Знак бяды
Шрифт:
— Быццам нешта згубілі, — сказаў ён жонцы.
Але не паспела тая адказаць, як усе ад кухні рушылі да сяней, густа затупалі ботамі і ўжо не адзін, а трое адразу ўваліліся ў істопку, і пайшло… Са злым, рашучым выразам на тварах яны пачалі пераварочваць дагары нагамі ўсе дзежкі, кубелкі, скідаць з цвікоў транты; разграблі нагамі кучу бульбы ў сенцах, з грукатам адкінулі прэч вечка куфра і ўмомант перавярнулі там усё. Пятрок сцяўся ля шула, ён маўчаў, бо ў яго не пыталіся нічога. Ён пазіраў толькі, як даўгалыгі немец зласліва варочае ўсё ў істопцы: кашы, адсоўвае кадзь з канаплёй, рассоўвае спрэс чыгуны. Падскочыўшы да Сцепаніды, каленам перамацаў яе сеннічок на ўслоне. У акенца Пятрок бачыў, як некалькі салдат узлезлі на снапы ў паветцы і таксама пароліся там, ботамі таўкучы яго
— Што, паны, шукаеце? — як мага ласкавей запытаўся Пятрок.
Даўгалыгі, змераўшы яго ледзяным позіркам, нешта незразумела прагергетаў, злоснае ці пагрозлівае, і Пятрок не пытаўся болей. Урэшце, пакінуўшы разгромны вэрхал у сенцах і ў істопцы, немцы вымеліся на падворак і там усё яшчэ хадзілі па завуголлі, зазіралі на прызбы, за тын у крапіву і нават на аброслую мохам страху істопкі.
— Здурнелі, ці што? — зусім ужо недаўменна сказаў Пятрок.
Мусіць, трэба было рабіць нейкі парадак, але ён раптам учуў знадворку знаёмы гук струны і злякнуўся: яны апаролі ягоную скрыпку. «Ах ты, горачка яшчэ», — падумаў Пятрок, гатовы заплакаць ад такой прыкрасці. Але што тут было рабіць? Калі ўзялі, дык, пэўна, пазабавяцца ды, можа, аддадуць. А калі не аддадуць, дык паб'юць, паламаюць? Не надта, аднак, разважаючы, ён памкнуўся ў сенцы якраз у той час, як з хаты адчыніліся дзверы і з іх, угнуўшы галаву ў высокай фуражцы, вылез афіцэр і за ім выкаціўся кругленькі фельдфебель. У сенцах яны сутыкнуліся, і Пятрок блытана ад хвалявання загаманіў:
— Пан ахвіцэр, няхай мне аддадуць яе… Ну, скрыпку. Бо мая ж гэта, ведаеце…
— Вэк! — гыркнуў, нібы бізуном ляснуў, афіцэр.
Праклінаючы ўсё на свеце, Пятрок задам падаўся ў істопку і ціхенька прычыніў дзверы — ля акенца поўная напружанай увагі стаяла Сцепаніда.
— Прапала скрыпачка, — сказаў Пятрок. — І якая халера ў іх здарылася?
«Пэўна ж, здарылася нешта кепскае», — думаў Пятрок, учуўшы, як на падворку прагучала каманда і ў акенцы стала відаць, як немцы пачалі строіцца — радком у дзве шарэнгі, з вінтоўкамі ў руках. Усе сталі ў строй — і фельдфебель, і Карла, на падворку перад строем застаўся афіцэр, падпяразаны па шынялі, і перад ім паныла стаяў з апушчанымі рукамі перахлябісты кухар. Ягоная белая куртка таксама была падпяразана дзягай з двума парнымі скуранымі падсумкамі. Угнуўшы галаву, кухар паныла глядзеў перад сабой у мураву падворка і, толькі калі афіцэр нешта сказаў, падняў вузкі хваравіта-зацяты твар і коратка прамовіў два словы. Тады афіцэр коратка, без размаху пляцнуў яго па шчацэ. Немец хіснуўся, але не саступіў з месца.
— Сцепаніда, Сцепаніда, глянь! Глянь! — амаль спалохана загаманіў ад акенца Пятрок. — Во дзіва! Поўху яго як рэзне…
Сцепаніда, аднак, зябка хуталася ў ватоўку і не ўстала з сеннічка, а Пятрок, як на якое цікавае кіно, глядзеў праз акенца на тое, што адбывалася на падворку. Немцы ў страі паныла маўчалі, маўчаў і злы кухар, які таксама стаў у канцы шарэнгі, а афіцэр, заклаўшы за спіну рукі ў пальчатках, хадзіў перад строем і нешта гаварыў і гаварыў там адрывістым голасам. Скажа, памаўчыць, зробіць тры крокі, спыніцца, зноў скажа і зноў памаўчыць. Мяркуючы па змрочных выразах салдацкіх твараў, гаварыў ён не надта вясёлае — мабыць, адчытваў, ці што. Петраку было пэўна, што там нешта здарылася і што правініўся кухар. Увогуле гэта было цікава, але Пятрок пачаў трохі пабойвацца, каб тое ліха не перакінулася і на яго з Сцепанідай. Аднак, мабыць, усё залежала ад афіцэра. Пятрок ужо ведаў пэўна, што найбольшы тут пан гэты афіцэр і што добрага ад яго чакаць не выпадае, а на благое, мяркуючы па ўсім, ён гатовы заўжды.
Але во натацыя на падворку скончылася, строй рассыпаўся, некаторыя пачалі закурваць, а іншыя палезлі ў брызентавы будан машыны. «Ці не выберуцца зусім?» — абнадзеена падумаў Пятрок, ды, мусіць, выбірацца было яшчэ рана. На падворку яшчэ заставаліся шэрая палатка, кухня, афіцэр нешта памахаў рукамі перад фельдфебелем, і той раптам пакаціўся к прыступкам. Сэрца ў Петрака ёкнула: ці не сюды, у істопку?
Ён не памыліўся. Праз момант дзверы істопкі шырока расчыніліся, і фельдфебель, нібы сабачку, паманіў
яго пальцам з парога:— Ком! Ком-ком…
— Я?
— Я, я. Ты, — пацвердзіў фельдфебель.
Пятрок трохі паправіў шапку і пайшоў за ім цераз сені на двор. Салдаты ўжо ўсе садзіліся на машыну — лезлі па чарзе цераз задні борт, афіцэр стаяў ля расчыненых дзверцаў кабіны. Цераз дзірку-праломіну ў тыне фельдфебель пралез у гарод і, растоптваючы буракі на градзе, дробненька патупаў у яго дальні канец збоч садка. Пятрок з недаўменнем шкандыбаў следам.
— Клазет ніхт? — запытаў фельдфебель, раптам спыняючыся.
— Каго? — не зразумеў Пятрок.
— Сральня ніхт?
— Няма… Дык гэта, калі што трэба, дык…
Пятрок хацеў падрабязней растлумачыць гэта далікатнае пытанне, паказаць на хлеў, які цяпер пуставаў без патрэбы. Але фельдфебель не стаў слухаць яго, а кароценькімі нагамі адмераў тры шырокія крокі ля зарасніку парэчак ля плота.
— Офіцірклазет! — аб'явіў ён рашуча. — Драй час врэмя. Фэрштэйн? Панятнё?
— Дык панятна, — не зусім упэўнена сказаў Пятрок.
Што ж, гэта было не самае горшае — выкапаць ім клазет.
Пятрок нават узрадаваўся, што ўсё абышлося так проста. А ён ужо думаў… Ён аж спалохаўся, каб гэтая ямка не стала яго апошняю ямкай. Хіба ім доўга…
Ён вярнуўся да хаты і на дрывотні выцягнуў з-за дошак старую паржавелую рыдлёўку. Такой капаць не надта каб зручна, але за тры гадзіны, можа, як выкапае. Трэба выкапаць, бо чорт іх ведае, што будзе, калі не ўправіцца.
Машына, чуваць было, ужо завуркатала маторам, мабыць, усе там паселі, — Пятрок, каб упэўніцца, зірнуў з-за рога дрывотні. Так, надворак амаль апусцеў, машына, разграбаючы вялізнымі коламі зямлю на гародзе, разварочвалася пад ліпай. Ля кухні застаўся адзін Карла, і ля яго пад тынам уладкоўвалася абіраць бульбу Сцепаніда. «Ну, ведама, далі ўсім працы», — падумаў Пятрок, згледзеўшы перад жонкай паўмяшка бульбы, мабыць, набранай у ягоных сенцах. Усё аддаляючыся са сваім вуркатам, машына папаўзла да дарогі, і Пятрок з рыдлёўкай выйшаў на падворак, адчуваючы на душы немалую палёгку ад таго, што ўрэшце збавіўся ад гэтай навалы. Але, мусіць, рана парадаваўся — паміж палаткаю і вокнамі хаты стаяў, тоячы важную міну на твары, малады немец з вінтоўкай, над якой тырчэў блішчасты шырокі штык. «Ну во, паставілі вартавога, — здагадаўся Пятрок, адразу вяртаючыся да сваёй звыклай паныласці. — Мабыць, радасці тут не дачакаешся», — падумаў ён, выпраўляючыся цераз падворак да сваёй работы, як пачуў голас Карлы:
— Фатэр, ком!
Карла стаяў ля кухні над нейкім вялізным чанам. Калі Пятрок падышоў бліжэй, прыпадняў над чанам накрыўку, там было мяса. Пэўне ж, Бабоўчына мяса. Ухапіўшы добры кавалак за абломак касці, ён спярша паднёс яго Сцепанідзе. Тая, аднак, грэбліва пакруціла галавой.
— Не буду.
Тады Карла павярнуўся да Петрака, і той узяў з яго рук ладны кавалак з косткай. Ад мяса ішоў смачны і сытны пах, вельмі захацелася есці, але Сцепаніда так з'едліва зірнула на Петрака, што той сумеўся.
— Гэта… Можна апасля, пан Карла? Ведаеце, лепш, каб вы далі гэта самае… Прыкурыць.
— Куріц! — зразумеў Карла. — Я! Яволь.
І ён дастаў з кішэні пачак цыгарэт, яны закурылі па адной, Пятрок прагна зацягнуўся, усё трымаючы ў руцэ кавалак мяса.
— Я гэта… пакладу. Ну, каб апасля, — паказаў ён на мяса і на істопку.
— Я, я, — пагадзіўся Карла.
Пятрок хуценька падаўся да сенцаў, але тут ад палаткі рашуча ступіў вартавы.
— Хальт! Ферботэн!
— Што?
— Хальт! Цурук! — абвясціў ён, спрытна перагарадзіўшы шлях да парога. Яго ладны ружовашчокі твар адразу зрабіўся каменным.
«Вой ты, гора! — падумаў Пятрок. — Ужо не пушчаюць і ў хату. Як жыць тады?» Але, мусіць, так: ужо не пускалі і ў істопку. Пятрок патаптаўся на падворку, да пазногця дакурыў Карлаву цыгарэтку. Карла, часам зыркаючы на яго незразумелым позіркам, пачаў тупаць ля кухні. Ля паркана абірала бульбу Сцепаніда, якая, мусіць, каб не бачыць нікога на падворку, павярнулася да ўсіх спіной.
Што зробіш — Пятрок са шкадаваннем паклаў кавалак на белы метал накрыўкі і пайшоў у свой кут на гародзе. Трэба было капаць афіцэрскі клазет.