Восень пасярод вясны
Шрифт:
— Ну, не плач, дзяўчынка мая, не трэба, — Сыракомля падышоў бліжэй да ложка. — Ты ж нічога благога не зрабіла. У каханні грэху няма. Праўда, дрэнна, што зрабіла ты ўсё не па выбару, а па чужому прымусу…
— Выбар быў! — усхліпнула Марыся. — Я ўсё рабіла так, як сама хацела.
— Ну то і не перажывай. Хлопец ён разумны, сумленны. Дай божа, каб усе былі такія… Хочаш, я з ім пагавару.
— Адстаньце вы ўсе ад мяне… — Марыся раптоўна адвярнула заплаканае аблічча. — Не трэба! Я з ім сама пра ўсё пагаварыла.
— Ну, як хочаш сабе, сэрданька, — Сыракомля хацеў пацалаваць Марыську, але не адважыўся. Толькі паклаў каля яе твару пралескі. — Ну, бывай! Запрашай на вяселле!
Не асмельваючыся глянуць Людвіку ў вочы, Галена выйшла ў сені, а адтуль, каб схапіць свежага паветра, — на веранду. Вакол было ціха, занадта ціха ў параўнанні з усім тым, што здарылася ў гэту ноч. Толькі каля абшморганай вяроўкамі конавязі стаяў Шэміс з віленскім кур’ерам і вёў ціхую гаворку.
— Навошта, ну навошта ты гэтак зрабіла! — Сыракомля выйшаў услед за ёй на веранду і прыпыніўся побач, каля парэнчаў.
— Каб жыццё дало табе хоць якую сатысфакцыю. Бо я ўжо яе атрымала — ад Яцака… І не чакай іншых тлумачэнняў! Кабеты часта паступаюць так, што гэта пярэчыць усялякаму розуму.
— Ты мяне заўсёды ў якую гісторыю ўцягнеш: у адну, у другую, у трэцюю! Не відзелі б мае вочы.
Галена адчула, што зараз Сыракомля ўпадзе ў істэрыку. Або зап’е смяротна — тут ці ў прыдарожнай карчме… Клін у такіх выпадках, здаецца, выбіваецца клінам…
— Вось ты мяне дакараеш… Вінавата я — нічога не скажаш… Але гэта мая віна — драбяза ў параўнанні з галоўным. Вялікая бяда звалілася на нас усіх, можа, і на цябе бокам.
— Горшага ўжо і не прыдумаеш…
— І тым не меней… Глянь онь на тыя вулеі, — Галена ведала, што найлепей яго пераканаць зрокава. — Раскідалі іх ночай. Пакет забралі — раней, чым здолелі мы. Вядома, ва ўсім я вінавата, толькі я. Нікчэмны з мяне канспіратар, маеш ты рацыю. Хаця, здавалася б, не раз ужо ездзіла… Ты ж не ведаеш: я прыязджала ў Вільню, будучы ў стане блаславёным — калі чакала сына. Везла з сабой і паперы, і зброю — і ўсё было добра. А цяпер… Думай, на каго хочаш: на Серабракова, на графа — на кожнага з нас.
— Серабракоў адпадае — не той чалавек… А ведаеш, хто мог гэта зрабіць? Толькі Грыва! Чуццё мне падказвае.
— І мы так падумалі. Яцак памчаўся, каб яго адшукаць.
— Аднак рацыі яго не разумею. Навошта яму?
— А я разумею, — Галене было халаднавата ў адной сукенцы, але неяк трывала. — Табе, мусіць, учора кінулася ў вочы падабенства яго да Марысі… Дык вось ведай: яна ўнучка Грывы, а Яцаку прыходзіцца дочкай.
— І Грыва помсціць за гонар сваёй дочкі! Усё ясна: паніч пагуляў з прыгоннай дзяўчынай, а расплачвацца прыходзіцца іншым, — у Сыракомлі зноў зварухнулася злосць да Ляшчынскага.
— Не, тут усё куды складаней і куды прасцей. Як расказваў мне Яцак, а гаварыў ён мне ўсю праўду, нібы на споведзі, сялянскай крыўды ў тым не было. Ці амаль не было… Неяк прыехаў ён з Дорпацкага універсітэта [23] , каб летам адпачыць у Анеліне, пайшоў паглядзець, як нанятыя жнеі жнуць. А там відзіць, што вядомы ўжо табе Талочка прыстае да дзяўчыны. Яна здалася яму бледнай, хваравітай і ўвогуле вартай жалю. Ён уступіўся за яе, турнуў Талочку, пагаварыў з дзяўчынай, як не гаварыў з ёй, можа, ніхто. Ну, яна, удзячная, вечарам і прыйшла да яго ў адрыну на сена. Усе жнеі пайшлі, а яна затаілася ў кустах і чакала, пакуль не сцямнее.
23
Дорпат (Дэрпт) — цяпер Тарту, універсітэцкі горад у Эстоніі.
— Ого, то гэта ў іх у крыві — прыходзіць…
— А потым яны на Гурэльскай гары спатыкаліся, на фэстах разам
бывалі… Але ўсё на свеце мае канец. Ён вярнуўся ў Дорпат, а яна зацяжарыла. ПІто яна толькі не рабіла, каб скрыць сваю ганьбу. Воўчае лыка піла і іншае атрутнае зелле. Хату за вугал падняць сілілася! Ад таго і Марыська цяпер кручаная такая… І вось прыехаў Яцак на вялікдзень дахаты, а Каруся, так звалі матку Марысі, памірае… Талочка яму сам пра тое са здзекам сказаў. Яцак пайшоў да маці, ва ўсім прызнаўся, запатрабаваў, каб Карусю перавезлі ў Анелін. Куды там — і слухаць маці не захацела, хоць сама ў маладыя гады была грэшная, праз радзівілаўскі двор у Нясвіяш прайшла. Тады Яцак устроіў гістэрыю, прыгразіў самазабойствам. І дзеля любімага сыночка Ляшчынская здалася. Карусю тайком ад яе бацькі, маці, праўда, ведала, узялі і адвезлі. Але не ў Анелін, а ў Дравянікі, да Дайнаровічаў, якіх ты ўчора тут відзеў. Каруся там пры родах памерла, дзяўчынку ж аддалі войту, а потым адвезлі ў Варшаву, у кляштар схавалі… Яцак надта перажываў усю драму, доўга не мог забыць Карусю, таму не жаніўся. А потым выпадак звёў яго ў Варшаве са мною.— Вечна выпадак: то са мною, то з ім…
— Не злуй, Людвік. З табой мы тады ўжо нават не перапісваліся. А мне ж апора патрэбна была… Папоўз ён за мной, як сам выражаўся, прызнаўся мне ва ўсіх пачуццях. А тут я пытанне яму: чаму дагэтуль не ажаніўся? Ён мне па шчырасці ўсё і выклаў. І тады я паставіла яму ўмову: аднаві справядлівасць! Пасадзі Марыську ў Анеліне, а з нас і аднаго маёнтка хваціць. Не магу я дапусціць, каб сіротка, да таго сястра майго Уладзі, крыўду ад нас цярпела… Так аказаліся мы ў Анеліне, і так усё адбылося… Гэта мне кара нябесная за грзшныя ўчынкі і думкі! Не паверыш, Людвік, учора нават зблюзніла. Уявіла: Яцак апісвае Марысьцы Анелін, ты застаешся тут з ёй, творыш у шчасці…
— Вар’яцтва нейкае, кругом вар’яцтва! Мне да Пясэцкага трэба, а ты такое выДумляеш… Лепш вушы мае не чулі б!
— А колькі разоў ты казаў мне, што хочаш знікнуць з Вільні.
— То іншае… Кінуць усё на свеце, запісацца прыгонным да пана той вёскі, дзе нарадзіўся. Гараць спакойна зямлю ў невядомасці… Праўда, цяпер і прыгону ўжо няма… А так, каб яўна пайсці ад дваццаці сваіх душ і зажыць з маладой… Не, гэта нейкае, міленькая, насланнё на цябе надышло.
— Пэўна ж насланнё! — слова «міленькая» крыху супакоіла Галену: значыць, ён, уражаны сямейнай драмай Ляшчынскіх, ужо не злуецца так, як раней. — Прыдумка дурной і зайздроснай кабеты.
— І як я цябе толькі кахаў…
— Ну, добра… Але дзе цяпер шукаць паперы? І нашто яны Грыве?
— Як нашто? Каб засадзіць вас усіх у цёмную! А самому разам з Марысяй гаспадарыць у Анеліне. Сялянская сквапнасць, міленькая, узяла верх над сялянскай прыстойнасцю. Смею нават падазраваць, што Серабракова ён сюды звёў. Бо хто ж яшчэ?
— Яцак павінен высветліць. Не хацелася ехаць яму, але неяк пераканала… Ды што тут ужо гаварыць. Давай лепей паснедаем. Гэй, панове, — гукнула Галена Каліноўскага і Шэміса. — Ідзіце сюды! Пара за стол.
У салоне гасцей ужо чакалі наздраватыя бульбяныя бліны і верашчака ў вялізнай патэльні. З увагі на пост акрашана яна была толькі бабровымі каўбаскамі, якія, паколькі бабры жывуць у вадзе, прыраўноўваліся да поснай рыбы. На стале стаялі таксама розныя халодныя закускі. Але Сыракомля нават не дакрануўся да іх. Толькі папрасіў кубак гарачай гарбаты.
— Можа, кілішак настойкі? — сама прапанавала Галена, бачачы яго бледнае аблічча. Нешта вешчавала ёй, што гэта іх апошняе спатканне.
— Не, сэрца маё, з гэтым — скончана! Трэба ж некалі пераступіць праз самога сябе. А то хочам змяніць свет, а самі з сабой справіцца не можам.