Закрываўленае сонца
Шрифт:
8
– Ну дык ты йдзеш, цi ня йдзеш? Гэта ты за што ўзялася?
Паўлюк Бурак, яшчэ не зачынiўшы дзьвярэй, зь сяней навалiўся на жонку. Нiна Бурачыха сядзела на зэдлiку пры стале й часала свае прыгожыя каштанавыя валосы. Думала, што варта было-б нагрэць вады й памыць iх добра, але такi намер да заўтрашняга адлажыла. Не хацелася ў сьвятую нядзельку з сырымi дровамi вазiцца. Стары вурчэў i кiдаўся ў кленiчы, калi бралася за сухiя бярозавыя, што ў капцы на дрывотнi ля клецi ляжалi. У печы загадваў хворастам палiць, ды - адкуль яны ў яго бралiся?
– шчапаў i сам валок у хату каб падсыхалi за ноч сыраватыя карчы.
I яшчэ думала Нiна Бурачыха пра бальшавiкоў, пра танкi на гасьцiнцы й пра нейкiя зьмены, што неўзабаве прыйдуць. Вярнуўшыся ад гэнай Косьцiкавай
Бульба ў горбе на таку ляжала. Перабiраньне - немалая й марудная праца. Кормную, малую як арэхi, для сьвiньней ссыпалi ў вадзiн катух, а емiнную - ў другi ў варыўнi. Некаторыя лiтоўскiя за бульбу яшчэ ня бралiся, а непаседлiваму Бураку i ў нядзелю да працы рупiла. Нiна ведала чаму Паўлюк не марудзiў. Пасьля бульбы зараз да апрацоўкi лёну гнаць будзе. I гэтак без канца. Навет сяньня, у такi нязвычайны дзень, стары злыдзень-скупiньдзя адпачыць не даваў. Iншыя ў вёсцы пазьбiралiся, гамоняць, час маюць. Каму як каму, а Бураку ўрону ня было-б, каб пасьвяткаваў. Але-ж, кажуць, ня йдзi за багатага, а йдзi за любага й разумнага.
Стол быў засланы прыгожым, вышытым рознаколернымi ўзорамi, настольнiкам. На аркушы шэрай паперы стаяла простакутнае, зьнятае са сьцяны люстра. Якраз калi Нiна разглядала свой твар у гэным люстэрку, расчэсвала валосы, ды думала пра пра ўсё новае, што сяньня ў вёску наплыло, Бурак дзьвярмi за сьпiной скрыпнуў. Кiпеў, вiдаць, бурчэў пры той бульбе, дый ня вытрымаў.
– Сказала, што нi пайду сягоньнiка. Iдзi ты, знаiш куды!
– агрызнулася Бурачыха.
– Куды гэта табе рупiць? У людзей, як у людзей, а ў цябе ўсё нiпалюдзку. От лёг-бы ды палiжаў...
– Каб ты лiжала ды нi ўстала!
– усхадзiўся Бурак.
– Мала во ранiцы ляжыш, сонца ў зад упрэцца, што дабудзiцца нi магу, дык мяне яшчо цягнiш. Мусiць i любiла-б толька, каб з табой лiжаў ды яшчо чаго добрага...
– Ну а чаму-ж не? Ня зломак-жа ты! Цi маю да каго чужога йсьцi, га? Нашто табе багацьце? На той сьвет забярэш?
Паўлюк спынiўся сярод пакою. Цяпер аглянуўся на дзьверы й крок назад зрабiў. Пра бульбу пачалося, а баба глядзi вунь куды павяла. Ведаў небясьпеку гэтай тэмы й высьцерагаўся яе, як агня. Колькi ўжо мазгi яму пра гэта напiлiла. Калi яе да мяжы давядзеш, дык з табою не пацацкаецца, а бярэ качалку, ды па галаве. Гэта не Матрона пакойная. Ложка асобнае сабе Паўлюк справiў. Не агледзеўся калi, жонка шмыг пад коўдру! Паспрабуй уцячы адтуль на печ, дык i там жыць нi дасьць. Звадак дарэмных ня шукаў. Думаў спачатку, што як Матрону ўезьдзiць. Не на тую трапiў. Ён рукой за падпругу, а яна за качаргу, ды так натаўкла, што пару тыдняў бакамi рабiў. Мала таго. Яшчэ па вёсцы разбарабанiла-разьнесла, людзям у вочы зiрнуць было сорамна. А навошта яму дзiцё тое, клопат на галаву? Пацехi нiякай, аднаго злыдня вунь выгадаваў...
Згадаўшы Косьцiка, Бурак схамянуўся. Цяпер-жа сын пэўне начальнiкам нейкiм стане. Можа, дзякуючы яму, ўдасца лесу якi кавалак дастаць. Даўно думка пра собскую лазьню супакою не давала, ды на бярвеньне грошы шкадаваў.
Бурачыха ўстала з зэдлiка ды, быццам гатовая да скоку тыгрыцы, ўважна сачыла мужа. Здавалася, што вось неўзабаве кiнецца ды пачне рваць i тузаць. Вялiкiм хваляваньнем ускалыхалiся пад прыгожай, вышытай блакiтнымi васiлькамi, кужэльнай блюзкай тугiя грудзi. Басаногая, у зялёнай спаднiцы ў жоўтыя пасачкi, Нiна мела прыгожую, надта прапарцыянальную фiгуру, круглы лагодны падбародак, поўныя ружовыя вусны, просты, ледзь з намёкам на курносасьць, нос, вялiкiя, прывабнага адценю, вочы, шырокiя бровы й высакаваты, роўны лоб. У вачох iскрылiся пажадальныя аганькi. Кажны празорлiвы мужчына адразу спанатрыў-бы, што гэту прывабную жанчыну
адным можна было толькi спатолiць.Ведаў тое й Паўлюк. Але, - разважаў ён, - гулi з бабай у пасьцелi адно, а дзiця - што iншае. Празь дзiця Нiна старалася-б гаспадаркай авалодаць. Бязьдзетную можна каленам у зад i паслаць туды, адкуль прыйшла. Зусiм што iншае, калi-б мела дзiця ад яго. Хоць ня зломак, цяпер рабiць ня хоча, а тады й пагатове: у сваю хату страшна было-б паказацца.
Найбольш Паўлюку праца карцiла. Матрона некалi цэлую гаспадарку на сваiх худых плячох трымала, а гэтай жанчыне зусiм нi ў галаве тое. Яна адно ў меру, нiколi пры працы не папанатужыцца. Даўно прычыны Паўлюк шукаў. Другая цi раз ужо зь якiм дзяцюком зьнюхалася-б. Бурачысе-ж, зь ейным выглядам, адно вокам маргнi, дык дзесяцера на пачаканьнi стане. I каб так зрабiла, не завагаўся-б Паўлюк дзьверы ей паказаць. Дык-жа не, злыднiца гультайская, як-бы яе хто да хаты прывязаў, адно на яго насядае.
Гаварылi позiркамi. Гэткае разуменьне адзiн аднаго, як прыладжаная на час бомба, трымала iх у нэрвовым напружаньнi. Колькi разоў рупiла ўжо Нiне палюбоўнiка пашукаць. Адылi ведала, што стары Бурак адно чакаў гэтага, каб з хаты выгнаць. "Трасца табе, пацярплю. Жыць ня буду, калi цябе не перажыву," - думала жанчына.
– Багацьце! Якое багацьце? Ты нажыла можа?
– ня сунiмаўся Бурак.
– На каго, на цябе рабiць буду? Даволi раблю. Глядзi якi ў мяне ў хаце парадак!
– крыкнула Нiна й падмацавала свой аргумант адрывiстым жэстам рукi. Хата запраўды ад чысьцiнi зьзяла. На ложках - прыгожыя саматканыя дываны, на камодах - вышываныя накрываньнi. Весела сьвяцiлася чыстая жоўтая падлога, дбайлiвасьць гаспадынi вiдаць была й навокал печы.
– Iдзi й пiрабiрай тую бульбу, калi табе, прагавiтаму, божых будняў мала, а мяне нi чапай!
– адрэзала Нiна.
У Паўлюковых вачах зьзялi маланкi й моцна сьвярбелi карэлыя ад бульбы рукi, але ведаў дзе спынiцца. Выходзячы, так трахнуў дзьвярмi, што аж падскочылi на прыпечку гаршкi й закыдахтала ў вагародзе курыца. Нiна падыйшла да вакна. Згорбленая постаць накiравалася ў гумно. Iрвануўся на ланцугу, ды зь лiсьлiвымi вачмi кiнуўся лiзнуць у твар гаспадара Ромак. Стары размахнуўся нагой i моцна стукнуў сабаку ў жывот. Скуголячы, Ромак падкорчыў хвост i пацiснуў у будку. Палажыўшы морду ня нiжняй дошцы адтулiны, енчыў з болю.
– Нелюдзь ты, на сабаку злосьць спаганяiш!
– крыкнула праз вакно Ноiна.
Па дарозе ў гумно распачаў Паўлюк доўгiя кленiчы. Чаго добрага, можа цяпер баба сьвiней кармiць, кароў даiць, птушак даглядаць i есьцi варыць адмовiцца. Цi першы гэта раз. Пасьля добрай звады адно есьцi зварыць, ды на стол навет не падасьць, тыдзень цi больш глухой сьцяной прыкiдваецца, а статак i iншае самому даглядаць трэба. Цяжка, ой як цяжка тады да нармальнага ладу вярнуцца. Пацярэбiць Паўлюк галаву, памяркуе, ды паедзе ў Гацi, каб якую хустку цi матар'ялу крамнага купць. Трэба-ж неяк жонку раздабрыць, на нармальныя сьцежкi хатняе жыцьцё пераставiць.
Надта-ж высьцерагаўся стары Бурак, каб меркi ня перабраць. Ды што зробiш, калi жанчына выклiкае? Ён ей слова, а яна яму дзесяць у вадказ. Нясусьвецiца цэлая паўстае. I хто ведае якiмi шляхамi павандраваў-бы вечар гэны, калi-б ня тое "вызваленьне". Зьявiлася яно ў хату ў постацi Бураковага Косьцiка.
Калi сонца стамiлася морам "вызвольнiкаў", ды ўжо за Гаравацкую пушчу хiлiлася, Косьцiк iшоў хутарнай дарожкай ад бальшака, ды высьвiстываў нейкую бальшавiцкую песьню-падбадзёрку. Першым пачуў яго адданы гадунец Ромак. Калi суняўся боль ад Бураковага ўдару ў жывот, сабака задрамаў. Трызьнiўся яму млявы сон, а ў сьне гэным зьявiўся ня хто iншы, як сам валадарны гаспадар Косьцiк. Згадаўшы мiлы пах Косьцiкавай вопраткi, рук i твару, паварушыўся Ромкаў нос. Ледзь чутны сьвiст даляцеў да сабачых вушэй. Зварухнулася левае, а пасьля правае вуха. Калi мiлы тон Косьцiкава сьвiстаньня заказытаў вясёлым прадчуваньнем Ромкава сэрца, ваўчар адчынiў вочы й высадзiў з будкi галаву. Памылкi не магло быць. Ромак скочыў на двор i аж засьпяваў ад радасьцi нацягнуты моцным ланцугом таўсты дрот.