Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Вяртаньне Веры

Някляеў Уладзімір

Шрифт:

Адзежу толькі трэба мець больш-менш… Ня смокінг, але і не лахманы, як на мне. Праз гэта афіцыянт у «Хілтане» да мяне і прычапіўся.

Калі зловяць, дык што ж: патрымаюць — і адпусьцяць, бо ў турме ты даражэй ім абыйдзешся, чым, пару бутэрбродаў скраўшы, на волі. Але мне нельга было пападацца, бо, калі зловяць, дык дэпартуюць: я зьбег з лагера. А зьбег таму, што мне адмовілі ў палітычным прытулку, а значыць, усё адно б дэпартавалі.

Гучыць страшна: лагер. Цёпла, сыта. Жыў я ў асобным пакоі, ад кватэры ўсё адрозьненьне — кухня з прыбіральняй на калідоры. Жывеш на ўсім гатовым, а табе яшчэ і грошы штомесяц даюць, як бежанцу. Па шведскіх мерках — драбяза, але ў Ваўкавыску я за гэткую драбязу бацькоўскую хату прадаў.

Я ў Ваўкавыск з Менску вярнуўся, веру страціўшы. Ва ўсё. Бо страціў жанчыну, якую кахаў, і якая сказала аднойчы, што

праз мяне і ўсіх гэткіх самых недалэнгаў, як я, яна згубіла найлепшыя свае гады, маладосьць, жаночае шчасьце — ні на што жыцьцё паклала. Пад сьцягамі і штандарамі ў шэсьцях і пікетах.

Выходзіла, што я таксама ні на што жыцьцё паклаў.

Жанчыну, як і ўсё астатняе, што я страціў, звалі Верай.

Мы пазнаёміліся, калі ёй і дваццаці не было. На Дзяды, у Менску, каля Усходніх могілак… Цяпер ёй амаль сорак.

Дваццаць гадоў прамінула… Нечыя дзеці нарадзіліся, падрасьлі, у першы клас пайшлі і школу скончылі. Але ня нашыя дзеці, мы ўсё ў шэсьцях ды пікетах… Ні работы, дзе б плацілі, каб нармалёва жыць, ні сям’і, ні хаты…

На тыя Дзяды, з якіх усе нашыя шэсьці і пікеты пачаліся, мяне выкладчык гісторыі, я ў інстытуце тады вучыўся, паклікаў. Разам з Настай, якую, як мне здавалася, пакуль Вера не спаткалася, я кахаў. Наста таксама была з Ваўкавыску, на год пазьней за мяне — і праз мяне, як яна казала — у інстытут паступіла. Вучыліся мы на адным факультэце, жылі ў адным інтэрнаце. Калі канчалася стыпендыя, а канчалася яна надзіва хутка, і жывот з голаду падводзіла, мы хадзілі на Камароўскі рынак, дзе каштавалі, нібы купіць зьбіраліся, патрохі ўсяго, што там было: кілбас, сыроў, рыбы… Па скібцы, па лустачцы — гэтак і наядаліся. Калі ж адломваўся кавалак, які ўжо не каштуюць, а купляюць, і гандляры гвалт усчынялі, Наста раптам скідвала ці швэдар, ці кофту, што там на ёй было: «Паглядзі на рэбры студэнцкія, морда сьпекулянцкая! І ты мяне кавалкам сыра папікаць будзеш? Ды падавіся ты ім! На, задушыся!..»

Наста з дзяцінства мела схільнасьць да эфектаў…

Сыходзячы з рынка, мы яшчэ семак з арэхамі, таксама нібы каштуючы, с сабой набіралі… Так што, можа быць, і ні пры чым той цыган, які ў гатэльных рэстаранах сьнедаць мяне вучыў. Патрохі красьці я ўжо сам умеў.

Ды хто ў нас ня крадзе хоць патрохі? Я ў брата свайго стрыечнага, які пахваляўся, што за ўсё жыцьцё ня скраў нічога, спытаўся неяк: а што ты скрасьці мог? Люк каналізацыйны, калі ліцейшчыкам на прамкамбінаце быў? Газету ўчарашнюю, калі паштаром хадзіў?.. Брат і заткнуўся.

Ведаць пра сябе, што ён ня злодзей, можа хіба той, хто меў магчымасьць скрасьці — і ня скраў. Як і пра тое, што ён не забойца, можа ведаць толькі той, хто мог забіць — і не забіў.

Я б многіх забіў, калі б мог. І ўпершыню адчуў гэта на тыя Дзяды каля Усходніх могілак.

Вера на Усходніх могілках аказалася выпадкова. Хоць, хутчэй, гэта мы з Настай аказаліся там выпадкова, а ў Веры прадзед з дзедам, а цяпер ужо і бацька, на тых могілках пахаваныя. І яна прыйшла на Дзяды, як на Дзяды, а там такое… Натоўп, міліцыя, дубінкі… Міліцыянты расьсякаць натоўп пачалі, мне брыдой атрутнай, якая «чаромхай» чамусьці называлася, у твар пырснулі і ў «варанок» пацягнулі, па рэбрах дубасячы. Мяне цягнуць, дубасяць, а Наста, я з-пад локця выкручанага, з-пад пахі бачу, убок адварочваецца. Не крычыць, як на рынку: «Паглядзіце на рэбры студэнцкія, морды міліцыянцкія!» — а нібыта й ня бачыць, як мяне па тых рэбрах…

Назаўтра вінавацілася: баялася, што з інстытуту папруць.

Праз дзень яна выступіла па тэлебачаньні як сьведка падзеяў... У кампаніі з сакратаром партыйнага ЦК, які бажыўся, што міліцыянты дзейнічалі ў межах закону. Наста засьведчыла, што ніхто дубінкамі нікога ня біў і «чаромхай» ня труціў. Вось жа яна там была — і не пабітая, і не атручаная…

Гады праз тры, калі сакратароў ЦК ня стала і бажыцца пачалі іншыя, Наста зноў выступіла па тэлебачаньні. Гэтым разам у кампаніі з акторам, які расказаў, як камуністы з гэбістамі зрабілі яго сексотам. А Наста распавяла, як яе, студэнтку, тыя ж камуністы з гэбістамі змусілі зманіць пра тое, што было на Дзяды, пагражаючы выгнаць з інстытуту. І неяк так выходзіла, што Наста з сексотам — героі. Ня кожны, маўляў, знойдзе ў сабе мужнасьць, каб прызнацца…

«Абое рабое, далёка пойдуць», — сказала пра іх Вера, але ўгадала не пра абудвух. Актор, здольны да алкаголю, сьпіўся, а Наста, здольная да журналістыкі, пабегала трохі, пакуль яны трымаліся, па рэдакцыях незалежных выданьняў,

пасьля перабралася ў выданьне дзяржаўнае, а з яго — ва ўладу. Высока там сядзіць, далёка глядзіць — тут Вера ўгадала…

Пасьля аднаго з арыштаў чакала мяне за варотамі турмы шыкоўная жанчына ў шыкоўнай машыне. Гэтакі галівуд — Наста па-ранейшаму мела схільнасьць да эфектаў... Яна сказала, што наўмысна зрабіла так, каб усе ўсё бачылі, бо стамілася «адмазваць» мяне ўпотай, бо гэта ў шкоду ёй, бо ўсе пра ўсё даносяць, таму наступным разам мяне пасадзяць не на тыдзень-другі, а надоўга, яна ўжо нічым ня зможа дапамагчы, а калі і зможа, дык ня стане…

— І ня трэба. Я ж не прасіў.

— Ён не прасіў! А маці твая, пакуль жывая была? А радня, а сябры нашы інстытуцкія? «Наста, ты ж яго ведаеш!..» Некалі ведала, цяпер — не!

Яна нервавалася, пальцы дрыжэлі, калі прыпальвала…

— Цябе, аказалася, я і некалі ня ведаў.

Яна не хацела слухаць пра тое, што было некалі.

— Я выбрала лепшае жыцьцё, ты — горшае. Сьвядома! Спытай у нашых, у ваўкавыскіх, хоць у каго: нармальны чалавек захоча жыць ня лепш, а горш? Ты захацеў… Жыві! Але без мяне. Я не хачу, каб тваё горшае замінала майму лепшаму. Ці яшчэ й парушыла яго.

Нядаўна яе паклікалі з яе вялікага кабінетуа ў кабінет яшчэ большы і настойліва параілі ад мяне адхрысьціцца… Дык яна ж адхрысьцілася яшчэ на тых Дзядах… Калі мяне цягнулі ў варанок, а яна ўбок адварочвалася… А Вера на тых Дзядах, зусім жа незнаёмая, аднекуль з гушчару людскога як кінулася:»Вы што?!. Вы куды яго?!.» Адбіла ў міліцыянтаў, хоць ведаць мяне ня ведала. Пасьля казала: «Каб ведала, не адбівала б, хай бы зацягнулі… Хай бы ўсіх вас тады пабралі і расстралялі ў Курапатах. Дык хоць бы легенда пра вас засталася…»

Вера, мусібыць, таксама многіх бы забіла, калі б магла.

Але яна пазьней такой стала. Тады, на тыя Дзяды, яна не была такой. Як лёгка ўсё яна любіла! Людзей шкадаваць… Музыку слухаць, вершы чытаць, у ёй прага была — чытаць вершы… І сьлёзы ў яе вачах стаялі высока, як у нябёсах.

Усё, што коціцца, дакоціцца да нас… І дакацілася. Ля могілак якраз, Дзе сны пра вечнасьць сьняць Ці сьпяць без сноў З усімі Караткевіч, Куляшоў… — Маўклівы мітынг. З кожным, хто прыйшоў, Зьявіліся і сталі побач продкі… Маўклівыя стаялі цені родных, Маўклівыя стаялі цені блізкіх: Пад крыжам зьлеглых. Зоркай. Абеліскам. Ва ўсіх Хатынях спаленых. Забітых Пад Грунвальдам. На Калыме «прышытых». Бяссьледна зьніклых. Хапам пахапаных. Нікім, нідзе, ніяк не пахаваных, Ці ў Курапатах скінутых у роў!.. Ад плоці плоць І ад крывінкі кроў — Мы ведалі, пра што маўчылі з імі. Жывыя з мёртвымі. І мёртвыя з жывымі. І ўпершыню, маўкліва сьцяўшы рот, З натоўпу глянуў люд. Амаль народ.

Дзе яно ўсё падзелася? Я, Вера, народ… Было ж?.. Прайшло, як дождж, і прадчуваньні так і засталіся прадчуваньнямі. Паэт, які пра іх напісаў, зьбег за мяжу. Пабеглі іншыя… І ўсе крычалі, што, калі яны не зьбягуць, іх ці пасадзяць, ці заб’юць. А чаго вы хацелі? Каб улада, з якой вы змагаецеся і стамляецеся ў барацьбе, у санаторый вас пасылала?..

Пад адну музыку: дыктатура! — зьбягалі ўсе: палітыкі, жулікі, злодзеі, турэмшчыкі… Зьбягала, як малако з агню, хваляй пералівалася за мяжу моладзь…. Зьбег сьпікер парламенту… І нават той, пра каго ўсе думалі, што ён у Курапатах ляжа, а кроку з крэўнай зямлі ня ступіць — зьбег.

Поделиться с друзьями: