Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Восень пасярод вясны

Мальдис Адам Иосифович

Шрифт:

— Не забывайце, пане, што трутні таксама п-патрэбны. Для п-прадаўжэння роду. Гэта не дармаеды. Зрабіўшы сваю справу, яны п-паміраюць… Я баюся іншага. У век махін п-патрэбы людскія выраўняюцца, а тады і людзі стануць п-падобныя адзін на аднаго. Чым іх болей, тым яны п-падабнейшыя і тым больш адзінокія, адасобленыя п-паміж сабой.

— Але ж будзе ў гэтай адасобленасці і нешта станоўчае.

— Спадзяюся, што будзе. Калі верыць нямецкім ды французскім філёзафам, са стварэння эгаістычнага чалавек стане стварэннем грамадскім. Цяпер ён п-пераважна думае над п-працягам свайго быцця — каб пракарміць і адзець

сябе, дзяцей, а потым будзе думаць аб п-працягу быцця ўсёй людскасці.

— Абы толькі ў чалавеку звер не ўзяў верх над чалавекам, — уздыхнула Галена. Яна падумала пра Серабракова, у чыіх руках быў цяпер яе лёс, пра Грыву, які здаваўся добранькім, а аказаўся здраднікам. І як толькі яна адразу не здагадалася, што звязвае Грыву з Марысяй!

— Я згодзен з п-паняй Маеўскай, што ў кожным чалавеку сядзіць па дрымучаму калматаму зверу. Але чалавек грамадскі не дазволіць, каб ён п-прасынаўся, не п-прызнаецца нават самому сабе, што такі звер унутры яго затаіўся.

— Калі, панове, хочаце знаць, — выказаў сваю думку і Серабракоў, — найлепшая спажыва для гэтага звера — то грошы. Уласць іх, разам з разбэшчанасцю, ідзе да нас з Захаду. Таму, каб захаваць маральную чысціню, славяне павінны выставіць шчыльны кардон.

— Панове, ну колькі можна гаварыць пра высокія матэрыі, — узмалілася Янінка. — Спусціцеся на грэшную зямлю, падумайце пра сваіх суседак.

— Напоўніць кілішкі!

— Час позні ўжо. Зараз і першыя пеўні заспяваюць.

— Ага, дадому пара.

— Тады па астатняй, па аглаблёвай.

— Майму, Яцак, не трэба. А то да Дравянік не давязе. На ройсты выедзе.

— А можа, заначуеце ў нас, цёцю?

— Не, дарагі мой сястрынец. Дзякуй табе за ўсё. Наелася я ў цябе, наслухалася. За ўсё жыццё столькі блюзнерстваў не пачула… Так што неяк даедзем. Коні самі дацягнуць. Ды і многа ў вас тут народу сабралася. Пасцяліцца не будзе месца.

— А я жадаю выпіць на «незабудзь» з ясным графам, — не здаваўся Дайнаровіч. — Праштампляваць нашу дружбу. Як роўны з роўным.

Графа такая аказія не дужа ўзрадавала. Але, памятаючы пра старыя шляхоцкія традыцыі, ён высушыў да дна свой гранёны кілішак, пацалаваўся нават і тут жа папрасіў, каб Яцак адвёў яго, зморанага, адпачыць. Гаспадару нічога не заставалася, як правесці графа ў сваю спальню. Пшацескі для прыліку заўпарціўся. Але гаспадар супакоіў яго:

— Нічога, нічога, я прыстроюся на канапцы ў сваім кабінеце.

— А дзе ж пану спраўніку паслаць? — шапнула Галена. — І астатнім?

— Неяк размесцімся, — таксама ціха адказаў Яцак. — Спраўнік — вось тут, на атаманцы. Ты пойдзеш да Марысі. Шэмісаў — побач, у памаранчавы пакой. А пана Сыракомлю, можа, з віленскім госцем, як яго…

— Ім разам нельга, — яшчэ цішэй зашаптала Галена. — Людвіку трэба спакой, ён так кашляе.

— Ну, тады іх у асобных бакавушках — тых, самых далёкіх. Толькі там пасцеляў няма.

— А нічога, мы зараз з Марыськай пасцелім. Марыся, паможаш!

— Ну і засядзеліся мы, — пазяхнуў Лакуціеўскі, зразумеўшы, што ім, як самым блізкім, ніхто не скажа застацца. — Паехалі, Ядзю, развітайся са сваёй сястрыцай. Добра прабавілі час…. Вот толькі прынукі не было.

— Цішэй ты! І не забудзь развітацца з паэтам. А то так размалюе цябе ў якой гавэндзе!

— Дабранач, цёцю! Спадзяюся, што да майго

ад’езду мы яшчэ пабачымся.

— Ну, дай адвітальную буську!

— Прыемных сноў!

— Не забывайце і пра нашы нізкія парогі! Такім малінавым мёдам пачастую!

Услед за Дайнаровічамі і Лакуціеўскімі паступова ўсе, нават няцвёрды ў нагах Сыракомля, выйшлі ў сені. Па старадаўняму звычаю гаспадар вынес туды аглаблёвыя кілішкі. У салоне, ля стала, засталіся толькі Серабракоў і Каліноўскі — іх неяк зблізіла адчужанасць ад астатняй кампаніі. І тое, што сядзелі яны поруч. А можа, і нешта іншае, нейкае дзесятае чуццё.

— Прызнаюся, пане Паляноўскі, прыемна мне было з вамі правесці вечар. Такія неардынарныя думкі, такі цвярозы ўзгляд на будучыню! Адразу відаць, што пан атрымаў адукацыю ў сталічным універсітэце.

Каліноўскі збляднеў: адкуль?

— Я не зусім разумею, што п-пан хоча сказаць.

— Не палохайцеся. Я хачу толькі параіць, каб пан быў больш асцярожны.

— Аднак чаго баяцца збяднеламу шляхціцу, які верай і п-праўдай служыць найяснейшаму манарху?!

— То, можа, я пана з кім зблытаў. Але чалавек гэты, мяркуючы па апісанню, з’яўляецца вашым двайніком. Аднолькавая постаць, аднолькавыя абрысы твару і валасы. Толькі прозвішча яго, у адрозненне ад панскага, не Паляноўскі, а Каліноўскі. З’яўляецца ж ён кандыдатам правоў Пецярбургскага універсітэта. І зусім нядаўна прыбыў у Паўночна-Заходні край, каб знайсці тут работу. А ўслед за ім прыслалі са сталіцы прадпісанне: на работу не браць, мець пільнае вока! Таму што ў розных размовах і дзеяннях замечаны.

— То нашто п-пан мне ўсё гэта кажа?

— Мусіць, проста з сімпатыі. Каб пан ведаў, што яго могуць дзесьці зблытаць з тым двайніком. Такая сітуацыя пры нашых парадках не выключана.

— Калі мы п-падобныя, то і яго могуць п-прыняць за мяне…

— Але гэта будзе маска, усяго толькі маска… Усюды нас акружаюць маскі, усе мы пад чужым імем, і таму цяпер нікому пяма даверу. Разумею… Вядома, гэта дрэнна, бо, як пісаў вялікі Шэкспір, маска нішчыць чалавека.

— Давайце спадзявацца, што такі п-парадак будзе не вечна. Людзі здымуць маскі і стануць самі сабой.

— Разумею: ускладваеце спадзяванні на пажар, пра які вы тут да мяне гаварылі. Гаварылі не занадта каб асцярожна…

Каліноўскі з цікавасцю глянуў Серабракову прама ў вочы:

— Усё пан ведае!

— Служба такая… Толькі ў мяне ёсць да пана адно, як бы тут выразіцца, філасофскае пытанне. Ну, загарыцца пажар. За ім — другі, трэці. Гэта што: непазбежнасць? І так — бясконца?

— Калі б так бясконца, то гэта было б вар’яцтва. І марнай тратай с-сіл. Спадзяюся, што калісьці з’явіцца ронд, які будзе мець у сабе сілу, каб самаачышчацца.

— Якім жа чынам, дазвольце-с спытаць?

— А пры тым рондзе людзям будзе дазволена гаварыць п-праўду, мужыцкую, сярмяжную п-праўду, забароненую цяпер. Гаварыць п-публічна, у газетах. І за гэта не толькі не сашлюць у крэпасць, але яшчэ і грошы заплацяць — як за карысную для п-паспольства дзейнасць.

— Цікавае і істотнае дапаўненне да думак пана Сыракомлі! І яшчэ мне хацелася б спытацца…

Але тут у салон укуліўся зусім ап’янелы Сыракомля:

— Хто тут, міленькія, імя маё называе марна? А, гэта вы, галубчыкі! Спаць, спаць. Усім спаць!

Поделиться с друзьями: