Змагарныя дарогi
Шрифт:
Першы наступ быў праведзены напуста. У ходэе яго шмат пакрычаць давялося камандзеру першага зьвяза, у якiм былi Сымон i Вiктар, старшаму лейтананту Рэшатаву, што ладна надарваў свой голас. Пад час другога наступу, ужо каля гадзiны дзесятай, ужывалiся вострыя патроны. Для назiраньня практыкаваньняў прыехаў маёр Мураўёў. Затрымаўся на краi поля, ззаду на левым фланзе першага зьвяза.
Жаўнеры старалiся перабягаць наперад iндывiдуальна, як i вымагалася, бо пад вялiкую траскатню стрэльбаў i кулямётаў ня чуваць было загадаў камандзераў. Часта рабiлi "флiгэрдэкунг", бо брытанскiя самалёты таксама цикавiлiся практыкаваньнямi. Не дапаўзаючы якiх трыццаць мэтраў да насыпу, усе мелi ўстаць i на маскоўска-бальшавiцкi
Сымон пiльнаваўся, каб надта ня высоўвацца наперад, але й не заставацца ў хвасьце. Каля яго падбягаў i падаў вобземлю, сапучы, як мядзьведзь, Вiктар. Прыблiжаючыся да насыпу, Сымон заўважыў, што меў яшчэ два патроны. Адзiн выстралiў, калi ўсе ўсталi й з тым "громким" кiнулiся наперад,
– Прекратить стрельбу!
– пачуўся ззаду загад з колькiх афiцэрскiх глотак.
Сымон памяркаваў, што, мусiць, аднаго патрона няварта пакiдаць, а лепш пусьцiць уверх, i, хоць усе былi ўжо на насыпе й стралянiна спынiлася, ён, наставiўшы ўверх руль стрэльбы, пацiснуў курок. Не прайшло й хвiлiны, як заўважыў капiтана, што бег у ягоным кiрунку ад маёра Мураўёва.
– Ты куды страляў?
– пытае Сымона афiцэр.
– Уверх.
– Ты чаму страляў уверх?
– У мяне застаўся адзiн патрон, а загадана было...
– Дурыла ты! Знаеш, што табе за гэта будзе? Валяй хутка да маёра!
Сымон пусьцiў у рух ногi. Камандзер батальёна прыблiжаўся ў ягоным кiрунку.
– Спадар маёр, па вашаму загаду...
– Ты куды страляў?
– насупiўся Мураўёў.
– Уверх.
– А куды было загадана страляць? Ты...
– тут маёр вылаяўся зацяжным маскоўскiм трохпавярховым матам, - сукiн сын!
Пры гэтых словах, як трымаў у правай руцэ скураныя рукавiцы, з усёй сiлы сьцебануў iмi хлапца па твары. Толькi пярэдняя стрэшка Сымонавага шлема крышку затрымала ёмкi ўдар.
– Ты знаеш, што на тым баку шмат народу пры вакопах працуе?
– дзёрся Мураўёў.
– А што, калi ты каго зь iх забiў? Ты разумееш гэта цi не, дурак? Каму гэта даваўся загад спынiць стральбу?
У Сымона ад страху аж павукi забегалi па сьпiне й зьнядужалi ногi.
– Зараз абяззброiць яго й адвесьцi ў бункер!
– крычаў камандзер. Адправiм у працоўны лягер, а калi прыйдуць весткi з таго боку Рэйну, што ёсьць забiтыя, застрэлiм, як сабаку, перад фронтам цэлага батальёну. Забраць яго, адвесьцi!
Да Сымона падбег капрал зь ягонае-ж роты, што выконваў цяпер ролю лучнiковага. Узяў юнакову стрэльбу, пас з патранташамi й шлем ды загадаў: "Ну, пайшлi!"
Зайшоўшы ў свой барак, Сымон расказаў аб выпадку старшынi роты. Старшынёй быў добры чалавек - украiнец Налепа. Ён надта-ж па-людзку абыходзiўся з жаўнерамi роты. Дазваляў iм вечарамi хадзiць у яблыкi, табаку, бульбу. Вядома, што чалавекам з начальства, якi можа зрабiць найбольш прыкрым або прыемным аднастайнае жыцьцё жаўнера, бывае старшына роты. Налепу жаўнеры паважалi й слухалi, добра ацэньваючы лiберальнае дачыненьне да iх. Выслухаўшы Сымона, Налепа сказаў, што ня было нiчога так страшнага, як хлапец уявiў, што яго, пэўна, патрымаюць да вечара й пусьцяць. Сымон зь лягчэйшым сэрцам, падбадзёраны, павандраваў з капралам у бункер. У адной каморцы бункера сядзела чатыры чалавекi. Сымона пасадзiлi самога ў другой. Пры бункеры стаялi два вартавыя.
Сымон захапiў у бараку кнiжку i, крышку памяркаваўшы, прыйшоў да выснаву, што надта ня выпадае бедаваць, бо, пэўна, усё добра скончыцца. Узяўся за чытаньне. Але й чытаючы, колькi разоў хаця-нехаця вяртаўся да трывожнага пытаньня: "А што, калi возьмiць i застрэлiць? Чорт яму верыць, маскалюгу гэтаму!"
Яшчэ нiколi раней ня сустрэўся Сымон лоб у лоб з пытаньнем аб магчымай сьмерцi. Навет калiсь пад
вагонамi пад час тога пекла ў Вiльнi, калi жыўцом гарэлi параненыя сябры, нiяк ня прыходзiла ў галаву, што яго могуць забiць. Калiсьцi й дзесьцi - а дзе дакладна, дык не патрапiў-бы й сказаць - ён пастанавiў, што не павiнен дарма прапасьцi ў гэтай вайне, а мусiць перажыць яе за ўсякую цану. Трэба-ж было яшчэ так шмат зрабiць для сваiх родных i Бацькаўшчыны. Цi-ж ён, малады, здаровы, поўны сiл, сьведамы сваёй беларускасьцi юнак, мог дараваць усе крыўды, цгго ворагi зрабiлi ягонаму народу? О, не! Сто разоў не! Як i што ён будзе рабiць - Сымон ня ведаў, ды цi й быў цяпер час над тым думаць. Галоўнае вось, каб жыцьцё захаваць, а там дзесь ужо неяк праясьнiцца й будзе вiдаць, што рабiць трэба. Дык усё й зводзiлася да захаваньня жыцьця.I цяпер Сымон аж жахнуўся пры думцы, што так лёгка й зусiм за дурнiцу мог налажыць галавой. Але гэта былi толькi хвiлiнныя, як джала, пякучыя думкi, што хутка адыходзiлi й не пакiдалi па сабе сьледу. Ня верыў-жа юнак, што сапраўды за нейкi дурны патрон могуць яго застрэлiць.
"Вось, пэўна, настрашыць яму ўздумалася. I Налепа-ж казаў, што, пэўна, вечарам выпусьцяць, - супакойваў сябе юнак.
– Але-ж чаму я такi легкадумны? Няхай-бы ён ужо згарэў, той патрон. Як быў загад спынiць стралянiну, дык чаму-ж я не паслухаў? Калi ўжо неяк тут з гэтага клопату выкарабкаюся, дык трэба будзе пiльней прыслухоўвацца да загадаў i падпарадкоўвацца. Такая-ж во бязглуздзiца й да чаго можа чалавека давесьцi".
Вiктар прынёс Сымону кацялок зупы й "фарфлюктар". Пад'еўшы, хлапец ужо больш супакоiўся й амаль цэлае паабедзьдзе чытаў. Каля шостай гадзiны прыбег да бункера дзяжурны афiцэр.
– Гэта ты сядзiш за дваццаты патрон?
– спытаў Сымона.
– Я.
– Бяжы да маёра.
Перад баракам стаяла група афiцэраў. Яны пакурвалi, жартавалi. Вечар быў сонечны й цёплы. Сымон адразу спасьцярог, што ўсе афiцэры, у тым лiку й Мураўёў, былi ў добрым настроi. Гэта яму дадало шмат адвагi.
– Ты за што сядзеў?
– пачаў Мураўёў.
– За сяньняшнi выстрал, - бойка адказаў хлапец, хоць дрыжыкi ўсё яшчэ бегалi па лытках.
– А ты куды страляў?
– Уверх.
– А куды было загадана страляць?
– У насып.
– Цi-ж у насып? А ня ў мiшэнi?
Усе прысутныя афiцэры змоўклi й прыслухоўвалiся. Усьмешкi бегалi па некаторых тварах.
– У мiшэнi, - згадзiўся Сымон.
– Дык вось бачыш, якая рэч... На тым баку Рэйна працуе шмат людзей пры вакопах, i толькi цяпер званiлi мне, што ёсьць адзiн паранены.
Калi-б Сымон тады меў час думаць над тым, што сказаў камандзер батальёна, дык пазнаў-бы хлусьню. Бо й як-жа, каб з такой колькасьцi людзей, ды яшчэ й дзесь далёка за тым Рэйнам, якраз ягоны, Сымонаў, нефартунны стрэл некага паранiў? Эх, ужо-ж i ня ўмеў Мураўёў выдумляць.
– Праўда, - прадаўжаў маёр, - уверх стралялi й iншыя... Але што я цяпер павiнен з табою зрабiць? Як ты думаеш? Цi, па-твойму, вiнаваты ты, цi не?
– Вiнаваты.
– Дык што я павiнен з табою зрабiць? Як пакараць? Ты прыдумай сам - якую-б ты даў сабе кару? Сымон маўчаў. Мураўёў паўтарыў пытаньне.
– Маё ўяўленьне, спадар маёр, занадта абмежаванае, каб прыдумаць сабе кару, - адпалiў Сымон.
– Эх ты, хiтрун! Ну ладна. На гэты раз дарую. Глядзi, каб у будучым слухаў загадаў. Уматвайся ў роту!
Сымон як скаблянуў адтуль у свой барак, дык аж костачкi бразджэлi.
Такая была гiсторыя з дваццатым патронам.
V
Каб блiжэй пазнаёмiцца зь людзьмi, што складалi батальён Мураўёва, варта нам, паважаны чытач, прыслухацца да адной даволi цiкавай гутаркi, якая аднойчы адбылася ў бараку другой роты, да якой належалi Сымон i Вiктар.