За волю
Шрифт:
Бляндынка сярэднягя росту, на твары мела надзетую ружовага колеру маску. Калi павольнымi й плаўнымi рухамi пачала яна хадзiць па сцэне й распранацца пад саладжавую мэлёдыю флейты, Нiк захапiўся формай надзвычайна прыгожай фiгуры. Просты, без амаль заўсёды прысутнай у такiх паказах вульгарнасьцi, танец. I маўчала, у захапленьнi ад гожай формы на сцэне, мужчынская грамада. У рухах танцоркi пракiдвалася для Нiка нейкая надзвычайная паэзiя. Маладое, пругкае цела. Не, гэта яна ня з тых уежджаных прыгажуняў, што раней выбеглi на сцэну пабрыкаць. Цудоўная!
– захапляўся Нiк Лок.
Калi танцорка прыблiзiлася на край сцэны, Нiку здалося, што ён распазнаў абрысы твару яе...
Нiк меркаваў, што да загадчыка трупы дарэмна iсьцi, прозьвiшча дзяўчыны ў масцы ён, пэўне-ж, не назаве. Што аставалася? Спрабаваць заглянуць за сцэну? Рызыка невялiкая. Калi прагоняць, ну дык што...
Як толькi апусьцiлася занавеса, Нiк шмыгнуў праз левыя дзьверы за сцэну. Ён апынуўся ў вузкiм калiдоры i пазiраў на некалькi дзьвярэй, мяркуючы ў каторыя пастукаць. Дзьве жанчыны з тых размаляваных i напудраных прыгажунь, што брыкалi раней на сцэне, выйшлi з аднаго пакою i Нiк спытаўся ў iх дзе знайсьцi "маску". Адна зь iх паказала дзьверы якраз у той час, калi ў канцы калiдору зьявiўся мускулясты выкiдайла. Нiк хутка адчынiў паказаныя дзьверы i ўвайшоў. Ён апынуўся ў малым пакоi, дзе ў кутку, ля камоды зь люстэркам i рознай касмэтыкай i прыладамi для прыхарошваньня валосаў i твараў якраз i ўбачыў дзяўчыну, але бяз маскi. Яна ўжо апранула сябе ў джынсы й ружовую разьлятайку. Дзяўчына павярнулася да Нiка ад люстэрка на камодзе. Устала.
– Я цябе чакала, - сказала такiм тонам, быццам яна ўчора з табою бачылася.
Нiк прыгадаў змарнелага, худога, рашчараванага i горам зьбiтага ды зьбянтэжанага чалавека, якога бачыў пару дней назад. А вось перад iм, у роўным пульсе свайго пругкага цела, з пышнымi хвалямi валосаў, выклiкам маладосьцi ў прамянiстых вачох стаяла Алесева цацанька, iдэал ягонага каханьня, нiбыта сьцiплая цнотка, за якую дзяцюка i цяпер морыць бяссоньнiца.
– Ты сука!
– гаркнуў на яе Нiк i навотмаш правай рукой сьцебануў Веру па твары. Яна абапёрлася на верх камоды.
Ззаду скрыпнулi дзьверы i Нiк азiрнуўся. Здаравенны выкiдайла затрымаўся ў дзьвярох.
– Джан!
– зьвярнулася да яго Вера, гладзячы шчаку, якая смылела.
– Гэта мой сябра. Не чапай яго!
Выкiдайла выйшаў.
– Сядай, Нiк, - паказала дзяўчына рухам рукi канапу.
Яе ўпэўненасьць голасу i ўсьмешка на твары зусiм абяззброiлi Нiка. Ён сеў.
– Цяпер, мне здаецца, што табе выпадае выясьнiць тую аплявуху i зьнявагу мяне.
– Прашу цябе, Вера, выбач мне. Мяркую, ты дагадваешся, чаму я руку на цябе падняў. Я хацеў-бы пачуць выясьненьне ад цябе. Павер мне, што калi-б я нават шукаў цябе, дык ня ў гэткiм тэатры ды яшчэ як нейкую зорку ў стрыптызе. Калi я цябе пазнаў, пастанавiў з табой пагаварыць. Я прыгадаў пакрыўджанага i зруйнаванага табой Алеся. Рука засьвярбела. Разумееш?
– Бачыш, дык усё-ж праўда была мая?
– Якая гэта праўда?
– Ты сказаў, што калi-б шукаў мяне, дык ня ў гэткiм тэатры i не ў такой ролi. Затое я i ёсьць тут.
– Ты хочаш сказаць, што хаваешся? У масцы?
– А як ты думаеш? Але цяпер, калi ты мяне ўжо знайшоў дык няма патрэбы больш хавацца. Так цi не?
– Слухай, зайдземся ў рэстаран,
там пагамонiм.– Окэй, пачакай, я надзену пальто.
Зайшлiся ў суседнi рэстаран i селi пры стале ў куце. Гэтта было цiха. Замовiлi напiткi i па гамбургэру на кажнага. Нiк уважна аглядаў дзяўчыну. Падумаць адно, у стрыптыз палезла. Якiм гэта чынам? Нешта тут загадкавае. Ад каго яна хаваецца?
– Можа-б ты мне расказаў перш пра яго?
– запрапанавала Вера, калi прынесьлi напiткi.
Прынаднасьць ейнага твару, як i раней, -заўважыў Нiк, - амаль не аздобленая касмэтыкай, натуральная.
– Можна й так, - пачаў дзяцюк, - хоць, запраўды, ня ведаю ад чаго пачынаць. Скажу адразу самае найважнейшае: сяньня Алесь амаль зусiм зруйнаваны чалавек. I найгоршае ў тым, што ён пра нiчога ня дбае, адным словам напляваць яму на ўсё. У яго амаль няма грашовых сродкаў...
– Чаму ён так? I чаму ў яго няма сродкаў?
Нiк уважна зазiрнуў у дзяўчынiны вочы. Там, дзе калiсьцi было недаўменьне цi дзявочая сарамлiвая прывабнасьць, цяпер вылузвалася самаўпэўненая зухаватасьць.
– Дзiўна чуць такое пытаньне ад цябе, - Нiк падкрэсьлiў "цябе", каторая сталася прычынай ягонай дэградацыi. Ён-жа не працаваў амаль ад таго часу, калi ты зьнiкла.
– Чаму? Што зь iм? Давiд яго выкiнуў?
– Нiхто яго ня выкiдаў. На працу ён не пайшоў, а зачынiўся ў сваiм апартамэньце й гарэлкай пачаў залiвацца. Мы ўсе намаўлялi яго, каб апамятаўся, сам Давiд наведаў яго. Ён нiкога не паслухаў. Казаў, што хоча, каб гэты сьвет пакiнуў яго ў супакоi, у адзiноцтве, бо ён мусiць сам усё абмеркаваць, перагледзець, параацанiць. Выглядаў ён як чалавек, што вось-вось у абдымкi сьмерцi наважыўся йсьцi. Апроч таго ўдару, якi ты яму зрабiла, быў у яго iншы крызiс. Камунiсты пачалi шантажаваць яго празь ягоную бедную i запалоханую матку. I гэты другi ўдар яму, вiдаць, волю адабраў. Мацi пiсала яму пару разоў, прынагляла, каб дамоў вяртаўся.
– Аж гэтак! О, мой дарлiнг, мой мiленькi Алесь!
У голасе дзяўчыны турбота, а ў вачох спагада.
– I што яшчэ?
– Ён быў i, я веру, цяпер ёсьць шалёна ў цябе закаханы. Некалькi разоў, калi пра цябе была згадка ў гутарцы, ён круцiўся-вярцеўся быццам чарвяк на кручку. Напiнаўся, гарачыўся, так эмацыянальна цярпеў, што нам здавалася можа мець удар сэрца. Прашу цябе мне верыць, замаскаваная прыгажуня.
– Нiк, будзь добры, не называй мяне гэтак.
– Выбач, мне здавалася, што ты гэта любiш.
– Не, ня люблю, анi таго, што на сцэне паказваю...
– Таму й замаскавалася?
– Так i не. Але мне не залежыць, каб людзi ведалi, што займаюся такiм... мастацтвам.
Апошняе слова дзяўчына вымавiла зь нясмакам.
– Ага, мне няясна было. Дык пра што гэта мы?
– Ты апавядаў як Алесь цярпеў з-за мяне.
– Чуў пра гэта зь ягоных вуснаў, Алесь меў да цябе сур'ёзныя намеры. Ты была ягонай марай, а тут аказалася, што ты ня толькi зьяўляешся спрытнай абманшчыцай, але нават нейкiм чынам зьвязаная з забойствам пiсьменьнiка Шпака. Уявi ягоны боль. Я ня ведаю колькi ў тым праўды...
– Раскажы мне пра ягоную матку.
– Выглядае, што камунiсты на яе населi. Алесь проста забiвае сябе турботамi бо ня можа старой i беднай жанчыне нiчым дапамагчы. Пачкi дзьве, з вопраткай, здаецца, выслаў. Загад адтуль просты i ясны: вяртайся дамоў без адвалокi!
– Мяркуеш, што ён паедзе?
– спыталася Вера з трывогай у голасе.
– Ня ведаю. У такой сiтуацыi, як ён цяпер знаходзiцца, дык цяжка нешта прадбачыць.
– Так хацелася-б яму памагчы, - сказала дзяўчына.
Нiк ледзь не падскочыў з радасьцi, схапiў яе за руку.