За волю
Шрифт:
– Нешта запраўды вельмi важнае i балючае, - сказаў Алесь.
– Балючае.
Настала даўгое маўчаньне. Алесь чакаў.
– Магчыма я некалi згадваў табе пра чалавека, якi працаваў са мной у гатэлi, - павольна гаварыў пiсьменьнiк.
– Перад вайной у Эстонii ён меў высокi чын, прынамся мне так казаў. Быў шэфам дэпартамэнту ў мiнiстэрстве адукацыi, мае навуковы тытул. Запраўды адукаваны i культурны чалавек.
– Здаецца, што вы мне раней расказвалi пра яго, - перарваў Шпака Алесь.
– Чаму вы кажаце працаваў? Цi ўжо не працуе?
– Але-ж ты скачаш наперад... Паслухай, не ганi. Ён працаваў са мною тры гады. Добры, сумленны, разумны, працавiты чалавек. Прыемна й карысна такога побач мець. Мне часам здавалася, што ён сваяк мой, разумееш?
– Так, так ведаю. Дык што сталася?
– Учора яго з працы выкiнулi.
– Выкiнулi? Чаму?
– Заснуў на працы. Я ведаў, што яму немач дакучае. Начная зьмена для яго была занадта цяжкая. Але-ж адмовiлi яму на дзённую. Дык ён вось аслабеў i заснуў. Бос злавiў яго i тут-жа, нягоднiк, выгнаў з працы!
– Нiчога дзiўнага. У вас няма прафсаюзу, каб заступiўся?
– Няма нiякага прафсаюзу й нiхто яму не паможа. Стары амаль расплакаўся. Я памкнуўся, каб заступiцца за яго. Толькi адкрыў рот, а ты ведаеш, што мне бос на гэта?
– Няцяжка адгадаць.
– Ты. кажа, уважай! Бачыш, вунь цэлы натоўп беспрацоўных стукаецца ў дзьверы. Я зразумеў.
Наступiла цяжкое й нязручнае маўчаньне. Алесь ведаў як уквялiлi старога пiсьменьнiка, паводле сваёй сацыяльнай пазыцыi ў гэтай краiне "вялiзных магчымасьцяў" - чысьцiльнiка адходкаў цi прыбiральняў. Тут-жа яшчэ з шырака ўжываным ярлыком - "пракляты дыпiс". Укалолi ў сэрца, цi, як накш кажуць, задзелi за жывое i самога Алеся. Удар па чалавечай годнасьцi. Новы сьвет, ура! Свабода! Вольны рынак! Адчынiлi дзьверы, каб прыхiнуць, даць прытулак гаротнiкам, што ўцяклi ад жахлiвага Гулагу. Людзi спадзявалiся, што змогуць даць у скарбнiцу гэтай гасьцiннай краiны свае жыцьцёвыя практычныя i навуковыя здабыткi, перасьцерагчы гэты наiўны сьвет перад надыходзячай небясьпекай... Прынялi. Шчотку й мятлу ў рукi, плястыковыя рукавiцы, дызынфэктар i парашок ды мыла - бяжыце падлогi ды адходкi мыць i чысьцiць! I за гэта iм азадкi маеш цалаваць, бо вунь грамада беспрацоўных дзьверы ломiць.
– Я разважаў пра гэта, - прадаўжаў, ходзячы па пакоi Шпак, - разглядаў усякiя за i супраць, стараўся зiрнуць на сытуацыю зь iхнага боку. I не знайшоў апраўданьня, цi, калi хочаш, рацыянальнасьцi. Чалавека паставiлi тварам да сьцяны i зьвязалi яму ззаду рукi. Нiчога ня мае вагi апроч тваiх мускулаў i фiзычнае трываласьцi. I гэтта збоку кiваецца пагражальны прывiд. Разумееш? Чалавек аж дрыжыць ад самае думкi, што-б ён рабiў, калi-б апынуўся ў сытуацыi таго злашчаснага Эстонца...
– Ды гэта толькi невялiкая частка цэласьцi. На жаль, чалавек створаны ня толькi з касьцей ды цела, а перадусiм мускулаў. А тут, як выглядае, няма месца для iншых, прынамсi ў тым асяродзьдзi, дзе я апынуўся. Што за джунгля! Цяпер можа разумееш крыху лепш тых людзей, пераважна выгнаньнiкаў, навуковых, творчых, камэрцыйных цi кроўных арыстакратаў - каторых бальшавiцкая контррэвалюцыя выплюнула на рынак парыскiх цi бэрлiнскiх кэльнэраў, таксiстаў, падчышчальнiкаў адходных ды iншых так званых працаў, пра якiя пазьней iранiзавалi бальшавiцкiя забойцы й будаўнiкi канцлягераў сьмерцi... А цяпер i многiя з нас, старшыя векам, у падобнай сытуацыi, адно мы - дзецi з раськiданых гнёздаў, нiякая там кроўная арыстакрацыя, а бедныя дзецi вялiкага запрыгоненага народу, якiя вучылiся, каб розумам сваiм i ведамi прыдбаць яму лепшы быт. I тут во - на табе! Трапiлi куды, мой ты Божа! I калi згадаеш тыя вялiкiя спадзяваньнi, якiмi жылi, ступаючы на гэтую зямлю. Калi падумаеш, што можна было-б зрабiць, чым памагчы паняволеным народам, усiм iм - ня толькi беларускаму, - але нават i расейскаму, бо i ён-жа таксама гэтымi махлярамi-мафiяй паняволены...
Алесь пазiраў на змораны пiсьменьнiкаў твар. Ведаў, што чалавек мае выгаварыцца-выспавядацца хоць перад адной спагадлiвай душой. Можа
тады, як людзi кажуць, удвая палягчэе. У даным выпадку Алесь уяўляў сябе нейкай губкай, што ўсосвае накопленую ў Шпакавым арганiзьме горыч. Цi варта было цяпер што Шпаку гаварыць, ды, - баранi Божа!– супярэчыць? Ягонае, Алесева, заданьне цяпер - тут прысутнiчаць, слухаць, спагадаць. Гаеньне, калi цела ня гноiць гангрэна, патрабуе часу. А Шпак прадаўжаў.
– Я тут, - от няхай Бог будзе мне сьветкай, - ня кiруюся адно сваiм эго. Я ёсьць малазначнай iстотай, што некалi будзе зьмеценая з твару зямлi й нiхто ня будзе трывожыцца цi я яшчэ жыву цi ўжо адыйшоў. Гэтта йдзе пра большае: нiхто не памагае нашаму паняволенаму народу. Гэтыя людзi, каторыя тутака турбуюцца, што абжыраюцца ды маюць замнога ў трыбухах, занадта растаўсьцелi, а зь iншага боку - нiяк ня могуць зьлiквiдаваць беспрацоўя ды памагчы зьбяднелым i пакрыўджаным, - гэтыя людзi нiяк ня могуць падняцца вышэй узроўню сваiх правiнцыяльных i парафiяльных iнтарэсаў. Як-жа яны могуць запабегчы катастрофе, якая - цяпер ужо ясна, як Божы дзень вiдаць, прыблiжаецца?
– Мяркую, што вы, спадар Шпак, памыляецеся, - сказаў Алесь.
– Пэўне-ж, у гэтых людзей ёсьць недахопы. У каго iх няма! Каб разбудзiць i мабiлiзаваць на помач некаму iгнарамусаў, патрэбны час. Я шчыра веру, што працэс гэты ўжо пачаўся. Вось тут на днях, у мiнулы тыдзень, у сваёй прамове да этнiчнага прэсавага клюбу, лiдар лiбэральнае партыi падкрэсьлiў важнасьць таго, каб Канадыйцы ведалi пра камунiстычную пагрозу, ды сьцьвердзiў...
– Сьцьвердзiў?!
– злосна сыкнуў Шпак.
– Гэта-ж паслухай: падкрэсьлiў i сьцьвердзiў! Дык яны адно толькi й робяць, што падкрэсьлiваюць i сьцьвярджаюць!
У тым голасе зьняможанага Шпака было столькi запалу й чыстай, непрыхаванай злосьцi, што ажно Алесь зьдзiвiўся.
– Але што з гэтага?
– прадаўжаў пiсьменьнiк.
– Цi яны хаця маюць элемэнтарнае ўяўленьне пра род вайны, якая цяпер iдзе? Фу! Яны мяркуюць, што нiякай фактычна цяпер вайны няма. Бальшыня зь iх заблудзiлася ў меркаваньнях, што будучая вайна выбухне ракетамi i атамнымi бомбамi. Мы ведаем лепш, але хто нас хоча слухаць? Меркаваньнi, адкрэсьлiваньнi, сьвярджэньнi... Так... Чаму-ж iм не прыхадзiць на нашыя зборы ды сьцьвярджаць цi падкрэсьлiваць на наш лад, каб нам спадабацца ды нашыя галасы ў падтрымку пры выбарах падпрэгчы? Але-ж мы бачым i iхны iншы бок. Каб пшанiцу сваю прадаць дык яны гатовыя маскоўскiя азадкi лiзаць. Цi-ж мы ня бачым, як iхныя палiтыкi бягуць, вочы на лоб, каб пацiснуць тыранам руку?! Так, так, брат... А там iдзе мiрнае суiснаваньне, палепшаньне зносiнаў, меншае напружаньне i iншыя абстрактныя трасцы. А маскалi ўсё новыя народы ў свае петлi ловяць. Во табе, на! I цi-ж ты думаеш, што бальшавiцкая хэўра i гэтых нашых палiтыкаў па галоўцы пагладзiць? Навошта? Сам галоўны архiтэкт гэтага найбольшага ў гiсторыi чалавецтва крымiналу, некалi сказаў: яны прададуць нам вяроўкi, на каторых мы iх павесiм. Цьфу!
Шпак зноў закурыў. Хваляваньне выяўлялася ў ягоных нэрвовых рухах, колкiх вачох. Тое, што казаў, вылiвалася згадамi набалелага сэрца.
– Калi вы мне прабачыце, - гаварыў Алесь, - дык скажу, што мне здаецца вы крыху перасольваеце, цi, як у нас казалi, дугу ў iншы бок перагiнаеце. Замнога хвалюецеся...
– Хвалююся? Дугу перагiнаю? Што ты вярзеш! Усхваляваны я ёсьць i не бяз прычыны. Але дугi я не перагiнаю.
– Усё-ж я ня бачу прычыны для трывогi, - спакойна заключыў Якiмовiч.
– Слухай, Алесь.
– Шпак, падыйшоўшы блiзка, глядзеў яму ўважна ў вочы, - праблема ў цябе тая, што ты даўно ўжо далучыўся да пагонi за далярамi, цi, як тут кажуць, у пацуковы гонкi ўключыўся. Гэта, вядома, ня надта шкоднае, калi яно не замiнае многаму iншаму, важнейшаму ў жыцьцi.
– Што-ж вы параiлi-бы мне рабiць?
– Гэтае тваё пытаньне вельмi актуальнае. Усё-ж я не хацеў-бы на гэтую тэму зусiм шчыра выказвацца бяручы на ўвагу ўсё тое добрае, што ты для мяне зрабiў.
– Гаварыце, калi ласка. Я вас з прыемнасьцю выслухаю i, спадзяюся, з вашых заўваг скарыстаю.