Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Жураўліны крык

Быков Василь

Шрифт:

Яны ўсе здрыгануліся, бацька кінуўся да акна, затым – да дзвярэй, сунуў ногі ў боты і як быў – у адной кашулі, без шапкі – скочыў на вуліцу. Васілька таксама выбег следам і адразу за рогам ля плота ў святле недалёкага ліхтара ўбачыў страшнае. З мокрага ад дажджу, невысокага слупа электрасеткі спаўзаў уніз чалавек, іх сусед Трошкін, а на зямлі, распрастаўшыся ў гразі, ляжаў нерухомы бацька. Васілька кінуўся туды, закрычаў, выбегла маці, пазбягаліся людзі. Але ўжо нічога нельга было зрабіць ці дапамагчы – бацьку забіла токам.

У той вечар скончылася Васількава шчаслівае дзяцінства, і ён зазнаў пачатак вялікага гора. Бацьку пахавалі, маці счарнела ад пакутаў і слёз. Васілька таксама

плакаў, але рабіў гэта, хаваючыся ад усіх, нечакана ён адчуў сябе мацнейшым па характары ў гэтай асірацелай сям’і і стрымліваўся як мог. Ім стала цяжка, сумна і пакутна. Ён тады скончыў сямігодку, але маці хацела, каб сын вучыўся далей, а сама пайшла на завод фармаваць чарапіцу. Зарабляла яна няшмат, грошай на ўсё не хапала, і яны ашчаджалі кожную капейку і як-кольвечы жылі. Васілька таксама зарабляў дзе мог – збіраў металалом, памагаў рамантаваць ваганеткі, грузіў на машыны цэглу. Маці патроху ачуняла ад гора, супакоілася і, калі-небудзь паклаўшы спаць Настачку, садзілася да сына і казала: «Нічога, не бядуй, сынок, як-небудзь пражывём. Усё ж нас двое, работнікаў». Поўная замілаванай пяшчоты, яна гладзіла яго па каротка астрыжаных віхрах, а Васільку было вельмі ніякавата ад той яе ласкі, і ён сарамяжліва ўхіляўся. Але ў тыя хвіліны хлопец гатовы быў на ўсялякія турботы, каб хоць трошкі аблегчыць спакучанае жыццё маці. Пасля смерці бацькі ён стаў любіць яе ўдвая болей.

Толькі маці неўзабаве павесялела сама. Неяк у пагодлівы выхадны дзень яна добра прыбралася, надзела свае белыя, некалі купленыя бацькам туфлі, узяла маленькую сумачку і пайшла, наказаўшы Васільку дагледзець Настачку і нікуды не ісці з дому. Вярнулася яна пад вечар, вясёлая, жвавая, па-ранейшаму прыгожая і ласкавая. Яна доўга і радасна забаўлялася з Настачкай, пагладзіла па галаве Васільку, але ў сынавай душы раптам узнялася да яе незразумелая, крыўдлівая варожасць. Ён тады не сказаў ёй нічога, пайшоў к кар’еру і да змяркання праседзеў на абрыве.

Праз колькі дзён тая крыўда забылася, маці была добрая, шмат працавала, увечары прыходзіла змораная і суцішаная. Але аднойчы на нейкае свята яна ўстала дужа раненька, збегала ў краму, старанна прыбрала ў пакоі, нарыхтавала посуд і сказала Васільку, што ён, калі хоча, можа пагуляць, бо да іх прыйдзе госць. Васілька адчуў нядобрае, насупіўся, гуляць не пайшоў, а, залезшы на дах хлеўчука, пачаў выглядаць таго ненавіснага госця. Госцем аказаўся Кузьмічэнкаў – бухгалтар іхняга завода, не дужа ўжо малады чалавек, які заўсёды ездзіў на веласіпедзе з прышпіленым да рамы партфелем. Васілька зноў уцёк на кар’ер і да поўначы не паказваўся дадому.

А маці ў той вечар доўга не клалася спаць: усё чакала яго. Яна, пэўна, ужо нешта згадала ў яго настроі, уздыхнула, калі ён, прыйшоўшы, моўчкі заваліўся на ложак, пасля паплакала крыху і сказала, што ён яшчэ малы і не разумее ўсяго, што трэба было б зразумець. Тады нейкая жаласць да маці коратка варухнулася ў яго душы, але зразумець яе зусім ён сапраўды не мог, а галоўнае – не хацеў.

Нешта ў ім заартачылася, ён страціў сваю былую шчырасць, пазбягаў заставацца з ёй адзін на адзін. I калі год назад маці прывяла да іх таго Кузьмічэнкава і сказала, што ён цяпер будзе іх бацькам, Васілька зразумеў, што тут яму жыць нельга.

Праз дзень ці два ён узяў сваю новую рубашку, зімовую бацькаву шапку, тры чырвонцы надоечы атрыманых ім грошай і пайшоў на станцыю. Там ён сеў у прыгарадны цягнік і прыехаў у Віцебск. У кішэні яго была пацёртая газета з аб’явай аб прыёме навучэнцаў у школы ФЗН. Так праз пару дзён Васіль Глечык узбіўся на свой хлеб і адцураўся матчынай ласкі.

Дома ён не сказаў нікому, куды паехаў, чаму і на каго пакрыўдзіўся. Маці, відаць, нямала перажыла, пакуль знайшла

яго ў Віцебску, прыехала, прасіла вярнуцца, а галоўнае – не крыўдаваць, але ён маўчаў, ні слова не сказаў ёй пры сустрэчы, не адказваў на пісьмы. Калі ж пачалася вайна, ён даведаўся, што Кузьмічэнкаў пайшоў у войска, а маці з Настачкай засталіся адны. I хлопец тады завагаўся. Ён ведаў, што ён патрэбны там, што неяк трэба ратаваць маці ад той навалы, якая няспынна кацілася на ўсход, але былая крыўда не давала яшчэ забыцца на яе.

Пакуль ён разважаў і вагаўся, немцы падышлі да Віцебска, і трэба было ратавацца самому. Васілька прычапіўся на станцыі да апошняга вагона апошняга цягніка і дзе пехатой па шпалах, а дзе ў эшалонах дабрыў да Смаленска. Відаць, у людскіх нягодах вялікае буры растварылася хлопцава крыўда і засталося толькі балючае ўсведамленне ўласнай несправядлівасці да маці, якая так любіла яго.

...Глухая цемра запанавала ў старожцы, патухлі апошнія іскрынкі ў грубцы, стала халадней. Дружна саплі хлопцы, прыхрапваў старшына, а Глечык шырока раскрытымі вачыма нерухома пазіраў у змрок і нудзіўся. Заўтра можа здарыцца з ім што цяжкае, ён можа загінуць, гэта будзе першы яго бой з ворагам, але не страх смерці, не жаль да сябе дапякалі хлопца ў гэтыя апошнія хвіліны спакою.

– Маці, адзіная мая, дарагая матуля, – шаптаў у бяздонную цемру Глечык, – ці даруеш ты мне калі маё непаслушэнства, мае дураслівыя выбрыкі? Чаму я такі быў дурны, не разумеў твайго сэрца, якое хацела свайго чалавечага шчасця, навошта пакінуў цябе – родную, адзіную маю? Як ты цяпер там, у варожым палоне, адна? Што з табой зробяць крывавыя вылюдкі і хто заступіцца за цябе?..

11

Тым часам старшыне Карпенку сніўся маркотны доўгі сон.

Прыплялося яму, быццам у гэтай вось старожцы ля грубкі, на тым месцы, дзе разлёгся Віцька Свіст, сядзіць яго, Рыгора Карпенкі, бацька. Ён – строгі, заклапочаны, згорблены ад нялёгкай жытухі стары – закручвае раскудлачаны сівы вус і сіпатым старэчым голасам гаворыць камусьці:

– Вось што, сыны. Як сабе хочаце, а надзел болей дзяліць не будзем. Пакуль я жывы – не дам. Дадзяліліся – з сахой павярнуцца недзе. Ляксей хай жыве, астатнія гэць у свет – свайго хлеба шукаць.

I тут, бачыць Карпенка, з цемры выступаюць ягоныя браты – старэйшы Ляксей, кульгавы Цыпрон, сварлівы Мікіта і з гэтага боку – ён, малодшы Рыгорка. Як і некалі, гадоў пятнаццаць назад, злосны, гарласты Мікіта ў адказ на тыя бацькавы словы сарваў з галавы зашмальцаваную ад поту шапку і гэпнуў яе вобземлю.

– Ага! Любімчыку, старшанькаму – чорта яго матары! А мы што? Куды мне чацвярых блазнюкоў дзяваць? Куды? Кажы, бацька! – б’ючы сябе кулаком у расхрыстаныя грудзі, крычаў Мікіта.

Браты загулі, заварушыліся, нездаволеныя бацькам, выцягнулі жылаватыя рукі і пачалі насоўвацца на яго, гатовыя разарваць старую згорбленую постаць ля грубкі. Але бацька сядзеў спакойны, строгі, зусім не баязлівы, быццам ён ведаў нейкую сілу, якая магла абараніць. Грышка спалохаўся, што здарыцца страшнае, і, кінуўшыся да старога, засланіў яго.

Тады браты замахалі ўгары доўгімі, як абламаны шлагбаум, рукамі, растапырылі над ім кіпцюрастыя кашчавыя пальцы, прагна пацягнуліся да яго шыі.

– Ага, – шыпеў з цемры Мікітаў голас– Добра табе: ты ў армію пойдзеш, ты да камандзіра даслужышся, ты жалаванне палучыш, а мы што? Што мы-ы-ы?

Тыя кіпцюрастыя братавы пальцы ўхапілі Грышку за горла, за грудзі, за ногі і рукі, сціснулі, ён стаў задыхацца, але адбіваўся як мог. А бацька ўсё сядзеў ля грубкі і, пазіраючы на бойку, агідна хіхікаў:

Поделиться с друзьями: