Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Жураўліны крык

Быков Василь

Шрифт:

Немцы сталі ля матацыкла, трымаючыся за аўтаматы, а ён, ледзьве перастаўляючы замлелыя ногі, боязна ішоў да іх. Яны не стралялі, толькі гыркнулі злосна і варожа нешта незразумелае, і адзін, той, што заводзіў матацыкл, – белатвары, з абвіслай губой мужчына, – ступіў да яго насустрач. Ён нешта закрычаў па-свойму, Пшанічны не зразумеў і, не апускаючы рук, паспрабаваў вытлумачыць:

– Я – плен, плен. Рус капут...

Ён апусціў адну руку, спрабуючы дастаць з-за пазухі недаравальна забыты ў такую хвіліну пропуск-лістоўку, але немец пагрозліва крыкнуў і тыцнуў яму аўтаматам у грудзі.

Другі, маладзейшы, стаяў зводдаль і, наставіўшы на яго зброю, цікаўна аглядаў перабежчыка сваімі лянівымі вачыма.

Так Пшанічны стаяў з

узнятымі рукамі пад скіраванымі на яго аўтаматамі. На гоман з двароў яшчэ выбягалі немцы, падкаціла некалькі матацыклаў з каляскамі, з якіх тырчалі ручныя кулямёты. Той, маладзейшы, салдат і яшчэ адзін падступілі да яго, сцягнулі з плячэй рэчавы мяшок, абмацалі кішэні, бесцырымонна сарвалі з ланцужка ножык. Пшанічнаму не шкада было свайго барахла, яго прыгнятала толькі гэтая беспрычынная злосць у іх рухах і тварах, насцярожаная падазронасць да яго. Ён усё спрабаваў пераканаць то аднаго, то другога, што ён не мае дрэннага намеру і па сваёй волі здаецца ў палон, пры гэтым крыва ўсміхаўся з незатухлым страхам у вузкіх вачах і бубніў:

– Я плен, камарад немец... сам плен, сам...

Ён аглядаў гэты дзесятак салдат з матацыкламі, спрабуючы згадаць дабрэйшага або ўгледзець афіцэра, і яго позірк сустрэўся са змрочным паглядам немца ў фуражцы і шынялі з чорным аксамітным каўняром. Адчуўшы, што ўсё пайшло не так, як ён марыў, і ад таго не могучы ўжо адолець уладарнай тужлівасці, ён кінуўся да гэтага немца-камандзіра.

– Пан афіцэр! Я ж сам, я ж плен, плен... – узмаліўся Пшанічны.

Афіцэр, аднак, не глядзеў на яго, ён нешта казаў салдатам, нацягваючы на жылістую руку рудую скураную пальчатку. Пшанічны тады зусім спалохаўся – ён адчуў упершыню, што сталася нешта непапраўна благое.

Немцы загергеталі між сабой, абыякава пазіраючы на яго, камандзір яшчэ нешта сказаў, і той, з абвіслай губой, што першы ўбачыў яго, тузануў Пшанічнага за рукаў і махнуў уздоўж дарогі. Ён зразумеў, што трэба ісці, і, азіраючыся, пайшоў, думаючы, што немец пойдзе за ім канваірам. Але салдаты засталіся на месцы і, бачачы яго нерашучасць і, відаць, жадаючы падбадзёрыць, замахалі рукамі ўздоўж пустой ранішняй вуліцы. Ён здзівіўся, што яны не хацелі суправаджаць яго, нешта жахлівае і незразумелае ўпілося ў яго душу, у балючай грымасе скрывіўся твар, і ён, раз-пораз азіраючыся, баязліва пайшоў, куды паказвалі яму.

Так ён аддаліўся крокаў на сотню, немцы ўсё стаялі ззаду, адзін матацыкл, гыркнуўшы маторам, зрабіў паўкола і скіраваўся на яго. Ад благога прадчування Пшанічны ўжо траціў уладу над сабой і, не ведаючы, куды і нашто, віхлява крочыў па гразі, скрэмзанай слядамі гумавых колаў. У паваленых варотах абгароджанага парканам двара нечакана паказалася спалоханая кабета ў тоўстай хустцы з пустымі вёдрамі на каромысле. Пшанічны аж пахаладзеў нутром ад нечаканасці гэтай нядобрай у такі момант сустрэчы і ў той жа час здрыгануўся ад кароткага грому кулямётнай чаргі ззаду. Грудзі яго маланкай пранізаў пякельны боль, і ён, падламаўшыся ў каленях, асеў на гразкі дол вуліцы.

Напаследак, сутаргава хапаючы ротам паветра, Пшанічны ўчуў роспачны лямант кабеты і нема замычаў – ад болю, ад усведамлення канца і апошняй лютай нянавісці да немцаў, якія забілі яго, да тых, на пераездзе, што яшчэ заставаліся жыць, да сябе, ашуканага сабою, і да ўсяго белага свету...

14

Тая кулямётная чарга, што скончыла зацятае жыццё Пшанічнага, абудзіла з паўсоннага забыцця і Фішара. Яшчэ не ўсвядоміўшы таго, што сталася, ён прахапіўся, ускочыў у акопе і зноў упаў на дно, не ўтрымаўшыся ад болю ў заседжаных нагах.

Ужо добра развіднела, але поле і лес засцілала рэдкая кісяя туману, было ціха і золка. Ля шляху нерухома і расплывіста маячылі ў мутным небе бярозы, дарога ляжала пустая, за лагчынаю белым бокам ледзь вырысоўвалася старожка. Вёскі, завалочанай туманам,

адсюль зусім не было відаць.

I тады з туманнай далечы, дзе знікала дарога, бязладны трэск матораў прарваў цішыню. У Фішара маркотна заныла ў грудзях, аслабелі рукі, насцярожаным поглядам уставіўся ён удалячынь і з тугою адчуў, што надышоў той час, калі вызначыцца ўвесь сэнс яго жыцця. Сяк-так сабраўшы рэшткі душэўнай сілы, ён тузануў затворам і ўжо не зводзіў блізарукага позірку з затуманенага пачатку дарогі, дзе павінны былі паказацца немцы. Але ці то ворагі ехалі вельмі марудна, ці зусім ужо аслаб зрок байца: ён нічога не бачыў там, а матацыклы ўсё працягвалі трашчаць. Некалькі гэтых хвілін перадышкі далі Фішару прыдушыць хваляванне, і чалавек зразумеў, што яму тут прыйдзецца кепска. Але ў такіх абставінах, калі ўся яго дзейнасць у гэтым полі была на віду ў старшыны, ён, сам таго не ўсведамляючы да канца, хацеў, каб старшына ўрэшце перамяніў сваю думку аб ім. Гэта не было фанабэрыяй навабранца і не жаданнем паддобрыцца да камандзіра – проста так трэба было Фішару. Відаць, за гэтую пакутную ноч роздуму немудроная старшынова мерка салдацкіх вартасцей у нейкай меры стала і для Фішара эталонам жыццёвай годнасці.

Так ён чакаў, ад напружання і ўвагі дробна ляскаючы сківіцамі і да болю ўціскаючы ў плячо прыклад вінтоўкі. Схіліўшыся, ля мушкі далікатна трымцела на лёгкім ветры нейкая ўсохлая сцяблінка. Ад частых гарачых выдыхаў пацелі шкельцы акуляраў, але Фішар баяўся зняць, каб працерці іх. Ён вельмі дакладна адчуваў свой абавязак і ўжо набраўся рашучасці да канца выканаць яго.

А ўвогуле яму было нялёгка, і ён намагаўся падбадзёрыць сябе, суцешыць тым, што і тыя геніі, якія стваралі мастацтва вечнага – і Мікеланджэла, і Чэліні, і Верашчагін, і Грэкаў – у свой час браліся за шпагу, мушкетон ці вінтоўку і выступалі на ворагаў. Відаць, барацьба за права жыць была важней за мастацтва, і ёй, пэўна, суджана перажыць яго. Гэты нечаканы вывад трохі супакоіў Фішара, і баец адчуў ужо болей сілы ў сабе.

Калі ўрэшце ў канцы дарогі з дымчатай завесы туману выніклі невыразныя прыземістыя сілуэты матацыклаў, Фішар упёр локці ў гразь бруствера і прыцэліўся. Але ад доўгага напружання зрок яго ўсё болей мутнеў, туман і праклятая блізарукасць не давалі як трэба разгледзець цэль. фішар перавёў дыханне, прыклаўся яшчэ раз і тады сцяміў, што трапіць у ворагаў зусім няма шанцаў.

Тое адкрыццё было жахлівае, баец спалохаўся і зноў разгубіўся. А матацыклы тым часам, усё болей набіраючы хуткасць і штораз выразней акрэсліваючыся ў тумане, шпарка сунуліся па гразі дарогі.

Не ведаючы, што зрабіць болей, каб як спыніць ворагаў, баец усё ж сяк-так прыцэліўся і стрэліў. Прыклад балюча штурхнуў у плячо, у твар патыхнула гаркатой пораху, а матацыклы на дарозе каціліся далей. Перажыўшы нядоўгае змярцвенне, Фішар хуценька перазарадзіў і зноў стрэліў, пасля яшчэ і яшчэ.

Выпусціўшы абойму, ён шырока расплюшчыў вочы і ўгледзеўся. Нідзе ва ўсёй калоне не было ніякага знаку яго стрэлаў – ніхто не спыніўся, не паглядзеў у той бок, дзе сядзеў Фішар. Пярэдні матацыкл ужо шпарка набліжаўся к бярозам, і байцу трэба было ўцякаць ці стаіцца. Але тут яму з незвычайнай выразнасцю ўявіўся строгі скуласты Карпенкаў твар, і Фішар амаль наяве чуў яго звычайны зняважлівы вокліч: «Разява». Гэта балюча сцебанула па яго пачуццях; не ведаючы яшчэ, што ён зробіць, Фішар увапхнуў у магазін новую абойму і скіраваў вінтоўку ў бок недалёкіх бяроз.

Гэта было самае пэўнае і самае небяспечнае з усяго магчымага ў тых надзвычайных абставінах. За нядоўгі час, пакуль баец, душачы ў грудзях трапяткое сэрца, прыціскаўся да бруствера і вёў, вёў ствалом за матацыклам, ніводнае выразнай думкі не з’явілася ў яго галаве. Ён канчаткова страціў тады са свайго адчування і жыццё, і мастацтва, і развагі аб годнасці свае асобы – увесь свет у той час абмежаваўся для яго толькі дакорлівым позіркам злосных старшыновых вачэй і гэтым імклівым ланцужком матацыклаў.

Поделиться с друзьями: