Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Залаты ключык, або Прыгоды Бурацiны (на белорусском языке)
Шрифт:

Лiсiца Алiса шапнула:

– Гэта гуляюць тыя, хто пасеяў грошы на Полi Цудаў... Сёння апошняя ноч, калi можна сеяць. К ранiцы збярэш кучу грошай i накупляеш усялякай усялячыны... Хадзем хутчэй...

Лiсiца i кот прывялi Бурацiна на пустку, дзе валялiся пабiтыя гаршкi, падраныя чаравiкi, дзiравыя галёшы i анучы... Перабiваючы адзiн аднаго, залапаталi:

– Капай ямку.

– Кладзi залатыя.

– Пасып соллю.

– Зачарпнi з лужыны, палi як след.

– Ды не забудзься сказаць "крэкс, фэкс, пэкс".

Бурацiна пачухаў нос, запэцканы

ў чарнiла.

– А вы адыдзiце ўсё-такi далей...

– Божа мой, ды мы i глядзець не хочам, дзе ты закапаеш грошы, - сказала лiсiца.

– Божа збаў, - сказаў кот.

Яны адышлiся трошкi i схавалiся за кучай смецця.

Бурацiна выкапаў ямку. Сказаў тры разы шэптам: "Крэкс, фэкс, пэкс", паклаў у ямку чатыры залатыя манеты, засыпаў, з кiшэнi дастаў жменьку солi, пасыпаў зверху. Набраў з лужыны прыгаршчы вады, палiў.

I сеў чакаць, калi вырасце дрэва...

Палiцэйскiя хапаюць Бурацiна i не даюць яму сказаць нiводнага слова ў сваё апраўданне

Лiсiца Алiса думала, што Бурацiна пойдзе спаць, а ён усё сядзеў на кучы смецця, цярплiва выцягнуўшы нос.

Тады Алiса загадала кату застацца вартаваць, а сама пабегла ў блiжэйшае палiцэйскае аддзяленне.

Там, у накураным пакоi, за сталом, закапаным чарнiлам, густа хроп дзяжурны бульдог.

Лiсiца галасочкам, поўным самага добрага намеру, сказала яму:

– Пане мужны дзяжурны, цi нельга затрымаць аднаго беспрытульнага зладзюжку? Страшэнная небяспека пагражае ўсiм багаценькiм i паважаненькiм грамадзянам гэтага горада.

Спрасонку дзяжурны бульдог так гыркнуў, што пад лiсiцай ад страху расплылася лужынка.

– Крррасцi! Гам!

Лiсiца растлумачыла, што небяспечны зладзюжка - Бурацiна - заўважаны на пустцы.

Дзяжурны, усё яшчэ гыркаючы, пазванiў. Уварвалiся два доберманы-пiнчэры, сышчыкi, якiя нiколi не спалi, нiкому не верылi i нават самiх сябе падазравалi ў злачынных намерах.

Дзяжурны загадаў iм даставiць небяспечнага злачынцу жывым або мёртвым у аддзяленне.

Сышчыкi адказалi коратка:

– Цяў!

I памчалiся на пустку асаблiвым хiтрым галопам, заносячы заднiя ногi ўбок.

Апошнiя сто крокаў яны паўзлi на жыватах i адразу кiнулiся на Бурацiна, схапiлi яго пад пахi i пацягнулi ў аддзяленне.

Бурацiна дрыгаў нагамi, упрошваў сказаць - за што? за што? Сышчыкi адказвалi:

– Там разбяруцца...

Лiсiца i кот, не трацячы часу, выкапалi чатыры залатыя манеты. Лiсiца так спрытна пачала дзялiць грошы, што ў ката апынулася адна манета, а ў яе - тры.

Кот моўчкi ўчапiўся кiпцюрамi ёй у морду.

Лiсiца моцна абхапiла яго лапамi. I яны абое некаторы час качалiся клубком па пустцы. Кацiная i лiсiная поўсць ляцела клоччам пры святле месяца.

Абадраўшы адзiн аднаму бакi, яны падзялiлi манеты папалам i ў тую ж ноч знiклi з горада.

Тым часам сышчыкi прывялi Бурацiна ў аддзяленне. Дзяжурны бульдог вылез з-за стала i сам абшукаў яго кiшэнi.

Не знайшоўшы нiчога, апрача кавалачка цукру i крошак мiндальнага пiрожнага, дзяжурны люта засоп на Бурацiна:

– Ты зрабiў тры злачынствы, нягоднiк: ты - беспрытульны,

бяспашпартны i беспрацоўны. Завесцi яго за горад i ўтапiць у сажалцы.

Сышчыкi адказалi:

– Цяў!

Бурацiна спрабаваў расказаць пра тату Карла, пра свае прыгоды. Усё дарэмна! Сышчыкi падхапiлi яго, галопам зацягнулi за горад i з моста кiнулi ў глыбокую брудную сажалку, поўную жаб, п'явак i лiчынак вадзянога жука.

Бурацiна плюхнуўся ў ваду, i зялёная раска сышлася над iм.

Бурацiна знаёмiцца з жыхарамi сажалкi, даведваецца аб прапажы чатырох залатых манет i атрымлiвае ад чарапахi Тарцiлы залаты ключык

Не трэба забывацца, што Бурацiна быў драўляны i таму не мог утапiцца.

Усё ж ён да таго напалохаўся, што доўга ляжаў на вадзе, увесь аблеплены зялёнай раскай.

Вакол яго сабралiся жыхары сажалкi: усiм вядомыя сваёй дурнотай чорныя пузатыя апалонiкi, вадзяныя жукi з заднiмi лапамi, падобнымi на вёслы, п'яўкi, лiчынкi, якiя елi ўсё, што траплялася, нават самiх сябе, i, нарэшце, розныя дробныя iнфузорыi.

Апалонiкi казыталi яго цвёрдымi губамi i з асалодай жавалi кутасiк на каўпачку. П'яўкi запаўзлi ў кiшэню куртачкi. Адзiн вадзяны жук некалькi разоў узлазiў на яго нос, якi высока тырчаў з вады, i адтуль кiдаўся ў ваду ластаўкай.

Дробныя iнфузорыi, звiваючыся i таропка дрыжучы валаскамi, якiя замянялi iм рукi i ногi, спрабавалi падхапiць якую-небудзь спажыву, але самi траплялi ў рот лiчынкам вадзянога жука.

Бурацiна гэта, нарэшце, надакучыла, ён заплюхаў пяткамi па вадзе:

– Пайшлi прэч! Я вам не здохлая кошка.

Жыхары сажалкi шмыгнулi хто куды. Ён перавярнуўся на жывот i паплыў.

На круглых лiстах гарлачыкаў пры святле месяца сядзелi жабы з вялiкiмi ратамi, вылупленымi вачыма пазiралi на Бурацiна.

– Нейкая каракацiца плыве, - квакнула адна.

– Нос, як у бусла, - квакнула другая.

– Гэта марская жаба, - квакнула трэцяя.

Бурацiна, каб перадыхнуць, вылез на вялiкi лiст гарлачыка. Сеў на iм, шчыльна абхапiў каленi i сказаў, ляскаючы зубамi:

– Усе хлопчыкi i дзяўчынкi напiлiся малака, спяць у цёплых ложках, адзiн я сяджу на мокрым лiсце... Дайце паесцi чаго-небудзь, жабы.

Жабы, як вядома, вельмi халаднакроўныя. Але не варта думаць, што ў iх няма сэрца. Калi Бурацiна, дробна ляскаючы зубамi, пачаў расказваць пра свае няшчасныя прыгоды, жабы адна за адной падскочылi, мiльганулi заднiмi нагамi i нырнулi на дно сажалкi.

Яны прынеслi адтуль здохлага жука, страказiнае крыльца, кавалачак тванi, зернетка ракавай iкры i некалькi гнiлых карэньчыкаў.

Паклаўшы ўсе гэтыя прыдатныя для яды рэчы перад Бурацiна, жабы зноў ускочылi на лiсты гарлачыкаў i сядзелi, як каменныя, узняўшы галовы з вялiкiмi ратамi i вылупленымi вачыма.

Бурацiна панюхаў, пакаштаваў жабiны пачастункi.

– Мяне знудзiла, - сказаў ён, - якая брыда!..

Тады жабы зноў - усе адразу - боўтнулi ў ваду...

Зялёная раска на паверхнi сажалкi загайдалася, i з'явiлася вялiкая, страшная змяiная галава. Яна паплыла да лiста, дзе сядзеў Бурацiна.

Поделиться с друзьями: