Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Залаты ключык, або Прыгоды Бурацiны (на белорусском языке)
Шрифт:

– Гатоў!

Артамон ад гатоўнасцi так закруцiўся, што сыры пясок паляцеў з-пад яго заднiх лап...

Ён кiнуўся да мурашнiка, брэхам пабудзiў усё насельнiцтва i паслаў чатырыста мурашак - перагрызцi вяроўку, на якой вiсеў Бурацiна.

Чатырыста сур'ёзных мурашак папаўзлi адна за адной па вузенькай сцяжынцы, залезлi на дуб i перагрызлi вяроўку.

Артамон падхапiў пярэднiмi лапамi Бурацiна i занёс яго ў дом... Паклаўшы Бурацiна на ложак, сабачым галопам памчаўся ў лясны зараснiк i адразу ж прывёў адтуль славутага доктара Саву, фельчарыцу Жабу i народнага лекара

Багамола, падобнага на сухi сучок.

Сава прыклала вуха да грудзей Бурацiна.

– Пацыент хутчэй мёртвы, чым жывы, - прашаптала яна i адвярнула галаву назад на сто восемдзесят градусаў.

Жаба доўга цiскала вiльготнай лапай Бурацiна. У роздуме глядзела вытрашчанымi вачыма адразу ў розныя бакi.

Прачаўкала вялiкiм ротам:

– Пацыент хутчэй жывы, чым мёртвы...

Народны лекар Багамол сухiмi, як травiнкi, рукамi пачаў кратаць Бурацiна.

– Адно з двух, - прашапацеў ён, - або пацыент жывы, або ён памёр. Калi ён жывы - ён застанецца жывым або ён не застанецца жывым. Калi ён мёртвы - яго можна ажывiць або нельга ажывiць.

– Шшшарлатанства, - сказала Сава, узмахнула мяккiмi крыламi i паляцела на цёмныя вышкi.

У Жабы ад злосцi надзьмулiся ўсе бародаўкi.

– Якое брррыдкае невуцтва!
– квакнула яна i, шлёпаючы жыватом, паскакала ў сыры склеп.

Лекар Багамол на ўсякi выпадак прыкiнуўся высахлым сучком i вывалiўся за акенца.

Дзяўчынка пляснула прыгожанькiмi рукамi:

– Ну як жа мне яго лячыць, грамадзяне?

– Рыцынай, - квакнула Жаба з-пад падлогi.

– Рыцынай!
– пагардлiва зарагатала Сава на вышках.

– Або рыцынай, або не рыцынай, - праскрыгатаў за акном Багамол.

Тады падрапаны, у сiняках, няшчасны Бурацiна прастагнаў:

– Не трэба рыцыны, я вельмi добра сябе адчуваю.

Дзяўчынка з блакiтнымi валасамi клапатлiва нахiлiлася над iм.

– Бурацiна, прашу цябе - зажмурся, заткнi нос i выпi.

Не хачу, не хачу, не хачу!..

– Я табе дам драбок цукру!..

У той жа момант па коўдры на ложак узлезла белая мыш, яна трымала драбок цукру.

– Ты яго атрымаеш, калi будзеш мяне слухацца, - сказала дзяўчынка.

– Адзiн цууууукар дайце...

– Ды зразумей жа, - калi не вып'еш лекаў, ты можаш памерцi...

– Лепш памру, чым пiць рыцыну...

Тады дзяўчынка сказала строга, дарослым голасам:

– Заткнi нос i глядзi ў столь... Раз, два, тры.

Яна ўлiла рыцыну ў рот Бурацiна, адразу ж сунула яму драбок цукру i пацалавала.

– Вось i ўсё...

Высакародны Артамон, якi любiў усё, што добра канчалася, схапiў зубамi свой хвост, круцiўся пад акном, як вiхор з тысячы лап, тысячы вушэй, тысячы блiскучых вачэй.

Дзяўчынка з блакiтнымi валасамi хоча выхоўваць Бурацiна

Назаўтра ранiцай Бурацiна прачнуўся вясёлы i здаровы, нiбы нiчога не здарылася.

Дзяўчынка з блакiтнымi валасамi чакала яго ў садзе, седзячы за маленькiм сталом, застаўленым лялечнай пасудай.

Яе твар быў свежа вымыты, на кiрпатым носiку i шчоках - кветкавы пылок.

Чакаючы Бурацiна, яна з прыкрасцю адмахвалася ад надакучлiвых матылькоў:

Ды ну вас, сапраўды...

Акiнула вачыма драўлянага хлапчука з галавы да ног, зморшчылася. Загадала яму сесцi за стол i налiла ў маленькi кубачак какавы.

Бурацiна сеў за стол, заклаў пад сябе нагу. Мiндальныя пiрожныя ён запiхваў у рот цалкам i глытаў не жуючы.

У вазу з варэннем залез проста пальцамi i з асалодай iх аблiзваў.

Калi дзяўчынка адвярнулася, каб кiнуць некалькi крошак пажылому жужалю, ён схапiў кафейнiк i выпiў усю какаву праз носiк.

Папярхнуўся, разлiў какаву на абрус.

Тады дзяўчынка сказала яму строга:

– Выцягнiце з-пад сябе нагу i апусцiце яе пад стол. Не ежце рукамi, для гэтага ёсць лыжкi i вiдэльцы.

Ад абурэння яна мiргала вейкамi.

– Хто вас выхоўвае, скажыце, калi ласка?

– Калi тата Карла выхоўвае, а калi нiхто.

– Цяпер я займуся вашым выхаваннем, будзьце спакойны.

"Вось дык улiп!" - падумаў Бурацiна.

На траве вакол дома ганяўся пудзель Артамон за маленькiмi птушачкамi. Калi яны садзiлiся на дрэвы, ён задзiраў галаву, падскакваў i брахаў з падвываннем.

"Здорава птушак ганяе", - з зайздрасцю падумаў Бурацiна.

Ад прыстойнага сядзення за сталом у яго па ўсiм целе паўзлi мурашкi.

Нарэшце пакутлiвае снеданне скончылася. Дзяўчынка загадала яму выцерцi з носа какаву. Паправiла складачкi i банцiкi на сукенцы, узяла Бурацiна за руку i павяла ў дом - займацца выхаваннем.

А вясёлы пудзель Артамон гойсаў па траве i брахаў, птушкi, нiколькi не баючыся яго, весела свiсталi, ветрык весела лятаў над дрэвамi.

– Здымiце вашы лахманы, вам дадуць прыстойную куртку i штонiкi, - сказала дзяўчынка.

Чацвёра краўцоў - майстар-адзiночка, пануры рак Шаптала, шэры Дзяцел з чубком, вялiкi жук Рагач i мыш Лiзета - шылi са старых дзявочых сукенак прыгожы хлапчукоўскi касцюм. Шаптала кроiў, Дзяцел дзюбай пратыкаў дзiркi i шыў, Рагач заднiмi нагамi сукаў нiткi, Лiзета iх перагрызала.

Бурацiна было сорамна надзяваць дзявочыя абноскi, але прыйшлося ўсё-такi пераадзецца. Сапучы носам, ён схаваў у кiшэню новай курткi чатыры залатыя манеты.

– Цяпер сядзьце, пакладзiце рукi перад сабой. Не горбiцеся, - сказала дзяўчынка i ўзяла кавалачак крэйды.
– Мы зоймемся арыфметыкай... У вас у кiшэнi два яблыкi...

Бурацiна хiтра падмiргнуў.

– Хлусiце, нiводнага...

– Я кажу, - цярплiва паўтарыла дзяўчынка, - дапусцiм, што ў вас у кiшэнi два яблыкi. Нехта ўзяў у вас адзiн яблык. Колькi ў вас засталося яблыкаў?

– Два.

– Падумайце як след.

Бурацiна зморшчыўся, - гэтак здорава падумаў.

– Два...

– Чаму?

– Я ж не аддам Нехту яблык, хоць ён нават бiцца будзе!

– У вас няма нiякiх здольнасцей да матэматыкi, - з засмучэннем сказала дзяўчынка.
– Зоймемся дыктантам.

Яна ўзняла да столi прыгожанькiя вочы.

– Пiшыце: "А ружа упала на лапу Ажура". Напiсалi? Цяпер прачытайце гэтую чараўнiчую фразу наадварот.

Нам ужо вядома, што Бурацiна нiколi нават не бачыў пяра i чарнiлiцы.

Поделиться с друзьями: