Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Алесь трымаўся старое мудрасьцi, што недахопу прыгажосьцi штучнымi сродкамi не лiквiдуеш. Адно можна добра замаскавацца для падману чужога вока. I мiж касмэтыкай размаляваных масак, што нахабна дэманстравалi сваю штучную красу, проста захапляешся й славiш Богам створаную дасканаласьць, якая не на павадку разрэклямаваных гiганцкiмi касмэтычнымi фiрмамi тавараў. Алесю здавалася, што гэтая дзяўчына зьявiлася нямаведама адкуль, каб быццам падкрэсьлiць кантраст мiж штучным i прыродным. Трыфты Тонi быў перапоўнены i маскамi-тварамi, i штучнымi грудзьмi, i...

– Хочаш паглядзець як запраўды яна выглядае? Зацягнi ў ванну, адмый усе тыя памады-шмiнкi

ды розныя мудрыя пудры!
– жартавалi дзяцюкi.

Давiд Зэлман быў гэнай ранiцай усхваляваны. Толькi што скончыў доўгую гутарку з рыл-эстэйт агентам (рыл-эстэйт займаецца тут гандлем дамоў i зямлi), якi таргаваўся з суседзямi. Трыфты Тонi патрабаваў новае тэрыторыi i будынкаў для экспаньсii. Звыш дванаццацi суседнiх дамоў ляжала на дарозе. Прасiлi больш паўмiльёна даляраў, - паводле Зэлмана, астранамiчную суму, - i анi-нi ня спускалi. Пранюхалi ды й ведалi, што Зэлману няма выхаду, паскача, палаецца, а грошы знойдзе.

Купiўшы суседнiя будынкi, Зэлман плянаваў iх разбурыць ды на прасторы вялiкага кавалка зямлi пабудаваць шасьцi цi васьмiпавярховы будынак для свайго гандлёвага росту. Давiд ня мог пагадзiцца з тым, што ўласьнiкi прасiлi амаль удвая вышэйшую цану чымся была ў гэтым раёне гораду. I якi выхад? Усе казыры трымалi ў сваiх руках суседзi. Сама горш, што яны могуць запаволiць экспаньсiю Трыфты Тонi. Зэлман круцiўся як чарвяк на рыбным кручку.

– Што за людзi! Яны скуру зь мяне хочуць садраць! Так, скуру садраць хочуць!
– хваляваўся, тупаючы па канторы Зэлман.
– Ты толькi падумай: за дваццаць футаў шырынi фронту яны просяць па трыццаць тысяч даляраў. Гэта-ж немагчыма, мой бой! Я ведаю, што гэткая маёмасьць на сяньняшнiм рынку не каштуе й паловы гэтага. Поўнае абдзёрства з боку гэтых ненажэрна прагавiтых, вось яно што!

– Цi агент наш добра iх пацiснуў?

– Няўжо-ж! Веру яму. Але што ты зробiш з гэтымi ўпартымi асламi?!

– Боль росту...

Крыху памаўчалi.

– Сяньня пра тваё падарожжа гаварыць ня будзем. Неўзабаве мушу некага пабачыць, - казаў Давiд Алесю.
– Заўтра ранiцай прыходзь на гадзiну дзявятую на сустрэчу экзэкутывы. Мяркую, што цябе пакуль што варта затрымаць каля дому, каб ты мне памог, пакуль я заняты з гэтымi пацукамi.

Пацукамi Зэлман называў суседзяў, што зь яго "скуру хочуць садраць". Алесь Якiмовiч думаў пра тое, што ўласьнiк крамы сказаў. Як заўсёды ў Зэлмана, усё пыхкала наперад экспрэсам, а часта важнае зьлятала зь ягонага языка незаўважна, мiмаходам. Такое разявяка можа лёгка празяваць. Алесь зразумеў адразу.

– Вы што, павышэньне мне даеце?
– спытаўся ў боса.

– Але, вiншую!
– падаў Давiд Алесю руку.

– Дзякую, бос, дзякую!
– усьцешыўся Алесь.

– Будзеш мець многа нагодаў, каб выказаць мне сваю ўдзячнасьць, тлумачыў Зэлман.
– Мусiш узяць у рукi пэўныя пазыцыi, некаторыя матар'ялы ня йдуць так, як павiнны... Вось яно тымчасам. Згода?

– Пастараюся як найлепш, - абяцяў Алесь.

– Ня маю сумлеву, што будзеш намагацца. Цяпер можаш iсьцi дамоў i адпачыць. Заўтра пабачымся.

Пакiдаючы краму, Алесь прыгадаў, што добра было-бы даведацца ў сакратаркi пра тую новую дзяўчыну. Ды няхай яна пачакае. Трэба насамперш паразважаць, супакоiцца, памеркаваць пра тую новую пазыцыю, якую заўтра мае заняць.

6

Алесь жыў у паўночным прадмесьцi. У тым дзесяцiпаверхавым будынку жылi пераважна людзi зь сярэдняе вышынi заработкамi. Арэнда тут высокая. Алесяў апартамэнт меў добра ўмэбляваную сьвятлiцу, спальню, кухню

й ванну з прыбiральняй. Дзьверы са сьвятлiцы выходзiлi на балькон чацьвёртага паверху. Адсюль раскрывалася велiчная панарама гораду, што цяпер рос як на дражджох.

Летнi дзень, з дробнымi хмаркамi ў вышынi, лёгкiм ветрыкам i тэмпэратурай каля сямiдзесяцi Фарэнгайта спанукаў Алеся на балькон. У кухнi нарыхтаваў сабе сёе-тое, каб "замарыць чарвяка": вiскi, ваду, лёд, алiўкi, копчаныя устрыцы, пару кавалкаў жытняга хлеба й кiслы агурок. На бальконе паставiў паднос з гэтым дабром на пераносным столiку побач крэсла-гойдаўкi. Любiў гэтае крэсла. Як хораша з кнiжкай у руцэ адпачываць цi думаць, гойдаючыся ў iм, калi намагаешся апынуцца ў iншым сьвеце чымся той, што бяз стомы наступае на цябе з усiх бакоў.

З гэтага балькону можна было назiраць хуткi рух на тэй супэрэкспрэсвэй - вялiзнай дарозе, што перасякала горад. Вочы вандруюць далей на поўдзень да вялiкага прастору цяпер шэра-сiняга возера. Там групы ветразьных лодак, магчыма ў нейкiх спартовых гонках. Налева крыху - цэнтар гораду, горб найвышэйшых будынкаў расьце ўверх i ўшыр. Зь вялiзнага лётнiшча на захадзе чуваць гул.

Якiмовiч ня думаў пра тое, што бачыў з выгаднага крэсла-гойдаўкi. Выпiў паўшклянкi вiскi зь лёдам, закусiў устрыцай з агурком i хлебам. Сяньняшнiя падзеi змусiлi яго зiрнуць у мiнулае - адкуль i як пачаў тут, у гэтым горадзе, - ды падумаць i пра будучыню.

Гады цi ня тры назад пачаў працаваць у Трыфты Тонi. Прыгадваецца душны лiпеньскi дзень. Падбiты, змучаны, смага ў горле, душнае-парнае, характэрнае ў раёне вялiкiх вазёраў Амэрыкi, - надвор'е. Зьнямога. Карцiць прылегчы дзесьцi ў цяньку пад дрэвам у парку. Спакуса! Лепш прэч, вон яе! Там бамы. Гэта мясцовыя гультаi-абiбокi, што мала чым, апроч пошукаў бутэлькi вiна й якога гат-дога, цiкавiлiся. А гэтта побач iх зладзеi, прастытуткi, наркаманы. Не, Алесю туды нельга. Ён верыць, што нейкую працу сабе абавязкова знойдзе. Ходзiць гэтак па горадзе ўжо ня першы дзень, у шматлiкiя дзьверы стукае. Бегае па многiх адрасох, што з абвестак у газэтах. Дарэмна. Ломаная ангельская мова, нiякай канкрэтнай прафэсii. Што ты хочаш у вялiкiм чужым горадзе?! Гэта ўсё пасьля таго, як адгакаў год кантракту ў пушчы на поўначы. Цяпер-жа - падбiтыя ногi, зьнямога духовая i фiзычная. Трэба шукаць сваiх. Недзе-ж яны тут ёсьць. Але тымчасам... што гэта вось тут на рагу? Гляньце, людцы мiлыя! Дзiвосы нейкiя. Падыйдзем, прыгледзiмся.

Разiнуўшы ад зьдзiўленьня рот, стаяў перад рэклямай, падобнай якой i ў гэтым горадзе ня знойдзеш. Наверсе будынку, што на рагу вулiцаў, на цэлую даўжыню, можа мэтраў дваццаць, франтавой сьцяны вялiзнымi лiтарамi напiсана:

THRIFTY TONY IS NO BALONEY HE WORKS HARD TO SAVE YOU MONEY! Пабеларуску гэта гучэла так: Трыфты Тонi ня ёсьць абiбокам. Ён цяжка працуе, каб заашчадзiць табе грошы!

А нiжэй на мэтры два ад таго верхняга Трыфты Тонi скардзiўся:

SMALL PROFIT THAT WE MAKE KEEPS US MANY NIGHTS AWAKE!

Гэта трэба разумець так: Наш малы даход морыць нас начамi бяссоньнiцай.

Апроч гэтых двух галоўных напiсаў, па сьценах былi распаўзьлiся розныя варыянты гандлёвай этыкi Трыфты Тонi. Агульным назоўнiкам, цi, - калi вам падабаецца, - крыкам гэтай прапаганды, быў-бы лёзунг: сьпяшыце да нас, усе людзi добрыя, паадзiночна i разам! Мiж аграмадных напiсаў тырчэлi каляровыя галовы клоўнаў, што быццам рагаталi зь бiзнэсавай этыкi Трыфты Тонi. Алесь перайшоў вулiцу, каб прыгледзiцца гэтаму дзiвосу зь iншага боку.

Поделиться с друзьями: