Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Воўчая зграя

Быкаў Васіль

Шрифт:

— А ну, рушылі!

Грыбаед тузануў за аброць, конік даверліва ступіў раз і другі, высіліўся з усяе моцы, воз трохі скрануўся і стаў.

— Давай, давай!

Яны ўдвух не на жарт упрэгліся разам з канём, Ляўчук цягнуў за аглоблю, Грыбаед з другога боку за аброць і за гуж, конік біўся, тузаўся, усё глыбей патанаючы ў чорную гразь, якую ён каламуціў вакол нагамі. Але ён стараўся. Ён смела ішоў, здавалася, у самую прорву, куды яго ні вёў ездавы, звыш-конскім намаганнем цягнуў за сабой фурманку, якая ўжо па скрынку засядала ў дрыгве. Ўжо ўсе былі ля яе па пояс у вадзе, ушчэнт перапэцканыя тванню, па твары і па спіне Леўчука ліўся пот. Ззаду, як магла, папіхала фурманку Клава.

Здаецца, яны да ранку пракараскаліся на гэтай бездані, а канца балоту ўсё не было. I тады наспеў час, калі яны ўсе спыніліся і змоўклі.

Грузнучы ўсё глыбей, яны трымаліся за аглоблі і фурманку, а бедны іх конь выцягнуў наперад галаву, каб як дыхаць; здавалася, каб не воз ззаду, дык ён бы паплыў па гэтай багне. Толькі куды было плыць?

Паганы чарвячок вінаватасці і сумнення заварушыўся ў душы Леўчука, які пашкадаваў ужо, што сунуўся ў гэта балота. Можа, сапраўды лепш было б ехаць на грэблю — авось і праскочылі б. А цяпер ні ўзад ні ўперад, хоць ты чакай світання. Ці кідай тут воз і нясі на сабе гэтага дэсантніка. Добра яшчэ, што не скардзілася Клава, трывала ўсё моўчкі і ў меру сваіх сіл неяк яшчэ папіхала фурманку.

— Во ўлезлі, дык улезлі!

— Я ж казаў, ага, — ахвотна падхапіў Грыбаед. — Улезлі, як дурні якія, як вылезем цяпер?

— Можа, з кіламетр праехалі,— азвалася ззаду Клава. — О божа, я ўжо не магу…

— Трэба назад, — сказаў ездавы — А то і каня ўтопім, і гэтага. Дый самі. Тут ёсць вокны — ого! Па галаву — і яшчэ застанецца.

Ляўчук разгублена выціраў рукавом лоб і маўчаў. Ён сам не ведаў, што цяпер рабіць, куды падацца: назад ці ўперад. Ды і сілы ўжо амаль не заставалася ні ў каня, ні ў людзей, яны ўжо выматаліся як мае быць. Сапраўды, чым так выкладвацца, падумаў Ляўчук, лепш бы паспрабаваць паткнуцца на грэблю.

— Чакайце! — крыху аддыхаўшыся, сказаў ён. — Я пагляджу.

Ён зноў палез у багну, стараючыся як мага менш пялёскаць у ёй, і ў адным месцы так шугануў, мабыць, у акно, што ледзьве не схаваўся ў ім з галавой. Неяк усё ж выкараскаўся на купіну, але і купіна дрэнна трымала яго, усё ніжай асядаючы пад ваду — на такой купіне не доўга ўседзіш. Тады ён рэзка павярнуў убок, як здавалася яму, не ўпоперак, а ўздоўж балота, бо ўжо думалася не пра тое, як хутчэй адолець яго, а хоць бы не ўтапіць каня і не ўтапіцца самому. Сапраўды, тут, мабыць, была самая глыбіня, вадзяныя прагаліны сталі шырэйшыя, менш стала травы, а кустоўе лазы і алешніку зусім знікла. Тут ужо ў самы раз была б лодка, а не конь з возам, і Ляўчук каторы ўжо раз вылаяў сябе за неасцярогу.

Як няздатна ўсё атрымалася, мусіць, трэба вяртацца…

З гэтай яшчэ канчаткова не аформленай думкай ён і павярнуў назад і як-кольвечы дабраўся да фурманкі, якая цярпліва замерла сярод багны з дзвюма апануранымі постацямі ў тумане. Яны цярпліва чакалі яго рашэння, яго слова аб тым, куды і як рухацца далей, бо неўзабаве павінен пачацца ранак, і тады ім на голым балоце не месца.

Але Ляўчук яшчэ не дайшоў да іх і нічога яшчэ не надумаў, як недзе ў недалёкай начы імклівым рэхам пакаціўся па лесе стрэл. Праз секунду яму адказаў другі, траскотна ўдарыла кулямётная чарга, глуха і важка кахнуў мінамёт і міна, завішчэўшы ў самае высі неба, неўзабаве разарвалася ў лесе. I тут пачалося: закалацілася, задзігала, загрукацела — дзіва, адкуль што і ўзялося ў гэтай соннай туманнай ночы.

Яны ўсе знерухомелі, дзе стаялі, Ляўчук, разявіўшы рот, упіўся ў ноч слыхам і хацеў што-небудзь убачыць, але праз туманісты змрок нічога не было відаць. I раптам злая здагадка амаль узрадавала яго:

— На грэблі, ага?

— На грэблі,— паныла пацвердзіў Грыбаед.

Яны зноў сціхлі, знерухомелі перад агромністасцю начной бяды, якая абрынулася на іншых, а вельмі проста магла б абрынуцца на іх чацвярых. Цяпер усіх дапякала адна толькі думка: хто каго? Але тут, мусіць, і думаць не было чаго — стралялі немцы. Страчылі з таго, іх боку. Зноў жа, і мінамёты, — мабыць, у іх атрадзе не было мінамётаў. Значыць, нехта ўсё ж не ўтрымаўся ад спакусы праскочыць па гаці, паспадзяваўшыся на разведку, і цяпер вось расплачваецца. Цяпер там незайздросна.

I Ляўчук, здрыгануўшыся ад золкасці ці ад усведамлення свае нечаканай удачы, раптам са злым папрокам накінуўся на сваіх памагатых:

— Ну во, вашай матары! А вы — назад! А ну давай упярод! З усяе сілы ўпярод! Раздва, узялі!

Прыслухоўваючыся да страляніны, яны зноў узяліся папіхаць і цягнуць фурманку, сцябаць і крычаць на знясіленага мокрага коніка. Аднак сілы

іх былі ўжо не тыя, што спачатку, і фурманку, відаць, засмактала як мае быць. Марна правалэндаўшыся з ёю хвілін дваццаць, Ляўчук разагнуўся. Страляніна на грэблі ўсё калаціла лясны абшар. Тады ён, крыху спачыўшы, зноў палез у туман, беручы то ўлева, то ўправа, шырока мацаючы ў багне нагамі. Добра, што боты ў яго былі скураныя, не кірзачы, набрыняўшы цяпер у вадзе, яны селі, шчыльна абляпілі ногі і не звальваліся — інакш бы ён хутка застаўся босы. Ён рашыў найперш знайсці які шлях на бераг, калі толькі сам дзе не шусне з галавой у прорву, а пасля ўжо тым шляхам вывесці за сабой фурманку. Цяпер ён не зважаў на глыбіню, усё роўна па плечы быў мокры, ён толькі хапаўся рукой за куп'ё і дзе ішоў, а дзе плыў, рассоўваючы грудзьмі густую цёплую твань. Слых ягоны пры гэтым увесь час лавіў гукі бою на грэблі, якія то заціхалі, то ўсчыналіся зноў, і не зразумець было, хто там браў верх. Можа, збілі нашы нямецкі заслон, а можа, заслон да рэшты перастраляў партызан.

«Ну і дурні,— думаў Ляўчук. — Чаго было перці ўсім на ражон, лепш ужо так, па балоце. Калі толькі там, за балотам, таксама не заселі немцы…»

На дзіва цяпер яму ўжо не здавалася страшным балота, хутчэй наадварот: страшнае было на дарозе, на грэблі, а балота не першы ўжо раз укрывала яго, ратавала, цяпер ён проста любіў балота. Калі б толькі яно не было бяздоннае і, вядома, не дужа бяскрайняе.

Неяк неўпрыцям ён згледзеў над туманам вяршалле кустоў і зразумеў, што гэта бераг. I сапраўды, праз якіх дваццаць крокаў балота ўраз скончылася, за нешырокай асакаватай паласой былі кусты алешніку, перад якім ляжала сенажаць з пракосамі свежай травы. Ён не стаў нават вылазіць на сухое, узрадавана павярнуў назад, у багну, да свае фурманкі. Гэты раз ён ледзьве не згубіў яе, прайшоў у тумане міма і толькі тады пачуў ззаду ціхае пялёхканне каня і вярнуўся. Клава сядзела на паўзатопленым возе, відаць, ратавала ад вады дэсантніка. Грыбаед плёхаўся каля каня, не даючы, каб таго зусім засмактала багна.

Яны маўкліва дачакаліся, калі ён падыдзе бліжэй.

— Во што! — сказаў Ляўчук, хапаючыся за аглоблю. — Трэба паасобку. Распрагай каня, перавязём Ціханава, пасля, можа, фурманку. Бераг тут, недалёка…

4

Пачынала світаць, калі ў белым, нібы малако, згусцелым тумане яны выбраліся ўрэшце з балота. Непрытомнага дэсантніка вывезлі конна, узваліўшы на мокрую конскую спіну, з бакоў яго падтрымлівалі Грыбаед і Клава, Ляўчук вёў каня. Ездавы, апроч таго, валок дугу і сядзёлку, якія ён не захацеў кінуць у балоце, дзе застаўся затоплены іх воз. Але воз яны мелі надзею знайсці ў якой вёсцы, быў бы конь ды збруя.

На беразе ў іх ледзьве хапіла сілы, каб зняць з каня абвялае цела дэсантніка, якога паклалі ў пракосе на ахопак волкай ад туману травы, і самі пападалі тут жа. Ляўчук задраў ногі, выліў з левага бота гразь, з правага яна выцякала сама праз дзірку. Грыбаед улетку хадзіў па-сялянску, босы, і цяпер з нагамі не меў вялікага клопату, а, выняўшы з вінтоўкі затвор, прадзьмуваў забіты гразёю ствол. Побач ціхенька ляжала Клава, і над усімі, нізка звесіўшы галаву і дыхаючы запалымі бакамі, стаяў іх конь з мокрым хамутом на шыі.

— Ну во! А вы казалі! — з няпэўнай задаволенасцю выдыхнуў Ляўчук.

Ён адным вухам лавіў нячастыя ўжо стрэлы на грэблі, а другім прыслухоўваўся да навакольнай, паволі святлеўшай прасторы — цяпер якраз пачыналася самае небяспечнае, бо тут на кожным іх кроку маглі аказацца немцы. Стрымана пазіраючы сюды-туды, каб быць гатовым да ўсякай нечаканкі, ён левай рукой дастаў з адмяклай скураной кабуры свой парабелум, абцёр яго аб траву. Дзве кардонныя пачачкі з патронамі раскіслі ў вадзе, і ён выкінуў іх, ссыпаўшы патроны ў кішэню. Затым падабраў з зямлі аўтамат Ціханава. Дэсантнік, здаецца, усё быў без памяці і толькі мармытаў нешта, пакуль яны валэндаліся з ім на балоце. Шкада, што пры аўтамацё быў усяго адзін дыск, Ляўчук адняў яго, паважыў у руцэ — дыск, мусіць, быў поўны. Патрохі яны адпачывалі, вяртаючы рэшту страчаных сіл. Але адпачынак нёс свае клопаты: рабілася холадна. Мокрая вопратка сцюдзяніла цела, а сушыцца пакуль што не было як, мабыць, давядзецца чакаць, калі ўзнімецца сонца. Хоць неба над лесам зусім паяснела, але да ўсходу яшчэ заставалася з паўгадзіны. I тады на сырым травяністым доле заварушыўся паранены.

Поделиться с друзьями: