Воўчая зграя
Шрифт:
— Піць… Піць дайце…
— Што? Піць? Зараз, зараз, браток. Зараз мы цябе напоім, — спачувальна азваўся Ляўчук. — Грыбаед, а ну схадзі, паглядзі, мо ручай дзе.
Грыбаед уставіў у вінтоўку затвор і нетаропка завалюхаў у тумане берагам, а Ляўчук зірнуў на Клаву, якая ціхенька дрыжала на пожні. Зачатак нейкага жалю ўшчыкнуў яго адчуванне, і ён скінуў з мокрага пляча падмочаную сваю ватоўку.
— На, ахініся. А то…
Клава ахінулася і зноў лягла бокам на травяны пракос.
— Піць! — зноў патрабавальна прамовіў паранены і ўсхапіўся, нібы спалохаўся чагось. Клава, прыўстаўшы, прытрымала яго.
— Ціха, ціха! Зараз прынясе піць.
— Клава? —
— Ды тут, за балотам. Ляжы, ляжы…
— Мы прарваліся?
— Амаль што. Ты не бойся,
— Дзе доктар Пайкін?
— Пайкін?
— Нашто табе Пайкін? — сказаў Ляўчук. — Пайкіна няма тут.
Ціханаў памаўчаў і раптам, нібы штось западозрыўшы, спалохана залапаў вакол па пожні.
— Аўтамат! Дзе мой аўтамат?
— Тут твой аўтамат. Куды дзенецца, — сказаў Ляўчук.
Але паранены патрабавальна працягнуў руку.
— Дай аўтамат!
— На, калі ласка. Што толькі ты з ім рабіць будзеш?
Слепа прыгробшы да сябе аўтамат, дэсантнік супакоіўся, але гэты яго супакой быў напружаны, як перад новым рыўком. I сапраўды, неўзабаве без усякай сувязі з папярэднім Ціханаў сказаў:
— Я памру, ага?
— Чаго гэта ты памрэш? — знарок грубавата папракнуў яго Ляўчук. — Вынесем, жыць будзеш.
— Куды… Куды вы мяне несяце?
— У адно харошае месца.
Ціханаў памаўчаў, быццам памеркаваў аб чымсьці, і патрабавальна сказаў:
— Паклічце доктара!
— Каго?
— Доктара! Пайкіна паклічце. Ці вы аглухлі? Клава!
— Доктара няма тут. Ён недзе пайшоў,— знайшлася Клава і лагодна пагладзіла дэсантніка па рукаве.
Той прыкусіў засмяглыя вусны і сказаў запалым голасам:
— Як жа?.. Мне трэба ведаць. Сляпы я… Нашто я сляпы? Я не хачу жыць…
— Нічога, нічога, — сказаў Ляўчук. — Яшчэ будзеш бачыць. Пацярпі крыху.
— Мне трэба… Мне трэба ведаць… Паранены заціх на паўслове, Ляўчук з Клавай пераглянуліся — во яшчэ клопату! I Клава ціха сказала:
— Не пашэнціла Ціханаву.
— Яшчэ як сказаць, — не згадзіўся Ляўчук. — Вайна не скончылася, яшчэ невядома, каму пашэнціла, каму не.
Неўзабаве Грыбаед прынёс у шапцы вады, але дэсантнік ляжаў нерухома і не азваўся на яго прапанову напіцца. Ездавы нерашуча патаптаўся з шапкай у руках, з якой па пальцах лілася вада, потым выліў яе на траву.
— Кацялка няма? — запытаў Ляўчук.
— Няма.
— Эх ты, дзед-Грыбаед! Не запаслівы ты.
— Я такі дзед, як ты ўнук. Мне сорак пяць гадоў усяго! — здаецца, пакрыўдзіўся ездавы.
— Табе? Сорак пяць?
— Ну.
— Глядзі! А я думаў, што шэсцьдзесят. Чаго ж ты такі стары?
— Таго, — крыўдліва ўхіліўся ад адказу Грыбаед.
— Ну ладна, — уздыхнуў Ляўчук. — Трэба б паглядзець, мо дзе вёска якая?
— Залоззе тут недзе, — стрымана, быццам усё крыўдуючы, адказаў ездавы. — Ну. Недзе Залоззе павінна быць. Не спалена яшчэ было.
— Тады пойдзем.
— А калі гэта самае… А калі там немцы? Мусіць жа, іх тут налезла, як тараканаў. Хай іх чорт дзярэ!
Калі там немцы, дык ісці, вядома, не выпадала, напэўна, лепш было б разведаць спярша аднаму, а астатнім пачакаць дзе ў кустах. А то ў выпадку чаго з іхняю ношай не надта спрытна будзе, каб выкруціцца. Толькі чакаць тут, ля гэтай макрэдзі, было пакутай, да таго ж на пакошы заварушылася Клава.
— Ляўчук, трэба ісці,— са стрыманай, але пільнай патрэбай сказала яна.
— Ну во, бачыш! Трэба, значыць, ісці.
Яны
памалу, па адным паўставалі на ногі, узвалілі на каня параненага, які і цяпер не выпускаў з рук аўтамата. Трымаючы зброю, Ціханаў супакоена аблёгся грудзямі на слізкую, выпацканую тванню конскую грыву і звесіў долу рудую, у бінтах галаву. Абапал прытрымліваючы яго, яны павялі каня па пракосу на край пожні, дзе, здаецца, пачыналася поле — кустоўе там меншала. Ззаду за канём, неяк квола і асцярожна ступаючы, ішла Клава.Неўзабаве між чэзлых альховых кустоў і ляшчынніку яны выбіліся на адкрыты ўзлесак у нейкім лагу і павярнулі ўбок, па-над кусцікамі, каб не надта вылазіць на адкрытае месца. Згаладнелы конь раз за разам угінаў галаву і на хаду хапаў з-пад ног хамлакі травы, паранены тады ледзь не падаў з яго спіны, і яны як-кольвечы ўтрымлівалі яго. Грыбаед злосна піхаў каня кулаком у бок.
— Ціха ты, ваўкарэзіна. Не нажарэшся…
— Ну нашто так? — пярэчыў Ляўчук. — Ён жа жывы, есці хоча.
Тым часам развіднела. Тут, зводдаль ад балота, туману ўжо амаль не было відаць далей; убаку, над лесам, барвовым пажарам запалаў край неба, вось-вось павінна было ўзысці сонца. У суцэльнай ранішняй засені намоклых людзей люта прабірала золкасць і калацілі дрыжыкі. У мокрай вопратцы ісці было дужа нязручна, чвякалі ногі ў раскіслых ботах. У Леўчука да таго ж балела плячо. Стараючыся як мага меней ім кратаць, ён левай рукой прытрымліваў пад паху дэсантніка, а сам усё шарыў позіркам па баках, чакаючы, калі пакажацца тое Залоззе.
Але, мяркуючы па ўсім, мясціна тут была лясная і даволі-такі дзікаватая, мусіць, да вёскі яшчэ было далёка. I яны памалу ішлі і ішлі, пасля апантанае балотнай ночы ледзьве перастаўляючы ногі і з натугай адганяючы ад сябе сон. Ляўчук, збыўшы з галавы той клопат з балотам, цяпер трохі паспакайнеў і ўсё думаў, як там абышлося на грэблі: ці прарваўся атрад, ці не? Калі не, дык сёння будзе там ліха, гэтых карнікаў наперла тут процьма, а ў іх даўно ўжо было тугавата з патронамі, а гранат дык і зусім, мусіць, не засталося. Камандзір увогуле правільна рашыў прарывацца, толькі каго яны пусцілі на грэблю, ці не тылы з санчасцю, якія, канечне, там і паляглі. Паспадзяваліся на разведку, называецца.
Некалі Ляўчук таксама быў у разведцы і ведае цану некаторых яе дакладаў. Ідуць у разведку, і многае, калі не ўсё, наконт ворага — цёмная ноч, а начальства патрабуе яснасці, ну і, вядома, шмат што залежыць ад фантазіі той самай разведкі. I ён раптам успомніў, як ранняй вясной, таксама будучы разведчыкам, ездзіў у Кіраўскую брыгаду па першую ў атрадзе рацыю, якую спецыяльна для іх прыслалі з Масквы.
Тая навіна наконт рацыі, памятае, нарабіла нямала радаснага клопату ў іх атрадзе — жарты сказаць, яны будуць мець сувязь непасрэдна з самым галоўным партызанскім штабам у Маскве. Узварушаныя камандзіры нават правялі з гэтай нагоды мітынг, выступалі партызаны, камісар Ільяшэвіч, — абяцалі, кляліся. У няблізкі паход для сустрэчы радыстаў вылучылі трох лепшых разведчыкаў на чале з Леўчуком, які тады таксама быў лепшы, не тое што цяпер. Надвячоркам перад выездам камісар з начальнікам штаба доўга інструктавалі іх: як ехаць, што ўзяць, як сябе паводзіць з гасцямі, што казаць і чаго не трэба. Такога інструктажу Ляўчук не памятаў ні да таго, ні пасля — адпраўлялі, як на самае важнае заданне, і яны хваляваліся, як не хваляваліся нават тады, калі ішлі, пераапранутыя, у Шаблоўскі гарнізон дамаўляцца з паліцаямі наконт пераходу тых на бок партызан.