Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Восень пасярод вясны

Мальдис Адам Иосифович

Шрифт:

— Ну добра, напішу я… А хто ж выдрукуе?

— Надрукуем! Можа, у Вільні, а можа, у Беластоку. Мяне там з адным каляярам абяцалі п-пазнаёміць.

— Слухайце, міленькі, — раптам успомніў Сыракомля, — а вам не здаецца, што нас даўно павінны шукаць! Пані Галена, гаспадар, Марыська…

— Здаецца, даўно здаецца. Але мне хацелася давесці да канца нашу гаворку. Ёсць у мяне да вас яшчэ адна справа, — прыгадаўшы Галену, Сыракомля тым самым напомніў Каліноўскаму пра тое вуснае даручэнне, якое ўчора яна перадала яму ў размове ля крыжа. — Вы ж ведаеце, што па ўсёй краіне цяпер адбываюцца маніфестацыі. Аднак, п-праводзячы іх, нібы забываюць пра Літву і пра Русь. Мы п-павінны аднавіць

гістарычную справядлівасць. Таму добра было б, каб хтосьці з імем паехаў цяпер у Варшаву і іншыя гарады, узняў тым самым новую хвалю. Ад вас нічога болей не п-патрабавалася б — толькі ад імя Літвы чытаць вершы. Такія, як «Вызваленне сялян», «Лялька», а можа, і «Добрыя весці». Каб п-прыгадаць там, што і мы існуем.

— Але ж я хворы, недалужны, а сягоння з раніцы зусім блага сябе пачуваю, — бараніўся Сыракомля.

— У крайнім выпадку вас мог бы п-падмяніць Каратынскі. Але ён яшчэ замалады, замала вядомы. А для спадмогі маглі б з вамі п-паехаць, нібы два крылы гістарычнай Літвы, ад Русі — Марцінкевіч і ад Жмудзі — Акялайціс. Думаю, яны згодзяцца, калі згодзіцеся вы.

— Усё гэта надта прывабна. Аднак жа зусім нерэальна. Пасля ўсяго, што здарылася ў Познані, мне проста не дадуць пашпарт. Пахвіснеў нізашто не дасць.

— А вы ў яго і не п-прасіце, — у Каліноўскага ўжо выспеў рэальны план. — Прасіце ў ковенскага губернатара! Там у нас у канцылярыі ёсць свой чалавек. Ён дапаможа вырабіць п-пашпарт. Што ж датычыцца Марцінкевіча і Акялайціса, то…

— Так вось вы дзе! — з-за дрэў пачуўся глухі голас Шэміса. — А я бегаю па ўсіх ваколіцах, усюды вас шукаю. Пані Галена загадала на сняданне клікаць.

— Вы там, напэўна, паправілі ўжо галовы? — не то са шкадаваннем, не то з іроніяй спытаў Сыракомля.

— Дзе там. Ва ўсіх дрэнныя гуморы, усе пахварэлі. У графа мігрэнь, і ён ляжыць, абкладзены падушкамі. Мая таксама не ўстае, фукі строіць. Бачыце, яе ўчора не так прымалі… Швагра Яцака няма — кудысьці конна памчаўся.

— А Марыся? — вырвалася ў Каліноўскага.

— Нешта не відаць яе. Можа, на кухні памагае.

— Ну, добра, тады пайшлі, — пагадзіўся Сыракомля. — Ах, як шкода, пане Шэміс, што вы спазніліся. Тут пан Ка…, прабачце, пан Паляноўскі так цікава разважаў, што трэба ўсім нам рабіць…

— Вось-вось, і мяне гэта клапоціць, іншых гервятцаў. Запал у нас ёсць, а праграма цьмяная.

— Што рабіць? — перапытаў Каліноўскі. — Вясна ідзе! Сеяць, дзецюкі, трэба. Сеяць чыстае, правеянае зерне ў сялянскія душы. Можа, ураджай і не мы сабярэм, а наступныя п-пакаленні. Але п-пасеянае некалі ж ды ўзыдзе.

— А дзе браць тое зерне?

— У сэрцах сваіх! Усё, што набалела ў с-сэрцах!

— Гэтага мала. Хацелася б мець шчыгульны план.

— Трохі п-пачакайце. Спадзяюся, што да восені ўжо будуць п-пракламацыі з канкрэтнай п-праграмай, выкладзенай народнаю моваю. Толькі каму, у выпадку чаго, іх перадаць?

— Калі гаварыць пра Гервяты, — Шэміс глянуў на Сыракомлю, але той ішоў уперадзе і, здаецца, не слухаў размовы, — то можна мне або і іншым надзейным хлопцам…

— Не бойцеся, памяць мая ўчэпістая, але не здрадная. А другі выпадак для с-сустрэчы калі яшчэ будзе.

— Завуць іх, на выпадак чаго, Ян Бумбуль і Часлаў Чапукойць. Ёсць яшчэ — ды не такія надзейныя. Часам збіраемся, аднак не ведаем, чым такім заняцца.

— А вы ў лесе збірайцеся. Пад выглядам п-палявання на ваўкоў у стралянні цвічцеся. Галоўны ж клопат — сяляне. Ад іх цяпер усё залежыць. Гэта нам толькі здаецца, што п-поступ гісторыі вызначаюць нацыі, гэта значыць народы. На самай справе ўсё вырашаюць грамадскія слаі, або, як іх яшчэ называюць, клясы…

Сыракомля тым часам, каб не замінаць у далікатнай гаворцы,

вырваўся ўперад і даволі шпарка ішоў насустрач сонцу, шастаючы пантоплямі па мінулагодняму лісцю. Цяпер у яго было адно жаданне: наталіць смагу — і хутчэй дамоў, у Вільню ці Барэйкаўшчыну. Далей ад Галены і ўсіх гэтых янінак і марысек. Бог з імі, няхай жывуць самі па сабе, не вярэдзячы яго сэрца, а ён будзе жыць сам па сабе. Пачне новае, цнатлівае жыццё. Пераступіць сам праз сябе, як тады, калі надыбаў зайца-шарака: карціла выстраліць, а не выстраліў, стрымаў сябе, бо ўсякаму ж дыханню хочацца дыхаць… Вось толькі аддасць кветачкі Галене (Сыракомля дастаў з кішэні сурдута прыплюшчаныя пралескі), папросіць чаго гарачага і знікне адсюль назаўсёды…

Галена сустрэлася на парозе салона ўчарнелая, расстроеная. Яна ўжо ведала, што паперы звечара зніклі, але хто іх узяў — Серабракоў, Грыва ці нехта трэці — упэўненасці ў яе не было. На ўсякі выпадак упрасіла Яцака з’ездзіць у Палушы і зрабіць усё мажлівае, каб знайсці Грыву. І цяпер у глыбіні душы ўжо кляла сябе, што была такая неасцярожная, хаваючы пакет на чыіхсьці вачах. І ўвогуле — што ўзялася, як Людвік сказаў, за гэтую нябабскую справу.

— Дзень добры, Галенка! Як маешся, сэрданька? Вось я табе кветачак нарваў. Паглядзі, якія цудоўныя пралесачкі,

— Нясі іх Марысьцы сваёй, — помсліва прашаптала яна замест павітання. — З кім ночку правёў, а каму пралесачкі збіраў,

— Ты што, звар’яцела? — Сыракомля схапіў яе за плечы, моцна ўстрасануў, каб прывесці ў сябе. — Нейкі шпяктакль зноў задумала? Нашто я Марысьцы і нашто яна мне?

— А гэта ты ў яе сам запытайся! Вярнуўшыся ад цябе, раніцай са мной гаварыць не захацела. Ляжыць ніцма, схаваўшы твар у падушку… Можа, ажыве, калі ты кветачкі ёй прынясеш! — голас Галены гучаў пераканана, і Сыракомля зразумеў, што для такіх абвінавачванняў у яе былі нейкія незразумелыя яшчэ яму падставы.

— Пабойся бога, Галенка! Дзецьмі сваімі прысягаю, жывымі і мёртвымі, што ўсю ноч быў я адзін! Толькі кашмарныя сны да мяне прыходзілі… Зайздрасць вуснамі тваімі гаворыць, чорная зайздрасць. Каму ўжо зайздросціць, а толькі не табе, і што за бязглуздзіцу ты прыдумала! — Сыракомля ледзь не крычаў.

— Цішэй, графа разбудзіш. Іншыя пачуюць…

— Ах, пачуюць! Дык няхай чуюць, якое ты няўдзячнае стварэнне! Я дзеля цябе ўсе кінуў, прыехаў сюды, а ты… Такую брудную плётку! Дзе тая Марыся? Не ўстае, кажаш? Ану — пайшлі да яе! — Сыракомля схапіў Галену за руку і пацягнуў за сабой. — Дзе яна? Паказвай!

Перакананая ў сваёй слушнасці, Галена не супраціўлялася. Наадварот, прайшоўшы сені, сама рашуча адчыніла дзверы пакоя, у якім правяла апошнюю ноч.

Дзяўчына ляжала, адвярнуўшыся тварам да сцяны. Але, па ўсім відалася, не спала.

— Марыся, скажы, толькі шчыра, як перад богам, куды ты хадзіла ў гэтую ноч. Вось тут пан Сыракомля…

— Пры чым тут пан Сыракомля… — Марыся ўся сцялася ад сораму і ўнутранага болю. — Ну, вінавата я, што не паслухала цёці і не пайшла, куды цёця сказала, а пайшла ў зусім іншы пакой — да маладога і вольнага. А болей, — здавалася, што Марыся вось-вось заплача, — болей я вам нічога не скажу. Хоць рэжце!

Такога павароту Галена ніяк не чакала. Выходзіць, яна выпраўляла, яна ж і асуджае. Асуджае, хоць выйшла ўсё па-другому… Галена ў адчаі закрыла твар рукамі:

— Выбач, Людвік, мне, грэшнай. Гарэць мне ў пекле векі вечныя… Але павер, Людвік, дабра я табе зычыла, угаворваючы яе, шчасця жадала!

— Куды ўжо лепшага шчасця жадаць! Тэатр устроіла! Як пешкамі, стала ўсімі гуляць! Ты б хаця пра яе падумала! Пра тое, што ёй душу надломіш…

Марыся роспачна заціснула ў далонь ражок падушкі. Плечы яе ўздрыгвалі.

Поделиться с друзьями: