Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Жураўліны крык

Быков Василь

Шрифт:

Пярэдні матацыкл, стрымана пагойдваючыся ў калдобінах і віхляючы з боку ў бок, старанна аб’язджаў лужыны і не дужа імкліва, але ўсё шпарчэй набліжаўся. Ужо стаў відаць плячысты вадзіцель у шынялі і казыркастай шапцы, які, ні разу не варухнуўшыся, здавалася, зліўся ў адно з машынай; ніжэй, у калясцы, бачны быў другі немец – на ім высока тырчала фуражка і цямнеў чорны каўнер шыняля. Баец не думаў тады, што яго могуць расстраляць раней, чым паспее стрэліць ён сам, ён не дужа хаваўся ў акопе і ўсё вёў, вёў ствалом за тым блізкім пярэднім ворагам, пакуль ён не параўняўся з бярозамі, і тады стрэліў. Той, што сядзеў у калясцы, адразу хіснуўся на сядзенні, аберуч ухапіўся за грудзі і размашыста

дзябнуў ілбом аб жалеза каляскі. Нейкім абвостраным, ненатуральным слыхам Фішар учуў у грукаце матораў той гук, і зараз жа страшэнны гром вострым болем расшчапіў яго галаву. Баец выпусціў з рук вінтоўку і, абцярушваючы рукамі мокрую зямлю, споўз на дно акопа.

Нейкі час ён яшчэ быў жывы, але ўжо не адчуваў нічога. Не бачыў баец Фішар, як кінуліся немцы да першага і адзінага забітага ім ворага, як беражна ўклалі яго, акрываўленага, у люльцы, як двое ці трое саскочылі з матацыклаў, шастаючы ў іржышчы ботамі, падбеглі да акопчыка і разрадзілі ў яго свае аўтаматы. Малады аўтаматчык у плямістым разведчыцкім камбінезоне з раўнадушнымі вачыма нагнуўся над ім, ірвануў за мокры каўнер яго шыняля і гідліва кінуў, мякка стукнуўшы скроняй аб мокрую сцяну акопа. Ён пастаяў над забітым, не ведаючы, што зрабіць яшчэ, і пасля з абыякавасцю піхнуў ботам процівагазную сумку, звечара забытую на брустверы. З сумкі вылецеў кавалак счарсцвелага хлеба, некалькі абоймаў патронаў і пашкуматаная старая кніжка ў чорнай вокладцы – «Жыццё Бенвенуто Чэліні, фларэнційца, напісанае ім самім». Адляцеўшы ў іржышча, яна расхінулася, і ранішні вецер, які пачаў ужо разганяць туман, паціху заварушыў яе зачытаныя, пашкуматаныя старонкі...

15

Учуўшы далёкую, знаёмую па тэмпу чаргу нямецкага кулямёта, Карпенка рвануў дзверы і зычным голасам, здольным узняць полк, закрычаў у старожку:

– У ружжо!!!

Глечык і Свіст, жмурачы заспаныя вочы на замурзаных, нямытых тварах, кінуліся ў дзверы. Свіст спрасонку не мог трапіць у рукаў шыняля, няспрытна распінаў яго і так выскачыў са старожкі, няўцямна азіраючы абшар. Аўсееў бліснуў спалохам на раптоўна збялелым твары, хуценыса скочыў у траншэю і прытуліўся ў ячэйцы. Карпенка тым часам таксама заняў сваё ўкрыццё і залязгаў затворам, зараджаючы кулямёт.

Нейкі час яны ўсе чакалі, баючыся патрывожыць цішыню, але наперадзе не было нікога. Тады трывога пакрысе ўляглася, байцы агледзеліся, пачалі меркаваць, і Карпенка, успомніўшы пра знікненне Пшанічнага, гучна і злосна вылаяўся:

– Дзе Пшанічны, д’ябальская морда? Што гэта такое?

Свіст і Аўсееў, якія ўпершыню ўчулі, што прапаў баец, здзіўлена паглядзелі на старшыну. Гэтая падзея з Пшанічным непрыемна ўразіла іх, але трэба было сачыць за дарогай, бо, чулі яны, там здарылася нешта важнейшае.

Абапіраючыся рукамі аб не дужа высокі ўскраек акопа, старшына пільна ўзіраўся ў туман і злосна думаў пра гэтага Пшанічнага, няўмеку Фішара, які маўкліва сядзеў у полі, не падаючы ніякага знака, і пра тую невядомую падзею наперадзе, што прарвалася стрэламі. Карпенка не сумняваўся, што ў вёсцы ўжо немцы, ён толькі не ведаў, калі яны пакажуцца з туману, і баяўся, каб Фішар, заснуўшы, не трапіў у іхнія рукі. На якое там стойкае супраціўленне гэтага няўмелага байца-«вучонага» камандзір і не спадзяваўся, ён палічыў бы за лепшае, каб той проста цяпер уцёк да сваіх.

Але Фішар не бег, і яшчэ праз трохі часу на пераездзе пачулі далёкае фыркатанне матацыклаў. Карпенка зірнуў на Свіста, які, бяспечна высунуўшыся з акопа, азіраў дарогу, на Аўсеева, што нізка прыхінуўся да бруствера, і таксама

ўпіўся ўдалячынь. Глечыка за рогам старожкі яму не было відаць, і старшына ўладарна скамандаваў:

– Увага! Да мяне не страляць! Замры!!!

Ён і сам прыпаў да прыклада свайго «дзегцяра», па-драпежнаму самкнуў над пераноссем шырокія густыя бровы і напружана сцяўся. I ў той час усе пачулі, як на пагорку затахалі рэдкія адзіночныя стрэлы і з туману выпаўзлі матацыклы.

– Нашто? Нашто? – не разумеючы, чаму не ратуецца Фішар, закрычаў старшына. – Цікай давай! Эх ты, раз-зя...

Ён не дакончыў свайго папроку, бо стрэлы ў той час сціхлі, а матацыклы шыбавалі сабе далей. Карпенка чакаў, што Фішар, можа, яшчэ выбежыць у нізінку, а пасля ён стаў думаць, што баец стоіцца, прапусціўшы немцаў, але неўзабаве грымнуў адзінокі стрэл, які, відаць, адразу і затрымаў усю матацыклетную калону. Старшына здзівіўся, зусім не ведаючы, як разумець тое, і скамянеў, збянтэжаны незвычайнай сутычкай, што разыгралася ў полі ля дзвюх закаржэлых бяроз.

Яго вывеў з гэтай недаўменнай змярцвеласці пагрозлівы вокліч Свіста:

– Ах вы, сабакі! Я ж вам зараз уляплю!

Ён ухапіўся за свой ПТР, але было яшчэ рана, і старшына крыкнуў:

– Стой! Я табе ўляплю!

Бранябойшчык нездаволена азірнуўся, але паслухаўся і, відаць, зрабіў добра. Не прайшло і хвіліны, як ля бяроз выплылі з туману два бронетранспарцёры, яны спыніліся ля пярэдняга матацыкла, нешта пастаялі і пасля цішэй, чым дагэтуль, відавочна асцерагаючыся, пачалі спускацца па дарозе ўніз. За імі рушыла чарада матацыклаў.

Ужо зусім развіднела, скрозь разарваны ветрам туман паказалася ўгары клочча невысокіх аблокаў, дзе-нідзе між іх густой завалачы сіратліва бліскалі прагалы блакіту.

Карпенка зразумеў, што яно пачынаецца. Транспарцёры нямала занепакоілі яго, але старшына сабраў усю немалую сілу свае натуры і толькі сцяў сківіцы. Каб ударыць пэўна і з карысцю, трэба было падпусціць іх як найбліжэй, і Карпенка вызначыў для гэтага рубеж на дарозе – масток крокаў за дзвесце ад пераезда.

– Свіст! – гукнуў ён бранябойшчыку– Глядзі, брат, пачнеш з задняга. Чуеш?

– Будзь спок! – коратка азваўся Свіст, наводзячы на машыны доўгі ствол свайго «пэтээра».

Пераезд сціх. За лініяй чыгункі ў траншэі стаілася яго чацвёра абаронцаў. Заклапочаны Карпенка ўжо не азіраў сваіх байцоў і не бачыў, як самотна зморшчыўся за рогам старожкі малады твар Глечыка, як засцярожліва стаіўся за брустверам Аўсееў, як напружыўся за нацэленым «пэтээрам» Свіст. Бегучы сюды, у траншэю, баец недзе згубіў пілотку і цяпер уцяў у плечы галаву на якой ва ўсе бакі тырчалі яго абстрыжаныя льняныя віхры.

Пярэдні транспарцёр яшчэ не дасягнуў мастка, калі з яго нечакана і глуха раздалося «бу-бу-бу-бу...», і адразу ж на чыгунцы, брустверы, на даху старожкі і яшчэ недзе ззаду, з імпэтнай лютасцю раскідваючы зямлю і трэскі, прагрукатала чарга разрыўных буйнакаліберных куль. Карпенка схамянуўся, калі на яго шчаку пляснула гразёю, але выцірацца ўжо не было калі. Падумаўшы, што ворагі заўважылі іх, старшына старанна прыцэліўся і даў першую доўгую чаргу.

Скрозь грукат стрэлаў ён чуў, як побач звонка стукнуў Свістаў ПТР і на брані пярэдняй машыны бліснула злая іскрынка. Транспарцёр крутнуўся ўбок, тыцнуўся пярэднімі коламі ў канаву і стаў. Старшына адпусціў пад пальцамі курок, у той час другі транспарцёр выскачыў наперад. Зноў побач, балюча аддаўшыся ў вуху, грымнуў другі стрэл Свіста, і машына, збавіўшы хуткасць, паволі спынілася. Матацыклы закруціліся на дарозе, бы растрывожаныя вадзяныя жукі, бязладна заляскаталі іх кулямёты, і кароткі імпэтны посвіст куль зноў скрамсаў паветра над пераездам.

Поделиться с друзьями: