За волю
Шрифт:
– Замовiш мне вялiкую мiсу марожанага, а я пайду асьвяжыцца, - устала Вера.
Алесь выцер сабе спацелы дагэтуль лоб. Разглядаўся, цi няма дзе навокал Шпака. Як прыемна тут, дзе паветра штучна ахалоджвалася, пасьля парнасьцi, якая гаспадарыла на дварэ!
– Гало, Мэры!
– прывiтаў Алесь таўставатую i нiштаватую з выгляду дзеўку, каторая працавала тут i кэльнэркай i кухаркай.
– Як-жа тваё цэннае здаровейка?
– Гляньце, хто гэта зьявiўся, big boy, - усьмiхнулася, рэклямуючы прыгожыя зубы, дзяўчына.
– I каму-ж мы маем быць удзячныя за тваю вiзыту?
– Што за пытаньне, Мэры? Табе, а не каму iншаму.
– жартаваў Алесь.
– Ну, ну, ты хiба-ж ня будзеш жартаваць зь мяне, любоўнiк мой?
– Ды не, мая ты darling. А дзе-ж мой пiсьменьнiк?
– Павiнен быць тут дзесьцi. Чакаў цябе.
– Вось i слава Богу. А цяпер, Мэры, я-ж ведаю, што маеш ты вялiкае i сваiх клiентаў кахаючае сэрца. Дык можа прынясла-б ты нам дзьве вялiкiя порцыi ванiлi-марожанага ды iз сакавiтым клубнiком наверсе?
– Right away, coming up.
Мэры нахiнулася й цiха спыталася ў Алеся:
– Можа скажаш мне, што гэта за цацу ты з сабой сюды прывёў?
– Прашу цябе, Мэры, будзь памяркоўнай. Адкрыю табе таямнiцу, толькi ня будзь зайздроснай. Ты-ж ведаеш маю поўную адданасьць табе. Абяцаеш, дарлiнг?
– Кажы.
– Яна, гэтая цаца, поўнасьцю мая, - падмiргнуў дзяўчыне Алесь.
– Вось як! Маеш добры густ, мiлы мой!
– Асьвяжылася?
– спытаўся Алесь у Веры, калi яна вярнулася.
– Так. А цi ты казаў мне, што тут недзе збоку ёсьць дзе пакупацца?
– Так, ёсьць недалёка адсюль прыгожае азярцо напоўненае чысьцюсенькай i мокрай вадзiчкай.
– Брава! Я ўжо хацела-б быць у кампанii тых рыбак, што ў тым азярцы плаваюць.
– Пацярпi, дзеўка. Скора пазнаёмлю цябе з тымi рыбкамi. Перш спажывём марожанае, каторае вунь ужо наблiжаецца да нашага стала.
Мэры паставiла на стале дзьве плястыковыя мiсы, напоўненыя марожаным зь ягадамi. У гэны час зьявiўся Антон Шпак. Убачыўшы пiсьменьнiка, Алесь заказаў марожанае i для яго.
Апрануты ў кашулю ў клетачкi, шэрыя порткi, iз загарэлым тварам, на якiм расплылася шырокая i прыязная ўсьмешка, Шпак падыйшоў да стала.
– Алесь, як я цешуся, пабачыўшы цябе тут!
– падаў Алесю руку й пазiраў на Веру.
– Прыемнасьць мая, - сказаў Алесь, устаўшы.
– А цяпер прашу быць знаёмым зь Верай Мак. Вера, маеш гонар пазнаёмiцца зь пiсьменьнiкам Шпакам.
– Мне Алесь успамiнаў некалi пра сваю прыгажуню, але не казаў што яна аж такая цудоўная з выгляду, - гаварыў Шпак i ўважна аглядаў дзяўчыну. Прыемна...
– Прыемнасьць мая, - зарумянiўшыся ў твары, сказала Вера.
– Я чула шмат пра вас ды й некаторыя вашыя кнiгi чытала.
– Так?
– зьдзiвiўся пiсьменьнiк.
– Але-ж вы налягайце на марожанае, не марудзьце. Алесь, а чаму-ж ты мне не сказаў, што такую прыгажуню ты недзе ўпаляваў?
– пабацькоўску спытаўся ён у дзяцюка.
– Але-ж вы ў мяне ня спыталiся, - усьмiхнуўся Алесь i падмiргнуў Веры, каторая прыглядалася Шпаку. I здавалася Алесю, што дзяўчына запраўды спадабалася яму.
– Калi, прабачце мне, як доўга вы ўжо забаўляецеся разам?
– А ўжо месяцы тры, мусiць, - адказаў Алесь.
– А вы як доўга ў Канадзе, спадарычня Мак?
– Я тут нарадзiлася ў адным гарадку на поўначы.
– Вы што? Але-ж запраўды, чаму мне гэта ў галаву ня прыйшло? Прабачце старому дурню. Слухаючы вашу гаворку, я ня думаў...
–
Але вось што асаблiва цiкавае, спадар Шпак, - пачаў задаволеным голасам Алесь.– Калi мы пазнаёмiлiся, без майго ведама яна ўзялася вучыцца беларускую мову. Аднаго дня, калi яна адчынiла свой роцiк, я быў, сьцiпла гаворачы, даволi зьдзiўлены. Працуе ў мяне ў Трыфты Тонi, гаварылi мы мiж сабою да таго часу паангельску, а тут... гэткая неспадзеўка... Ад таго часу я пазнаёмiў яе крыху зь беларускай лiтаратурай, з вашай уключна.
– Аж гэтак?
– зьдзiвiўся Шпак. Ён наважыўся распытацца ў Алеся пра дзяўчыну пазьней.
– Я люблю бэлетрыстыку, - сказала Вера.
– Я чытала рускую, а тады, як Алесь прыйшоў, дык я падвучылася пабеларуску. Я сталася сiратой, як была малая. Ад бацькоў я чула беларускую мову, але замала ведала яе...
Вера змоўкла. Цi не замнога ўжо сказала? Стары воўк Шпак можа што-небудзь западозрыць. Дзе гэта калi было, каб народжаная ў Канадзе дзяўчына ды сама па сабе (так яны мяркуюць) навучылася беларускай мовы?
Iшла гутарка пра штодзёншчыну. Шпак распытваўся Алеся пра ягоныя бiзнэсавыя справы.
– Мне трэба йсьцi назад да сваёй працы. Дзякую за марожанае, - устаў Шпак з-за стала.
Алесь зь Верай паехалi над возера. Купалiся, вылежвалiся на беразе. Вечарам Алесь угашчаў дзяўчыну й Шпака ў рэстаране, а пасьля ўсе пайшлi ў катэдж. На абцягнутай шчыльнай сеткай, - каб адгарадзiцца ад кусьлiвых чорных мушак i камароў, - вэраньдзе стаялi крэслы й стол. Алесь прынёс свой пераносны патэфэн ды наставiў кружэлкi з рознымi беларускiмi народнымi песьнямi, харавымi канцэртамi Шырмы зь Менску. Зьявiлася й брэнды ў таварыстве садовай вады, вэнджаных шпротак i iкры ды заквашаных пабеларуску гуркоў.
Гутарылi мала. Мэлёдыi iз забранае зямлi чаргавалiся з журботнымi, - i быццам разьлiчанымi на далёкi дыстанс - крыкамi мясцовых люнаў-нурцоў, што пераклiкалiся на суседнiх вазёрах. Люн-нурэц, вялiчынёю з гусь, гэта для некаторых мясцовых людзей - голас канадыйскай поўначы.
Трое ля стала. Яе карэньне на двух кантынэнтах. Выдатны пiсьменьнiк, ла якога маскоўскiя iнквiзытары вось ужо паставiлi пастку. Побач дзяцюк, напоўнены ненасытным i зьнiшчальным каханьнем да агенткi маскоўскага актопуса. Тройка гэта знайшла роднае-супольнае ў галасох зь Менску, зьяднаных, адшлiфаваных майстрам з Шакуноў, што на Пружаншчыне. Апрычоная супольнасьць на чужой, iмi ўжо даволi абжытай зямлi. Разважна, быццам з насалодай, рознымi кароткiмi згадкамi з дому заглядаў у мiнулае пiсьменьнiк. Iнтымны, настальгiяй перанасычаны вечар. Iншым разам, як нi намагайся, ня створыш такога поўнага i ўзьнёслага духовым мiражом, настрою. Цi то песьнi беларускiх жнеек так суладна гучалi акордам тых заўсёды галасьлiвых люнаў, цi можа брэнды на гэта якi ўплыў мела?
Пiсьменьнiк падзякаваў Алесю й Веры за гасьцiннасьць i разьвiтаўся, штосьцi зноў згадаўшы пра заўтрашнюю працу.
– Тут, як бачыш, ёсьць дзьве асобныя спальнi, - тлумачыў Алесь Веры. Галоўны пакой быў умэбляваны самым неабходным: абшырная канапа, стол, маленькi кафэйны столiк, пара крэслаў. На сьцяне - здымкi рыбакоў з рыбамi, рэклямны каляндар зь нейкай магутнай лодкай, люстра. Падлога засланая ўжо стоптаным палавiком. I ўсё гэта, - нехта сказаў-бы спартанскае, - разам iзь сьценамi з памаляваных на рудое хвойных круглякоў, тварыла сваю адметную атмасфэру, якую любiлi гарадзкiя жыхары.