Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Першапачатныя назiраньнi далi Алесю аснову думаць, што дзяўчына не належала да натоўпу. Калi-б дзяцюк грунтоўна ведаў ейнае паходжаньне, i тую "пяшчоту" якой была ахiнула Веру савецкая агентура, быў-бы стварыў да яе iншы падыход. Здарылася так, што нехта iншы заплянаваў шахматную гульню i прадумаў падарожжы розных фiгураў на далёкую мэту. Алесь бачыў адно адзiн бок мэдалю i той у цьмяным сьвятле. Дзяўчына выглядала сьцiплай, зраўнаважанай, някiдкай да хлапцоў i, здаецца, незаангажаванай нiякiм каханьнем. У гэны час модна плылi i адплывалi розныя моды, пераважна ў вопратцы i ў рознай маральнасьцi цi амаральнасьцi амэрыканскай, а ў шырэйшым маштабе захадняй моладзi, з вытокамi дзесьцi ад рок'н'ролу

Элвiса Прэслi i лiвэрпульскiх Бiтлсаў. Гэная шумлiвая i крыклiвая моладзь, у каторай пачуцьцё, падапхнутае наркаманiяй, публiчна паказвала свой агiдны твар, якраз захаплялася рознымi адыёзнымi рацыянальнаму чалавеку "модамi". А гэтая дзяўчына, быццам-бы для кантрасту, як на паказ, не належала да агульнага хору, жыла, як выглядала, сваiм розумам.

Перад сваiм прыездам на гэты кантынэнт Алесь трымаўся поглядаў пра традыцыйную жыцьцёвую ролю жанчыны, якая абжылася даўно ў беларускiм сялянскiм асяродзьдзi. Жанчына радзiла дзяцей, даглядала iх, любiла мужа, цяжка працавала i ля хаты, i на гонях. Яна сачыла, каб дзеткi навучылiся малiцца, наведваць Божыя сьвятынi, былi паслухмянымi, пакорнымi, значыцца матка была рухавiком хрысьцiянскае маралi сям'i. Цi не найважнейшым яшчэ была i народная культура й мудрасьць: песьнi, казкi й цэнныя старыя народныя традыцыi. I сялянскiя дзяцюкi, наглядаючы сабе сябровак жыцьця, трымалiся замацаваных народнай культурай i маральнасьцю стандартаў. Часта, вядома, у запрыгоненай краiне не апошнюю ролю ў заляцаньнях i сужэнствах адыйгрываў пасаг i зямельная ўласнасьць.

Гэтта, за акiянам, адкрыўся iншы сьвет. Жанчыну зрабiлi камэрцыйнай прынадай. Мала дзе што рэклямавалася бяз прыгожай дзяўчыны. Напоўголыя спакусьнiцы ўсьмiхалiся з бачынаў розных часапiсаў, вылузвалася распуста ў эратычных фiльмах, расьцьвiла i заваёўвала новыя пазыцыi, у iмя "вольнасьцi мовы й выказваньня", парнаграфiя. Банальнасьць нажывы i прагнасьць матар'ялiзму сагнала жанчыну з высокага п'едэсталу маральнае цноты, на якую паставiў яе Стварыцель, да брыдкой i шчодра запэцканай рознымi хварбамi i памадамi цэлюлёiднай карыкатуры.

Даўно ў Алесевым уяўленьнi абжыўся прататып сяброўкi жыцьця: сьвежая i арыгiнальная, неразбэшчаная мадэрнай цывiлiзацыяй, тая, якой мог-бы душу й сэрца адкрыць, што паходзiла-б зусiм зь iншага сьвету, а не таго, што падпёрты й рэклямаваны камэрцыйным сьветам жыў кажны дзень на тэлебачаньнi. Такая асоба была-б добра адукаванай i начытанай найлепшай лiтаратурай сваёй i сусьветнай, мела-бы прыказачную галаву на плячох i незалежную думку, ня трымалася-бы навязанае гандлярамi рознае прыхамацi й "бягучых модаў" (current fashion trends), яна ўзбуджала-бы павагу й пашану да сябе сваiм выглядам i характарам. Кандыдаткай на такую iдэальную жанчыну ў Алесевых думках паўстала Вера Мак. Яна вынырнула дзесьцi з поўначы ў гэтым горадзе-гiганьце як цячэньне сьвежасьцi ў забруджаным паветры, як кветка красы мiж прадажных камэрцыйных мадэлек.

12

Спачатку новая пазыцыя на працы замiнала шматлiкiм плянам прыватнага жыцьця. Трэба было пераарганiзоўваць, перайначваць, перамяшчаць, устанаўляць новае. Доўгiя гадзiны працы. Алесь нават сябе занядбаў. За ўсякую цану новую пазыцыю трэба было замацаваць, наставiць на непахiсную аснову. Не пасьлiзьнiся, бо Зэлман хутка на тваё месца знойдзе iншага. На працягу чатырох тыдняў Алесь апынуўся на добрым шляху. Цяжкая праца прыносiла плёны. Нават ня пытаўшыся ўласьнiка Трыфты Тонi Алесь ведаў, што Зэлман быў зь яго задаволены. Вера выдатна спраўлялася на сваёй дзялянцы.

У адну сонечную, Богам блаславёную, нядзелю Алесь пастанавiў, што трэба, як ён жартаваў, праветрыцца. Запрасiў Веру й тая адразу згадзiлася. Вярнуўшыся з царквы й парафiяльнага збору, каля гадзiны трэцяй пасьля

паўдня нацiснуў званок пры дзьвярох памешканьня дзяўчыны. Блюза ў кветкi, спаднiца гармонiкам у складкi, валосы ў пучок, ружовенькi, незапэцканы нiякiмi штучнымi прыкрасамi тварык распрамянiўся на прывiтаньне.

– Куды паедзем?
– спыталася.

– Куды хочаш. Кажы, завязу.

– Чакайце, зараз, - усьмiхнулася Вера.
– Я-б хацела паехаць туды, дзе многа зеленi й вады, дзе можна пахадзiць i паплаваць, i нiчога не рабiць а толькi з сонейкам гуляць...

– Добра, - згадзiўся Якiмовiч.
– Калi йдзе пра тое, каб нiчога не рабiць, дык пабачым на месцы.

Алесь завярнуў свой Олдсмабiл, лёгка ўцiснуўся ў вулiчную хвалю, што плыла ў кiрунку возера, а там шмыгнуў на той вялiкi экспрэсвэй у захаднiм кiрунку. Хвiлiн дваццаць пасьля зьехаў на малую дарогу, якая прывяла да возера. Калi-ж i тая дарога згубiлася недзе ў высокай, дзiкай траве ў старым, што адмiраў, садзе, дзяцюк спынiў аўтамабiль пад старой разложыстай яблыняй. Зьдзiўленая дзяўчына вылезла з аўтамабiля, разглядалася.

– Эй, гэта цудоўна!
– усклiкнула яна.
– Я спадзявалася, што мы едзем некуды дзе ёсьць цывiлiзацыя.

– Яе, гэтай цывiлiзацыi, поўна й тут, - адказаў Алесь.
– Толькi глянь навокал.

Вера заўважыла яшчэ два аўты, што стаялi воддаль. З-над возера далятаў гоман. Алесь узяў ваўнянае пакрывала iз свайго аўта, Вера прыхапiла падарожную торбу. У траве вышэй каленяў ледзь пратаптаная сьцежка абрывам спушчалася да пляжы. Ля вады сядзелi старэйшыя, дзецi гулялi ў пяску й боцькалiся ля берагу ў вадзе. Няшмат людзей, раскошна тут. Лёгкi вецярок з паўдня ледзь варушыў ваду. Возера гэта, якое фактычна ёсьць морам, бо праз раку Сан Лорэнс лучылася з Атлянтычным акiянам, гэтае несалёнае мора сяньня даволi спакойнае. Воддаль на гарызоньце застылi, здавалася, пярынкi ветразяў лодак зь мясцовага яхт-клюбу.

– Як тут цудоўна!
– захаплялася Вера.
– Поўна месца, адзiн другому на нагу не наступiць.

– Я задаволены, што табе падабаецца. Добрае месца, дый мала хто сюды прыяжджае. Цяпер што будзем рабiць? Хочаш купацца?

– Што за пытаньне! Недзе мой купальнiк тут узяла. А дзе перапрануцца?

– Можаш у аўтамабiлi.

– Окэй, пачакай.

– Я нiкуды не ўцякаю.

Гутарку вялi ў сяброўскiм тоне. Адразу ў iх так пайшло, безь якiх-небудзь намаганьняў. Алесь чакаў няшмат, разаслаў тое пакрывала, ляжаў на жываце, цешыўся сонцам. Калi дзяўчына зьявiлася з саду, дзяцюку карцiла добра сьвiснуць з захапленьня, але стрымаўся.

– Ого! Якая ты прыгожая!

Вера пазiрала на Алеся ўважна, быццам каб упэўнiцца ў ягонай шчырасьцi.

– Цi можаш мне сказаць якiм плянам яны карысталiся, калi цябе праектавалi?

– Захоўваешся так, як быццам нiколi дзяўчыны ў купальнiку ня бачыў! дакарала Вера зь ледзь выразнай усьмешкай, што кружыла навокал выдатна аформленых вуснаў.

– Мне здавалася, што ты не запярэчыш шчыраму захапленьню. Ляля, цаца, спакуса! Ты належыш у казачныя прыгажунi, табе хвалу павiнны сьпяваць розныя гарлапаны-маестры са сцэнаў, а красой тваёй павiнны насалоджвацца мiльёны!

– Гэта хто так сказаў?

– Я кажу! I прысягаю, што зусiм шчыра.

Захоплены Алесь бачыў перад сабою рэдкую красу. Вочы ягоныя, як загiпнатызаваныя, вандравалi ад пальчыкаў на ступнях, па лытках, сьцёгнах, даўжэй затрымалiся на грудзёх. Выдатны экспанат тварэньня генiяльнага майстры дасканаласьцi. У дзяцюковым уяўленьнi, для параўнаньня, мiльгалi мадэлькi, уключна зь мiтычнымi Вэнэрамi ды Афрадытамi. А гэтая вось, што перад iм, - сьцiпласьць у абдымках прыгажосьцi, - павярнулася бокам, правакацыйая iскра ў прамянiстых вачох, усьмiхнулася.

Поделиться с друзьями: