За волю
Шрифт:
Iдучы ўнiз, зь цячэньнем ракi, пiсьменьнiк прыйшоў да вялiкай дугi. У локцi ракi вада абмывала кучу валуноў i дробнага каменьня. Рукаво ракi тут пашыралася, хуткая плынь падмывала супрацьлеглы бераг. Крыху далей, у карэньнях дрэваў, вада звальняла ход. Быццам ногi вялiзных павукоў, карэньне дрэваў упiвалася ў пацямнелую плынь вады. Шпак меркаваў, што якраз там магло быць iдэальнае сховiшча для рыбы. Варта спрабаваць туды адну цi другую прынаду падпусьцiць. I доступ iз супрацьлеглага боку ракi быццам на заказ. Праўда, была адна небясьпека. Калi якая большая цаца, зачэпленая на кручок, пачне рабiць дывэрсiйныя ходы, можа заблытаць жылку за карэньне. Тады, - як канадыйскiя рыбакi кажуць,
Шпак выбраў плоскi валун, добра расьсеўся й закiнуў кручок зь вялiкiм чарвяком на плынь. Прынада ўпала блiжэй таго нагледжанага месца й шпаркi струмень аднёс яе на мель. Пiсьменьнiк выцягнуў жылку з кручком i цяпер закiнуў далей. У першы дзень ранiцай злавiў паўтузiна вясёлкавых фарэляў. Найбольшы важыў менш кiляграму. Дрэнь. Рыбацкая iнтуiцыя падказвала, што тут павiнна быць шмат большая рыба. Трэба зноў спрабаваць. З гэтага стратэгiчнага месца вельмi лёгка было закiдваць вуду i таму Шпак цi раз быў рашчараваны, калi знайходзiў тут якога iнашага рыбака. Вялiзныя дрэвы па абодвух бакох ракi схавалi цябе, здаецца, ад цывiлiзаванага сьвету. Надзвычайная дзiкасць нагадвала яму Налiбокi цi Белавежу, - пушчы iм крыху зьведаныя. Шпак нават забаўляўся ўяўленьнем, што ён не за акiянам, а дзесьцi дома мiж свае цудоўнае прыроды. Перашкаджаў уяўленьню рэзкi голас люна-нурца, адсутнiчала клекатаньне бусла.
Аднае ранiцы пасьля лёгкага, амаль паўгадзiннага падарожжа ад Пайн Рыдж, Шпак рыхтаваўся на сваiм стратэгiчным месцы закiдаць вуду i марыў, што шчасьце ў выглядзе вялiзнага прыгажуна на кручку ягоным якраз зьявiцца сяньня. Абавязкава сяньня. Сонейка ўжо выглядала з-за кроны суседняга дуба, гарлапанiла весела птушыная грамада а булькатаньне вады ў рацэ дапаўняла раньнюю сымфонiю.
Павязло. Вясёлкавая фарэль, прыгажун, больш кiляграма. На пачатак нядрэнна. Задаволены пiсьменьнiк паволi зачапiў на кручок другога чарвяка, рука спрактыкаваным рухам закiнула яго цераз галоўны хрыбет цячэньня вады, падпусьцiла прынаду аж пад той бераг, дзе, - угадваў рыбак, - павiнны быць большыя цацы.
Аглянуўшыся, Шпак заўважыў чалавека, якi выйшаў з пушчы й наблiжаўся. Апрануты ў кашулю ў чорныя клетачкi, шэрыя флянэлявыя порткi, чорныя спартовыя чаравiкi, насунуты на лоб шэры палатняны брыль. Чалавек сярэдняга, прыблiзна Шпакавага росту, ён трымаў у правай руцэ таўстую бярозавую палку i, не даходзячы якiх крокi чатыры, спынiўся. Дробны прадаўгаваты твар, кароткi нос, вузенькiя вусны, пасiвелыя на скронях валосы. Шэрыя вочы пiльна ўглядалiся ў пiсьменьнiка.
– Ты Антон Шпак?
– спытаўся тонам, якiм гаворыцца нармальна iз знаёмым суседам. Шпаку здалося проста няверагодным, што нейкi зусiм незнаёмы чалавек, выйшаўшы зь дзiкай пушчы ў чужой i далёкай ад цывiлiзацыi мясьцiне, пабеларуску пытаецца ягонае прозьвiшча. Цi не сустракаў ён калi гэтага чалавека? Ня мог прыгадаць.
– Цi мы знаёмыя? Не прыпамiнаю, - адказаў зьдзiўлены рыбак.
– То гэта i ёсьць ты, каторага шукаю, - адказаў чалавек зусiм упэўненым тонам.
– Мяне шукаеш? Хто ты такi i навошта я табе?
– Мая фамiлiя для цябе няважная. Я прыйшоў сюды, каб гэта падружаску пагаварыць з табой.
Здалося Шпаку, што пры слове "падружаску" злы аганёк блiснуў у шэрых вачох гэтага чалавека зь бярозавым кiем. Прадчуваючы нядобрае, намагаўся захаваць спакой i раўнавагу. Ён зiрнуў на сваю жылку, што, здаецца, натужылася-выпрасталася, крутануў шпулькай. Чалавек падыйшоў да яго блiжэй.
– Ты рыбак, цi што?
– спытаўся Шпак у незнаёмага. Чалавек маўчаў. Калi маеш што сказаць, дык я слухаю.
– От што мне
нравiцца: гатоў слушаць! Сатруднiчаства... Як-бы было добра, што-б ты начаў слушаць нас раньша. I мне тада ня нада было-б пуцяшэстваваць аж сюда, чтоб цябе ўбяждаць, мiстар Шпак...Шпака напалохала ня толькi расейшчына ў вуснах гэтага чалавека, але iз злавесным нацiскам слова "мiстар", быццам-бы яно было агiдай нейкай.
– Хто ты такi? Хто цябе паслаў i чаго ты ад мяне хочаш?
– Сатруднiчаства!
– сказаў ужо голасна незнаёмы.
– Сатруднiчаства ад цябе, мiстар Шпак, мы хочам. Да этага ўрэменi ты не панял. Табе ўжэ не адзiнажды ўнушалi, а ты, упрамы как асёл, сваё ды сваё. Панiмаеш сейчас? У людзей, каторыя прыслалi мяне цярпеньня ўжэ нет.
Шпакавы рукi сьцiснулi бамбуковае вудзiльна, па сьпiне рассыпалiся мурашкi. Гэта-ж трэба, - у такiм месцы й такi чалавек, з такой пагрозай! А малыя шэрыя вочкi ажывiлiся, быццам мяркуючы зь якога боку схапiць працiўнiка, цi заехаць па ягонай галаве той бярозавай палкай.
– Слушай, мiстар Шпак, слушай внiмацельна. Мне прыказалi даставiць табе от такой сьледуюшчы ўказ: ты брось пяро, прэкрацi партачыць тое барахло, что ты шчытаеш лiцературой, каторой снабжаеш сваiх фашысцкiх дзiпiсоў. Адным словом, закрой губы i маўчы. Панял? Анi слова ў пячацi i анi звуку публiчна. Будзь только гут бой, вудзi рыбу i тагда, можэт быць, панравiшся нам!
Шпак поўнасьцю цяпер зразумеў хто такi перад iм. Цi раз раней думаў, што могуць завяртанцы або iншыя маскоўскiя агенты падкiнуць яму нейкае лiха. Памятаў свайго блiзкага сябру Франьцiшка Аляхновiча, выдатнага беларускага драматурга й пакутнiка з канцлягеру на Салаўках, якога бальшавiцкi агент, як ён даведаўся куды пазьней, замардаваў у Вiльнi ў 1944-м годзе.
– Чалавек, ты здурэў? Цi ты ведаеш, што ты мне кажаш?
Цяпер зусiм выразныя аганькi загарэлiся ў шэрых вачох.
– Вiжу, ты рашыў не сатруднiчаць с намi!
Гэтыя словы былi выказаныя такiм пагражальным тонам, празь сьцятыя зубы, што пiсьменьнiка страсанула.
– Так что, цебе непанятна, мiстар Шпак?
Чалавек адхiнуў сьпераду крысо кашулi i з похвы выцягнуў даўгi паляўнiчы нож. Блiснула ў руцэ зьзяючае гладкае лязо, а чалавек пачаў ножам стругаць бярозавы кiй. Шпак адступiў пару крокаў назад i стаяў на краю валуна. Яму ня было куды далей адступаць. Чалавек пачаў заходзiць збоку, а Шпакавы вочы сканцэнтравалi сваю ўвагу на паляўнiчым нажы.
– Ты нягоднiк, адыйдзiся ад мяне! Я цябе не хачу слухаць!
– крыкнуў пiсьменьнiк.
– Ня хочаш?
– загарэўся злосьцю напасьнiк.
– Ты фашысцкi сабака, я цябе сейчас навучу, как слушаць!
Ён падскочыў да рыбака, маланкавым рухам высунуў нож зусiм блiзка ля ягонай шыi. Вiдаць, калi-б хацеў, мог-бы пiсьменьнiку ўжо вастрыём па шыi шарахнуць. Намагаючыся адбiцца ад напасьнiка, Шпак парнуў яго канцом вудзiльна, але той зручна выхапiў яго з рыбаковай рукi, пераламаў на калене й выкiнуў пераз плячо ў раку.
– Ты так хацiш сражацца, фашысцкая сабака! Я цябе сейчас пакажу!
Ён шпарка стараўся схапiць пiсьменьнiка за каўнер. Намагаючыся ўхiлiцца ад забойчае рукi, Шпак спатыкнуўся, адступаючы назад, страцiў раўнавагу i ўпаў, стукнуўшы галавой аб край каменя. Снiкi Джоў мог-бы прысягнуць, што чуў як трэснуў пiсьменьнiкаў чэрап. Джоў стаяў бяз руху, прыглядаўся, як пасьля раптоўных сударгаў абвялае цела скацiлася набок, а акрываўленая галава зь незакрытымi вачмi нiбы глядзела кудысьцi ўверх. Сталася гэта так раптоўна, што нават Джоў Снiкi разгубiўся, што далей рабiць. Дзесьцi воддаль пачулiся галасы. Джоў маланкай скочыў у гушчар. Два рыбакi наблiжалiся да кучы валуноў адтуль, зьнiзу. Цi бачылi яны яго?