Вяртаньне Веры
Шрифт:
Калі не, чаму зьбег?..
Сьлядоў маіх у кватэры хапала.
Па горадзе пакацілася: забілі некага з апазіцыі! КДБ, сьпецслужбы забілі, бо ў каго яшчэ ёсьць нешта такое, што сэрца спыняе нібыта без прычын? У інтэрнэце замільгала: «Дыктатура не расправіцца з нашай ВЕРАЙ!» Дык што рабіць сьпецслужбам дыктатуры? Калі забойца сам у апазіцыі — і да таго ж зьбег за мяжу… Таму і наструніла мяне пытаньне адваката: «Вы дома нікога не забілі?..» Я падумаў, што прыйшлі дакументы на экстрадыцыю. А гэта не ананімка пра ката…
Няўжо ўсё ж Вера напісала?.. У апошні вечар жыцьця села і напісала ў шведскую іміграцыйную службу, каб мне не давалі палітычнага прытулку, бо я ката забіў?..
Тады
Дні за два да ад’езду мне пазваніла Наста… Ніхто, апроч Веры, ня ведаў, а яна аднекуль ведала, што я зьязджаю. Толькі думала, што мы зьязджаем разам. Я і Вера. Сказала, што правільна робім, тут нічога не дачакаемся. Сказала, што дапамагала мне апошнім часам ня столькі праз мяне, колькі праз Веру. Чаму?.. Бо я ў параўнаньні з Верай — шчанюк, а яна, Наста, сука. Спытала, ці памірыліся мы? Яна б не хацела, каб праз яе нешта ў нас ня склалася…
Скуль яна ўзяла, што праз яе?
Калі я дазнаўся, што Веры ня стала, чамусьці адразу пра Насту падумаў, пра яе бамбізу-кіроўцу з гэбісцкай мордай. Успомніў яе крык: «Едзь давай, разьбярэшся!..» Але ж не забіваюць за тое, што апырскалі кавай? Ці ў нас могуць забіць?..
Шведскі сьледчы ўсё хоча разабрацца, што там з намі і ў нас адбываецца.
— Вы першую палову жыцьця хадзілі на савецкія шэсьці: Першамай, Кастрычнік… Так?
— Так.
— А другую палову жыцьця — на шэсьці антысавецкія. Дзень Волі, Чарнобыльскі шлях… Так?
— Так.
— Тады скажыце мне, толькі падумайце: гэта нармальна?
— А што тут ненармальнага?..
Шведскі сьледчы глядзіць на мяне бездапаможна: «Ну, не ведаю… Я толькі хачу вас папярэдзіць, што вы зноў можаце апынуцца там. Вас туды могуць выдаць, калі адвакат не даб’ецца псіхіятрычнай эксьпертызы».
Нарэшце яны, адвакат і сьледчы, выйшаўшы з пункта А і з пункта Б, сыйшліся. Не важна, што адзін з іх спыніўся ў пункце «выслаць», а другі — у пункце «выдаць». Пункт адзін і той жа… Але і ў тым, што мяне не вышлюць і не выдадуць, бо прызнаюць псіхічна хворым, сьледчы, як і адвакат, не сумняваецца. Хоць ніхто з эксьпертаў не сябар ягоны і ён ні з кім і ні пра што не дамаўляўся…
Яму шкада мяне.
Чаму яны ўсе мяне шкадуюць?.. Сьледчыя, міністры, адвакаты, хай нават яны жулікі?.. Феміністкі з іміграцыйнай службы і феміністкі з таварыства аховы жывёлін?.. Таму, што я жыў там, дзе я жыў, і лічыў сваё жыцьцё нармальным?
Дык яно і было нармальным. Яшчэ трэба разабрацца, дзе яно ненармальнае. Там, дзе турма — турма, з карцэрам і парашай, ці там, дзе турма — нумар у гатэлі. З тэлевізарам, халадзільнікам і падагрэтай падлогай. Ды яшчэ з прабачэньнямі, што тэлефона няма і кампутар да інтэрнету не падключаны, бо, пакуль вядзецца сьледства, сувязь забароненая. А пасьля, калі асудзяць, калі ласка. Хочаш — сядзі ў інтэрнэце, хочаш — з інструктарам на лыжах катайся. Хай сабе нават ты двойчы забойца.
Дома ў камеру на дзесяць чалавек нас па трыццаць набівалі. Не прадыхнуць… Па тры разы на дзень прытомнасьць страчваеш. І не ўсьведамляеш, прытомны ты ці не, калі чуеш: «Там, дзе канчаюцца замкі, там канчаецца Еўропа. Пад Смаленскам… І калі мы ўзновім, адбудуем нашыя замкі, мы дойдзем да Еўропы, вернемся ў яе».
Вера казала: «Мы тады некуды вернемся, калі дойдзем да такіх, як у Еўропе, турмаў. Але дай нам такія турмы — нікога на волі не застанецца.
Для нас такія турмы — замкі.Мы рабы, нас цягне ў рабства. Там камфортна, зацішна. А свабода — вецер. Ген свабоды нам не прывіць, у рабоў ён не прыжываецца. Таму мы і шчасьлівыя ў рабстве».
Шведскі сьледчы кажа: «Дарма вы пра ўсіх сваіх горш чым пра ўсіх астатніх думаеце. Свае — найлепшыя, якімі б яны ні былі. Гэта найпершая ўмова для стварэньня чаго заўгодна чалавечага, пачынаючы з сям’і».
Сям’і ня выйшла…
Вера лічыла мяне сваім, але не найлепшым. І народ лічыла сваім, але не найлепшым. І апазіцыю… Недалэнгамі яна лічыла і мяне, і апазіцыю, і народ.
Так ня можа быць. Ці можа? Каб усе — недалэнгі…
— У мяне жонка журналістка, даволі вядомая, — кажа сьледчы. — Яна ў вас ня раз бывала. Дык у першым рэпартажы напісала, што вы лепшыя за нас.
Выходзіць, сьледчы прыкідваўся, быццам ні пра Беларусь, ні пра беларусаў нічога ня ведае…
— А ў другім?
— Што ў другім?..
— А ў другім рэпартажы пра што яна напісала?
— Пра вашую мужнасьць. Пра тое, як мужна вы перанесьлі вайну, вытрымалі Чарнобыль… І як зараз гэтак жа мужна, сьцяўшы рот, перажываеце дыктатуру.
— Мы мужна перажываем дыктатуру?
— Я ў вас ня быў. Яна так напісала.
Што ж, мужна дык мужна…
Дыктатуру дык дыктатуру…
— А ў трэцім рэпартажы?..
— О!.. — Сьледчы, што дзіўнавата для шведа, у захапленьні ад жонкі. Я таксама рады, што яна ў яго ёсьць, бо гэта праз яе, мусібыць, ён такі гаваркі. А я ўсё гадаў, чаму ён неабавязковыя для сьледства размовы со мной водзіць?..
Ва ўсім ёсьць прычына.
Сэрца без прычыны не спыняецца.
— Гэта не рэпартаж быў, фантастыка! Ёй прэмію за яго далі… Жонка мая… яе, дарэчы, Верай завуць…
— Як?..
Перад тым, як назваць імя жонкі, сьледчы, мне здалося, надта ўжо ўважліва зазірнуў мне ў вочы, нібы чакаючы, як я адрэагую…
— Так, Вера, — кіўнуў сьледчы і ня стаў тлумачыць, чаму ягоную шведскую жонку, як і маю беларускую, завуць Верай. — Яна перакананая, што небясьпека для чалавецтва — ня сьпід і не тэрарызм, а грамадства спажываньня, якім і ёсьць сёньня ўвесь Захад. Яна лічыць, што грамадству спажываньня цалкам адпавядае філасофія хрысьціянства, таму трэба мяняць і грамадства, і веру.
Я ня ўцяміў:
— Якую веру?
— Хрысьціянскую, на якой грамадства спажываньня і ўзгадавалася. Свой духоўны пік чалавецтва прайшло напярэдадні хрысьціянства, пасьля пачаўся заняпад, што адчулі на Усходзе, дзе стварылі новую сусьветную рэлігію, але і яна не вырашае праблему, бо не зразумета галоўнае: сёньня, каб ісьці наперад, трэба бегчы назад. А вам ня трэба назад, вы і так там. У тым сэнсе, што, хоць у вас ёсьць храмы, але вы ў сутнасьці сваёй ніякія не хрысьціяне, а, як старажытныя грэкі з рымлянамі, паганцы, і грамадства спажываньня ў вас не сфармавалася. Цывілізацыя перагнала вас, як на стадыёне, на круг, але з трыбунаў здаецца, што вы не апошнія, а наперадзе, і Вера даводзіць, што так не здаецца, а так яно і ёсьць. Што, стаўшы аўтсайдэрамі, вы сталі лідэрамі. І ня трэба лезьці да вас з правамі чалавека, з усёй бліскучай лухтой, прыдуманай грамадствам спажываньня дзеля апраўданьня свайго існаваньня. Бо гэта — як вешаць на вашу паганскую елку не цукеркі, а фанцікі. Рэпартаж так і называўся: «Цукеркі і фанцікі». І з яго вынікала, што ня вам трэба рухацца да Еўропы, а Еўропе да вас, да той чалавечай сутнасьці, да тых нязьменнасьцяў, якія вы захавалі. Калі, канешне, Еўропа ня хоча, каб яе крывяносныя сасуды пазабівала халестырынам, а хоча, каб у ёй білася жывое сэрца і дух жывы лунаў.