Вяртаньне Веры
Шрифт:
Па адказе, дый па ўсім астатнім выглядала на тое, што мы падобныя, з чаго ўсё і пачалося... Калі б мы не былі падобныя, калі б яна не дапамагла мне раскруціць Арвіда, — які сам, бо на рабоце быў, ня піў, а ўсё расказваў, як бацька ягоны вучыў яго вызначаць, наколькі ён, калі п’е, п’яны і ці можна яму яшчэ піць, — я б не сядзеў у музычным салоне «Халінг», не скакаў бы і не сьпяваў з п’янымі шведамі і фінамі народныя танцы і песьні, не дапытваўся б ва ўсіх, чаму на пароме, які ходзіць з Фінляндыі ў Швецыю, музычны салон па-нарвежску называецца, чаго ніхто ня ведаў, а мне трэба было дазнацца, бо, калі незразумелаўка нейкая мне ў мазгі западае, дык брынчыць там і замінае, пакуль ня вытрасу, і я сьпяваў і распытваў, скакаў і распытваў — і апынуўся пад
— У цябе пісталет?..
Мне б сказаць ёй, што гэта цацка італьянская, у Швейцарыі ў горадзе Зермаце купленая, а я сказаў, крутога з сябе строячы, сіняга нейкага, што так, пісталет, і яшчэ спытаў, як яна ўяўляе ў сёньняшнім жыцьці мужыка без пісталета?..
Наташа пацягнулася — спакусьліва гэтак, як ні шведка, ні немка не пацягнецца.
— Ты ў Мальма калі едзеш?.. Я ў Стакгольме на тыдзень застаюся, адпачынак. Сёньня занятая, а заўтра вольная... — І мы дамовіліся заўтра, калі ўжо я разбагацею, спаткацца а шостай вечару ў Мальма каля гатэлю «Хілтан».
Наташа прыгожая была. І падобная — нутром, сэрцавінай да мяне падобная, чым і вабіла, я нават прапанаваў ёй разам быць. А яна адказала, што мы ня можам быць разам, бо яна прастытутка. Знайшла прычыну...
З Арвідам мы разьвіталіся сябрамі.
— Выбіраеш, як толькі ўваходзіш у рэстаран, самую страхотную сярод усіх афіцыянтку, да якой цьвярозы і не падыйшоў бы, — распавядаў мне бацькаву навуку Арвід, — і як толькі яна пачынае табе падабацца, значыць, усё, фініш. Ты п’яны, як цэп.
— А калі, — я пытаўся, — няма страхотных?..
Тут Арвіда закліньвала: пра такую неспадзяванку бацька яму не казаў.
— Глядзі, што маю... — паказаў мне Арвід скураную папку з залацістымі, як у мяне на кейсе, замочкамі, у якой была бліскучая, мелаваная паперына з грыфам «Прэзідэнт Рэспублікі Ічкерыя», і ў пропускі ў тэксьце на паперыне было ўпісана, што ён, Арвід, ахвяраў на барацьбу за незалежнасьць Чачні 100000 (сто тысячаў) еўра, пра што сьведчыў подпіс прэзідэнта. Я ня стаў пытацца, дзе ён узяў сто тысячаў, каля я іх не прайграў, а спытаў, колькі гэтая паперына яму каштавала?.. Арвід адказаў, што паўсотні. І сумеўся: «Хіба ня варта?.. Калі ў рамку ўзяць, на сьцяну павесіць...» Я адказаў, што варта. Нашчадкі ганарыцца будуць.
Сыходзячы з парому, я выглядваў няголенага чарняўца, каб паціснуць яму руку і сказаць, што ён зусім ня школьнік, але ў натоўпе не знайшоў.
Пад вечар я ўжо быў у Мальма. Там раён, дзе адны магазіны ды офісы, да якога ад вакзалу хвілінаў дзесяць хады, трохкутнікам называецца — мая «нявеста» ў ім жыла. Пераканаўшыся, што па найвышэйшым класе яе прыстроіў, я, апроч налічаных адсоткаў за несвоечасовы разьлік, яшчэ і за фешэнебельнасьць накінуў. За дарогу, само сабой, палічыў, за білеты. І пра тую трыццатку, якую ў казіно прайграў, не забыўся. Бо не паехаў бы — не прайграў бы.
Я чакаў, што з разьлікам праблемы будуць, бо ў некага грошы забраць — заўсёды праблема, а «нявеста» так перапудзілася, на парозе мяне ўбачыўшы, што і ўпірацца ня стала: заплаціла столькі, колькі я сказаў. Нават трохі болей, з верхам разьлічылася — на каву з пірожным. Абы ў яе дома я каву ня піў, а хутчэй пайшоў, каб муж не застаў, які хоць і швед, але раўнівы, як грузін. Здараюцца і сярод шведаў такія. Рэдка, але здараюцца.
Можна было ехаць назад. Калі б не дамоўленасьць пра спатканьне з Наташай. Заўтра а шостай вечару каля гатэлю «Хілтан».
Багаты ўжо, я ня стаў шукаць таннага гатэлю, а ў «Хілтане» і пасяліўся. Выбраў нумар на самым высокім паверсе, адкуль, як сказаў незвычайна гаваркі для шведа парцье, што мяне пасяляў, відаць уся Еўропа. Ці, калі ня ўся Еўропа, дык уся Данія. Ці, калі ня ўся Данія, дык увесь Капенгаген. Праўда, пры сонцы.
Ліфт, які ўзносіў мяне пад нябёсы, быў цалкам шкляны. Падлога толькі не шкляная. Ды ўсё адно
здавалася, што няма апоры пад нагамі, і я недзе ў пустаце, недзе нідзе... Дух, здань... Стала раптам страшна, захацелася спусьціцца — і на вакзал. Але цягнула і ўсмоктвала пустата. Я быў багаты, а Наташа была прыгожая. І падобная. Напляваць, што прастытутка.Назаўтра, ад няма чаго рабіць да самага вечару, я зайшоў, каб час заняць, у магазін «Triangeln», што значыць «Трохкутнік», дзе мне ўсунулі рэкламны прасьпект, у якім было напісана, што магазін «Triangeln» — гэта не адзін магазін, а семдзесят два магазіны ў адным, і я хадзіў з аднаго ў другі, а пасьля, ніба тых 72-х мне не хапіла, туляўся яшчэ па нейкіх буціках, купіў туфлі, касьцюм, плашч, кашулю, гульштук, бо, калі ты багаты, дык і выглядаць трэба па-багатаму, залатым пылам іскрыцца, і я ўсё новае на сябе апрануў, нічога старога ня выкінуўшы, склаўшы ўсё старое, якое яшчэ насіць ды насіць, у зялёны пакет з намаляваным на ім чырвоным трактарам і надпісам Belarus, які прадаўшчыца яшчэ і бліскучымі стужкамі перавязала, і так я ва ўсім новым з усім старым, бліскучымі стужкамі перавязаным, з кейсам сваім іду сабе ў ціхім шведскім горадзе Мальма па вуліцы S"odra F"orstagatan, што значыць вуліца 1-я Паўднёвая, да гатэлю «Хілтан», каля якога праз паўгадзіны ў мяне спатканьне з прыгожай жанчынай, потым вечар у рэстаране, ноч у нумары з панарамай усёй Еўропы, дый наогул жыцьцё наперадзе, а тут падыходзіць той бадзяжнік і пальцамі пстрыкае, просячы прыпаліць, сам дастае запальнічку, на пісталет падобную, гэткую ж, як у мяне, раптам страляючы мне роўненька пасярэдзіне лобу над пераносьсем, якраз туды, дзе індусы круглыя знакі свае, кропкі сьвету ставяць, і я аказваюся нібы ў цалкам шкляным, ці нават у паветраным ліфце без апоры пад нагамі, дух, здань, недзе ў пустаце, недзе нідзе, — во ё-маё, Наташа...
У Мальма магазін ёсьць «Triangeln», што значыць «Трохкутнік», па назьве раёну, дзе месьціцца, і ў гэтым магазіне яшчэ семдзесят два магазіны, што вельмі зручна, але я не праз тое ў Мальма бываць люблю, магазінаў паўсюль хапае, па сто ў адным, а вось такіх высозных гатэляў з фітнэс-цэнтрам на самым версе, куды цябе шкляны, нібы паветраны, ліфт падымае і скуль панарама ўсёй Еўропы адкрываецца, ці, прынамсі, панарама Капенгагену з усёй Даніяй, у Стакгольме, а тым больш у Хельсінкі, няма, і якраз таму я іншым разам у Мальма, як на поўдзень, пад’язджаю, бавячы час у фітнэс-цэнтры, гледзячы зьверху на Еўропу, — прыгожа... Стуль і замак відаць, у якім Гамлет, прынц Дацкі, вар’яцеў. Глядзіш, думаеш...
Еўропа паціху вар’яцее.
Я ў Выбаргу нарадзілася, дзе няма чаго рабіць, таму ў Піцер паехала, каб там ці сьпявачкай, ці артысткай стаць. Стала прастытуткай, ды на тое напляваць, прынамсі, шведам, якія рускіх сюжэтаў літаратурных: нейкі князь у нечым вінаватым сябе палічыўшы, з прастытуткай надумаў ажаніцца, дык тым самым ледзьве не маральны подзьвіг зьдзейсьніў, — не прасякаюць. Ну, была прастытуткай і была. Цяпер не прастытутка. Шведы, немцы, датчане, ды ўсе яны на захадзе адносіны з целам не ўскладняюць. Аніякіх яму ланцугоў з вярыгамі, толькі песьціць яго, толькі лашчыць. Для таго і фітнэс-цэнтры з панарамай Еўропы...
З тым, што ня цела ў чалавеку, — складаней. Але і ў гэта ніхто так балюча, як у нас, ня лезе.
Прастытуткай я не абы-якой была, а прыпісанай да салону, які трымала жонка былога партыйца — таксама не абы-якога. Я ў школу хадзіла — яго ўсё па тэлевізары паказвалі. То ордэн яму чаплялі, то зорку…
Ня ведаю, колькі ў тым салоне ўсіх нас было, але, мяркую, ня менш за сотню. Прычым, мы падзяляліся нібы на касты...
Вулічных там, зразумела, не трымалі. Прастытуткі ніжэйшай касты, «дамы», прадаваліся па інтэрнэце. На сайце салону, зробленым пад рэсьпектабельны часопіс, зьмяшчаліся фотаздымкі «дам». І расказваліся пра іх усялякія казкі...