Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Голас Алесеў войстры, як брытва. У вачох - маланкi. Ледзь стрымлiваўся, каб "кветку" за горла не схапiць. Колькi-ж кiпенi ў сэрцы!

– Алесь, дарагi мой, я вярнулася па сваёй волi, спадзявалася, што выслухаеш мяне. Я меркавала, што ў цябе на столькi хопiць цярплiвасьцi, калi ўжо не пашаны да мяне...

– Добра, дзяўчына, окэй, расказвай. Пачынай. Ды даволi мяне зводзiць. Высьцерагайся гэтага. Няхай гэта будзе запраўды нешта важнае, бо...

– Ал, ты запраўды нiколi не даведаўся адкуль я паходжу, пра маiх бацькоў i маё дзяцiнства нiчога ня ведаеш. Калi раскажу табе, можа зразумееш...

– Я слухаю.

– Калi я была яшчэ маленькай дзяўчынкай, тут быў вялiкi эканамiчны крызiс. Ты пра яго чуў. Мой бацька быў бяз працы й ня было за што пражыць. Гэтаксама цярпела маса iншых. Страшная сытуацыя. Беспрацоўныя дэманстравалi, а палiцыя бiла iх, разганяла бiзунамi,

цкавала сабакамi... наяжджала на iх коньмi. Я помню адну такую сцэну i я яе не забудуся да канца жыцьця. Было многа людзей, былi жанчыны й дзецi ў мястэчку, палiцыя разганяла дэманстрацыю рабочых. Пачалося ад крыку й кiданьня каменьнямi, а кончылася тым, што коньмi наляцелi на людзей i забiлi тады, у лiку iншых, майго бацьку. Ты зразумей, што я тады была малой дзяўчынкай, мая мацi трымала мяне ў сваiх руках. Калi бацьку забiлi, яна была самлела, а мяне, - пасьля казалi, - людзi выратавалi спад конскiх капытоў. Маю матку ледзь аднялi ад бацькi мёртвага ўжо. Пасьля ўсiх гэтых гадоў я памятаю яго, зьбiтага, што ўмiраў на руках маёй маткi. I маёй матцы нядоўга асталося было жыць, за год i яна адыйшла пад ударам сэрца. Я асталася сама на гэтым сьвеце, маленькая сiрата. Можаш сабе ўявiць якое мяне чакала жыцьцё. Мне памаглi добрыя людзi. Гэтак мне тады здавалася. Мясцовы рабочы клюб, як я пасьля дый запозна гэта зразумела, памагаў мне не таму, што быў натхнёны духам Самарытанiна... Людзi з таго клюбу мне ня толькi мiнiмальна памагалi, але мяне i выкарыстоўвалi для сваiх мэтаў. З палiтычных меркаваньняў яны з майго бацькi зрабiлi вялiкага змагара, проста мучанiка за камунiстычныя iдэалы. I для добрых людзей я быццам напамiнала пра тое зло, якое капiталiстычны ўрад зрабiў бедным i беспрацоўным людзём. Людзi гаварылi мне, часта прыпамiналi мне, што гэта ўрад мяне сiратой зрабiў. Я да гэтага прывыкла. I ведаеш што? Тая рэкляма, якую рабiлi мне, як дачцэ вялiкага змагара за справу працоўных, нават спадабалася мне. Такая, вiдаць, нiкчэмная людзкая натура... Калi я падрасла, працавала ў рабочым клюбе ў Балтаве. Казалi, што я добрая i пiльная работнiца. Прыйшла навука. Я чытала, што мне давалi. Ты ведаеш iхную лiтаратуру, ты павiнен ведаць... Яны мелi школьную праграму па суботах i нядзелях. Я навучылася чытаць i пiсаць парасейску, а ад людзей яшчэ ведала i пабеларуску. Чытала многа савецкай лiтаратуры, пераважна Максiма Горкага. Яны, мусiць, лiчылi мяне добрым матар'ялам бо нават далi магчымасьць у Савецкi Саюз зьезьдзiць.

Алесь усеўся на крэсьле насупраць Веры i ўважна прыглядаўся ейнаму твару й вачом, калi яна прадаўжала расказваць. Ня было сумлеваў у Алеся. Дзяўчына гаварыла шчыра i, магчыма, хацела цяпер перад iм выспавядацца, цi прынамсi выказацца пра некаторыя свае памылкi ў мiнулым.

– Ты езьдзiла ў Савецкi Саюз?
перапытаўся ён Веру.

– Так, езьдзiла ў складзе зарганiзаванай iмi групы. Я табе не казала пра гэта?

– Не, не казала.

– Дык вось там яны проста паказвалi нам тыя вядомыя пацёмкiнскiя вёскi. Праўда, многа гаварылi пра гэройства савецкага народу, каторы перамог гiтлераўскi фашызм i так далей. Ты ведаеш iхную прапаганду. Пасьля таго, як Хрушчоў выкрыў Сталiна, у нас зьявiлiся iншыя думкi i пра камунiстычную ўладу i пра iхных правадыроў - тую мафiю, каторая сядзiць на вярхушцы. Нарадзiўся недавер да iх. Але ў сваёй далейшай працы тут у iхным клюбе ў Канадзе мае сумлевы яшчэ не перашкаджалi. Тая зьвязанасьць зь iмi ад маленства, ды тая шыльда для майго забiтага ў абароне працоўных бацькi, гэта не магло прайсьцi бясьсьледна. А скажы, Алесь, што-бы ты рабiў, каб быў на маiм месцы?

Алесь не адказаў.

– Пасьля яны папрасiлi мяне, каб я пераехала ў Радфорд. Вiдаць, што мне давяралi i лiчылi мяне добрым работнiкам.

– Цябе напэўна яны лiчылi ўдарнiкам, бо выслалi сюды, каб даносiла на нас?

– Не. Яны нiчога такога мне не казалi. Абяцалi, што буду працаваць тут у клюбе побач iз сваёй рэгулярнай нейкай працай у нейкай канторы. Ды пасьля ўжо iншае сталася.

– Я бачу. I ты даносiла на Антона Шпака?

– Я расказвала пра яго Капшуну.

– Хто такi той Капшун? Той, што цябе прыслаў да нас?

– Так.

– Хто яшчэ?

– Ягоная памочнiца Нiна Ляскiн, - ты яе знаеш. Жыла я зь ёй на кватэры.

– Я мусiў-бы даўно дагадацца пра гэную нягоднiцу. Скажы мне, Вера, цi ты гатовая злажыць усе гэтыя прызнаньнi палiцыi?

– Навошта?

– Каб знайсьцi забойцу Антона Шпака.

Вера адказала не адразу. Думала.

– Ты мяркуеш, што гэта яны, значыцца Капшун i Ляскiн Нiна?

– А як ты, Вера, мяркуеш? Ты даносiла таму Капшуну на Шпака. Бачылi два рыбакi над ракою, што ад таго

месца, дзе Шпак ляжаў забiты, уцякаў у лясную трушчобу нейкi чалавек. Нехта-ж таго чалавека падаслаў... Усе сьляды вядуць да людзей, якiя цябе прыслалi, каб на нас даносiць. А чаму ты думаеш, змусiлi маю старэнькую матку, каб прынагляла мяне ехаць дадому? Чаму? Бачыш - прэсiя на нас з усiх бакоў... I галоўнага ды найбольш выдатнага нашага пiсьменьнiка яны замардавалi. Ты iм гэта памагла зрабiць...

– Я? Алесь, даражэнькi, я ня ведала нiчога пра гэта...

– Ты наiўная. Яны цябе выкарысталi. Ды я цяпер прашу толькi памагчы нам, каб выявiць тых людзей зь iхнага кодла, а там ужо палiцыя разматае клубок i забойцу Шпака знойдуць. Паможаш, Вера?

– Добра, памагу.

– I падасi палiцыi прозьвiшчы ўсiх тых людзей, каторыя давалi табе iнструкцыi i падаслалi да нас, i каторым ты даносiла на мяне й на Шпака?

– Окэй.

– Хочацца табе верыць, але...

– Алесь, я спадзяюся, што ты паверыш мне. Я-ж сама вярнулася да цябе, ускочыла дзяўчына з крэсла. Устаў i Алесь.
– Я-ж цябе кахаю!

– Мне здаецца, што я пачынаю разумець цябе, дарагая мая, - адыйшоўся Алесь да вакна.
– Ты ёсьць дачка камунiстычнага гэроя. Я тут не перагiнаю дугi. Магчыма нават, што твой бацька нiколi, як сьлед, не разумеў камунiзму. Ён быў звычайны добры Беларус, каторы паехаў у чужую краiну шукаць дабрабыту для сябе i сям'i. Беспрацоўны i галодны чалавек выпадкова апынуўся ў дэманстрацыi за правы працоўных на перадавой лiнii. Выпадкова цi наўмысна яго забiлi. Кропка. Так, напэўна, здарылася. Але-ж камунiстам патрэбныя былi гэроi. Бацьку на перадавую лiнiю выпхнула бяда, а камунiсты там завiхалiся для сваiх палiтычных мэтаў. Шляхi, як казаў той, зьбеглiся. Забiлi бацьку, а год пасьля, зь вялiкага гора адыйшла матка. Асталася сiрата, дачка гэроя, што змагаўся за рабочых i быццам за камунiстаў. Дык камунiсты-ж мусiлi цябе выкарыстаць. Ты была для iх вялiкiм прапагандовым капiталам. Твая прысутнасьць зьвязвала незадаволеных i галодных канадыйскiх рабочых з камунiстамi пад чырвоным сьцягам. Так, Вера, усё гэта дакладна пасуе. Манiпулявалi табой наёмнiкi Масквы, фашысты i забойцы ня меншыя за гiтлераўскiх... Я ня маю сумлеваў, Вера, што гаворыш праўду.

– Алесь, я хачу памагчы табе. Гэта праўда, што мацi пiсала да цябе?

– Так, пiсала. Пад дыктоўку бальшавiцкiх палiтрукоў. Яны хочуць, каб я прыехаў дамоў, значыцца вярнуўся ў iхныя рукi, каб замардаваць i мяне.

– I што ты надумаўся рабiць?

– Я не магу маткi выратаваць. Яна ў iхных руках, як заложнiца. Яны хочуць мяне прынадзiць голасам маткi, каб вярнуўся ў iхныя лапы. Матку вельмi шкадую i прашу Госпада Бога выбачыць мне, што я ня ўзяў яе з сабой калi бацькаўшчыну ў часе вайны пакiдаў. Але-ж яна не хацела йсьцi, мяне намаўляла, каб дома астаўся... Бачыш, як яно выйшла. А цяпер маскоўскiя чырвоныя фашысты насiлуюць маю дарагую маму, ды зьдзекуюцца над мiльёнамi запрыгоненых нашых суродзiчаў, а тут на эмiграцыi выкарыстоўваюць такiх вось засьлепленых, як ты, каб нашых найлепшых людзей мардаваць!

Алесеў голас быў напоўнены пачуцьцём болю й нянавiсьцi. Вера бачыла, што гэты чалавек цяпер перад ейнымi вачмi - змарнелы, худы, мiзэрны цень таго калiшняга, - вясёлага, агрэсыўнага i адначасна лагоднага прыгажуна, якога колькi разоў трымала ў абдымках. I цяпер яна адно поўнасьцю ўсьведамiла, як шкадавала i кахала яго i якiмi недарэчнымi шляхамi дзьве супрацьлеглыя, здаецца, палiтычныя сыстэмы прывялi i Алеся, i яе ў небясьпечны тупiк. I выбрацца зь яго, гэтага праклятага тупiка, пэўне-ж, можна толькi любоўю, мiласэрнасьцю i абавязкава супольнымi сiламi.

– Алесь, дарагi мой, я ведаю як табе цяжка, як за матку сэрца балiць, як табе цяжка выбачыць мне за крыўду, што я табе зрабiла. Цi ты можаш мне выбачыць? Цi дазволiш мне, каб я табе памагла? Я цябе кахаю, ты ведаеш гэта. Буду старацца дабром адгадзiцца, памагчы табе...

Алесь маўчаў, думаў, пасьля твар ягоны праясьнiўся ледзь-ледзь заўважнай усьмешкай.

– Верачка, дарагая мая! Я так даўно хацеў пачуць такiя словы з вуснаў тваiх. Я такi задаволены, што ты вярнулася. Я так цябе кахаю, што не ўяўляю свайго жыцьця без твае ласкi й прыгажосьцi.

Вера прыгарнулася да яго, указальны палец палажыла яму на вусны.

– Шшшшшшш! Маўчы!

Яны застылi ў доўгiм пацалунку, забыўшыся пра сьвет.

– Ты-ж, мая кветка, не сказала мне, што ты рабiла й дзе была.

Алесь заглянуў у ейныя вочы-чараўнiцы, якiя, здавалася яму, неяк пасьмялелi ад таго часу, калi яе бачыў перад тымi тайнымi ўцёкамi. Але цяпер Вера, здалося яму, неяк зьбянтэжылася, можа ня ведала што яму адказаць.

– Раскажу табе неяк пасьля пра гэта. Доўгая гiсторыя.

Поделиться с друзьями: