Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Закрываўленае сонца
Шрифт:

– Тата малiўся да Прадславы Апрасiньнi, ня мог гарэлкi зь iмi пiць, от што, - тлумачыў Янук.

– Дык што-ж, малiцца няможна?
– заўважыў Алесь.
– А чаму яны яго змушалi, за што гарэлку пiлi?

– За таварышча Сталiна й асвабаждзеньня, во за што... I Лявон ды Косьцiк пагражалi тату, што за таварышча Сталiна й за асвабаждзеньня трэба пiць да самюсенькага дна, а калi ён ня вып'iць, дык яны яму нешта пакажуць. Ну й паказалi, - выказаў адным дыхам Янук.

– А ягодка-ж мая, нявiданае-няслыханае, - охкала Аўдоля.
– А дзе-ж гэта яны самагонку бралi, сынок?

– Ды ў вашага-ж купiлi, - адказаў Янук, - мяне пасылалi.

У Тодара?
– зьдзiвiлася Аўдоля.

– А ў каго-ж, - адказаў Янук.

– I колькi-ж ён узяў зь iх?
– узрастала Аўдолiна цiкавасьць.

– Цэлы чырванец.

– Ты, хлапец, мусiць брэшаш. Быць гэтага ня можыць!
– запратэставала пахатуха.

– Цётка Аўдоля, што гэта гавораце? Я вам сабака, цi што?
– дзёрзка адказаў Янук.

– Ну я-ж яму пакажу, я-ж яму вушы абарву!
– усхадзiлася жанчына.
– А казаў-жа, што нiма. Ды яшчо самагонку прадаець, каб абразы бiў гэты...

Яна спынiла кленiчы, каб лiшняга не сказаць, разглядалася навокал, быццам спагады шукаючы. Раптам крутнулася й выходзячы моцна стукнула дзьвярмi.

– От-жа й баба, - цiха сказаў Антось.
– I ўдаець нiбыта нi знаiць, што Тодар самагонку гонiць i прадаець. Сука! Як гэта ей ня стыдна!

– Дзе ў яе той стыд, - спасьцярог Алесь.
– Глядзi, унь ўжо пэўня ў Пiлiпiхi пра гэта ўсё барабанiць. Скора цэлая вёска знаць будзiць. I якi чорт яе сюды прыгнаў?

– А нiхай усе знаюць. Чаго хаваць?
– сказаў Антось.
– Дай во гэтай нечысьцi дарогу...

– Эх, Антось, ты Антось, - пачаў Алесь, - здаецца й вялiкi й разумны ты, а як малы гаворыш. Ну нiхай цэлая вёска знаiць, нiхай i дзесяць вёсак знаiць, дык што iм, басякам, дарогу хто загародзiць? Ня вiдзiш, што робiцца? Басота да карыта дабралася. Iх права, iх сiла, робяць што хочуць, от як...

– Праўду ты, Алесь, кажаш, - памаўчаўшы адказаў Антось, - басота сiлу цяперака маiць. Дзяржыцiся, людзi добрыя!

Мужчыны прыселi ля стала й пачалi пытацца гаспадара пра гэну дзiўную вiзыту. Янук доўга стаяў, пазiраў на старэйшых. Да вушэй даляталi беразборлiвыя гукi. У вачох стаяла постаць дрыжачага, прыбiтага, некалi ўстойлiвага бацькi.

Пачалi дрыжэць вусны, нешта моцна цiснула сьлёзы з вачэй. Ня памятаў калi выбег з хаты, мiнуў гумно. Азiрнуўся за Тапсiкам i моцна забалела ў грудзёх. Ужо прытулiўшыся да магутных плячэй Архiпа, даў волю сьлёзам. Лёгкiя дрыжыкi юнацкiх плячэй сунiмалiся на стыку з камлём Архiпа. Запаволiлiся сьлёзы й моцна, да болю сьцiснулiся кулакi.

Як праз туман, нейкая дзiўная, у гэтым сьвятле нiколi раней нябачаная, распрасьцерлася ў начоўках вёска Лiтоўцы. Новая вёска, з новым затоеным дыханьнем, няпэўым поступам у таямнiчае заўтра.

19

Барабаншчына па падрыхтоўцы да выбараў "дзiпутатаў у народны сход", што меўся ў Беластоку адбыцца, трымала ў бесьперапынным млiве языкi партыйных палiтрукоў на працягу даўгiх васеньнiх вечароў.

– Самi дадiте кандiдатов, самi i iзберать будете, - пялiўся Маршалкаў у суправодзе Косьцiка, Лявона й Пятуха.

– Онi, значiтся этi вашi лучшiе сыновья i дочерi, отождествлят ваше многолетнее стремленiе к прiсоедiненiю к родiне нашей, могушчественному Советскому Союзу... Вы воплотiтесь в одно тело с нашей родiной i станет ваша мать родная на зашчiте вашiх iнтересов, а тогда...

Ад "тогда" пачыналася пералiчваньне "благаў", што вось гэтта за парогам чакалi. Варта адно дзьверы адчынiць, як тыя "блага" у хату хлынуць. Пiпку пакурваць i ў столь

пляваць будзеце, а "айцец народаў" лепш чымся сам Архангел Стораж вас забясьпечыць.

Маршалкавы вочы мутнелi, твар пакрываўся аўрэоляй сьвятасьцi, калi згадваў як цяжка было раней i якi рай павiнен настаць. Жанчыны пускалi сьлёзы, у куты хусьцiнак чмыхалi. Неяк аднойчы падачас пералiчваньня тых "благаў", што скора ў Лiтоўцы быццам мелiся прычыкiльгаць, ня вытрымаў Антось Дзяркач.

– Гэты куды гладзей за дубовiцкага абуха брэшыць.

Сыкнулi збоку на Антося жанчыны. Дзяцюк агледзеўся й пашкадаваў, што так неасьцярожна выказаўся. Многа хто ледзь рогат стрымаў.

Калi-ж Маршалкаў гаварыў пра "лучшiх сыновей i дочерей" дык ня цямiлi людзi пра каго была мова.

– У вас замечательныя людi есть, коммунiсты й беспартiйные, - паясьняў савецкi камiсар.

Цэлы цымус - i пра гэта неўзабаве лiтоўскiя даведалiся - палягаў у тым, што пануючая камунiстычная партыя й народ рознымi меркамi "замечательных людей" бралi. Дык немалое было зьдзiўленьне, калi на адны, перадвыбарным вечары Сымон Пятух на гэны "народны сход" кандыдатамi Косьцiка й Лявона паставiў. Многа каторыя на залi вушам сваiм ня верылi ды нiхто супярэчыць не асьмелiўся. Трэба-ж было ўсяго двух кандыдатаў i вось сам каравы Сымон, пэўне-ж па загаду зьверху, "лучшiх сыновей" высунуў. Зiрнулi людзi на Пракопа Бахмача, што ў куце маўклiва побач Алеся сядзеў. Пра тое як Косьцiк зь Лявонам яму абраз пабiлi й пабандыцку напаiць намагалiся, вестка шырака па людзях пайшла.

Напярэдаднi выбараў Лявон Шпунт пры помачы Аксенi, ейнага Арсеня, малодшага Пятуха й пад наглядама самога "упылнамочанага сельсавету", а цяпер кандыдата Косьцiка Сабакевiча, "выбарчы ўчастак" падрыхтаваць узяўся. Як доўга жылi-былi Лiтоўцы, нiчога падобнага людзi ня бачылi. Цi-ж жарцiкi, сама, казаў той, гiсторыя ў вёску прывандравала. Мужыцкi разьняволены народ сваiх "лучшiх сыновей" у "народны сход" выбiраць будзе. Гэткiм тонам, ужо добра падвыпiўшы, гаманiў рыжавусаму Захаруку Косьцiк Сабакевiч. Аж рос на вачох адзiн з тых "сынавей", калi на пярэдняй сьцяне Пятуховай хаты зьявiўся ўжо зусiм добра ведамы ледзянавокi твар, а пад iм вялiкiмi лiтарамi лёзунг: "Спасiбо товарiшчу Сталiну за Осцобожденiе". Гэтта-ж зьнiзу, меншыя за той верхнi, прылiплi да сьцяны партрэты Лявона й Косьцiка.

– Да, гэта гiстарычэская ўрэмя... сам народ сваiх будзiць iзьбiраць... Гiстрычэская ўрэ...

Косьцiк перастаў даводзiць Захаруку пра важнасьць падзеi й сачыў як Лявон жардзiну намагаўся паставiць.

– Даёш, паможам!

У выкапаную раней малодшым Пятухом яму ля весьнiц паставiлi вертыкальна спорную бярозавую жардзiну, увышкi так мэтраў зь пятнаццаць. На версе яе чырвоны сьцяг з залатым серпам i молатам распасьцёрся на на лёгкiм ветры.

– От, да й здраствуiць!

Лявон горда зiрнуў на сьцяг, пасьля на сьцяну, дзе ягоны партрэт унiзе прылiп да "атца народаў".

– Цяпер свой свабодны народ i свая ўласьць!

Шпунт рабiў такi выгляд, быццам адно яго намаганьнямi "свая ўласьць" у вёску прыйшла. Нiхто, вядома-ж, ня зьбiраўся яму пярэчыць. Як-нiяк, важнасьць Лявона й Косьцiка вырасла ў сялянскiх вачох.

Ноччу сьцебануў спорны дождж i надта-ж доўга гiстарычная ранiца не асьмельвалася заглянуць поўным сьвятлом у вокны лiтоўскiх хат. Зяблы ветрык разганяў па начоўках дымы з рана закурыўшых комiнаў. Выпялiлася ўрэшце з-за балота млявае сонца. Падгнiлай атавай i прэлым лiсьцем з аселiц цягнула.

Поделиться с друзьями: