Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

– Няважна спальнi! Калi яшчэ ня глумiць цябе сон, давай пасядзiм крыху, - сказала Вера.

– Прапановы якiя?
– сеў на канапе каля яе Алесь.

– Перш за ўсё: гэнае сьвятло занадта яркае.

Алесь ськiнуў чаравiкi, зьдзеў шкарпэткi i адну зь iх нацягнуў на электрычную лямпу, што вiсела на сьцяне. Пакой акунуўся ў паўзмроку.

– Цяпер лепш?
– спытаўся дзяўчыну.

– Ты добра выдумаў з тэй шкарпэткай.

Вера прысунулася да Алеся i апынулася ў ягоных абдымках. Адчула прысьпешаны пульс сэрца калi вусны ейныя да Алесевых прыльгнулi. Нешта расплывалася. Гэта было новае, раней нязьведанае. I брэнды яна ледзь-ледзь, зусiм нямнога

выпiла. Але, калi-бы поўнасьцю хлапцу аддацца, дык вось цяпер, якраз пад такi настрой.

– Алесь, - шапнула.

– Ну што?

– Скажы мне, ты запраўды мяне кахаеш?

– Кахаю цябе поўнасьцю й бязь нiякiх засьцярог. А ты мяне?

– Я кахаю цябе, my darling! Тых пару тыдняў мне цяжка было. Я пераканалася, што безь цябе не магу, як рыба без вады.

– Я патрабую цябе таксама, цаца мая. Выбачай, што так сталася.

– Гэта мая вiна.

– I мая таксама.

– Я цябе так моцна люблю, мне аж дыханьне займае.

Другi пацалунак куды больш юрлiвы. Алесь гладзiў яе. I пры дакрананьнi ягонае рукi стан яе поўнiўся дрыжаньнем.

– Алесь, прашу, цяпер...

У паўзмроку, ён пазiраў у ейныя вочы. Сумлеву няма. Пажаданьне. Нагрэтае да расплыву, гарачае зялеза на кувадле. Цяпер якую хочаш хворму яму. А гэтта, у Алесевых абдымках - жывое, юрлiвае, што першага семя жадае.

– Алесь, я нiколi раней ня мела сэксу. Прашу цябе, darling!

Шэпт, якому не адмовiш, калi ён ад такой гожай спакусьнiцы.

– Алесь, чаго ты так? Давай!

Яна зноў гвалтоўна, як п'яўка, прыльгнула да ягоных вуснаў. Пад такiм напалам доўга ня вытрымаеш. Алесь вырваўся зь ейных абдымкаў.

– Не, Вера!
– сказаў з нацiскам.
– Я не магу, ня мушу, гэта ня ёсьць...

– Ня ёсьць што?

– Ня ёсьць так, як трэба... Не магу табе гэтага зрабiць!

– Чаму-ж не? Мы-ж кахаемся. Цi-ж гэтага мала?

Алесь бачыў, што дзяўчына гарачылася, магла кiнуцца ў гiстэрыку. У такiм стане, як яна знаходзiлася, адсутнiчаў розум-стораж.

– Праўду кажаш.

– Дык чаму?

– Цяжка гэта вытлумачыць, мне здаецца.

– Ты дурань. Што з табой? Я сама лезу да цябе, а ты мяне адкiдаеш.

Алесь адсунуўся. Вера дрыжачымi рукамi адшпiльвала сваю блюзку.

– Вера, перастань! Я ня буду...

– Ты будзеш! Я цябе змушу!

У гэтых, гарачым дыханьнем выказаных, словах таiлася такая магутная сiла й перакананьне, што Алесь амаль здаўся.

– Вера, будзь добрая, перастань выдурняцца!

– Алесь, чаму ты адкiдаеш мяне? Ты-ж ведаеш, што я зь нiкiм раней ня была.

– Якраз таму й не магу.

– Як гэта так?

– Чакай, мая дарагая, паслухай! Цi-ж ты думаеш, што я цябе не хачу? Павер мне: цяпер я нiчога iншага на гэтым сьвеце не хачу так моцна, як зьлiцца з табой у адзiн арганiзм. Так. Ты мне не памагаеш, каб устрымацца перад спакусай. Наадварот. Ты мяне атакуеш, спакушаеш. Але тут, - ты трымайся далей!

Ён зноў адсунуўся ад дзяўчыны.

– Ты, мая мiлая, мусiш i мяне зразумець. Дык паслухай уважна. Я ў сваiм жыцьцi ўжо меў не адну дзяўчыну, гэта пераважна з такiх, што пагуляць адно любяць. Гадамi я шукаў кагосьцi такога, як ты: чыстую i прыгожую сумленную i скромную, арыгiнальную i несапсутую. Яшчэ абавязкава, каб i пабожную, каб дзетак умела добрымi хрысьцiянамi выгадаваць! Ты якраз вось такая, якую я так доўга i ўпарта шукаў. Павер, у мяне сiлаў няма, каб устаяць перад тваёй спакусай, бо апроч усяго ты - надзвычайная прыродная i няштучная прыгажосьць. Як у нас дома казалi: вельмi-ж вельмi пекная! Дык вось як! А ўстаяць перад спакусай я мушу. Цяпер

табе скажу чаму гэта так.

Алесь устаў, закурыў, стануў перад ёю, зацягнуўся густым дымам i прадаўжаў:

– Я не хачу ўжо цябе паставiць сярод тых, у якiх можна лёгка сэкс выкарыстаць. Мне хочацца, - павер мне, даражэнькая, - захаваць у цябе чыстую i незасьмечаную прыгажосьць. Глянь сюды, дзяўчына! Магчыма, што я i дурань, магчыма - ведаю я такiя аргумэнты, - скажаш, што сэкс ёсьць найчысьцейшым яднаньнем жывых i кахаючых сябе людзей. Але, гэта ня ўсё яшчэ. Я - веруючы ў Бога чалавек. I пры тым вялiкi грэшнiк, бо адзiн Госпад бязгрэшны. О так, я ня зьдзiўлюся, калi ўбачу на тваiм твары сьляды iронii... Магчыма ў тваiх вачох я i ёсьць дурань, можа я i паэтычны нават дурань, але я табе ўжо сказаў: для мяне важная чыстая краса, незакранутая кветка. Пазiраю на цябе i так намагаюся кантраляваць жывёльныя гоны. Яй Богу! У канчатковым аналiзе для мяне большая ўцеха ад сьведамасьцi таго, што ты ёсьць незакранутая, нiколi ня была гвалчаная, чымся ўзяць цябе цяпер... Бачыш, я шчыра, ад сэрца гавару. Спадзяюся, што зразумееш мяне. Калi мы маем мець сэкс, дык няхай гэта станецца накш, у адпаведным месцы й часе. Навошта псаваць гэта цяпер? Зразумела ты мяне?

– Ясна, окэй!
– з дакорам адказала дзяўчына.
– Я толькi хацела аддацца табе зь любвi... i можа даказаць...

Яна ўстала i падбегла да дзьвярэй спальнi. Затрымалася, зачырванелая i дрыжачая, а расшпiленая блюзка агалiла поўненькiя, як рэпкi, грудзi.

– Алесь, ты... дурань!

Стукнула за сабой дзьвярмi. Адтуль, са спальнi, пачуўся раптоўны скрып ложка й пасьля здушаны, у падушку, плач.

– Вера, прашу цябе, ня злуйся!
– сказаў голасна Якiмовiч.

– Iдзi к чорту, ты няўдзячны!

Дзяцюк стаяў каля зачыненых дзьвярэй i меркаваў цi зайсьцiся ў пакой. Выйшаў на вэранду й выкурыў запар тры цыгарэты.

27

Пасьля трывожнага сну, Алесь устаў рана, пабрыўся й памыўся. Вера, вiдаць, яшчэ спала, бо дзьверы былi зачыненыя. Алесь пайшоў у катэдж да Шпака, якi запрасiў яго на кубак сьвежазгатаванай кавы.

– Гэтая твая дзяўчына, - пачаў адразу Шпак, - цi ты добра яе ведаеш?

– Чаму-ж ня ведаю? Ведаю.

– Маеш сур'ёзныя намеры ў адносiнах да яе?

– Яшчэ няпэўны... Закахаўся, гэта ведаю... Але, вядома, для такога, перастралянага па ўсiх франтох кавалера, нялёгка...

– Калi пазволiш на такое больш дакладнае пытаньне: цi маеш намер зь ёй жанiцца?

– Гэта якраз галоўнае, што маю вырашыць. Я ведаю, што Вера - гэта выдатны матар'ял, цi адзiн дзяцюк хацеў-бы на яе сваю лапу палажыць... Але... ведаеце, яна цалкам i вельмi мiлая асоба, апроч таго - прыгожая, характар, iнтэлект...

– Пра гэты iнтэлект, як ты яго згадаў. Цi не занадта яна здольная?

– Як гэта разумець?

– Калi сказаць табе, Алесь, праўду, дык я думаю пра яе ад учарашняй сустрэчы.

Алесь пачаставаў пiсьменьнiка цыгарэтамi. Закурылi.

– Ну i?
– пытаўся Алесь.

– Яна выглядае выключна здольнай. Некаторае пра яе проста ня месьцiцца ў маёй галаве. Прыкладна: ейная беларуская мова i зацiкаўленьне нашымi суродзiчамi. Яна-ж вельмi цiкавiцца нашымi, цi-ж ня так?

– Ага, цiкавiцца.

– I ты ўжо, пэўне, пазнаёмiў яе з многiмi.

– Так, але...

– Я так i меркаваў.

– А што-ж тут дзiўнага?

– Дзiўнага? Ёсьць магчымасьць, што яе нехта сюды паслаў з пэўнай мэтай!
– Гэткае меркаваньне Шпак выказаў паволi i цьвёрдым, упэўненым голасам. Задумаўшыся, мужчыны пiльна пазiралi адзiн аднаму ў вочы.

Поделиться с друзьями: