Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Воўчая зграя

Быкаў Васіль

Шрифт:

Якраз быў сакавік, канец зімы, пачыналася прадвесне, удзень добра раставала, але ноччу пад ранак дарогі былі як шкло, санкі беглі са звонам і шоргатам, а цокат капытоў па лядку быў чутны за тры кіламетры. За адну ноч яны адмахалі шэсцьдзесят кіламетраў і з'явіліся ў штабе Кіраўскай, дзе і сустрэлі сваіх радыстаў. Старшы з двух быў сержант Ляшчоў — немалады перахлябісты чалавек з нездаровым тварам і пракуранымі да жаўцізны зубамі, які ім не спадабаўся з першага разу: надта ўжо дэталёва пачаў высвятляць, дзе немцы, як яны паедуць, а ці добрыя сані, і ці ўкормлены коні, і ці ёсць чым укрыцца, бо ў яго боты і тонкія анучы. Яны тады дасталі для яго папону і ўхуталі яго ногі саломай у санях, і то ён усё мёрз і наракаў на сырасць, клімат і спецыфічныя партызанскія ўмовы, якія яму былі не па натуры. Затое радыстачка ўсіх зачаравала з першага позірку, такая яна была ладная ў сваім новенькім беленькім кажушку і ў маленькіх

валёначках, якія міла рыпелі на ранішнім марозіку, вушы яе ладнай цыгейкавай шапкі былі какетліва падвязаны на патыліцы, на лоб высыпалася гуллівая грыўка, а на маленькіх руках ладна сядзелі футравыя рукавічкі з белым шнурочкам, закінутым за каўнер кажушка. Не ў прыклад сержанту, ёй тут усё падабалася, і яна без канца смяялася і распытвала, поўная захаплеНня ад лесу, бярэзніку, дзятла на хвоі. А калі па дарозе ўбачыла вавёрку, якая разгоніста лятала ў голлі, дык аж спыніла сані і пабегла за ёй па снезе, пакуль не прамачыла валёнкі. Яе смяшлівыя шчокі з ямачкамі па-дзіцячы расчырванеліся, а з прыгожых вачэй струменіла такая гарэзная вясёласць, што Ляўчук проста праглынуў язык і забыўся на ўвесь учарашні інструктаж. Ён пакутна перабіраў у галаве і не знаходзіў ніводнае здатнай фразы, якую было б дарэчы сказаць пры гэтай дзяўчыне. Іншыя таксама анямелі, аглушаныя яе дзявочай прывабнасцю, і толькі смылелі самасадам у возе, пакуль ехалі пушчай. Урэшце яна не магла не заўважыць гэтай іх ненатуральнай зацятасці і, яўна прытвараючыся, што не разумее, у чым тут прычына, спытала:

— Мальчики, ну что же вы молчите? Вроде не русские…

Тут яна, між іншым, трапіла ў кропку. З іх трох рускага не было нікога, — быў украінец Зялёнка і два беларусы, Ляўчук і Мяжэвіч. I гэты Зялёнка, які, апроч як на сваёй роднай мове, не мог ні слова сказаць на іншай, чамусь пажартаваў недарэчы:

— А мы — німцы!

I трэба ж было тады Леўчуку ў тон Зялёнку выкінуць свой яшчэ болей недарэчны жарт, аб якім і цяпер успамінаць прыкра, але хто ведаў, што так станецца? Седзячы ззаду ў санях, ён пры тых словах Зялёнкі расхінуў на сабе кажух, пад якім з зімы дзеля цяпла насіў суконны, з нейкімі галунамі і нашыўкамі нямецкі мундзір і гойкнуў: — Хэндэ хох!

Не паспелі яны што сцяміць, як іх новы раыст кулём кульнуўся з саней і зашыўся ў градку маладога ельнічку за канавай. Збянтэжаны Зялёнка прытрымаў каня, яны моўчкі, нічога не разумеючы, прыўсталі ў возе і ўтаропіліся ў ельнік, адкуль, нацэлены на іх, ужо тырчаў варанёны ствол ППШ.

— Стой! Ни с места! — прагучэў адтуль здранцвелы голас напалоханага чалавека, які ў такім стане мог зрабіць немаведама што. I ў тое ж імгненне яны здзіўлена схамянуліся ад выбуху нястрымнага і залівістага па сваёй весялосці смеху. Радыстка залівалася хвіліну, не менш, аж павалілася на салому на дне саней, і шапка з яе галавы ўпала на снег на дарозе, рассыпаўшы па каўняры кажушка цэлае бярэма светлых, ашчадна пастрыжаных валасоў.

— Ой, не могу!.. Ой, кончаюсь!..

Ужо заўсміхаўшыся, яны адначасова з засцярогай паглядвалі за канаву ў ельнічак, адкуль не адразу, з асцярогай у кожным руху вылез радыст і, не апускаючы аўтамата, стаў на дарозе, быццам не ведаючы, што рабіць, як рэагаваць на ўсё гэта і найперш на здзеклівы смех ягонай напарніцы.

Насмяяўшыся ўволю, яна падняла з дарогі шапку, акуратна падабрала ў яе бялявыя свае валасы.

— Ладно, Лещев, хватит! Посмешили партизан…

Ляшчоў тады памалу апусціў аўтамат, падышоў і бокам сеў у самым задзе саней, быццам усё яшчэ не верачы, што ён дарма напалохаўся сам і дарма напалохаў астатніх. Усе няёмка маўчалі, толькі радыстка доўга не магла аддыхацца ад свайго гарэзнага смеху.

А на другі дзень яна плакала.

Нейкі атрад на іхняй дарозе ўвязаўся ў бой з паліцаямі, і яны мусілі аб'язджаць гэтае небяспечнае месца, прыпазніліся і заначавалі ў знаёмай вёсцы ў сувязнога. Дзядзька хораша прыняў іх, напаліў у хаце і разаслаў на падлозе саламяны куль, на які яны і паваліліся спаць. Радыстка ж папрасілася на печ, маўляў, ніколі ў жыцці не спала на печы, дзе ўсё ёй было так незвычайна, цікава і нова. Яна доўга дапытвалася гаспадыні, як і што там награваецца, куды ідзе дым, якія і для чаго зёлкі тырчаць пад бэлькай і што ў мяшэчках у запечку. Перад тым, як укласціся спаць, размеркавалі гадзіны варты ў двары, хоць дзядзька і ўзяўся сам ахоўваць іх у сваім доме, ды Ляўчук не хацеў спадзявацца на аднаго дзядзьку. Каб нікому не было крыўдна, ён, як гэта рабілі ў разведцы, кінуў жэрабя — кожны выцягнуў з яго шапкі паперку з напісанымі на ёй гадзінамі варты. Усім па пары гадзін за ноч — такое работы. Яна таксама захацела стаяць нароўні з усімі і выцягнула паперку чацвёртае змены ад трох да пяці — самы нязручны і санлівы час ночы. Ляўчук прапанаваў памяняцца, ён стаяў да трох, але яна ні за што не згадзілася, яна хацела нароўні з усімі выконваць

свае партызанскія абавязкі. Ляўчук не надта настойваў, ён зважаў ёй ва ўсім і ноччу, адстаяўшы сваё, накалелы ад марозу, зайшоў у хату. На чалесніку цьмела застаўленая засланкай газнічка, храплі на саломе хлопцы, ён ціхенька пратупаў на ўмерзлых падэшвах у запечча і паклікаў яе. Яна не азвалася, а інакш пабудзіць яе ён не мог, ён проста не адважваўся дакрануцца сваёй рукой да яе востранькага ў гімнасцёрцы пляча, якое вытыркалася з-пад коўдры. Паклікаў яшчэ раз, але яна так соладка спала, што трэці раз ён клікаць не стаў, пагрэў у чалесніку рукі і выйшаў. Ён адстаяў і яшчэ дзве гадзіны — за яе, а пасля ўжо разбудзіў хлопцаў, і яны пачалі збірацца ў дарогу.

Во тады яна і расплакалася.

Плакала яна ад крыўды на сябе, што гэтак бязбожна праспала сваю першую ў жыцці баявую службу, што яны так недарэчна пашкадавалі яе. Рэшту дарогі яна была прыгнечаная і маўклівая, і Ляўчук лаяў сябе за нерашучасць, недарэчную сваю зважлівасць, але ж ён хацеў толькі як лепш — ён мераў на свой партызанскі аршын, хто ж ведаў, што ў гэтай масквічкі свае, іншыя, чым у яго, меркі.

5

Хмызняк на ўзлеску паварочваў убок, нават трохі кудысь назад, наперадзе ляжаў бульбяны палетак, а Залоззя нідзе не было відаць. Яны не надоўга спынілі каня, агледзеліся, але вёска, калі яна дзе і была, дык толькі наперадзе. У доле з-пад ног беглі кудысь свежыя, мабыць, на днях абганяныя, баразёнкі з фіялетавымі зорачкамі кветак на сакаўным лісці, і яны ўвайшлі ў бульбу. Шырэйшай баразной павялі каня, самі пайшлі поруч.

Бульбоўнік быў невысокі і не дужа замінаў хадзе. Зводдаль цягнуўся шнурок нейкіх дрэўцаў і кусцікаў, далей зноў быў лог, і за ім цямнеў хвойны лес, а дзе была тая вёска — не ўгадаць.

Яны ішлі моўчкі, колькі разоў папраўлялі на кані Ціханава, які збіваўся на адзін бок. Паранены ціха стагнаў, скрыгаў зубамі, а рукамі ўчэпіста трымаўся за прыладжаны да хамута аўтамат.

— Доўга яшчэ? — выціснуў ён праз зубы.

— Што — доўга? — не зразумеў Ляўчук.

— Мучыцца мне доўга яшчэ?

— Нядоўга, нядоўга! Патрывай трохі.

— Дзе немцы?

— Ды няма немцаў. Што ты баішся?

— Я не баюся. Я не хачу дарма мучыцца.

У словах дэсантніка гучаў яўны надрыў і пакута, увогуле зразумелыя ў ягоным стане, і Ляўчук не стаў яго пераконваць у лепшым — ён адчуваў нейкую яго праўду і нават ягонае права наракаць на іх. Ён ужо нагледзеўся на розных параненых і ведаў, што цяжкія, яны нібы дзеці — і капрызлівыя, і крыўдлівыя, і што з імі трэба па-добраму, з лагодай. Праўда, часам трэба і са строгасцю. Строгасць разумелі ўсе, хоць і не кожны раз яе дазваляла сумленне, некаторых проста было шкада.

Мабыць, яны недалёка яшчэ адышліся па той бульбе ад узлеску, як ззаду раптам устрывожана крыкнула Клава:

— Ляўчук! Ляўчук, глянь!..

Ляўчук азірнуўся на яе — дзяўчына прысядала ў баразне і, утуліўшы голаў, пазірала ўбок. Ён таксама зірнуў туды — у рэдзенькіх кусціках праз які кіламетр ад іх стаяла некалькі крытых брызентам машын і між іх сноўдалі нейкія постаці ў казыркастых шапках. Вядома, то былі немцы.

Ён толькі зірнуў туды, і нешта з паныласцю абарвалася ў яго грудзях ад жахлівае думкі — папаліся! Папаліся-такі добра, сярод поля, з канём. Цяпер што?..

Тым часам Грыбаед ужо выцягнуўся ў баразне, няблага прыкрыты бульбоўнікам, і Ляўчук тузануў на сябе цяжкое цела дэсантніка. Аднаруч ён не ўтрымаў яго, і яны разам рухнулі ў бульбоўнік поруч з канём. Ціханаў заенчыў, застагнаў, але неяк адразу сціх, а конь, апынуўшыся без апекі, спыніўся і, павярнуўшы галаву, няўцямна пазіраў у далеч.

— Во ўлезлі, дык улезлі! Гэта табе не балота, — прабурчаў у баразне Грыбаед. Побач курчыўся Ціханаў, Ляўчук памкнуўся быў да каня, каб сцягнуць з яго хамута аўтамат, але аўтамата там ужо не было, мабыць, яго, падаючы, садраў дэсантнік. Тады Ляўчук асцярожна выглянуў з бульбоўніку: машыны стаялі сабе, трохі прыкрытыя кустамі; з адной, пэўна, хтось вылез, нягучна бразнулі дзверцы. Мусіць, там пралягала дарога, і немцы спыніліся па якой часовай патрэбе. Здаецца, яны іх яшчэ не заўважылі.

А можа, яны хутка паедуць?

Партызаны паляжалі з хвіліну ў росным ад начы бульбоўніку, над лесам ужо ўзышло сонца і шырока развесіла над полем свае ранішнія зыркія промні. Мусіць, гэтыя промні трохі сляпілі немцаў, а то б на такой адлегласці яны ўгледзелі іх на полі.

Так прайшло трохі часу, а яны ўсё ляжалі, невядома чаго чакаючы і на што спадзеючыся. Ціханаў паводзіў сябе спакойна, не кратаўся і маўчаў, хоць, як здалося Ляўчуку, чуў усё, што тут з імі здарылася. Ляўчук раз-пораз зіркаў паверх бульбы адным вокам і раптам убачыў, як нехта там, на дарозе, стаў тварам да поля і глядзіць у іх бок. Мусіць, тое ж заўважыў і Грыбаед, бо хутка ён злым бурчаннем стаў адганяць каня:

Поделиться с друзьями: