Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Вяртаньне Веры

Някляеў Уладзімір

Шрифт:

Адразу я нават не спалохалася. Падумала: калі я ўмею жыць і ў сабе, і ў іншых, перасяляцца і вяртацца, дык чаму яна, такая ж, як я, ня ўмее?.. Тым больш, што яна ўжо памірала некалі і вярталася з сябе мёртвай у сябе жывую, выбіралася з-пад каменю праз маленькую шчыліну…

Вера ляжала на мне, як раструшчаная.

Я выбралася з-пад яе, перавярнула на сьпіну, затрэсла, як ляльку: «Вера! Ты дзе, Вера? Што з табой, Вера? Вярніся!..»

Яна не вярталася. Перасялілася некуды назаўсёды.

Схапіўшы тэлефон, я машынальна набрала нумар, пачула ў слухаўцы: «Хуткая дапамога», — і паклала трубку.

Калі ў маёй кватэры

знойдуць шведскую журналістку, якая нелегальна прыехала ў Беларусь і сканала ад перадазіроўкі наркаты, дык ня знойдзецца такой дапамогі, якая б мне дапамагла.

Я залезла ў сумачку Веры, знайшла пашпарт. Віза ў пашпарце толькі расейская.

Наркаманка і нелегалка… Лесьбіянка — не ў залік. Але, калі пачнуць раскручваць, дык і гэта залічаць.

Вакол мяне загарэлася жытняе поле…

Мне б згараць на ім, калі ўжо набраная ванна. Бо якая розьніца: у агні?.. у вадзе?.. Але я забылася на тое, дзеля чаго ванна набіралася…

Пажар слаўся на ветры, вецер закручваў языкі агню то ў адзін бок, то ў другі, полымя паўставала сьцяной, у якой не знаходзіла выйсьця, паратунку, хоць ён быў…

З фотакарткі ў пашпарце Веры глядзела я.

Я ўспомніла, што зьбіралася зрабіць гадзіну таму… Ускаціла Веру на коўдру і асьцярожна, каб нідзе не драпнуць, зацягнула да прыбіральні. Там узяла пад пахі і падняла ў ванну. Эмаліраваны край ванны быў гладкі, ня драпаўся. Уладкаваўшы Веру роўненька, я дабрала цёплай вады, узяла скальпель і рэзанула па запясьці левай рукі.

Паклала скальпель на край ванны. На ім не было ні крывінкі.

Выйшла, прыкрыла дзьверы.

Апранулася ў адзежу Веры. Прыбралася ў кватэры. Хоць там і прыбіраць не было чаго: дзьве шклянкі памыць ды пляшку на сьметнік выкінуць.

За дзесяць хвілінаў дайшла да вакзалу. Паазіралася, ці няма некага са знаёмых?..

Нікога.

Купіла квіток.

Цягніком — да Масквы, адтуль — самалётам да Стакгольму. Аўтобусам — да Мальма.

У Еўропе ўсё блізка.

Перасялілася.

Я з дзяцінства ўмела гэта рабіць…

Дабраўшыся да Мальма, прыбіралася ў кватэры даўжэй, чым у Менску. Вэрхал я, ад’язджаючы, пакінула неверагодны: закарэлы посуд, раскіданая бялізна, касьметыка, а да ўсяго — уся вітальня ў засохлай крывянцы. Як гэта я паехала некуды, нават кроў са сьценаў ня змыўшы?..

Я ўзялася мыць сьцены, амаль усё ўжо адмыла, калі спахапілася: што гэта я раблю?..

Тое, што засталося, адмываць ня стала.

Прагаладаўшыся, спусьцілася ў краму, каб купіць яды. «Hej!.. — усьміхнуўшыся, сказала касірка, узяўшы маю крэдытку. — Har du kommit tillbaka?..» [***] Я ўсьміхнулася ў адказ: «Hej!.. Jag har kommit tillbaka…»[****]

Я купіла віна і, вярнуўшыся, выпіла.

З вяртаньнем!..

Ціўкнуў мабільны тэлефон Веры. Мой тэлефон, на які прыйшло паведамленьне. «Я купіў табе кацяня. Прабач. Карл.»

Майго мужа, аказваецца, завуць Карлам. Як шведскага караля…

Чаму адной — замуж за караля, а другой — набіраць ванну, браць скальпель і ўзразаць вены?.. Хаця і пабраўшыся з каралём, можна набраць ванну, узяць скальпель і ўзрэзаць вены…

Я напісала Карлу, што ён мае выбар… Ці забыцца, што я ёсьць, і ў турме працаваць, ці помніць, што я ёсьць, і ў турме сядзець. За гвалт і забойства. Ён адказаў, што прымае

першы варыянт і пакідае кацяня сабе.

Хіба я магла ўявіць тады, што яго прызначаць сьледчым па справе Сьвятаслава, і мне давядзецца яму яшчэ пісаць і пісаць…

Тады я ўсё ж асьцерагалася, што ён будзе шукаць сустрэчы, а сустрэўшыся, не пазнае ўва мне Веру, бо ў мяне радзімак на левым плячы на адну меней… Супраць яго трэба было нешта мець, хоць бы закрываўленыя сьцены ў вітальні, якія я не дамыла. Каб доказ быў, што забіў… Але аднойчы нейкі клерк з кейсам, падобны, як мне здалося, на майго мужа Карла, сутыкнуўся са мной на ўваходзе ў кавярню — і адскочыў, як апёкшыся. Перабег на другі бок вуліцы, па якой рушыў, не азіраючыся — і я зразумела, што асьцерагацца мне няма чаго. Прыйшла дахаты і дамыла ўсё чыста, адскрэбла тое, што заставалася, засохлае, з былога жыцьця.

Назаўтра пайшла прагуляцца да мора і ўбачыла тлустага, рыжага ў белыя плямы ката, які лянотным подбегам уцякаў ад гэткага ж тлустага і рыжага, толькі не ў плямы, мужыка. Мужык аж задыхаўся — гэтак намагаўся ката дагнаць. Нарэшце, кот стаміўся ўцякаць, мужык дагнаў яго, нахіліўся і пагладзіў…

Вы каго-небудзь, задыхаючыся, даганялі, каб пагладзіць?..

Калі я вяла рэпартажы з каралеўскіх вясельляў, дык не прызналася, што я ня Вера. У гэтым я вінаватая перад ёй, бо мы дамаўляліся, што прызнаюся. Але ж дамаўляліся мы жывая з жывой, а не жывая з мёртвай…

Канешне, калі б я прызналася, гэта была б бомба… Толькі што тады было б са мной?.. Са Сьвятаславам, якога я знайшла толькі тады, калі ў газетах напісалі, што яго арыштавалі, і якому трэба было тут, як і там, дапамагаць. Наста тут нічым дапамагчы не магла.

А там дапамагла: сьмерць маю ўсё ж прызналі самазабойствам. На тэлефон Веры Наста эсэмэску скінула:

«З вяртаньнем у Еўропу! Вось для чаго вы падобныя былі».

Лесьбіянка дыктатуры.

Прычыны для экстрадыцыі Сьвятаслава ня стала: не з-за ката ж высылаць… Ды яшчэ я так пра яго напісала, што шведы вінаватымі перад ім пачуваліся. Такога героя звар’явалі…

З псіхушкі яго забраў нейкі рускі, якому Сьвятаслаў, забіўшы беларуса, аказаў вялізную паслугу. За тую вялізную паслугу той рускі прыдбаў для яго вялізны дом, у падворку якога насыпаў, як Сьвятаслаў папрасіў, вялізную гару. І купіў вялізнага сабаку. Сьвятаслаў назваў гару Ваўкавыскай, вечарамі залазіў на яе з сабакам і глядзеў некуды на паўднёвы ўсход. Сонца сядала за ягонай сьпінай, сьвяціла ў той бок, куды ён глядзеў, і калі яно закочвалася за небасхіл і нічога ўжо не было відаць, ён пачынаў выць, а сабака — падвываць. Страшна, як воўк. На ўсю Еўропу.

Вясна 2004 г., Расьціла, Хельсінкі, Фінляндыя

Вясна 2008 г., Вісбу, в. Готланд, Швецыя

[*]«Kungen och drottningen g"or inget annat "an nyps n"ar de ligger med varandra…». «Кароль з каралевай толькі тым і займаюцца, што шчыпаюцца, калі гэтым займаюцца…» (шведск).

[**]«G"or inget annat "an nyps n"ar de ligger med varandra...» «Толькі тым і займаюцца, што шчыпаюцца, калі гэтым займаюцца…» (шведск.)

Поделиться с друзьями: