаед ды, ціхенька шморгаючы носам, стаяла ля воза роспачная, адзінокая Клава. Мабыць, яна чакала цяпер ягонай каманды сядаць, і Ляўчук, не зважаючы ні на кога, вылаяўся:
— Падсуропілі, начальнікі! Ну ладна, трасцу вашай матары!
3
Яны паехалі лесам чорт ведае куды і як: фурманка часам ледзь не пераварочвалася на нейкіх то ямах, то выварацінах, голле бязлітасна драла, шкрабло, сцёбала па возе і па седаках. Ляўчук, угнуўшы голаў, каб не выдрала вочы, і асцерагаючы пад накінутай ватоўкай плячо, ужо згубіў адчуванне напрамку. Добра, што Грыбаед, здаецца, ведаў тутэйшыя мясціны і не пытаўся пра шлях, конь некуды тупаў, з немалой натугай цягнучы за сабой воз — думалася, што едуць правільна. Ляўчук, яшчэ не адмяклы ад свае злосці, не размаўляў ні з кім, толькі слухаў, як бахала навакол і больш за ўсё ззаду; часам дзесь нізка загаралася ракета, і яе зыркае святло дзівоснай мітуснёй праносілася па вяршаллі дрэў, падсвечваючы і без таго светлаватае летняе неба.
Неяк прадраўшыся праз глухую гушчэчу, яны ўрэшце ўзбіліся на лесавую дарожку, фурманка пайшла спакойней, і Ляўчук усеўся трошкі зручней — пасунуўся, каб не навальвацца на нерухомае сцягно дэсантніка. Можна было падумаць, што той у непрытомнасці або заснуў, і Ляўчук ціхенька пацягнуў за ствол яго аўтамат, які замінаў і яму і па-раненаму, ды, мусіць, і Клаве, што месцілася ззаду фурманкі. Але як толькі Ляўчук пацягнуў трохі мацней, Ціханаў раптам ачнуўся, залапаў побач рукой і сцяў аўтамат за шыйку прыклада…