Вяртаньне Веры
Шрифт:
— Чаму на 30, а не на 35?
— Бо ў нашых правілах напісана на 30, а не на 35, таму маем 1500, а не 1750... І Арвід, нібы прабачаючыся, разьвёў рукамі: маўляў, калі ўсё напісана, дык пра што казаць?..
«Я не зьбіраюся выйграваць», — сказаў я Арвіду, які хоць і паслухаў круп’е і галавой паківаў на пачутае, але так нічога і не ўцяміў, і яшчэ раз я паспрабаваў расталкаваць яму, што ў казіно на шостай палубе, ня ведаю, чыё там яно і як называецца, прайграў ужо частку грошай, ды там мне ня надта глянулася, таму я тут, у казіно «Танга» хачу прайграць астатнія сто тысячаў... На гэта Арвід адказаў, што казіно на шостай палубе называецца «Халінг», як аднайменны нарвежскі народны танец. Я спытаў: «Чаму нарвежскі народны танец, а ня фінскі альбо шведскі, калі паром ходзіць паміж Хельсінкі і Стакгольмам?..» — на што Арвід, не маючы дакладнага адказу, змог прапанаваць толькі сумнеўную версію: нарвежцы зараз ва ўсёй Скандынавіі найбагатыя,
«Добра, — згадзіўся я, шчоўкнуўшы замком кейса. — Пайшлі туды».
«Там выйгрыш таксама абмежаваны», — пасунуўшыся за мной да сходняў, сумеўся Арвід замест таго, каб запатрабаваць тое, што даўно ўжо запатрабавалі б у любым з нашых казіно: адчыні, фраер, кейс і пакажы грошы. У іх, у шведаў, як і ў фінаў з немцамі, і ва ўсіх іх, заходніх, інструкцыямі прапісаных, законапаслухмяных, завядзёнка такая: калі нехта кажа, што мае сто тысячаў, дык ніякага сумневу ня можа быць у тым, што яны ў яго ёсьць, — вось у чым фокус. Ведаючы гэта, я і забаўляўся, каб скрозь усю ноч ад Хельсінкі да Стакгольму ня сумна плыць было. Каюта мая была на другой палубе, самая танная, каля дызеляў і ўсёй паромнай механікі — там нармальнаму чалавеку ноч ня вытрываць. Білеты ў такія каюты іншым разам нават задарма даюць, абы ты паплыў — і грошы ці ў барах прапіў, ці ў казіно прайграў, ці ў крамах на пароме пакінуў.
На шостай палубе ў казіно «Халінг» я зноўку, папстрыкваючы жоўта-бліскучымі, пад золата, замкамі на кейсе, тлумачыў Арвіду і гэткаму ж, як і на сёмай палубе, малінаваму з рабіньнем круп’е, толькі ўжо ня шведу, а фіну, якому прайграў нядаўна дваццатку і які зараз разяўлена маўчаў, што я хацеў бы прайграць астатнія сто тысячаў, і Арвід зноў паказваў мне інструкцыю, даводзячы, што на шостай палубе ў казіно «Халінг» правілы гэткія ж, як і на сёмай палубе ў казіно «Танга», з тымі ж абмежаваньнямі найвысокай стаўкі і максімальнага выйгрышу, а я настойліва дапытваўся, як я магу сто тысячаў ня выйграць, а прайграць, калі не магу іх паставіць, — ці мне іх проста так аддаць на разьвіцьцё нарвежскай народнай творчасьці?..
Арвіду, я гэта па выразе твару ягонага ўбачыў, ня надта спадабалася, што я хачу аддаць грошы на разьвіцьцё нарвежскай, а ня шведскай народнай творчасьці — яны ў Скандынавіі не абыякавыя адзін да аднаго. Нарвежцы болей сябруюць, як сяляне з сялянамі, з фінамі, хоць ніякія фіны не скандынавы, проста ў тым баку жывуць, і ўжо разам яны, фіны з нарвежцамі, недалюбліваюць шведаў, гарадскіх, якія з былой метраполіі паглядваюць на былыя калоніі, на сялянаў сваіх, паблажліва, асабліва на сялянаў разбагацелых — і Арвід з гэткай лёгкай іранічнай усьмешкай мімахадзь анекдот пракінуў: «Прыйшоў швед да нарвежца ў кiроўцы наймацца...»
Калі нехта з вас падумаў, што гэта пачатак анекдоту — дык не: гэта ўвесь анекдот. Я ўжо чуў яго, таму не чакаў, што там далей будзе...
Круп’е, разяўлена памаўчаўшы, раптам прапанаваў, каб я свае сто тысячаў прайграў, калі ўжо так прайграць мне закарцела, па пяцьдзесят еўра ставячы, і я для таго, каб нават такому тупому, як ён, зразумела стала, ўзяў у яго калькулятар: «Глядзі... 100000 дзелім на 50, маем 2000 — столькі разоў я павінен паставіць. Гэта ў тым выпадку, калі буду толькі прайграваць і прайграваць, а магу ж і выйграць. І калі ты рулетку будзеш няспынна круціць і круціць, а я буду толькі прайграваць і прайграваць, дык усё адно на кожную гульню спатрэбяцца хвіліны тры, ці няхай сабе ўсяго хвіліна — гэта 2000 хвілінаў. Дзелім іх на 60, маем 33 гадзіны і 333333 хвіліны ў перыядзе. Па 3 хвіліны — гэта 99 гадзінаў і 999999 у перыядзе, а паром у Стакгольме ў 9 раніцы... Дык дзе мне часу набрацца, каб столькі гуляць з табой?..»
Рабога круп’е, як мне здалося, найбольш уразіла тое, што ў перыядзе, і болей у гаворку нашу з Арвідам ён ня ўлазіў.
Арвід зьнямогся ў напружаньні скеміць, чаго я ад яго хачу, калі ён ня можа зьмяніць правілы, перапісаць інструкцыю, якую на радзе дырэктараў кампаніі зацьвердзілі, і тут у галаве ягонай нешта пстрыкнула, як у мяне замок на кейсе, гэтак «пстрык», я нават гук пачуў, Арвід выратавальна нешта ўспомніў і пазваніў нейкай Наташы, тая прыйшла і, скасіўшыся на мой кейс, спытала ў мяне па-руску:
— Панты ганяеш?..
Я да чаго пра гэта распавядаю?.. Бо падумаць пасьпеў, што мужык той, на бадзяжніка падобны, які прыпаліць папрасіў і ў лоб мне стрэліў, абрабаваць мяне, кейс мой забраць хацеў, бо таксама плыў на пароме і ўсё падгледзеў, падслухаў збоку, паверыўшы, што ў кейсе маім насамрэч сто тысячаў... Як паверыў пра сто тысячаў і той няголены чарнявец, які,
калі ўжо я гарэлку ў бары выпіваў з Арвідам, падсеў да мяне і, выдаючы сябе за чачэнца, стаў плесьці, што Масхадаў, прэзідэнт Чачні, якога ён, як сябра, проста па імені называў, Аслан ды Аслан, паслаў яго ў Стакгольм, каб з Ахмедам Закаевым, прадстаўніком Масхадава на Захадзе, сустрэцца, які заўтра ў Стакгольм з Лондану прылятае, і яны будуць зброю для вайны за незалежнасьць прыкупляць. Ён ня можа, зразумела, раскрыць, дзе яны тую зброю прыкупляць будуць і ў каго, а можа сказаць толькі, што ім грошай трохі не хапае, тысячаў сто, дык Аслан даручыў яму знайсьці іх пад любыя адсоткі, вось... І чарнявец паказаў бліскучую, укладзеную ў скураную папку з залацістымі, як у мяне на кейсе, замочкамі, мелаваную паперу з грыфам «Прэзідэнт Рэспублікі Ічкерыя», на якой было напісана, што гэтая папера зьяўляецца дакументам, які гарантуе выплату... (тут быў пропуск для таго, каб пазначыць, каму і колькі...) адсоткаў ад сумы... (яшчэ адзін пропуск, каб праставіць суму), а выплата забясьпечваецца ўсёй маёмасьцю, нетрамі, нафтай і золатам (нібы нафта і золата — ня нетры) Рэспублікі Ічкерыя, — пад чым прэзідэнт і падпісваецца. Чарнявец прапанаваў спачатку трыста, потым пяцьсот і адразу ж, рукой махнуўшы, тысячу адсоткаў, бо надта тэрмінова патрэбныя грошы, на кейс з якімі ён усё касіўся, і мне, каб гэты жулік-аматар па-дурасьці мяне не прырэзаў, давялося выйсьці з бару і паказаць яму ў кейсе брытву фірмы «Gіllett» і пакет з намаляваным на ім чырвоным трактарам і зялёным надпісам Belarus, а ў тым пакеце — трусы фабрыкі «Камсамолка», верным якой я застаўся, нягледзячы на віхуры пераменаў. Брытву я чарняўцу нават паспрабаваў прэзентаваць, каб пагаліўся, ды ён ня ўзяў — пакрыўджаны, як школьнік за двойку... З ім было зразумела ўсё, але той, на бадзяжніка падобны, стрэліў мне ў лоб і пайшоў сабе далей па вуліцы ціхага шведскага гораду Мальма, нават не скасіўшыся, як чарнявец ці Наташа, на мой багаты, з замкамі пад золата, кейс.Наташа аказалася, калі па-нашаму сказаць, загадчыцай культмасавага сектару на пароме «Вікінг»: сьпявала з п’янымі фінамі і шведамі песьні ў салонах «Танга» і «Халінг». Была яна, хоць і падобнай на шведку, рускай з Выбаргу — гораду, заснаванага некалі шведамі, перададзенага пасьля фінам і ўрэшце забранага рускімі. З Выбаргу яе ўзяў замуж швед, з якім яна хутка разьвялася, а той швед, багаты, як нарвежац, сябраваў з нейкім фінам, саўладальнікам кампаніі «Вікінг», і ў залік адступнога ўладкаваў яе на паром. У шведаў з фінамі, як і ў нарвежцаў, як і ў немцаў, як і ў нас, дый паўсюль у сьвеце, дзе мне пабываць давялося, — блат ды сувязі. Скрозь у сьвеце блат ды сувязі, без якіх табе застаецца толькі посуд мыць ды вуліцу падмятаць.
— Ты хто? — спытала Наташа? — Бандыт? Ігрок? Кідала?.. Чым на жыцьцё зарабляеш?
Я ўсьміхнуўся ёй абаяльна, я ўмеў, калі жывы быў, абаяльна ўсьміхацца:
— Сваток.
— А-а...
Яна зразумела. Ведала, відаць, што ёсьць такі занятак сярод процьмы іншых: нашых нявест за багатых замежнікаў прыстройваць. Можа, і сама праз сватка прайшла.
— Ты б згуляла на руку мне... Не згуляеш — сумная ноч будзе, а нашто табе мая сумная ноч?.. Скажы яму, — кіўнуў я на Арвіда, — што ў нас пры вялікай гульні за кошт казіно наліваюць. А яны мне яшчэ і маральна вінныя: хачу прайграць — і не даюць.
Наташа зьдзівілася:
— Ты разьлічваў, што табе нальюць?
Я сказаў:
— Не ўпершыню...
На пароме гарэлка хоць і без акцызу, ды ўсё адно ў бары кілішак столькі каштуе, што лепш на рулетку паставіць. А ў «Duty-free» пляшку купіць і ў каюце побач з дызелямі піць — задыхнешся.
— Абаяльны ты жулік, — пацьвердзіла маю абаяльнасьць Наташа. — Дзіўна, што бедны.
— Грошы ёсьць, але не на прапой. На білет да Мальма.
— І па што ты туды?..
— Па сваё... Нявесту адну прыстроіў, а яна і ня думае разьлічвацца. Мусіць, думае, што за так...
Яна сапраўды ўсё зразумела і руку працягнула, назваўшыся: «Наташа», — і я назваўся: «Павал», — яна сказала: «Майго бацьку таксама Паўлам зваць», — на што я сказаў, што не таксама, бо я не Павел, а Павал, так мяне мой бацька назваў, гэтак маё імя ў пашпарце напісана, во, я паказаў ёй свой беларускі пашпарт, а яна спытала: «Ты чэх?..»
Чэх дык чэх, я ня звык з гэтым разьбірацца, я б і Павалам не называўся, няхай бы таксама Паўлам быў, але бацька настойваў, каб я заўсёды ўдакладняў, што я Павал, а не Павел, і я яму, нябожчыку, абяцаў, дык і ўдакладняю, таму што любіў яго. Ён памёр ад інсульту, ціск праз нервы зашкаліў, бо яго з работы пратурылі, ён з нацыянальнымі залётамі быў, што мне не перадалося, для мяне ўсе людзі — даяры і каровы, без нацыянальнасьці: тыя, хто доіць, і тыя, каго дояць. Але я ўсё ж спытаўся ў Наташы, бо дзіўна было, што чалавека, які беларускі пашпарт паказвае, за чэха прымаюць: «Чаму чэх, калі Павал?..» — і яна адказала: «Бо вунь Арвід — швед, таму і Арвід...»