Вяртаньне Веры
Шрифт:
Неяк па тэлебачаньні пра нас дыскусію завялі, і адзін прафесар сказаў, я запомніў, што мы б’ёмся, несьвядома адваёўваючы сабе жыцьцёвую прастору, занятую тымі, каму яна за так дасталася. Я зразумеў, што меў на ўвазе прафесар: гэта як некаму выпадае каралём нарадзіцца, а некаму біцца і біцца, каб пры каралеўскай кухні, ці пры канюшні служыць.
З дзяцінства, апроч таго, што біўся і мяне білі, і быў заўсёды галодны, я вось што яшчэ запомніў. З арміі Лёнік, суседаў сын, вярнуўся, і сусед пеўня, каб да стала засекчы, злавіў. Таптаўся з пеўнем на дрывотні, ніяк сякеру ня мог знайсьці, на жонку крычаў, што тая падзела некуды, а Лёнік сказаў, што ня трэба сякеры.
Я пакляўся сабе, што навучуся гэтак, як Лёнік... Так, каб галава адлятала, па шыі біць, і так абыякава, лянотна рукі абціраць.
Пакляўся і навучыўся. У секцыю каратэ пайшоў, у арміі ў сьпецназ узялі, намахаўся і сякеркамі, і лапаткамі... Чалавеку галаву так проста, як пеўню, без лапаткі ці сякеркі не адбіць, тут неймаверная сіла і хуткасьць удару патрэбныя. Жылісты чалавек. Асабліва мужык, баба не такая.
Зрэшты, што мужык, што баба — шыйныя пазванкі ва ўсіх з касьцей. І ўжо іх я, руку набіваючы, натрушчыў. Балазе было каму і дзе, паўсюль ваявалі.
Калі б у сьпецназе плацілі нармальна, можна было б далей служыць. Але не плацілі.
Адслужыўшы, паспрабаваў у спорце патузацца, ды там пасьля сапраўдных боек пах ня той. Потам пахне, не крывёй. Таму згадзіўся, калі прапанавалі іншую работу.
Новы рускі, які наняў мяне ў ахову, быў ніякі ня новы, стары партыец. З найвышэйшай касты. З тых, хто і распачаў дзяльбу, падзяліўшы краіну так, што ўсё, што было ў ёй на зямлі і пад зямлёй, ім дасталося. А потым яны кляліся, што зусім ня гэтага хацелі — проста так выйшла. Але не інакш, бач, выйшла, а менавіта так. З чым не маглі зьмірыцца тыя, хто да дзялёжкі стаў падбірацца пазьней.
Пад час, калі ў Крамлі піцерскія заверхаводзілі, маскоўскія даўно ўжо ўсё падзялілі. У газетах пісаць пачалі, што нельга дапусьціць перадзелу, бо гэта дэстабілізацыя, інфляцыя і ўсё такое. Адразу ж кожнаму, хто быў хоць з нейкімі мазгамі, зразумела стала, што пачаўся перадзел. У Крамлі сабралі ўсіх, хто раней нахапаў, сказалі: «Мы ня будзем вас чапаць. Пры ўмове, што той, хто нахапаў на метале, укладвае грошы ў металургію, хто на нафце — у нафтаздабычу, хто на зброі — у армію...» — і так па ўсім сьпісе. Так яны быццам бы хітра прыдумалі, як грошы нахапаныя забраць. Ну, ня ўсе, хоць колькі-небудзь — нібыта з клопатам пра краіну.
Знайшлі дурных...
Старых піцерскіх заадно з маскоўскімі прэсавалі, не зважаючы на зямляцтва. Мой партыец таксама на той сходцы быў. Ім сказалі, яны паслухалі, галовамі паківалі: маўляў, згодныя. Але ніхто, зразумела, ні капейчыны не аддаў. Наадварот, зноўку ўсе гэтак грэбсьці заўвіхаліся, нібы сваё не дабралі. Тады і стала самай большай чаргой у Піцеры чарга на могілкі. Як і ў Маскве.
За піцерскі порт было некалькі войнаў, і калі пачалася новая, партыец сказаў мне, што трэба ня толькі бараніцца, але і нападаць. Зубы паказваць, каб ня думалі, што яны ў яго павыпадалі. Карацей, каб я набраў людзей. Групу ліквідацыі.
Я падабраў групу з сямёх. Разам са мной — васьмёра, на дзьве машыны. Чатырох сваіх сьпецназаўскіх узяў, трох сельгаспасёлкаўскіх... На рабоце не прадыхнуць было, не пасьпяваў рукі абціраць.
Партыйца зноў запаважалі, адступацца ад яго, здалося, пачалі — і раптам ледзь ня кончылі. Ды яшчэ праз сваіх.
Жонка ягоная бардэль трымала, салонам яго называючы. Некалькі прастытутак гаспадара абслугоўвалі,
у яго на пасылках былі. Такія — не падступіся. Гонар паказвалі. Свой прастытуцкі, але гонар. «Мы не ў бардэлі, мы ў салоне». Я паспрабаваў з адной, з Ляляй, танклявай такой... Яна мне: «Ты паглядзі на сябе, кабан!..»Сучка.
Якраз у нанятай для яе кватэры на Васільеўскім у партыйца і пальнулі. З дому насупраць, Ляля ў спальні акно не зашторыла. Куля зрэзала ланцужок, на якім шторная ручка вісела, зрэкашэціла. Так што партыец выпадкова ўратаваўся — і даручыў мне разабрацца.
А ў чым разьбірацца?.. Сучка. Перакупілі, працавала на некага. Трэба было астатнім паказаць, што за такое бывае.
Я сказаў гаспадыні, каб у той жа кватэры на Васільеўскім склікала прастытуцкі сход. Увесь іх блядскі сьпецназ сабрала, як яны самі сябе называлі. Паставіў Лялю перад усімі і, калі ўжо яны сьпецназ, — чык па шыі! Шыя ў яе, як у курыцы, была, і Ляля, мусіць, яшчэ ўбачыць пасьпела, як галава ў яе адляцела, і пабегла за ёй, за галавой без галавы, па ўсёй кватэры крывёй пырскаючы...
Эфектна выйшла. Не пападалі, прытомнасьць страціўшы, толькі гаспадыня і Наташа, якую я тады і запрыкмеціў. Яна ня стала, як Ляля, ламацца. Ды ўсё яны шоўкавымі сталі.
Нешта ў Наташы мяне вабіла. Яна была прастытуткай — і ў той жа час не. Я разумею, што такога не бывае, але ў ёй вось такое было.
Ня ведаю, што гэта, і як растлумачыць... Мігценьне... Я хацеў нават прапанаваць ёй жыць са мной. Якраз перад тым, як гаспадар падкінуў нам работу на пару. Пасьля якой было ўжо не да мігценьня.
Мы дазналіся, хто з канкурэнтаў заказаў партыйца, але таго, былога гэбіста, не ўдавалася паваліць. Ледзь ня армію меў, моцна стаяў. Тады партыец і прыдумаў, як разабрацца з ім праз ягонага сына. Падрабязны план напісаў для мяне і Наташы, якая павінна была так хлапчука накруціць, каб ці сам ён бацьку кончыў, ці мяне ў дом правёў.
План мне ня глянуўся, кіно нейкае. А хлапчук спадабаўся. Нават шкада было, калі павесіўся...
Забаўны ён быў. Я пісталет яму даю, каб ён, як мужык, за сябе пастаяў, і ён нібыта згодны бацьку прышыць, каб з Наташай быць, ды раптам кажа: «Вы пісталет мне падшукайце, каб несапраўдным выглядаў, на цацачны паходзіў. Каб я думаў, што гэта гульня...»
Я прынёс яму невялічкі, італьянскі, на запальнічку падобны, ён і яго ня ўзяў... Так пісталецік той у мяне і застаўся. Нашу яго з сабой, ніхто ня думае, што сапраўдны.
А хлапчук вяроўкай абыйшоўся...
У бацькі ягонага ў ахове мой аднакашнік армейскі, былы сьпецназавец, служыў, які мяне папярэдзіў, што гаспадар, як толькі сына пахаваў, адразу ў Маскву паехаў. Каб давесьці там, што партыец даўно ўжо ўсім замінае. І давёў, з ім згадзіліся. Так што чакай, сказаў аднакашнік, гасьцей. Ці саскоквай, каб мы адзін аднаго не пастралялі.
Я ня стаў чакаць. Перад тым, як саскочыць, пачысьціў партыйца. Ламануў, можна сказаць, партыйную касу. Праз гэта мяне і пачалі даставаць за мяжой: вярні не сваё.
Хрэн вам. Чаму яно не маё, а ваша? Вы што: каралямі нарадзіліся?..
Дома мне не выпадала жыць. Хіба што зусім нядоўга.
У Стакгольм я падаўся, бо там у мяне свой чалавек быў. А ў яго — свой адвакат, які дапамог офіс купіць, фірму адкрыць. Параіў хоць аднаго шведа на нейкі час на работу ўзяць. Я ўзяў беспрацоўнага, адвакат журналіста знайшоў, які напісаў, што я ствараю у Швецыі новыя рабочыя месцы. Не на іхнім жыву, на сваім, ды яшчэ ім ад мяне перападае. На такіх людзей іначай, чым на звычайных імігрантаў ды бежанцаў, якіх карміць трэба, глядзяць.