Закрываўленае сонца
Шрифт:
– Ромак, Ромак, дружа мой!
– галёкнуў здалёку Косьцiк, спасьцярогшы шалёную радасьць любiмага гадунца. Дрот адным крукам быў прымацаваны да вугла хаты, другiм да клецi. Дужы сабака так заядла торгаў ланцуг, што здавалася ня вытрымаюць крукi й Ромак рванецца на свайго мiлага, даўно нябачанага гаспадара. Гвалтоўны басiсты голас задыхаўся-душыўся ў нашыйнiку. Ромкава паднечаньне расло ў меру калi Косьцiк, паволi прыблiжаючыся, адчыняў вароты. Здавалася, што вось-вось сабака задушыцца з радасьцi.
– Памалу, памалу, нi тарапiся дружа мой!
– сунiмаў Ромка Сабакевiч i нарэшце сабака рынуўся на
Пры вакне ў хаце вырасла расчасаная галава мачыхi, а згумна выйшаў, каб пабачыць каго так аблюбаваў Ромак у дварэ, стары Бурак. Крыху пастаяў, ды рушыў на спатканьне сыну. Мачыха вуйшла з хаты й спынiлася на парозе сеняў.
– Ну давольна ўжэ, давольна!
– стрымоўваў Косьцiк сабаку, трос вялiкую шэрую лапу, ды баранiўся ад чырвонага языка.
– Якi ты харошы, дружа мой... ды мусiць цябе на прывязi ўсё ўрэмя дзiржаць.
Ён адчапiў нашыйнiк ад ланцуга. Здабыўшы волю, Ромак высака падскочыў, напiсаў на пяску вялiкае паўкола, iмклiва кiнуўся за вароты. Пабрахаўшы зь вялiкае радасьцi, ўзяўся пiльна абнюхваць платы ды вуглы будынкаў. Вялiкi, ружовы язык вiсеў мiж белых клыкоў, а вочы пiльна сачылi гаспадара свайго.
– Вы гэта што, мусiць нiколi з прывязi яго нi спускаеце?
– зьвярнуўся Косьцiк да бацькоў, што маўклiва з боку стаялi.
– Бываiць, спускаем. Гэта ён так цешыцца, бо цябе даўна ня вiдзiў, адказала Нiна.
Косьцiк ня прыгадваў, калi апошнi раз дома быў. Магчыма месяцаў шэсьць таму назад. Шпiгуны й палiцыя на пяткi наступалi, да старога Бурака часта "пагавэньдзiць" заходзiлi.
– Ну дык, мацi, давай цяперака хоць палюдзку прывiтаiмся, бо тамака на гасьцiнцы нi было як.
Пакуль Бахмачыха слова змагла сказаць, Косьцiк аблапiў яе памядзьвежаму, пацалаваў у вусны i ўважана, бессаромна разглядаў у твар.
– Алi-ж i пахарашэла ты, матухна мая! Нi праўда, бацька?
Паўлюк буркнуў сабе нешта пад носам, ды адвярнуўся.
– Iш ты якi!
– усьмiхнулася ласкава Нiна, - бацька нi дагледзiць, дык сын хоць пагладзiць!
– Ты, бацька, што? Нi вiдзiш якую гэта харошую бабу маiш? Цi гэта вы можа пастараму яшчо ваюеце? Ну-ну! Я вас скора памiру!
Косьцiк не памахаў па настаўнiцку пальцам, ды поза й тон вылучалi яго як гаспадара. Бацькi чулiся як дзецi, на дрэнным учынку злоўленыя. Сын падыйшоў да бацькi й выцягнуў руку.
– Давай, бацька, паздароўкаемся. Як дзялiшкi?
– Ды от так...
– Сiчас ня буду ўжо па начах ад сышчыкаў хавацца, - хвалiўся Косьцiк. Сiчас я - хазяiн! З вамi буду часта вiдзiцца, парадкi наводзiць, так сказаць...
Паўлюк Бурак недаверлiва пазiраў на сына.
– Пэўня-ж начальнiкам нейкiм будзiш?
– спытаў нясьмела.
– Пэўня-ж нi пастухом, - задзiрлiва адказаў Сабакевiч.
– За што-ж я па цюрмах страдаў?
– Дык заходзь, Косьцiк, у хату.
– запрашала мачыха.
– Вiджу, што змучаны ты надта. Калi спаў? Прызнайся!
– Заўчорака, здаецца.
– Дык хадзi, хадзi!
– узяла яго руку.
–
Пераступiлi парог. З кута сяней нясло пракiслай паранкай. Няёмка чуўся Паўлюк. Жонка й сын захоўвалiся так, быццам ня ён тут гаспадар. Косьцiк стаяў пасярод хаты й разглядаўся. Воляй цi не нацешыцца хацеў. Гэта ня тое, што раней: загляне ў хату, ды кажнага ценю й голасу баяцца трэба. Цяпер ён сам у гэтай хаце гаспадар. Раней цi пазьней i бацька ласкi нейкай у яго папросiць. Агледзеўшы хату, Сабакевiч сеў на пачэсным месцы ля стала. Быццам непажаданы вiзытар, бацька прымасьцiўся на канцы лавы. За дзьвярмi пачуўся сабачы пiск.
– Упусьцi, мацi, Ромка ў хату. Даўна ён мяне вiдзiў, дык пускай нацешыцца.
Нiна адчынiла дзьверы й Ромак адным скокам апынуўся ля Косьцiка. Спрабаваўшы лiзнуць яго ў твар, палажыў галаву на дзяцюковы каленi й напорыста глядзеў яму ў вочы. У гадунцовых вачох сьвяцiлася глыбокая адданасьць i ўдзячнасьць.
– Дык скажы, Косьцiк, чым табе ўгадзiць?
– лiсьлiва спытала мачыха. Можа есьцi хочаш?
– Ды не. Я мусiць тых абажду.
– Каго гэта?
– Хведар зь Лявонам у Гацi да Саладухi паехалi. Той скажа, што маем рабiць. Прыедуць назад, дык тады можа й накормiце нас. Ранiцы я ў Лявона заўтракаў. Нам тутака з гэтай пакойнiцай заботы. У баб гола ў хаце. Дзяўчына для народу работала. Ага, во што, бацька: можа ў цябе ёсьць дошкi, з каторых дамавiну зрабiць.
Паўлюк трымаў карэлыя ад працы рукi, як плашкi, на каленях i ня сьпяшыўся з адказам. У ягонай спрактыкаванай галаве пайшлi ў рух мазгавыя спрунжыны, каб хутка спанатрыць адказ на пытаньне: калi даць, дык што ўзяць. Скнэра нiкому нiчога не даваў за добрыя вочы цi ласкавую ўсьмешку. I ў вачох ягоных, што так раптоўна ажылi пасьля сынавага пытаньня, падазронасьць перамяшалася з практычнай жыцьцёвай калкуляцыяй. Цёмныя лапiкi розных вялiчыняў распаўзьлiся па вылiнялых i мясцамi папрацiраных зрэбных портках ды кужэльнай сьвiтцы. Зь левага, ашчэранага, даўно мусiць нюхаўшага дзёгаць, боту выглядала каравая ануча. Рука памацала кароткiя рыжыя вусiкi й тады Паўлюк неахвотна адказаў:
– Дык дзе-ж у мяне якiя дошкi... Лесу нiма, сам знаiш... От каб бярвеньня якога, лазьню трэба было-б як згарусьцiць, а то як памыцца захочаш, дык заўжды йдзi да каго ласкi прасiць.
– Ты, бацька, цi нi надуць мяне хочаш?
– груба адказаў Сабкевiч.
– У цябе дошкi пад паветкай лiжалi, сам вiдзiў, каб я з гэтага места нi зыйшоў... Што ты зрабiў зь iмi?
Сынава гаворка йшла ў такiм накiрунку, што зусiм старому Бураку не падабаўся. Дый тое зьверху сказанае "бацька" надта-ж не да смаку было. Калiсьцi "татам" клiкаў.
– Што ты, Косьцiк, упасi цябе Бог!
– спахапiўся стары.
– Гэныя дошкi? Дык гэта-ж самыя лепшыя дошкi!
– Калi гэна сама лепшыя, дык у цябе мусiць i горшыя ёсьць. Га? учапiўся сын за бацьку.
– Цi можа ты думаiш, што з гнiлых дамавiну зробяць?
– Дык я-ж нi казаў, што з гнiлых, алi можа абыйдзецца i з горшых... А хто-ж яе, тую дамавiну, рабiць будзiць?
– Згадзiўся Захарук, Сымон Пятух i Антось Дзяркач.
– Ну Захарук рукi маiць добрыя, а тыя два - гультаi. Ды во гэты хiтрун неяк выкруцiўся, ўцёк. Чаму-ж во другiя нi ўцяклi?