Знак бяды
Шрифт:
Як нешта чуючы, Бабоўка зусім заўпарцілася і ад гарода не хацела ісці далей: упіралася нагамі, выкручвала галаву ў вяроўчыне, азіралася на гаспадыню. Пятрок пакрыкваў на яе, тузаў за вяроўку, але, пакуль ззаду не сцёбнула дубцом Сцепаніда, карова не слухалася. Яшчэ ад рова стала чуваць, што немцы і не думалі вымятацца з хутара — гамана там стаяла ў самым разгары, чуўся смех, нешта мерна паціху бахала ў паветры. Пятрок угледзеўся ў антонаўку ля істопкі — толькі на вяршку яе засталося некалькі драбнейшых яблык, а так усё дрэва было абтрэсена; унізе звісаў да зямлі зламаны сук. Увесь іх гарод быў здратаваны ботамі, грады растаптаны; на агурэчніку сям-там відаць былі раздушаныя насенныя агуркі. «Во кара боская, — гаротна падумаў Пятрок. — За якія толькі грахі! І чаму гэта на мяне менавіта абрынулася такое? Хіба мала было ім гарадоў, мястэчак ці вёсак, нашто ім прыдаўся гэты Богам забыты хутар?»
Але,
Яшчэ ў гародзе Пятрок сцяміў, што на падворку ішла гульня ў мяч — праз вокрыкі і гергетанне чуліся тугія ўдары па гуме. Неўзабаве здаровы, нібы гарбуз, мяч выкаціўся з-за хляўка, і за ім выскачыў распараны, ажывелы ад гульні немец, ці не ўчарашні знаёмец-шафёр? Ён каротка зыркнуў праз акуляры, падхапіў мяч і схаваўся на падворку за рогам хаты.
Пятрок прывёў на ўчарашняе месца Бабоўку і стаў, нічога не кажучы, чакаючы фельдфебеля, які ўжо зырыўся сюды ад кухні. Ён штосьці загадаў, і Карла з бляшаным вядром у руках павалюхаў да каровы. Дужа няёмка і страхавіта зрабілася Петраку, як ён згледзеў гэта вядро, падумаў: хоць бы сабралася што ў Бабоўкі, іначай будзе бяда. Чалавек пяць немцаў у расхрыстаных апратках і з узнятымі рукамі білі ўгору мяч, спрэс вытаптваючы мураву на падворку; нешта абмяркоўваў з кухарам кадоўбчык-фельдфебель, а Карла набліжаўся. Пятрок не выпушчаў з рук вяроўку, толькі падабраў яе карацей. Бабоўка па-ранейшаму боязна азіралася на немцаў і вялікімі бухматымі вейкамі міргала на кожны ўдар па мячы. Карла, як і ўчора, прысеў пад ёй і, снуючы выпнутымі локцямі, пачаў даіць.
Ды, мусіць, доўга даіць не было чаго, карова не хацела стаяць, хоць Пятрок і трымаў яе, пераступала і тузалася. Праз якую хвіліну Карла падхапіў пустое вядро і выпрастаўся. Як здалося Петраку, ён занепакоена зірнуў на яго, пасля азірнуўся на дрывотню, дзе паказалася і прапала кудысь Сцепаніда, пасля прагергетаў штось да фельдфебеля. Той рашуча скіраваў да кухні.
— Вас іст дас? — запытаў ён, паказваючы на вядро. — Варум нікс млеко?
— А хто ж яго ведае, — са шчырасцю, на якую быў здольны, сказаў Пятрок і амаль аддана паглядзеў у злыя вочы фельдфебеля. Пунсовы твар таго стаў яшчэ чырванейшы.
— Варум? — гучна гыркнуў ён і звыкла хапіўся за сваю аграмадную кабуру.
— Бо не дае. Запускацца будзе. Цельная яна, — палохаючыся, нязграбна схлусіў Пятрок, у думках ужо лаючы жонку: трэ было ёй гэтак выдойваць. Хай бы задавіліся тым малаком — гінуць праз яго Петраку зусім не хацелася.
Немцы на падворку спынілі гульню, адзін з мячом пад пахаю падышоў бліжэй, за ім з цікаўнасцю на тварах падышлі іншыя. Усе па чарзе зазірнулі ў амаль пустое вядро, на донцы якога бялела лыжка малака — не болей. Фельдфебель нешта перагаварыў са злым кухарам, які таксама прыдыбаў сюды і стаяў, болей узіраючыся ў Петрака, чым у вядро ці карову. За кароткую паўзу, калі ўсе яны змоўклі, фельдфебель расшпіліў кабуру і паволі выцяг з яе свой рэвальвер з тонкім ствалом і тоўстаю чорнай ручкай.
Каторы ўжо раз спалохаўшыся, Пятрок падумаў, што, мабыць жа, запытаюць, перш чым застрэляць, мабыць, і яму штось трэба сказаць перад смерцю, хоць вылаяцца, ці што. Але, збіты з панталыку, ён проста забыўся на словы. Ён толькі глядзеў на ўсе вочы, як фельдфебель, аберуч ухапіўшы рэвальвер, хлёстка шчоўкнуў затворам і жвава вертануўся да Бабоўкі. — Вэк, фэрфлюхтэр…
Кароткім ударам локця ён адпіхнуў Петрака ад каровы, выхапіў з яго рук вяроўчыну. Бабоўка матлянула галавой, дужа скасавурылася, нібы ўчуўшы пагібель, а немец неяк хутка, нібы незнарок, бахнуў стрэлам у яе такое чуйнае заўжды, рухавае вуха.
Пятрок думаў, яна рванецца ці зараве, а яна неяк дужа пакорліва ўпала на падкурчаныя ногі і тыцнулася пысай у гразь. Паволі кладучыся на бок, адкінула на траву голаў, зрэнкі ў яе вялікіх вачах закаціліся ўніз, з храпы вырваўся непрацяглы ўсхрып, і яна канчаткова выцягнулася на падворку. Толькі па скуры некалькі разоў прабегла дрыжака-сутарга, і ўсё ў яе знерухомела.
У Петрака дробненька трэсліся рукі і ўсё нутро зябка дрыжэла, калі ён пайшоў з падворка, дзе фельдфебель пакрыкваў ужо на немцаў — мусіць, нешта загадваў.
9
Надзіва сабе самой Сцепаніда не дужа ўбівалася па карове — як ні шкада ёй было Бабоўку, яна адчувала, што рушылася штось непамерна большае і што вялікая небяспека набліжалася да іх ушчыльную. Заходзіла яна здаля — ад падворка, дарогі, праз малако, хату, калодзеж, але падступіла ўжо так, што было відавочна: яны схопяць абаіх за горла — во, тады прыйдзецца спалохацца. Праўда, як яна ні ўдумвалася, усё не магла ўразумець нялюдскі сэнс іх учынкаў ды іхніх намераў, хоць увогуле намеры гэтыя былі спрэс ёй варожыя, але як было дазнацца,
каторы з іх прывядзе да самага страшнага. Канешне, можна б старацца як мага далей адсоўваць яго, гэтае страшнае, неяк паддобрывацца, нават падлізвацца да чужынцаў, дагаджаць ім у малым ці ў большым, але, думала яна, хіба тым пасобіш? Зноў жа яна змалку не ўмела пераломваць сябе, рабіць што насуперак перакананню, тым больш прыніжацца; патрэбных для таго здольнасцяў у яе не было ані крошкі, і яна не ведала нават, як тое можна наогул, асабліва калі яны вытвараюць такое. Тая знявага, якую яны ёй зрабілі пры першым сваім з'яўленні, не давала ёй намагчыся на іншы лад, апроч непрыязні, далейшае ж выклікала ў яе абурэнне і нянавісць. Сапраўды, такога з ёй ніколі яшчэ не здаралася. Было, што яе крыўдзілі ў жыцці, прыцяснялі, зневажалі нават, але ніхто яшчэ не падняў на яе руку — ні бацька на малую, ні якая радня, ні потым Пятрок. Ды і як было можна: па ўзросту яна многім з гэтых немцаў гадзілася ў маці, у яе самой сын быў у войску — ладны малады дзяцюк, — якое яны мелі людскае права адбіраць у яе нажытае працай ды яшчэ біць яе?Сцепаніда сядзела ў істопцы і нават не пазірала ў акенца — яна чула ўсё, што рабілася там, на падворку. Ажыўлена гамонячы, немцы знялі ў хляве дзверы, усталявалі іх пасярод падворка і ўзяліся свежаваць там Бабоўку. Мусіць, драў шкуру ўсё той жа Карла. Чула: там сярод выкрыкаў і смеху салдатні называлася яго імя, нешта гаманіў фельдфебель, тады іншыя прыціхалі, толькі коратка гучала чыё-небудзь «яволь»; саплі ад натугі салдаты і трашчала каровіна шкура. Пятрок кудысьці сышоў, здаецца, на падворку яго не было, інакш бы яна яго ўчула ці ўчула б чый-небудзь крык на яго. І яна сядзела адна на сваім сеннічку на ўслоне ў прахладным паўзмроку істопкі, цяпер ёй не было куды ісці, не было што рабіць. У істопцы было не сцюдзёна, ціхмана, канчаўся пагодлівы восеньскі дзень, яркі сонечны лапік з акенца пасунуўся ад пашчэрбленай земляной падлогі да жорнаў і коса высвеціў там патрэсканыя закапцелыя бёрны сцяны. Гэты залацісты лапік, аднак, усё вузеў, зыходзіў на тонкі блішчасты аскялёпачак і ўрэшце прапаў зусім — сонца схавалася за высялкоўскім пагоркам. У істопцы адразу стала цямней, стуліліся ў паўзмроку вуглы, закуткі, насоўвалася ноч. Немцы ўвесь дзень пратаўкліся на хутары, на мост так і не ездзілі, мусіць, сапраўды сёння было ў іх нейкае свята ці які адпачынак. Сцепаніда чакала, калі яны ўрэшце ўгамоняцца на падворку ці хоць бы зоймуцца якім клопатам, — ёй усё ж трэба было наведацца ў застаронак, пакарміць парсючка, каб той не заскуголіў з голаду і таксама не апынуўся ў іх ненажэрнай кухні. Але яна не магла выйсці цяпер, калі яны гэтак апанавалі сядзібу і нікуды не рушылі з яе. Увесь дзень Сцепаніда чакала зручнага для сябе моманту і вось дачакалася вечара.
Яна здрыганулася ад нейкага тупога моцнага ўдару там, на падворку, затым наступнага; штось там раструшчылася, нібы сухадрэвіна, і яна, устаўшы, зірнула ў акенца. Чалавекі чатыры тупалі там ля асвежаванай, нейкай дужа невялічкай, бы цялячая, тушы Бабоўкі, і крутаплечы без мундзіра немец з закасанымі рукавамі белай сарочкі сек яе тапаром, аж падкідваліся на дзвярах каровіны ногі. Галаву яны ўжо адсеклі, і тая ляжала цяпер на стаптанай мураве ля палаткі, выставіўшы ў звечарэлае неба чорны, загнуты над лобам рог.
Сцепаніда зірнула ў акенца раз-другі, болей пазіраць не стала — яна не трывала бачыць такое. А яны там усё секлі Бабоўчыны косці, скабы, ногі, хрыбет, і кожны ўдар сякеры болем роспачы аддаваўся ў яе сэрцы.
Прыцемак блізкай ночы ўсё болей апаноўваў цеснае, застаўленае розным начыннем памяшканне істопкі. Петрака ўсё не было, і Сцепаніду пачаў агартаць неспакой. Штосьці трэба было рабіць, але што? Што яна магла ўвогуле зрабіць тут, калі не мела ніякага права, нічым не распараджалася — наадварот, цяпер распараджаліся ёю. І ўсё ж яе дзейная натура не магла прымірыцца са сваім бяссіллем, прагнула нейкага сродку, нейкай магчымасці адстаяць сябе, не паддацца.
Яна зноў зазірнула ў акенца — з Бабоўкаю там было ўсё скончана, на траве ляжалі спэцканыя крывёй дзверы, немцы стаялі і сядзелі ля кухні, дзе, мабыць, даварвалася вячэра і адкуль несла нясцерпным пахам варанага мяса. Петрака па-ранейшаму нідзе не было відаць. Яна падбегла да глухой сцяны істопкі, услухалася — не, з гарода не чутна было нічога, можа, варта было цяпер, у шэрую гадзіну, і шаснуць да застаронка. Калі яна слухала, позірк яе незнарок напаткаў блішчасты бок суляі на паліцы, і яна падумала: увечары спаляць. Мусіць жа, трэба будзе святло і забяруць газу. Каб тая не стаяла перад вачыма, Сцепаніда зняла цяжкую суляю з паліцы і засунула ў кут пад жорны, заставіла цабэркам. Пасля набрала з цабэрка ў чыгунок яшчэ пазаўчарашняй варанай бульбы, захінула яго фартухом і асцярожна прыадчыніла дзверы з істопкі.